Аляксей Туранкоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Аляксей Туранкоў
Turenkov.jpg
Дата нараджэньня 21 студзеня 1886
Месца нараджэньня Санкт-Пецярбург
Дата сьмерці 27 верасьня 1958 (72 гады)
Месца сьмерці Менск
Месца пахаваньня Вайсковыя могілкі
Грамадзянства СССР
Прафэсія кампазытар
Узнагароды Заслужаны дзяяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь

Аляксе́й Яўла́мпавіч Туранко́ў (21 студзеня 1886, Санкт-Пецярбург, Расея — 27 верасьня 1958, Менск) — беларускі кампазытар.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зь сялянскай сям’і. Музычную адукацыю ў Пецярбурскай харавой школе пры прыдворнай пеўчай капэле. У 1911—1914 вучыўся ў Пецярбурскай кансэрваторыі па спэцыяльнасьці царкоўнага кампазытара. Для аплаты кансэрваторыі зарабляць рэпэтытарствам. Выкладаў сальфэджа, працаваў у аркестры.

У 1914 годзе трапіў на фронт Першай сусьветнай вайны і служыў у арміі да 1918 году. У ваенны час не пераставаў пісаць царкоўную музыку. Да таго ж, быў рэгентам — кіраўніком мужчынскага хору ў стаўцы імпэратара Мікалая ІІ у Магілёве[1].

З 1918 жыў у Гомелі, дзе ажаніўся з дачкой рэгента гомельскага Пятра-Паўлаўскага сабора Івана Фалькоўскага. Тут у 1918 годзе і вянчаўся зь ёй. Загадваў музычнай сэкцыяй гарадзкога аддзяленьня народнай асьветы. У 1919 годзе Туранкоў быў адным з арганізатараў Народнай кансэрваторыі, пераўтворанай у Дзяржаўную музычную школу 1-й і 2-й прыступкі. На яе базе ў тыя гады быў створаны Дзяржаўны музычны тэхнікум — сёньняшні музычны каледж імя Сакалоўскага.

З 1934 у Менску. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1940).

У час 2-й сусьветнай вайны заставаўся на акупаванай тэрыторыі. У 1941—1944 г. супрацоўнік ВШПЛМ у Менску і выдавецтва К. Езавітава ў Рызе[2].

Арыштаваны 22.7.1944 у Менску. Асуджаны пазасудовым органам НКУС 23.6.1945 як «памагаты нямецкіх акупантаў» да 10 гадоў ППЛ і 5 гадоў пазбаўленьня правоў з канфіскацыяй маёмасьці. Этапаваны ў адзін з канцлягераў ГУЛАГа, дзе, па сьведчаньні А. Царанкова, ледзь не загінуў ад голаду. Вызвалены, хутчэй за ўсё, да 1947 году. Паводле іншых зьвестак, знаходзіўся ў лягерах да 14 жніўня 1954 года.[3] 3 кастрычніка 1955 году быў амніставаны. Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 21.10.1959 г.[4]

Пахаваны на Вайсковых могілках ў Менску.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Публікавацца як царкоўны кампазытар Аляксей Туранкоў пачаў у 1912-м. За сем гадоў выйшла некалькі зборнікаў яго арыгінальных твораў (спачатку для мужчынскага хору) і гарманізацыяў. Яго духоўныя работы былі шырока вядомымі і запатрабаванымі.

Адзін з пачынальнікаў жанраў масавай песьні, хору, рамансу ў беларускай музыцы. Аўтар опэр «Кветка шчасьця» (лібрэта В. Барысевіч, П. Броўкі і П. Глебкі, паст. 1939), «Яснае сьвітаньне», балету «Лясная казка». Напісаў музыку да многіх драматычных спэктакляў («Пінская шляхта» і інш.) і кінафільмаў. Аўтар апрацоўкі беларускіх народных песень. Аўтар музыкі да кінафільмаў «Вогненныя гады» і «Сям’я Януш».

Да вайны ён актыўна публікаваўся як сьвецкі кампазытар. Аўтар «Гімну сталінскай Канстытуцыі».

Асаблівае значэньне ў яго творчасьці мае опэра «Кветка шчасьця», якая вызначаецца паэтычнасьцю, лірызмам, сувязьзю з нацыянальным музычным фальклёрам, дакладнасьцю музычных характарыстык у абмалёўцы вобразаў, дасьціпным народным гумарам[5].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Забытыя партытуры Аляксея Туранкова прачыталі ў Гомелі, Ірына Ашташкевіч, Звязда, 26.03.2016
  2. ^ Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Мн., 2002
  3. ^ Гісторыя Беларусі. У 6 т. Т. 6. Беларусь у 1946-2009 гг. / Ред. тома У. Навіцкі. Мінск, 2011. С. 143.
  4. ^ Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  5. ^ Дз. Жураўлёў (БелЭн, 2003)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]