Літаратура і мастацтва

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «ЛіМ»)
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Літаратура і мастацтва
LiM.jpg
Тып штотыднёвая
Заснавальнік Народны камісарыят асьветы БССР
Уладальнік Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь
Выдавец Выдавецкі дом «Зьвязда»
Галоўны рэдактар Ларыса Цімошык[1]
Заснаваная 26 лютага 1932 (87 гадоў таму)[2].
Палітыка Урадавая
Мова беларуская, расейская[3]
Штаб-кватэра Менск, пр. Незалежнасьці, 77
Наклад 3072[4]
ISSN 0024-4686
Афіцыйны сайт main.lim.by

«Літаратура і мастацтва» («ЛіМ») — штотыднёвая літаратурная і грамадзка-палітычная дзяржаўная газэта Беларусі, заснаваная ў лютым 1932 году ў Менску. Друкуе апавяданьні, аповесьці, вершы, паэмы, п'есы і раманы. Зьмяшчае агляды выяўленчага і тэатральнага мастацтва, дойлідзтва, кіно, літаратуры, музыкі, радыё, тэлебачаньня і мінуўшчыны[5].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У лютым 1932 г. газэта «Літаратура і мастацтва» пачала выходзіць у якасьці друкаванага органа Фэдэрацыі аб'яднаньняў савецкіх пісьменьнікаў БССР і Галоўнай управы ў справах літаратуры і мастацтва (Галоўмастацтва) Народнага камісарыяту асьветы БССР. Першапачаткова выдавалася па-беларуску на 4 палосах тройчы на месяц. Шматлікія нумары газэты за 1930-ягады зьнішчылі нават з падшывак у бібліятэках, бо тыя зьмяшчалі творы рэпрасаваных пісьменьнікаў[2]. Да нямецкага ўварваньня 22 чэрвеня 1941 г. газэта пераважна зьмяшчала агляды юбілеяў, услаўленьне дзяржаўнага ладу СССР, нападкі на іншадумцаў і грамадазнаўчыя агляды твораў. Пасьля Нямецка-савецкай вайны аднавіла выпуск 10 красавіка 1945 году. З 1955 г. адбыўся паварот у бок менш прадузятага агляду падзеяў і твораў, асьвятленьня стану беларускай мовы. Стала выходзіць на 16 старонках. У 1957—1970 гг. выдавался двойчы на тыдзень. Упершыню выдала шэраг твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Кандрата Крапівы, Петруся Броўкі, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Янкі Брыля, Андрэя Макаёнка, Івана Чыгрынава, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Барыса Сачанкі, Янкі Сіпакова і Івана Пташнікава[5].

3 чэрвеня 1988 г. газэта «Літаратура і мастацтва» зьмясьціла артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці», чым упершыню выкрыла рэпрэсіі ў БССР у 1930-я гады. У пачатку 1990-х гг. газэта вярнула славу пісьменьнікам Алесю Гаруну (1887—1920), Натальлі Арсеньневай (1903—1997), Юрку Віцьбічу (1905—1975), Уладзімеру Глыбіннаму (1910—1997) і Масею Сяднёву (1913—2001). Пры канцы 1990-х гг. найбольш увагі надала мінуўшчыне выяўленчага мастацтва (Уладзіслаў Страмінскі, Марк Шагал) і музыкі (Антон Абрамовіч, Восіп Казлоўскі, Фларыян Міладоўскі, Напалеон Орда). Асэнсоўвалася творчасьць Вацлава Ластоўскага, Язэпа Лёсіка, Мітрафана Доўнара-Запольскага, Ігната Дварчаніна, Сімяона Полацкага, Аляксандра Бурбіса, Палуты Бадуновай і Францішка Аляхновіча. На 1999 г. газэта «Літаратура і мастацтва» мела аддзелы: 1) выяўленчага мастацтва, аховы помнікаў і мастацкага афармленьня; 2) літаратурнага жыцьця, крытыкі і бібліяграфіі; 3) музыкі, тэатра, кіно і тэлебачаньня; 4) паэзіі і прозы; 5) публіцыстыкі, лістоў і грамадзкай думкі[5]. Свае першыя творы на старонках газэты выдалі Іван Мележ, Іван Шамякін, Васіль Быкаў, Уладзімер Караткевіч, Яўгенія Янішчыц, Алесь Разанаў і Алесь Пісьмянкоў.

У 2002 г. газэта ўтварыла Рэдакцыйна-выдавецкую ўстанову (РВУ) «Літаратура і мастацтва», у склад якой увайшлі 7 мастацкіх дзяржаўных часопісаў: 5 беларускамоўных — «Бярозка», «Вожык», «Крыніца», «Маладосьць» і «Полымя»; 2 расейскамоўных — «Нёман», «Сусьветная літаратура». У 2010 г. газэта стала друкавацца па-беларуску і па-расейску[3]. У лістападзе 2012 г. увайшла ў склад Выдавецкага дому «Зьвязда» разам з часопісамі.

Галоўныя рэдактары[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Галоўная - ЛіМ
  2. ^ а б Тацяна Падаляк. «ЛіМ» чыталі Колас і Купала // Зьвязда : Газэта. — 25 лютага 2012. — № 38 (27153). — С. 4.
  3. ^ а б «ЛіМ» часткова перайшоў на расейскую Культура. Наша Ніва (28 траўня 2010). Праверана 15 траўня 2011 г.
  4. ^ Літаратура і Мастацтва, №10 (4554), 2010
  5. ^ а б в Алесь Марціновіч. «Літаратура і мастацтва» // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 9. — С. 294. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0155-9

Вокнавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]