Перайсьці да зьместу

Міхась Мялешка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Міхась Мялешка
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 27 красавіка (9 траўня) 1892
Памёр 19 красавіка 1941(1941-04-19) (48 гадоў)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці публіцыст, гісторык, этнограф, пісьменьнік
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Мялешка.

Міха́сь Вінцэ́нтавіч Мяле́шка (9 траўня [ст. ст. 27 красавіка] 1892, Скары, цяпер Мядзельскі раён Менскай вобласьці — 19 красавіка 1941, Самара; псэўданімы: Міхалка Скарэўскі, Міхалка С.; крыптанімы: М.-о, М. М-о, N.) — беларускі гісторык, этнограф, пісьменьнік, публіцыст.

З 1911 року працаваў на фабрыках у Пецярбургу. Удзельнічаў у гуртку Браніслава Эпімаха-Шыпілы. У 1914—1918 роках у расейскай арміі. З 1917 року сябра Беларускай сацыялістычнай грамады. З 1918 року працаваў у Віцебскім аддзяленьні Белнацкаму. У 1918—1921 роках навучаўся ў Віцебскім аддзяленьні Маскоўскага археалягічнага інстытуту. Працаваў у Віцебскім археалягічным інстытуце і губэрнскім архіве. У 1920—1921 роках служыў у Віцебскім губэрнскім вайскамаце. Зь лістапада 1922 року ў Менску.

Працаваў у Цэнтрархіве БССР; з 1927 року ў Цэнтральнай архіўнай управе БССР. З 1923 року чалец Інбелкульту. У 1923—1924 роках чытаў лекцыі па этнаграфіі ў Віцебскім пэдінстытуце. У 1926—1928 — выкладаў гісторыю Беларусі ў Камуністычным унівэрсытэце Беларусі.

Арыштаваны ДПУ БССР 18 ліпеня 1930 року па сфабрыкаванай справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Пастановай Калегіі АДПУ ад 10 красавіка 1931 року сасланы ў Самару на 5 гадоў. Паўторна арыштаваны 16 лютага 1938 року. Вызвалены з-пад сьледзтва 4 сакавіка 1940 року. Рэабілітаваны па першым прысудзе ў 1957, па другім — у 1962 року.

Дасьледаваў праблемы прыгоннага права, падзеі 1863—1864 і 1905—1907 рокаў у Беларусі. Аўтар працы пра Мялеція Сматрыцкага. Таксама вывучаў беларускую этнаграфію і архіўную справу. Удзельнічаў у арганізацыі архіўнай справы, этнаграфічных і краязнаўчых дасьледаваньняў.

У 1913 року апублікаваў першае апавяданьне «Родныя абразкі» ў альманаху «Маладая Беларусь». Друкаваўся ў газэтах «Наша ніва», «Вольны шлях», «Дзяньніца», «Савецкая Беларусь» з публіцыстычнымі артыкуламі пад псэўданімам Міхалка Скарэўскі.

Дачка Міхаіла Мялешкі — Людміла Сакалова — пражывае ў Санкт-Пецярбургу. Ягоная ўнучка — Натальля Сьпічко, кампазытарка, аўтарка вакальнага цыклю «Самарский туесок», які гучаў па ўсесаюзным радыё ў выкананьні народнага артыста СССР Артура Эйзена[1].

  1. ^ Жана Капуста. Спадчына Міхася Мялешкі: архіўная, сямейная, духоўная. // Літаратура і мастацтва : газэта. — 27 кастрычніка 2017. — № 43 (4946). — С. 6. — ISSN 0024-4686.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]