Перайсьці да зьместу

Васіль Быкаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «В. Быкаў»)
Васіль Быкаў
лац. Vasil Bykaŭ
Васіль Быкаў у Румыніі. 1944
Васіль Быкаў у Румыніі. 1944
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 19 чэрвеня 1924(1924-06-19)[1][2][3][…]
Памёр 22 чэрвеня 2003(2003-06-22)[5][6] (79 гадоў)
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці беларускі пісьменьнік, грамадзкі дзяяч
Гады творчасьці з канца 1940-х гг.
Кірунак ваенная проза
Жанр аповесьць, апавяданьне, публіцыстыка, эсэ
Мова беларуская
Прэміі Дзяржаўная прэмія СССР (1974), Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа (1978), народны пісьменьнік БССР (1980), Герой Сацыялістычнай Працы (1984), Ленінская прэмія (1986)
Узнагароды
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Чырвонай Зоркі
Ордэн Чырвонай Зоркі
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
Ордэн Айчыннай вайны 1 ступені
Ордэн Айчыннай вайны 1 ступені
Ордэн Сяброўства
Подпіс Выява аўтографу
Творы на сайце Knihi.com
bykau.com

Васі́ль Уладзі́меравіч Бы́каў (19 чэрвеня 1924, Бычкі Ўшацкага раёну Віцебскай вобласьці — 22 чэрвеня 2003) — выдатны беларускі пісьменьнік і грамадзкі дзяяч, удзельнік нямецка-савецкай вайны. Народны пісьменьнік БССР (1980).

Большасьць твораў — аповесьці пра нямецка-савецкую вайну, дзеяньне якіх адбываецца падчас нямецка-савецкай вайны і ў якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найболей драматычныя моманты жыцьця.

Нарадзіўся ў вёсцы Бычкі Ўшацкага раёну Віцебскай вобласьці. Маці — Ганна Рыгораўна, бацька — Уладзімер Фёдаравіч, звычайныя беларускія сяляне. Ганна Рыгораўна памерла восеньню 1984 году, калі ёй было больш за 90 гадоў. Дзяцінства Васіля Быкава прайшло ў родных мясьцінах[7].

Першым мастацкім творам, зь якім пазнаёміўся Васіль Быкаў, стала апавяданьне Міхася Лынькова «Гой». Зь дзяцінства захапляўся паэзіяй Янкі Купалы і творчасьцю Якуба Коласа[8]. Акрамя беларускай літаратуры Быкаў зь дзяцінства знаёміўся і з замежнымі аўтарамі (Майн Рыд, Жуль Вэрн, Джэк Лёндан і інш.)[9].

Як сьведчыць сястра пісьменьніка Валянціна, Васіль яшчэ ў школе спрабаваў пісаць апавяданьні і вершы, але ў тыя гады больш моцнай была цяга да маляваньня. Пасьля заканчэньня 9 клясы ў Кублічах Быкаў паступіў на мастакоўскае аддзяленьне Віцебскай мастацкай вучэльні. Потым быў пераведзены на скульптурнае аддзяленьне. Аднак, доўга там не правучыўся, паколькі ў 1940 годзе былі адмененыя стыпэндыі[10]. Васіль вярнуўся назад у Кублічы, дзе скончыў сярэднюю школу[11].

Калі Нямеччына напала на СССР у 1941 годзе, ён знаходзіўся ва Ўкраіне, зьбіраўся паступаць у індустрыяльны інстытут у горадзе Шостка (Сумская вобласьць)[11]. Спачатку сямнаццацігадовы Быкаў трапіў у інжынэрны батальён[11], капаў траншэі, пасьля пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію. Удзельнічаў у цяжкіх баях на Паўднёва-Заходнім фронце. Быў двойчы паранены. Потым вучыўся ў пяхотнай вучэльні ў Саратаве. Навучаньне ў вайсковай вучэльні звычайна цягнулася 2 гады, аднак, у сувязі з патрабаваньнямі ваеннага часу скарацілася да 1 году. У кастрычніку 1943 году Васіль Быкаў скончыў вучэльню, атрымаўшы званьне малодшага лейтэнанта, і працягнуў удзел у баях (Украіна, Румынія, Аўстрыя) да самай перамогі[11].

На Кіраваградчыне ёсьць брацкая магіла, у якой Быкаў значыўся пахаваным. Да бацькоў прыйшла пахавальная, у якой паведамлялася, што іх сын, камандзір стралковага ўзводу лейтэнант Быкаў Васіль Уладзімеравіч забіты 10 студзеня 1944 году, пахаваны на цэнтральных могілках вёскі Вялікая Севярынаўка Кіраваградзкай вобласьці[11].

Пасьля дэмабілізацыі ў 1947 годзе працаваў мастаком у гарадзенскіх мастацкіх майстэрнях. У 1949 годзе яго зноў прызвалі ў войска, дзе Быкаў праслужыў яшчэ 6 гадоў і ў 1955 годзе звольніўся ў запас і прыехаў у Горадню[12].

У 1956—1972 гадах — літсупрацоўнік, затым літкансультант газэты «Гродзенская праўда», у 1972—1978 гадах — сакратар Гарадзенскага абласнога аддзяленьня СП БССР. У 1974 годзе Васіль Быкаў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР за аповесьці «Абэліск» і «Дажыць да сьвітаньня».

У 1978 годзе пераехаў у Менск. Некалькі разоў абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР, з 1989 году — народны дэпутат СССР. У 1990 годзе абраны прэзыдэнтам Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёну Віцебскай вобласьці. Сябра СП СССР з 1959 году. З 1980 году — народны пісьменьнік БССР. У 1993 падпісаў «Ліст 42-х» Барысу Ельцыну.

Яшчэ за савецкім часам яго творы былі перакладзеныя на розныя мовы, прычым большасьць перакладаў на расейскую мову была зробленая самім пісьменьнікам.

Нападкі на Васіля Быкава, якія пачаліся на радзіме ў сярэдзіне 1990-х гадоў, і стан здароўя сталі прычынай выезду за мяжу. На працягу некалькіх гадоў Васіль Быкаў жыў спачатку ў Фінляндыі, затым у Нямеччыне і Чэхіі. У Чэхіі перанёс апэрацыю, і вярнуўся на Бацькаўшчыну толькі за месяц да сьмерці. Памёр пісьменьнік 22 чэрвеня 2003 году. Пахаваны на Ўсходніх могілках Менску.

Магіла Васіля Быкава на Ўсходніх могілках у Менску

Веравызнаньне Быкава было ўніяцкім[13].

Пачынаўся творчы шлях Васіля Быкава з апавяданьняў «У першым баі» і «У той дзень», якія ў 1949 годзе на расейскай мове былі зьмешчаныя ў газэце «Гродзенская праўда». Тады яны аказаліся незаўважанымі шырокай літаратурнай грамадзкасьцю[12].

Значны грамадзкі рэзананс мелі апавяданьні Васіля Быкава на роднай мове, надрукаваныя ў 1956—1957 і наступных гадах, і асабліва яго аповесьць «Жураўліны крык», якая прынесла празаіку заслужанае прызваньне. Пазьней яно было замацавана вялікім посьпехам «Трэцяй ракеты» (1961), якая ў 1962 годзе публікавалася адначасова ў «Маладосці» і ў «Дружбе народов»[14].

Да найбольш папулярных раньніх аповесьцяў Быкава належыць «Альпійская балада» (1963). Яна шмат перакладалася на замежныя мовы, часта выдавалася ня толькі ў Беларусі, але і ў іншых савецкіх рэспубліках. На аснове аповесьці створаны кінафільм, некалькі тэатральных спэктакляў, інсцэніроўка для радыё, балет, пастаўлены ў Менску і Чалябінску, опэра, пастаўленая ў Харкаве, сымфонія[15].

У шмат якіх адносінах паваротнай для Быкава стала аповесьць «Мёртвым не баліць» (1965). Пісьменьнік разгарнуў апавядальную плынь у двух часавых плянах, спалучыўшы паказ некаторых аспэктаў ваеннай пары з прамым выхадам да трапяткой сучаснасьці[16]. Быкаў адштурхоўваўся ад таго, што перажыў сам. Ён ня раз падкрэсьліваў, што твор мае шмат аўтабіяграфічнага, грунтуецца на нявыдуманай падзейнай канве[17].

У 1968 годзе была завершаная аповесьць «Праклятая вышыня», якая таксама стваралася на матэрыяле добра вядомай пісьменьніку франтавой рэчаіснасьці, на аснове тых падзеяў, у якіх ён сам прымаў удзел[18].

Патас чалавечнасьці выразна гучыць у «Круглянскім мосце» (1968) — першай аповесьці з партызанскага цыклю, усьлед за якой былі напісаныя «Сотнікаў», «Абеліск», «Воўчая зграя», «Пайсці і не вярнуцца»[19].

Новы этап у творчым разьвіцьці Васіля Быкава адкрыла аповесьць «Сотнікаў» (1970), адзін з самых дасканалых і глыбокіх твораў ня толькі ў самога пісьменьніка, але і ва ўсёй шматнацыянальнай савецкай літаратуры пра вайну. Паводле прызнаньня аўтара, «Сотнікаў» пісаўся адносна лёгка, бо выношваўся доўга, грунтоўна асэнсоўвалася яго ідэя, шматразова прадумваліся многія сюжэтныя павароты, загадзя дэталёва распрацоўваўся фінал[20].

Высокую ацэнку грамадзкасьці атрымала аповесьць «Знак бяды» (1982). У газэце «Правда» яна характарызавалася як кніга-падзея, якая нікога не пакінула абыякавым[21]. Быкаўская мера праўдзівасьці і чалавечнасьці выразна адчуваецца ў рамане «Кар’ер» (1986)[22].

Акрамя аповесьцяў, якія складаюць аснову створанай Васілём Быкавым мастацкай эпапэі народнага гераізму ў гады нямецка-савецкай вайны, а часткова і ў іншыя пэрыяды нашага жыцьця, празаік напісаў шэраг таленавітых апавяданьняў. Спрабаваў свае сілы і ў драматургіі. Яго п’есы (у прыватнасьці «Апошні шанц») ставіліся ў Маскве, Менску, Горадні. У Латвіі па гэтай п’есе быў створаны тэлеспэктакль[23].

Узнагароды й ганаровыя званьні

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 2003 г. у Горадні па вул. Савецкая, д. 31 на сядзібе гарадзкога аб’яднаньня вэтэранаў працуе музэй Васіля Быкава, які па сьмерці пісьменьніка стварыў кандыдат пэдагагічных навук і дацэнт Мікалай Мельнікаў[25].

25 верасьня 2008 году ў Віцебску адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцьця мэмарыяльнай дошкі народнаму пісьменьніку Беларусі Васілю Быкаву. Дошка разьмешчаная на будынку дзіцячай мастацкай школы № 1 па вуліцы Суворава, 3. У гэтым доме раней разьмяшчалася мастацкая вучэльня, у якой перад нямецка-савецкай вайной, у 1939—1940 гадах, на скульптурным аддзяленьні вучыўся будучы літаратар. Мэмарыяльная дошка вырабленая з бронзы і ўяўляе сабой стылізаваную рамку ў выглядзе аркі, усярэдзіне якой зьмешчаны партрэт пісьменьніка і бусел, як сымбаль Беларусі. На дошцы надпіс на беларускай мове: «У гэтым будынку з 1939 па 1940 год вучыўся народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў». Аўтарамі кампазыцыі зьяўляюцца віцебскія скульптары, чальцы Беларускага зьвязу мастакоў Валер Магучы і Аляксандар Гвозьдзікаў.

Імем Васіля Быкава названыя вуліцы ў Баранавічах[26], Ждановічах[27], Жлобіне[27][28], Лельчыцах[27][29][30], Пружанах[31], Смалявічах[27], Фаніпалі[27][32].

  1. ^ Быков Василь Владимирович // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
  2. ^ Wassili Wladimirowitsch Bykow // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  3. ^ Vasilij Bykov // Архіў прыгожых мастацтваў — 2003.
  4. ^ выгрузка зьвестак FreebaseGoogle.
  5. ^ БЫКОВ Василий Владимирович // Русская литература XX века. Прозаики, поэты, драматурги (рас.) / под ред. Н. Н. Скатов — 2005. — С. 319—322. — ISBN 5-94848-245-6
  6. ^ Быков Василь Владимирович // ПроДетЛит (рас.) — 2019.
  7. ^ Бугаёў 1987. С. 17.
  8. ^ Бугаёў 1987. С. 18.
  9. ^ Бугаёў 1987. С. 19.
  10. ^ Бугаёў 1987. С. 23.
  11. ^ а б в г д Бугаёў 1987. С. 24.
  12. ^ а б Бугаёў 1987. С. 37.
  13. ^ Сергей Шапран (27.06.2003) Государство ушло с похорон Быкова (рас.). «ЧАС». Праверана 16 кастрычніка 2010 г.
  14. ^ а б Бугаёў 1987. С. 38.
  15. ^ Бугаёў 1987. С. 78.
  16. ^ Бугаёў 1987. С. 90.
  17. ^ Бугаёў 1987. С. 93.
  18. ^ Бугаёў 1987. С. 105.
  19. ^ Бугаёў 1987. С. 113.
  20. ^ Бугаёў 1987. С. 124—125.
  21. ^ Бугаёў 1987. С. 179.
  22. ^ Бугаёў 1987. С. 190.
  23. ^ Бугаёў 1987. С. 198.
  24. ^ Быков Василь Владимирович (рас.). Кино-Театр.РУ. Праверана 16 кастрычніка 2010 г.
  25. ^ Глеб Лабадзенка. Вэтэран вайны стварыў прыватны музэй Васіля Быкава ў Горадні // Зьвязда : газэта. — 25 чэрвеня 2010. — № 122 (26730). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  26. ^ Вуліца Васіля Быкава ў Баранавічах (рас.) Карты. TUT.BYПраверана 28 сьнежня 2017 г.
  27. ^ а б в г д Студзінская, Іна (19 чэрвеня 2017) «Мёртвым не баліць»? У Менску і Горадні дагэтуль няма вуліцы Васіля Быкава Культура. Радыё «Свабода». Праверана 28 сьнежня 2017 г.
  28. ^ Решение Жлобинского районного Совета депутатов от 11.11.2014 № 29 (рас.) Информационный портал Республики Беларусь Праверана 28 сьнежня 2017 г.
  29. ^ Вул. Васіля Быкава, Лельчыцы (рас.) map.by Праверана 28 сьнежня 2017 г.
  30. ^ Вуліца Васіля Быкава, Лельчыцы (рас.) Улицы Беларуси Праверана 20 чэрвеня 2019 г.
  31. ^ Вуліца Васіля Быкава, Пружаны (рас.) Улицы Беларуси Праверана 20 чэрвеня 2019 г.
  32. ^ Вул. Васіля Быкава, Фаніпаль (рас.) map.by Праверана 28 сьнежня 2017 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]