Ліквідацыя (аповесьць)
Ліквідацыя (Сотнікаў) | |
па-беларуску: Ліквідацыя | |
Вокладка выданьня 2014 году | |
Жанр: | аповесьць |
---|---|
Аўтар: | Васіль Быкаў |
Мова арыгіналу: | беларуская |
Год напісаньня: | 1968—1969 |
Публікацыя: | 1970 — «Новый мир» № 5 (рас.) «Полымя» № 11 (бел.) |
Электронная вэрсія |
«Ліквідацыя»[1] (савецкая цэнзура забараніла гэту назву і першапачаткова аповесьць выйшла пад назвай — «Сотнікаў») — адзінаццатая аповесьць беларускага пісьменьніка Васіля Быкава, упершыню апублікаваная ў 1970 годзе ў часопісе «Новый мир» (№ 5), затым — у адзінаццатым нумары часопіса «Полымя». Праца над аповесьцю вялася з 1 сьнежня 1968 па 31 ліпеня 1969 гг.
Гісторыя стварэньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гісторыя стварэньня аповесьці была зазначана самім аўтарам у артыкуле «Как создавалась повесть „Сотников“»[2]. Сьпярша аўтар фармулюе пастаўленыя ў аповесьці праблемы:
Перш за ўсё і галоўным чынам мяне цікавілі два маральныя моманты, якія, спрасьціўшы, можна сфармуляваць так: «Што такое чалавек перад зьнішчальнаю сілай бесчалавечых абставінаў? на што ён здольны, калі магчымасьці абараніць жыцьцё вычарпаны ім да канца і прадухіліць сьмерць немагчыма?[3] | ||
Далей Васіль Быкаў расказвае пра выпадак, які адбыўся ў жніўні 1944 году, калі праязджаючы міма палонных ён убачыў знаёмы твар колішняга саслужыўца, які з восені 1943 году лічыўся забітым. Гэты чалавек быў пасьмяротна ўдастоены высокай узнагароды за стойкасьць, праяўленую ў цяжкім баі на Дняпроўскім пляцдарме.
Аб ім расказвалі новаму папаўненьню, аб яго подзьвігу праводзілі гутаркі, на яго вопыце вучылі ваяваць. А ён вось сядзеў цяпер перада мной у прапацелым нямецкім кіцелі з трохкаляровым шаўронам на рукаве, на якім красамоўна паблісквалі тры знаёмыя літары «РОА» | ||
Далейшы аповед тычыцца гісторыі гэтага саслужыўца, якую аўтар называе «сумнай і адначасна страшнай у сваёй зьнішчальнай прастаце»
Аказваецца, у тым памятным баі на пляцдарме ён ня быў забіты, а быў толькі паранены і трапіў у палон. У лягеры, дзе ён апынуўся, сотнямі паміралі з голаду, а ён хацеў жыць і, надумаўшы абхітрыць немцаў, запісаўся ва ўласаўскую армію з надзеяй знайсьці момант і перабегчы да сваіх. Але, як на тое ліха, здатнага моманту ўсё не было, фронт знаходзіўся ў жорсткай абароне, а за ўласаўцамі строга сачылі немцы. З самага пачатку нашага наступленьня яму давялося прыняць удзел у баях супраць сваіх, хоць, зразумела, ён страляў угору: ці ж ён вораг сваім? — суцяшаў ён сябе. Урэшце аказаўся ў палоне, вядома ж, здаўся сам, інакш бы тут не сядзеў...[4] | ||
Гэтая гісторыя, паводле ўласнага прызнаньня, прывяла Быкава да асэнсаваньня той маральнай ідэі, якая паслужыла асновай аповесьці «Сотнікаў»[5].
Публікацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]«Новый мир»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аповесьць пісалася ў той час, калі ў друку працягвалася чатырохгадовае цкаваньне за ранейшыя «новомирские» аповесьці: «Мёртвым не баліць», «Праклятай вышыні» і папярэднюю аповесьць «Круглянскі мост»[6].
Новы твор В. Быкаў плянаваў друкаваць у беларускім часопісе. Спачатку выбар паў на «Маладосць», але праз нацягненыя адносіны з вышэйшым начальствам колішняга галоўнага рэдактара Пімена Панчанкі, якія не ў апошнюю чаргу былі выкліканыя публікацыямі твораў Быкава, аўтар аднёс рукапіс у «Полымя», якое, аднак, не сьпяшалася выдаваць новую аповесьць, і В. Быкаў, не прысьпешваючы яго, пакрысе пераклаў твор на расейскую мову. Неўзабаве Ірына Быкава адвезла перадрукаваны рукапіс у «Новый мир». У хуткім часе тагачасны галоўны рэдактар часопісу Аляксандар Твардоўскі паведаміў В. Быкаву пра гатоўнасьць надрукаваць аповесьць[7]. Аповесьць будзе апублікаваная ў «Новом мире» ў 1970 г. (№ 5) у расейскім перакладзе і — пад назвай «Сотнікаў».
«Полымя»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тым часам лёс публікацыі «Сотнікава» ў «Полымі» вырашаўся на лютаўскім паседжаньні рэдактарскай калегіі. За публікацыю выказваецца адсутны тады Янка Брыль у сваім лісьце сакратару часопісу Алесю Бачылу:
Аповесьць «Сотнікаў» — глыбокі, сумленны, таленавіты твор, і я, безумоўна, за тое, каб ён як мага хутчэй зьявіўся ў «Полымі». Ненармальна гэта і брыдка, што такія творы зьяўляюцца раней й перакладзе... | ||
Аповесьць «Сотнікаў» зьявілася ў адзінаццатым нумары «Полымя» за 1970 год, але пасьля таго, як у тэкст былі ўнесеныя значныя праўкі. Аб тым, у прыватнасьці, клапаціўся Пятрусь Броўка ў сваім лісьце да рэдакцыі:
Што б мне хацелася? <...> Па-першае, хоць у парадку адступленьня паказаць хоць бы адну падзею гераізму партызанаў. Хай бы яна зьвялася, скажам, да разгрому невялічкага гарнізона дзесьці ў воласьці, у невялікім мястэчку. А то ўвесь час яны ўцякаюць (гэтыя Рыбак і Сотнікаў). Па-другое. Вельмі прыкра, калі Рыбак вядзе Сотнікава на сьмерць. Можа, адзінкавы такі выпадак і быў, але гэта неўласьціва нашаму партызанскаму руху. Можа, варта было б пазьбегнуць гэтага, а калі не, дык было б добра, каб Рыбака (нягледзячы на яго пераход у паліцаі) усё роўна павесілі. А то выходзіць, што здрадніцтва, шкурніцтва перамагае. <...>[8] |
||
Зрабіць рэдактуру «Сотнікава» было даручана Барысу Сачанку[9]
Сучаснасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]27 чэрвеня 2014 году аповесьць «Сотнікаў» была перавыдадзена без цэнзуры, да таго ж аповесьці была вернута арыгінальная назва «Ліквідацыя»[10].
Крыніцы і заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Пра ўнутраную матывацыю гэтае назвы пазьней напіша А. Адамовіч:
Аднак, паводле словаў А. Пяткевіча, была і іншая, папярэдняя назва — «Двое ўначы». П. Вайль сьведчыў, што першапачаткова аповесьць называлася «Рыбак і Сотнікаў». Зрэшты, падчас першай публікацыі ў часопісе «Новый мир», аўтарскі варыянт не захаваўся.Жудасная справа — «ліквідацыя» Сотнікава і іншых, з кім расправіліся фашысты ў маленькім беларускім гарадку. Але тое, што фашысты зрабілі з Рыбаком, — таксама «ліквідацыя»: яго пазбавілі чалавечага права ўжо не на жыцьцё, а нават на больш менш прыстойную сьмерць— Адамовіч, А. Аповесьці Васіля Быкава / А. Адамовіч // Полымя. — 1973. — № 2
- ^ Гл. Быков, В. Как создавалась повесть «Сотников» // Литературное обозрение. — 1973. — № 7.
- ^ Быкаў, В. Праўдай адзінай : літаратурная крытыка, публіцыстыка, інтэрв'ю. — Мінск: Маст. літ., 1984. — С. 95.
- ^ Быкаў, В. Праўдай адзінай : літаратурная крытыка, публіцыстыка, інтэрв'ю. — Мінск: Маст. літ., 1984. — С. 96—97.
- ^ Сяргей Шапран. "З "Сотнікава" пачынаюцца 70-я гады...": да гісторыі напісання і першай публікацыі аповесці Васіля Быкава // Роднае слова. — Мн.: 2008. — № 6. — С. 11. — ISBN 02341360.
- ^ Сяргей Шапран. "З "Сотнікава" пачынаюцца 70-я гады...": да гісторыі напісання і першай публікацыі аповесці Васіля Быкава // Роднае слова. — Мн.: 2008. — № 6. — С. 10. — ISBN 02341360.
- ^ Быкаў, В. Доўгая дарога дадому : кніга ўспамінаў. — Мінск: ГА БТ «Кніга». — Т. 2003. — С. 312.
- ^ БДАМЛМ. Фонд 42. — Воп. 1. — Адз. зах. 618. — Арк. 149
- ^ Па Богу і людзям сэнс жыцця чалавечага ў тым, каб жыць. Высока. : інт. А. Тамковіча з В. Быкавым // Свободные новости. — 1999.
- ^ Выйшла з друку «Ліквідацыя»..