Мёртвым не баліць
Мёртвым не баліць | |
Мёртвым не баліць | |
Вокладка выданьня 2014 году | |
Жанр: | аповесьць |
---|---|
Аўтар: | Васіль Быкаў |
Мова арыгіналу: | беларуская |
Публікацыя: | 1965 «Маладосьць» (бел.) «Новый свет» (рас.) |
Электронная вэрсія |
«Мё́ртвым не балі́ць» — аповесьць Васіля Быкава. Упершыню апублікаваная ў часопісе «Маладосьць» восеньню 1965 году, а праз год «Мёртвым не баліць» надрукавалі па-расейску ў «Новым сьвеце». Пасьля публікацыі «Огонёк» і іншыя часопісы надрукавалі разгромныя артыкулы пра творы Быкава.
Сюжэт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аснова сюжэту — этап Вялікай Айчыннай вайны падчас зімовай кампаніі 1944 году, а менавіта падзеі падчас Кіраваградзкай апэрацыі, распачатай у студзені. Параненага малодшага лейтэнанта Васілевіча адпраўляюць у тыл, загадаўшы канваяваць пры гэтым трох палонных немцаў. Пры руху яны сутыкаюцца зь нямецкімі танкамі, у ходзе перастрэлкі лейтэнант губляе двух палонных і свайго спадарожніка, а таксама атрымлівае другое раненьне ў нагу. Яго паведамленьню аб немцах у тыле ніхто ня хоча верыць, потым у лязарэце яго застае атака нямецкіх танкаў.
Трагізм узмацняецца прысутнасьцю такіх тыпаў, як асабіст Сахно. Гэтаму палахліваму чалавеку дадзена права правяраць на патрыятызм іншых. Ён гоніць пракладаць шлях па мінным полі падначаленых, нават маладую мэдсястру Кацю. Яго няма сярод тых, хто лёг пад танкі. Калі зьявілася пагроза палону, ён прымушае страляцца параненага лейтэнанта Юрку Стралкова, сам жа ўздымае рукі й імкнецца дагадзіць немцам.
Паралельным сюжэтам у аповесьці ідзе гісторыя, што адбываецца з героем твора ўжо ў 1960-я гады падчас хрушчоўскай адлігі. Васілевіч на дзень перамогі сустракае двайніка Сахно — Гарбацюка, які апраўдвае падобную пільнасьць і жорсткасьць на вайне: «А што ж — сазнацельнасьць? Сазнацельнасьць — у газэтах. А тут прымусіць трэба. Каб баяліся».
Выданьне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Доўгі час аповесьць была пад забаронай: па-беларуску твор не друкаваўся 17 гадоў, у перакладзе на расейскую — 23. Потым твор выдаваўся са шматлікімі праўкамі і выдаленьнямі. Быкаў неаднойчы шкадаваў аб тым, што стала зь ягонай аповесьцю — і быў упэўнены, што не засталося ніводнага першага, аўтарскага асобніка. Але сучасьнікам пашчасьціла знайсьці той самы ўнікальны чарнавік пасьля сьмерці клясыка. Толькі ў 2014 годзе аповесьць была выдадзена без цэнзуры[1].
Беларуская эміграцыя надрукавала аповесьць Быкава клясычным правапісам ў 1965 годзе.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Аповесць Васіля Быкава «Мёртвым не баліць» упершыню выйдзе без цэнзуры TUT.BY, 27 лютага 2014.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мёртвым не баліць на kamunikat.org