Віцебская абласная бібліятэка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Віцебская абласная бібліятэка
Тып публічная
КраінаБеларусь
МесцазнаходжаньнеВіцебск
Адрэса 210601, вул. Леніна, д. 8а
Тэлефон (+375 212) 673149
Заснаваная 1 студзеня 1929 (95 гадоў таму)
Каардынаты 55°11′13″ пн. ш. 30°12′15″ у. д. / 55.18694° пн. ш. 30.20417° у. д. / 55.18694; 30.20417
Калекцыя
Экспанаты кнігі, пэрыёдыка
Памер збору 708 622 асобнікі (2017 г.)
Досяг і карыстаньне
Патрабаваньні пашпарт, фатаграфія, плата за білет (1,5 руб.)
Гадавая выдача 868 215 асобнікаў (2016 г.)
Наведваньняў 852 520 (2016 г.)
Чытачоў 44 117 (2017 г.)
Іншыя зьвесткі
Бюджэт 1224,6 тыс. рублёў (2016 г.; $612,4 тыс.)
Кіраўнік Тацяна Адамян
Штат 110 (2017 г.)[1]
Афіцыйны сайт
Заўвагі: Віцебскае аддзяленьне Беларускай дзяржаўнай бібліятэкі (да 1938 г.)

Віцебская абласная бібліятэка — дзяржаўная бібліятэка Беларусі, заснаваная ў студзені 1929 году ў Віцебску ў якасьці аддзяленьня Беларускай дзяржаўнай бібліятэкі. На канец 2016 г. зьмяшчала 708 622 асобнікі выданьняў. За 2016 г. 44 117 чытачоў (12 % насельніцтва Віцебску, 3,7 % насельніцтва Віцебскай вобласьці) ажыцьцявілі 852 520 наведваньняў бібліятэкі, падчас якіх атрымалі 868 215 асобнікаў выданьняў (па 19,7 на чытача)[1].

На 2017 г. бібліятэка працавала з панядзелка па чацьвер з 10:00 да 21:00, у суботы і нядзелі — з 10-ай да 18-ай гадзіны. Аддзел дзіцячай літаратуры па пр. Будаўнікоў, д. 10 працаваў з панядзелка па пятніцу і ў нядзелі з 10:00 да 19:00[2]. Чытачы з прапіскай у Віцебску мелі права браць да 5 выданьняў з абанэмэнту (на дом) на тэрмін да 30 дзён[3]. За плату бібліятэка ажыцьцяўляла: капіяваньне; сканаваньне; выдачу дакумэнтаў з чытальні на дом; бронь дакумэнтаў; раздрукоўку; брашураваньне аркушаў спружынай; складаньне бібліяграфічнага апісаньня; нарады і выставы; заняткі па інфарматыцы, літаратуры і ангельскай, нямецкай і францускай мовах[4]. За 2016 г. бібліятэка выканала платных паслуг на 13137,21 руб. ($6569,26)[1].

Аддзелы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

12 аддзелаў абслугоўваньня, зь іх 3 уласна чытальні:

  • агульная чытальня — даведнікі;
  • абанэмэнту і міжбібліятэчнага абанэмэнту (МБА) — звыш 77 000 асобнікаў пэрыёдыкі, мастацкай літаратуры і выданьняў па гуманітарных навуках;
  • дзіцячай літаратуры (пр. Будаўнікоў, д. 10) — каля 90 000 асобнікаў і каля 100 назваў пэрыёдыкі;
  • захоўваньня асноўнага фонду (з 1953 г.) — звыш 500 000 асобнікаў, у тым ліку газэты і часопісы з 1944 году і звыш 300 рэдкіх кніг;
  • каталёгаў — з 1997 г. і электроннага, дзе звыш 600 000 бібліяграфічных запісаў у 7 базах зьвестак «Кнігі», «Артыкулы», «Краязнаўства», «Мастацтва», «Нямецкая літаратура», «Аўтарэфэраты» і «Каталёг часопісаў»;
  • краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі (з 1 лютага 2012 г.,) — звыш 22 000 асобнікаў, у тым ліку картаграфічных і выяўленчых выданьняў, статыстычных зборнікаў і кампакт-дыскаў;
  • літаратуры па мастацтве (з 1967 г.) — звыш 38 000 асобнікаў, у тым ліку альбомы, нотныя выданьні, фанатэка і 16 назваў пэрыёдыкі;
  • пэрыядычных выданьняў (з 1967 г. як сэктар, з 1991 г. аддзел) — каля 40 назваў газэтаў і звыш 200 назваў часопісаў за апошнія 3 гады;
  • эканамічнай, тэхнічнай і сельскагаспадарчай літаратуры — звыш 33 000 друкаваных выданьняў, у тым ліку Дзяржаўныя стандарты (ДАСТ) і Будаўнічыя нормы і правілы (БНіП), 184 назвы газэтаў і часопісаў;
  • інфармацыйна-бібліяграфічны — слоўнікі;
  • нямецкая чытальня (з 7 ліпеня 1998 г.) — нямецкамоўныя кнігі, звыш 30 назваў часопісаў і 2 газэты, мастацкія фільмы і аўдыёпадручнікі;
  • электронная чытальня (з 15 верасьня 2010 г., з 1 лютага 2012 г. аддзел) — бясплатны доступ у сеціва, аўдыёкнігі і навукова-папулярныя фільмы на DVD[5].

3 фунцкцыянальныя аддзелы:

  • аўтаматызаваньня бібліятэчных працэсаў (з 1998 г., з 2006 г. аддзел) — кіруе лякальнай вылічальнай сеткай на 100 працоўных месцаў;
  • бібліятэказнаўства (з 1939 г., з 1956 г. аддзел);
  • камплектаваньня фонду і апрацоўкі дакумэнтаў (з 1995 г. аўтаматызаваны)[5].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1 студзеня 1929 году ў Віцебску (Беларуская ССР) па вуліцы Валадарскага, д. 1/3 заснавалі Віцебскае аддзяленьне Беларускай дзяржаўнай бібліятэкі (БДБ). Аснову кнігазбору склалі бібліятэкі археалягічнага інстытуту, Інстытуту народнай адукацыі і Віцебскага аддзяленьня Беларускага дзяржаўнага музэю. Пры стварэньні кнігазбор налічваў 35 тыс. кніг. Працавалі 5 аддзелаў: агульны, беларусазнаўчы, габрэйскі, замежных і старадрукаваных кніг, пэрыядычнай літаратуры. Бібліятэка мела 3 супрацоўнікаў, статус навуковай і папаўнялася паступленьнямі зь Беларускай кніжнай палаты. З 1934 г. бібліятэка пачала атрымліваць 2 абавязковыя платныя асобнікі беларускіх выданьняў і мела 558 чытачоў. У 1937 г. лік супрацоўнікаў вырас да 4[6].

У 1938 г. Віцебскае аддзяленьне Дзяржаўнай бібліятэкі БССР пераўтварылі ў Віцебскую абласную бібліятэку ў сувязі са стварэньнем Віцебская вобласьці. У траўні 1941 г. налічвалася 9 бібліятэкараў. Пасьля пачатку 22 чэрвеня 1941 г. Нямецка-савецкай вайны частку кнігазбору вывезьлі на ўсход. Падчас нямецкая акупацыі бібліятэку разбурылі. У жніўні 1944 г. бібліятэка ўзнавіла дзейнасьць пасьля адновы кнігазбору пры дапамозе Дзяржаўнага фонду літаратуры СССР, які паставіў кнігі з Масквы, Ленінграда і Казаскай ССР. У 1967 г. бібліятэка пераехала ў новы будынак плошчай каля 5000 м² з чытальнямі на 500 месцаў[6].

На травень 2012 году ў Віцебскай абласной бібліятэцы было 118 супрацоўнікаў сярэдняга ўзросту каля 39 гадоў. У фондах месьцілася 710 тыс. асобнікаў выданьняў. Налічвалася звыш 56 000 чытачоў, што было найбольшым паказьнікам сярод абласных бібліятэк Беларусі[7].

За 2016 г. абслужыла 44 117 (99,3 %) непасрэдных і 308 аддаленых чытачоў, зь іх 4210 (9,5 %) дзяцей ва ўзросьце да 15 гадоў. Чытачы атрымалі 868 215 асобнікаў выданьняў (19,7 выданьня на чытача, абарачальнасьць фонду 1,2). Сярэднедзённая выдача склала 2894 асобнікаў. Адбылося 852 520 непасрэдных наведваньняў бібліятэкі і 621 084 наведваньні яе сайту. За 300 каляндарных дзён працы сярэднедзённая наведвальнасьць склала 771 чытач. Са 110 супрацоўнікаў 72 працавалі ў аддзелах абслугоўваньня, зь іх 55 уласна работнікаў. У сярэднім на бібліятэкара прыпадала 882 чытачы і 17 364 асобнікаў дакумэнтавыдачы. У фонд бібліятэкі набылі 15 175 выданьняў за 215,9 тыс. рублёў ($108 тыс.; у сярэднім 14,23 руб. за выданьне). На канец году фонд бібліятэкі склаў 708 622 асобнікі, то бок вырас за год на 2813 асобнікі (+0,4 %). За год правялі 101 выставу з удзелам 9505 наведнікаў[1] (94 наведнікі ў сярэднім).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Камендантава, В.М. Віцебская абласная бібліятэка імя У.І.Леніна ў 2016 годзе // Віцебская абласная бібліятэка, 2017 г. Праверана 6 жніўня 2017 г.
  2. ^ Рэжым работы // Віцебская абласная бібліятэка, 1 жніўня 2016 г. Праверана 6 жніўня 2017 г.
  3. ^ Правілы карыстаньня // Віцебская абласная бібліятэка, 2 чэрвеня 2014 г. Праверана 6 жніўня 2017 г.
  4. ^ Бягучыя цэны платных паслуг (рас.) // Віцебская абласная бібліятэка, 2017 г. Праверана 6 жніўня 2017 г.
  5. ^ а б Структура // Віцебская абласная бібліятэка, 25 траўня 2017 г. Праверана 6 жніўня 2017 г.
  6. ^ а б Гісторыя // Віцебская абласная бібліятэка, 13 жніўня 2012 г. Праверана 6 жніўня 2017 г.
  7. ^ Аляксандар Пукшанскі. Прафэсія не для ўсіх // Зьвязда : газэта. — 16 траўня 2012. — № 91 (27206). — С. 4. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]