Глыбокае
Глыбокае лац. Hłybokaje | |||||
Алея славутых землякоў на гістарычным Рынку | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1514 | ||||
Горад з: | 1921, 1940 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Віцебская | ||||
Раён: | Глыбоцкі | ||||
Вышыня: | 159 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 19 084 чал. (2018)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2156 | ||||
Паштовыя індэксы: | 211791, 211792, 211800 | ||||
СААТА: | 2215501000 | ||||
Нумарны знак: | 2 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 55°8′0″ пн. ш. 27°41′0″ у. д. / 55.13333° пн. ш. 27.68333° у. д.Каардынаты: 55°8′0″ пн. ш. 27°41′0″ у. д. / 55.13333° пн. ш. 27.68333° у. д. | ||||
± Глыбокае | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://glubokoe.vitebsk-region.gov.by/ |
Глыбо́кае — места ў Беларусі, сярод азёраў Кагальнага і Вялікага (з апошняга выцякае рака Бярозаўка). Адміністрацыйны цэнтар Глыбоцкага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 19 084 чалавекі[1]. Знаходзіцца за 200 км ад Віцебску, на аўтамабільнай дарозе Полацак — Вільня. Чыгуначная станцыя на лініі Каралеўшчына — Варапаева.
Глыбокае — даўняе мястэчка на мяжы гістарычных Ашмяншчыны (частка Віленшчыны) і Полаччыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[2]. Да нашага часу тут захаваўся комплекс кляштару кармэлітаў з касьцёлам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (сармацкае і віленскае барока), часткова зруйнаваны расейскімі ўладамі, а таксама касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (віленскае барока), капліца Сьвятога Ільлі (клясыцызм) і калёна ў гонар Канстытуцыі 3 траўня, помнікі гісторыі і архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла пры манастыры базылянаў у Беразьвеччы, адзін з найвыдатнейшых узораў віленскага барока, які па апошняй вайне зруйнавалі савецкія ўлады, а таксама палац Радзівілаў, сынагога і капліцы Сьвятога Крыжа і Сьвятога Язафата, помнікі архітэктуры XVIII ст.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Глыбокае мае зьвязак зь мясцовым возерам[3].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Згодна з сучаснымі энцыкляпэдычнымі даведнікамі[4][5] першы пісьмовы ўпамін пра Глыбокае (двор, цэнтар маёнтку Зяновічаў) зьмяшчаецца ў Мэтрыцы Вялікага Княства Літоўскага і датуецца 1514 годам. Аднак афіцыйна[6] паселішча вядзе сваю гісторыю ад 1414 году, калі яно ўпамінаецца як зямля, што належала Зяновію Братошычу. Апошні атрымаў ад вялікага князя Вітаўта дазвол на права валоданьня спадчынай свайго бацькі.
На 1556 год Глыбокае мела статус мястэчка. Рэчка Бярозаўка падзяляла яго на 2 часткі: паўднёва-заходняя належала Зяновічам і ўваходзіла ў склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва; паўночна-ўсходняя — Корсакам і ўваходзіла ў склад Полацкага ваяводзтва. Цэнтрам паўднёва-заходняй часткі быў Рынак з крамамі, сьвірнамі, царквой з плябаніяй, шпіталем; тут знаходзіўся замак. Паўночна-ўсходняя частка таксама мела ў цэнтры Рынак, ад якога пачыналіся шляхі на Дзісну, Полацак і мястэчка Беразьвечча.
У Інфлянцкую вайну (1563—1579) маскоўскія захопнікі ўчынілі ў Глыбокім і ваколіцах значную шкоду[4]. У канцы вайны празь мястэчка праходзіла войска Стэфана Баторыя ў часе яго вызваленчых выправаў на Полацак і Пскоў.
У канцы XVI ст. у Глыбокім заснавалі кальвінскі збор, бібліятэку і школу; аднак у пачатку XVІI ст. на месцы збора збудавалі касьцёл Сьвятога Міхала (праіснаваў да 1650 году). У 1628 годзе пачаў дзеяць Траецкі касьцёл, а ў 1636 годзе ваявода амсьціслаўскі і староста дзісенскі Язэп Корсак заснаваў на сваёй частцы Глыбокага касьцёл і кляштар ордэна кармэлітаў; пры кляштары дзеяла школа. У сярэдзіне XVІI ст. у мястэчку збудавалі царкву Сьвятой Тройцы (па пажары ў 1838 годзе адноўленая, зноў згарэла ў 1880 годзе).
З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Глыбокае захапілі маскоўскія войскі. Яны збудавалі тут невялікую драўляную фартэцыю — «острог», у якой разьмяшчалася залога. У студзені 1659 году мястэчка вызваліў аддзел войска Вялікага Княства Літоўскага. 6 лістапада 1661 году каля Глыбокага войскі Рэчы Паспалітай на чале з С. Чарнецкім разьбілі маскоўскіх захопнікаў пад камандай І. Хаванскага (больш за 18 тыс. чал.), захапіўшы 6 гарматаў, вялікі запас пораху, больш за 6 тыс. павозак з правіянтам. У бітве загінула больш за 6 тыс. маскавітаў, ацалелыя ўцяклі ў Полацак[4].
У 1668 годзе паўднёва-заходняя частка Глыбокага перайшла да Радзівілаў. На 1702 год, паводле інвэнтару, сядзібны комплекс Радзівілаў улучаў галоўны 1-павярховы драўляны будынак, флігель, пякарню, 2-павярховы лямус з галерэямі, сьвірны, стайні, вазоўні, сажалку, ставок з вадзяным млынам, іншыя гаспадарчыя будынкі; у маёнтку налічвалася 263 двары. У XVІІI ст. у Глыбокім было два Рынкі з крамамі; пераважала драўляная 1-павярховая жылая забудова. У 1742 годзе ў мястэчку збудавалі сынагогу. На 1775 год тут было 310 дамоў, у Корсакавай частцы — 100 двароў[4]. У XVІІI—XІХ стагодзьдзяў пры кляштары кармэлітаў працавалі школа, бібліятэка, фізычны кабінэт, аптэка, шпіталь; было 40 музыкаў. У канцы XVІІI ст. на мясцовых могілках збудавалі Ільлінскую капліцу і мэмарыяльную калёну ў гонар Канстытуцыі 3 траўня.
-
Панарама мястэчка, 1869 г.
-
Сынагога, XIX ст.
-
Касьцёл і кляштар кармэлітаў, 1896 г.
-
Беразьвечча, 1896 г.
-
Рынак. Я. Драздовіч, 1925 г.
-
Кляштар кармэлітаў з боку Полацкай вуліцы. Я. Драздовіч, 1925 г.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Глыбокае апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Дзісенскім павеце. У вайну 1812 году мястэчка займалі францускія войскі; тут стварылі этапны пункт, буйныя харчовыя склады. З 18 ліпеня на працягу 6 дзён у мястэчку знаходзіўся Напалеон.
За часамі вызвольнага паўстаньня ў красавіку — траўні 1831 году каля Глыбокага адбыліся баі з расейскімі карнікамі. На 1861 год у мястэчку было 212 двароў. У 1886 годзе — працавалі расейская народная вучэльня, бровар, вінакурня і цагельня; было некалькі складоў з таварамі і прыватных крамаў; у нядзелі зьбіраліся таргі, штогод — 2 кірмашы.
З пачаткам Першай сусьветнай вайны да Глыбокага праклалі чыгунку. На 1917 год у выніку ваенных спусташэньняў у мястэчку засталося толькі 111 двароў. У лютым 1918 году Глыбокае занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Глыбокае абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[7]. У сьнежні 1918 году Глыбокае занялі бальшавікі, а 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР[8]. У жніўні 1919 году — ліпені Глыбокае займалі польскія войскі. 5 ліпеня 1920 году ў ваколіцах мястэчка адбыліся баі савецкіх і польскіх войскаў, у якіх загінула 1,5 тыс. чалавек. У кастрычніку 1920 году мястэчка зноў занялі польскія войскі. Згодна з умовамі Рыскай дамовы 1921 году Глыбокае апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам Дзісенскага павету Віленскага ваяводзтва. У пачатку 1926 году адкрыўся аддзел Беларускага каапэратыўнага банку (закрыты разам з самім банкам у 1936 годзе)[9]. На 1939 год у мястэчку працавалі цукеркавая фабрыка, гарбарны завод, млын, павятовая ўправа, польская гімназія, прыватныя крамы, склады тавараў; кожны чацьвер праводзіліся таргі, штогод — 4 кірмашы.
У 1939 годзе Глыбокае ўвайшло ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 году атрымала статус места і стала цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 2 ліпеня 1941 году да 3 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху і было цэнтрам акругі райхскамісарыяту «Остлянд». Тут разьмяшчаліся ўправа акругі, нямецкі гарнізон, вайсковыя склады. Нацысты зьнішчылі ў Глыбокім і раёне 10 133 чал., у 3 лягерох сьмерці — больш за 37 тыс. чалавек.
У 2012 годзе да Дня беларускага пісьменства на гістарычным Рынку паставілі 8 бронзавых бюстаў славутым глыбачанам Язэпу Корсаку, Элізэру Бэн-Егуду (Дэвід Пэрэльман), Язэпу Драздовічу, Ігнату Буйніцкаму, Алесю Дубровічу, Пятру Казлову, Паўлу Сухому і Вацлаву Ластоўскаму[10].
-
Панарама места, да 1900 г.
-
Кляштар кармэлітаў у час руйнаваньня расейскімі ўладамі, да 1900 г.
-
Капліца Сьвятога Крыжа, 1929 г.
-
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы, 1918 г.
-
Беразьвечча. Манастыр базылянаў, 1920-я гг.
-
Копцеўка. Капліца Сьвятога Ільлі, 1920-я гг.
-
Вуліца Докшыцкая. Сынагога, 1916 г.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XIX стагодзьдзе: 1861 год — 2161 чал.; 1879 год — 4084 чал. (1942 муж. і 2142 жан.)[11]; 1897 год — 5564 чал.
- XX стагодзьдзе: 1917 год — 589 чал.; 1939 год — 9,7 тыс. чал.; 1959 год — 7,3 тыс. чал.; 1970 год — 11,9 тыс. чал.; 1991 год — 17,6 тыс. чал.; 1992 год — 17,9 тыс. чал.; 1997 год — 18,5 тыс. чал.[12]
- XXI стагодзьдзе: 2006 год — 19,5 тыс. чал.; 1 студзеня 2008 году — 19,4 тыс. чал.; 2009 год — 18 082 чал.[13] (перапіс); 2010 год — 18,2 тыс. чал.; 2016 год — 18 921 чал.[14]; 2017 год — 19 038 чал.[15]; 2018 год — 19 084 чал.[1]
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Глыбокім працуюць ПТВ-ліцэй, 3 сярэднія школы, гімназія, дзіцяча-юнацкая спартовая школы, школа мастацтваў. Да 2007 году ў Глыбокім была адзіная ў Віцебскай вобласьці меская беларускамоўная школа (СШ №3)[16].
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзеюць дом культуры і цэнтар культуры, 2 бібліятэкі, дом рамёстваў. Тут разьмяшчаецца філія Дзяржаўнага архіву Віцебскай вобласьці.
У месьце выдаюцца газэты «Весьнік Глыбоччыны» (да 1991 году — «Сьцяг камунізму», «Шлях Перамогі») і «Вольнае Глыбокае».
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Плян
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Згодна з генэральным плянам 1967 году ва ўсходняй частцы Глыбокага ўтварыўся мікрараён, у заходняй сканцэнтраваліся прамысловыя прадпрыемствы. Места захавала радыяльны плян, што склаўся ў XVІІ—XVІІI стагодзьдзях.
Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
17 верасьня плошча | Рынак пляц | 3 траўня пляц |
3 ліпеня вуліца | Маставая вуліца | |
Астроўскага вуліца | Пасольская вуліца | |
Гагарына вуліца | Нізкая вуліца | |
Максіма Горкага вуліца | Полацкая вуліца Копцеўская вуліца |
Генрыка Сянкевіча вуліца |
Камуністычная вуліца | Біскупа Ўладзіслава Бандурскага вуліца | |
Кірава вуліца | Дворная вуліца | |
Леніна вуліца | Віленская вуліца (частка) Замкавая вуліца (частка) |
|
Маскоўская вуліца | Докшыцкая вуліца | Варшаўская вуліца |
Піянэрская вуліца | Сялянская вуліца | |
Савецкая вуліца | Вялікая вуліца Клябанская вуліца Беразьвецкая вуліца |
Кракаўская вуліца |
Чапаева вуліца | Вярхнянская вуліца | |
Чырвонаармейская вуліца | Кісялёўка вуліца Кісялёўшчына вуліца[17] |
|
Школьная вуліца | Татарская вуліца | |
Энгельса вуліца | Друйская вуліца[18] |
З урбананімічнай спадчыны Глыбокага да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Азёрная, Вясеньняя, Млыновая, Палявая, Прамысловая, Чыгуначная, Шпітальная і Ясная[19]. У мястэчку таксама існавала вуліца Кармэліцкая, траса якой не захавалася.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадпрыемствы харчовай і дрэваапрацоўчай прамысловасьці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Глыбокага |
---|
|
Транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Праз Глыбокае праходзяць аўтамабільныя дарогі Р3 (Лагойск — Глыбокае — Браслаў), Р45 (Полацак — граніца Летувы), Р110 (Глыбокае — Паставы — Лынтупы).
Места мае рэгулярнае аўтобуснае злучэньне зь Мёрамі, Браславам, Шаркоўшчынай, Паставамі, Полацкам, Віцебскам, Менскам і Рыгай. Курсуюць пасажырскія цягнікі на Менск, Віцебск і Паставы, прымескае злучэньне з Каралеўшчынай, Паставамі, Лынтупамі.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Глыбокае — цэнтар турызму дзяржаўнага значэньня. З пачатку ХХ ст. тут знаходзіцца цэнтар ганчарнага рамяства, г. зв. «глыбоцкай керамікі»[20].
Дзее Глыбоцкі гістарычна-этнаграфічны музэй. У музэі экспануюцца матэрыялы з гісторыі краю, пра ягоных знакамітых землякоў (авіяканструктара П. Сухога, мастака Я. Драздовіча, заснавальніка беларускага тэатру І. Буйніцкага, палітыка і гісторыка В. Ластоўскага і інш.).
Працуе дом паляўнічага. Спыніцца можна ў мескім гатэлі.
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Алея славутых землякоў
- Гаспадарчы двор Вітгенштэйнаў (XIX ст.)
- Дэндрапарк
- Забудова гістарычная (канец ХІХ — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)
- Забудова ў «Закапанскім» стылі (1920—1930-я)
- Калёна ў гонар Канстытуцыі 3 траўня (канец XVІІI ст.)
- Капліца могілкавая Сьвятога Ільлі (канец XVІІI ст.)
- Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (Фарны, 1764—1782)
- Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар кармэлітаў (1639—1654, цяпер сабор Раства Багародзіцы Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату)
- Манастыр базылянаў Беразьвецкі (1756—1763)
- Могілкі: «Копцеўка» (брама, каплічкі — XVІІI ст.), польскія вайсковыя, юдэйскія
- Помнік Мюнхгаўзэну
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Замак (XVI ст.)
- Збор кальвінскі
- Капліца Сьвятога Крыжа
- Капліца Сьвятога Язафата
- Мячэт
- Палац Радзівілаў (XVІІI ст.; рэшткі будынка зьнішчылі ў 2005 годзе)
- Сынагога (XVІІI ст.)
- Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла (1756—1763)
- Царква Сьвятога Міхала (XVІІI ст.)
- Царква Сьвятой Тройцы (XVII ст.)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Колішні касьцёл кармэлітаў, сармацкі фасад
-
Колішні касьцёл кармэлітаў, інтэр’ер
-
Старыя камяніцы
Месты-сябры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пералік местаў-сяброў Глыбокага |
---|
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Юры Багушэвіч (нар. 1946) — мастак
- Тадэвуш Далэнга-Мастовіч (1898—1939) — пісьменьнік, празаік, які шмат гадоў жыў і пісаў у Глыбокім
- Клаўдзі Дуж-Душэўскі (1891—1959) — беларускі палітычны дзяяч, дыплямат, рэдактар, пэдагог
- Фёдар Дамінікоўскі (1905—1949) — гісторык
- Сямён Леках (нар. 1947) — навуковец ў галіне мэталюргіі
- Самуіл Магілевер (1824—1898) — піянэр рэлігійнага сіянізму і адзін з заснавальнікаў руху «Хавявэй Сіён»
- Андрэй Майсяёнак (нар. 1943) — навуковец-біёляг, краязнавец
- Павал Сухі (1895—1975) — авіяканструктар
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Ткачоў М. Замкі і людзі. — Мн., 1991. С. 154.
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 72.
- ^ а б в г Бунто Я. Глыбокае // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 539.
- ^ Бунто Я. Глыбокае // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 51.
- ^ История, Глубокский районный исполнительный комитет
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Горны А. С., Ільін А. Л. Пінскі аддзел Беларускага кааператыўнага банка ў Вільні (1926–1932 гг.): утварэнне і дзейнасць // Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины. № 1 (94), 2016.
- ^ Аб выніках конкурсу на стварэнне эскізных праектаў помніка вялікаму князю Міндоўгу
- ^ Słownik geograficzny... T. II. — Warszawa, 1881. S. 600.
- ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 307.
- ^ Перепись населения — 2009. Витебская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ На Віцебшчыне зьнікла апошняя беларускамоўная гарадзкая школа // «Наша Ніва», 27 жніўня 2007.
- ^ Шыталь К. Віленская, Замкавая, Друйская, Дворная. Як даўней называліся вуліцы ў гістарычным цэнтры Глыбокага(недаступная спасылка), Westki.info
- ^ Шыталь К. Тапанімічная спадчына Глыбокага. Весткі.info. Праверана 1 верасьня 2012 г.
- ^ Скрабатун У. Вуліца Вясенняя ў Глыбокім ніколі не змяняла свой назоў - дакумент(недаступная спасылка) // Westki.info, 4 кастрычніка 2013 г.
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — 576 с. — ISBN 985-11-0090-0
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Гедэман О. Глыбокае: гістарычны нарыс / Отан Гедэман; перакл. з польск. М. Гіля. — Паставы; Глыбокае: [б. в.], 2012. — 59, [1] с.: іл.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Глыбоцкага р-на. — Мн.: БелЭн, 1995. — 454 с. ISBN 985-11-0014-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881.