Янавічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Янавічы
лац. Janavičy
Герб Янавічаў


Краіна: Беларусь
Вобласьць: Віцебская
Раён: Віцебскі
Сельсавет: Янавіцкі
Насельніцтва: 727 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 212
Паштовы індэкс: 211332
СААТА: 2212899904
Нумарны знак: 2
Геаграфічныя каардынаты: 55°18′0″ пн. ш. 30°42′0″ у. д. / 55.3° пн. ш. 30.7° у. д. / 55.3; 30.7Каардынаты: 55°18′0″ пн. ш. 30°42′0″ у. д. / 55.3° пн. ш. 30.7° у. д. / 55.3; 30.7
Янавічы на мапе Беларусі ±
Янавічы
Янавічы
Янавічы
Янавічы
Янавічы
Янавічы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Я́навічы[2] — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Вымнянцы, каля Янавіцкага возера. Цэнтар сельсавету Віцебскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 727 чалавек[1]. Знаходзяцца за 28 км на паўночны ўсход ад Віцебску, за 26 км на поўнач ад чыгуначнай станцыі Лёзна. Аўтамабільная дарога зьвязвае мястэчка зь Лёзнам і з шашай Віцебск — Сураж.

Янавічы — даўняе мястэчка гістарычнай Віцебшчыны. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася царква Прачыстай Багародзіцы пры Тадулінскім манастыры базылянаў, помнік архітэктуры віленскага барока, зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Царква пры Тадулінскім манастыры па перабудове

Першы пісьмовы ўпамін пра Янавічы як сяло і цэнтар воласьці ў Віцебскім ваяводзтве Вялікага Княства Літоўскага датуецца 1511 годам. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Віцебскага павету.

У XVIII стагодзьдзі Янавічы ўпамінаюцца як мястэчка, уладаньне Пацеяў. На беразе возера Вымка ў мясцовасьці Тадуліне існаваў манастыр Прачыстай Багародзіцы, фундаваны ў 1740 годзе Тадэвушам Агінскім.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сядзіба. А. Адам, 1812 г.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Янавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Сураскім павеце Віцебскай губэрні. На 1800 год у мястэчку было 11 двароў. Тут працаваў жалезны завод, у 1829 годзе адкрылася кардонавае, у 1854 годзе — мукамольнае прадпрыемства, у 1866 годзе — бровар. Празь Янавічы праходзіў паштовы тракт Сураж — Янавічы, на якім разьмяшчаліся паштовая станцыя і карчма. Непадалёк ад мястэчка знаходзіўся маёнтак Янавічы, які ў 1878 годзе належаў зямяніну І. Багдановічу. У маёнтку існавалі 2 млыны.

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) расейскія ўлады перабудавалі царкву пры Тадулінскім манастыры ў стылі маскоўскай архітэктуры. У 1880 годзе ў Янавічах адкрылася царкоўнапрыходзкая школа, у 1897 годзе — мужчынская настаўніцкая школа. У гэты час у мястэчку дзейнічалі 5 сынагогаў, працавалі 36 крамаў, скураны завод. Кожны тыдзень у нядзелю адбываўся торг. У 1885 годзе ў Янавічах збудавалі Траецкую царкву-мураўёўку. У 2-й палове ХІХ стагодзьдзя ў мястэчку было 234 дамы, штогод праводзіліся 3 кірмашы[3]. У пачатку ХХ стагодзьдзя ў Янавічах дзейнічала царква і юдэйскія малітоўныя школы, працавалі школа з 80 навучэнцамі, лякарня, пошта, паравы млын і аптэка; на кірмашах ішоў гандаль лёнам і хлебам[4].

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Янавічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Янавічы вярнулі ў склад БССР, дзе яны сталі цэнтрам Янавіцкага сельсавету Сураскага раёну Віцебскай акругі. У 1933 годзе ў мястэчку пачаў працаваць ільнозавод. У 1937 годзе бальшавікі зачынілі Траецкую царкву, а ў 1943 годзе — зруйнавалі яе. У Другую сусьветную вайну з 1941 да 10 кастрычніка 1943 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

У 1957 годзе ў Янавічы перанесьлі цэнтар Сураскага раёну[5], потым мястэчка ўваходзіла ў склад Віцебскага раёну, з 1962 году ў складзе Лёзьненскага раёну[6], цяпер у Віцебскім раёне. У 1960-я гады савецкія ўлады зруйнавалі Тадулінскі манастыр, цэглу выкарысталі на будаваньне дарогі ў Янавічы.

20 студзеня 2006 году афіцыйна зацьвердзілі герб Янавічаў[7].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIX стагодзьдзе: 1800 год — 84 чал.; 1839 год — 1250 чал. (648 муж. і 602 жан.), у тым ліку духоўнага стану праваслаўнага 10 муж. і 7 жан., купцоў-хрысьціянаў 3 муж., купцоў-юдэяў 10 муж. і 8 жан., мяшчанаў-хрысьціянаў 62 муж. і 55 жан., мяшчанаў-юдэяў 501 муж. і 474 жан., сялянаў зямянскіх 59 муж. і 55 жан., аднадворцаў 1 муж. і 3 жан., адстаўных салдатаў 2 муж.[8]; 1882 год — 934 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1905 год — 1781 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2002 год — 1087 чал.[9]; 1 студзеня 2003 году — 1108 чал.; 2009 год — 929 чал.[10] (перапіс); 2016 год — 765 чал.[11]; 2017 год — 752 чал.[12]; 2018 год — 727 чал.[1]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Янавічах працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, лякарня, бібліятэка, дом культуры.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З урбананімічнай спадчыны Янавічаў да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Азёрная, Валькаўская, Віцебская, Зарэчная, Лёзьненская, Набярэжная, Пукшанская, Слабадзкая, Сураская, Унішэўская і Школьная, а таксама завулкі Валькаўскі і Слабадзкі. Гістарычны Рынак ня мае афіцыйнай назвы. Таксама ў мястэчку існавалі вуліцы Парэцкая і Рынкавая.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Янавіцкая філія ААТ «Малако» (колішні Віцебскі малочны завод). Аграгарадок «Янавічы» ўвялі ў эксплюатацыю ў сьнежні 2007 году. Тут плянуецца зладзіць вытворчасьць ПВГУП «Цэнтар Палімэр» паўторнай перапрацоўкі плястмасы і вырабу палімэрных гранулаў (2008 год; 35 працоўных месцаў).

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Вучэльня (канец ХІХ ст.)

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Міхаіл Барадзін (1884—1951) — дзяржаўны і партыйны дзяяч. У 1908—1918 гадох стварыў у Чыкага школу для эмігрантаў, сябар Таварыства дапамогі расейскім палітзьняволеным. Консул РСФСР у Мэксыцы, галоўны палітычны дарадца ЦВК у Кітаі. Ад 1927 году ў СССР — супрацоўнік Вышэйшай рады народнай гаспадаркі, намесьнік наркама працы, намесьнік дырэктара ТАСС. Ад 1932 году галоўны рэдактар «Moscow News», адначасна ў 1949—1951 гадох рэдактар Савецкага інфарацыйнага бюро. У 1951 годзе рэпрэсаваны, рэабілітаваны пасьмяротна[13].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7. (pdf) С. 158
  3. ^ Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 429.
  4. ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  5. ^ Указ Президиума ВС БССР от 10.9.1957. «О перенесении центра Суражского района Витебской области из городского поселка Сураж в городской поселок Яновичи»
  6. ^ Указ Президиума ВС БССР от 25.12.1962. «Об укрупнении сельских районов БССР»
  7. ^ Указ Президента Республики Беларусь от 20 января 2006 года № 36 «Об учреждении официальных геральдических символов административно-территориальных и территориальных единиц Витебской области»
  8. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 416.
  9. ^ Грынявецкі В. Янавічы // БЭ. — Мн.: 2004 Т. 18. Кн. 1. С. 269.
  10. ^ Перепись населения — 2009. Витебская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  11. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  12. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  13. ^ Знаменательные даты. На следующей неделе, 5—11 июля  (рас.) // 7 дней. — 2004. — № 27. — С. 17.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]