Самуіл Магілевер
Самуіл Магілевер | |
Род дзейнасьці | габрэйскі рэлігійны дзеяч, рабін |
---|---|
Дата нараджэньня | 25 красавіка 1824 |
Месца нараджэньня | Глыбокае, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | 10 чэрвеня 1898 (74 гады) |
Месца сьмерці | Беласток, Гарадзенская губэрня, Расейская імпэрыя |
Занятак | рабін |
Самуі́л (Самуэль, Шмуэль) Лейбавіч Магілевер (25 красавіка 1824— 10 чэрвеня 1898) — піянэр рэлігійнага сіянізму і адзін з заснавальнікаў руху «Хавявэй Сіён».
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Магілевер нарадзіўся ў месьце Глыбокае Віленскай губэрні (цяпер Віцебская вобласьць, Рэспубліка Беларусь). Ягоны бацька, рэбэ Юда Лейб, даў сыну рознабаковую адукацыю, пазнаёміўшы яго ня толькі з Талмудам, але і з габрэйскай рэлігійна-філязофскай літаратурай і сьвецкімі навукамі. Самуіл вучыўся ў Валожынскай яшыве, дзе ў 1842 быў рукапакладзены на рэбэ.
У 1848 стаў пераемнікам бацькі на рэбэ ў Глыбокім, з 1854 рэбэ ў Шаках (Szaki) Сувалцкай губэрні, з 1860 у Сувалках, з 1868 — у Радаме (Radom). У 1861 Самуіл скончыў школу рабінаў у Варшаве. Актыўна ўдзельнічаў у грамадзкім і палітычным жыцьці, асабліва падчас паўстаньня Кастуся Каліноўскага ў 1863 годзе[1]. У 1873 прымаў удзел у зьезде рэбэ ў Санкт-Пецярбургу, дзе горача выступіў з ідэяй аб’яднаньня кансэрватыўных элемэнтаў з прагрэсіўнымі, але ягоная спроба не знайшла тады падтрымкі.
Пасьля пагромаў 1881 году, выкліканых «травеньскімі законамі», ён стаўся сузаснавальнікам таварыства «Хавявэй Сіёну» («любоў да Сіёну») ў Варшаве і схіліў барона Эдманда Джэймза дэ Ротшыльда да палястынафільства і, у выглядзе вопыту, да фінансавай падтрымкі паселішча Экрон (цяпер места Кірыят Экрон), паўсталага для габрэйскіх фэрмераў-уцекачоў з Расеі.
У 1883 быў абраны на рэбэ Беластоку і працаваў дзеля разьвіцьця сіянізму, пераконваючы беластоцкіх габрэяў пераяжджаць у Пэтах-Тыкву, тады толькі нядаўна заселеную. Заснаваў у Беластоку вышэйшую рэлігійную школу (ешыбот) і крэдытнае таварыства. Дзякуючы ягоным намаганьням тамсама былі закладзеныя новыя могілкі — «на Багнуўцэ»[2].
У 1884 Магілевер быў абраны ганаровым прэзыдэнтам канфэрэнцыі руху «Хавявэй Сіён», а ў 1887 і 1889 зьяўляўся старшынём на канфэрэнцыях у Друскеніках і Вільні. Многія яго заслугі мелі рэлігійны характар. Так, пад уплывам Магілевера камітэт рабінаў прыняў рашэньне, згодна зь якім юдэйскае земляробства на палястынскай зямлі павінна было як мага болей адпавядаць габрэйскім законам і традыцыям. Ён адным зь першых рабінаў дазволіў юдэйскім каляністам працаваць у год шабату (седміцы).
У 1890 Магілевер прыняў удзел ва ўстаноўчым сходзе таварыства дапамогі габрэям-земляробцам у Сірыі і Палястыне і ўдзельнічаў у першай партыі паломнікаў у Палястыну. У гэтым жа годзе дзякуючы падтрымцы барона атрымалася набыць 1556 акраў (630 гэктараў) зямлі блізу Джафы для калёніі Рэхабот.
У 1893 шэраг рознагалосьсяў з галоўным офісам руху ў Адэсе прывёў да рашэньня стварыць асобны ад адэскага цэнтар пад кіраўніцтвам Магілевера. Новы аддзел, названы «Мізрахі» (скарачэньне ад габрэйскага мэрказ рухані — «духоўны цэнтар») займаўся сіянісцкай прапагандай і культурніцкай працай сярод артадаксальных габрэяў.
У 1897 Магілевер напісаў ліст да першага сіянісцкага кангрэсу ў Базэлі, на якім ня змог прысутнічаць з-за пагаршэньня стану здароўя:
Вельмі істотна, што Кангрэс яднае ўсіх «Сыноў Сіёну», якія імкнуцца разам з намі працаваць у суцэльнай гармоніі і братэрстве, нават калі паміж намі існуюць адрозьненьні ў поглядах адносна рэлігіі.
Памёр у Беластоку 9 чэрвеня 1898 году ад крывазьліцьця ў мозаг.
Пакінуў пасьля сябе колькі рукапісаў філязофскіх працаў і камэнтароў да Талмуду, вечны каляндар. Напісаў збор уласных камэнтароў да Талмуду і Мішны.
Ушанаваньне памяці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Калі ў 1901 рэбэ Іцхак Якаў Рэйнэс зь іншымі вучнямі Магілевера аднавілі арганізацыю, яны зрабілі гэта з тымі самымі мэтамі, духам і назвай. Магілевер спрычыніўся да пасьпяховага зьліцьця традыцыйнага артадаксальнага юдаізму з практычным сіянізмам[3]. У 1902, праз чатыры гады пасьля сьмерці Магілевера, «Мізрахі» афіцыйна далучыўся да сіянісцкай арганізацыі.
На 70-годзьдзе Самуэля Магілевера ягоным імем быў названы кібуц Ган Шмуэль. Праз чатыры гады пасьля ягонай сьмерці імем Самуэля Магілевера была названая сынагога на тагачаснай вуліцы Бульварнай (цяпер вуліца Браніцкага, 3) ў Беластоку.
Яшчэ ў міжваенны час труна Магілевера ў Беластоку сталася мэтай пілігрымак габрэяў з Польшчы і замежжа. У 1991 родныя памерлага перанесьлі эксгумаваны прах рабіна з могілак на «Багнуўцы» ў Ізраіль[2].
Вуліцы шэрагу ізраільскіх мястэчак носяць імя Самуэля Магілевера.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Glubokoye Archives (анг.) Праверана 7 сьнежня 2008 г.
- ^ а б Зьбігнэў Раманюк Samuel Mohilewer (1824-1898) (пол.) Biografie odnalezione w czasie. Радыё «Беласток». Праверана 7 сьнежня 2008 г.
- ^ Arthur Hertzberg, The Zionist Idea, (Meridian, Нью-Ёрк, 1960), с.400-402.