Відзы
Відзы лац. Vidzy | |||||
Касьцёл Найсьсвяцейшай Тройцы | |||||
| |||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Віцебская | ||||
Раён: | Браслаўскі | ||||
Сельсавет: | Відзаўскі сельсавет | ||||
Плошча: |
| ||||
Вышыня: | 140 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 1669 чал. (2018)[2] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2153 | ||||
Паштовы індэкс: | 211990 | ||||
СААТА: | 2208812906 | ||||
Нумарны знак: | 2 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 55°23′42″ пн. ш. 26°37′42″ у. д. / 55.395° пн. ш. 26.62833° у. д.Каардынаты: 55°23′42″ пн. ш. 26°37′42″ у. д. / 55.395° пн. ш. 26.62833° у. д. | ||||
± Відзы | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Ві́дзы[3] — мястэчка ў Беларусі, паміж азёрамі Відзаўскім, Маругай і Ніпалатамі. Цэнтар сельсавету Браслаўскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 1669 чалавек[2]. Знаходзяцца за 41 км на поўдзень ад Браслава, за 260 км ад Віцебску, за 30 км ад чыгуначнай станцыі Гадуцішкі (лінія Лынтупы — Варапаева); на аўтамабільнай дарозе Паставы — Дзьвінск.
Відзы — даўняе места гістарычнай Браслаўшчыны (частка Віленшчыны), якое пэўны час было сталіцай рэгіёну.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Віда або Від (Wido, Wid) — імя германскага паходжаньня[4].
Паводле адной з вэрсіяў, тапонім Відзы ўтварылася ад балтыйскага этноніму «відзы» — назвы жыхароў гістарычнага рэгіёну Латвіі Відзэмэ, якія маглі перасяліцца ў гэтыя мясьціны[5].
Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Виды (1553 год)[6].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Традыцыйна лічыцца, што Відзы ўпершыню ўпамінаюцца ў першай палове XV стагодзьдзя (1432? год), калі вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч перадаў землі паміж рэкамі Дзіснай і Дрысьвятай, якія зваліся Ловішчам, братам Даўгерду, Доўкшу і Нарушу (дакумэнтальна гэтыя зьвесткі не пацьвярджаюцца[7]).
Побач зь Відзамі існавала некалькі прадмесьцяў, гістарычна зьвязаных зь мястэчкам: Відзы Лаўчынскія, Відзы Альбрэхтоўскія (пазьней вёска Рэгуляры) — дзяржаўны двор, пазьней уладаньне канонікаў рэгулярных. Відзаўскі Двор (сучасная вёска Падварынка) — уладаньне біскупаў, пазьней належалі выхадцам з Грэцыі Пізані.
У 1433 годзе Ганна Даўгідавіч перадала двор на карысьць касьцёла ў Відзах[7]. У 1481 годзе Ганна і Хведзька Доўгірды фундавалі драўляны касьцёл, пры якім існаваў шпіталь. У 1492 годзе тагачасны ўладальнік паселішча Якуб Ганусавіч, маршалак земскі перадаў двор Відзы біскупу віленскаму Войцеху Табару. Гэтае наданьне пацьвердзіў у 1494 годзе вялікі князь Аляксандар. У ваколіцах Відзаў пачала фармавацца лятыфундыя — буйная зямельная гаспадарка Віленскага біскупства.
Пад 1507 годам упамінаецца «волость Виды» ў складзе Браслаўскага павету. У 1524 годзе частку паселішча за 400 коп грошай набыў ваявода віленскі Альбэрт Гаштольд. У пачатку XVI стагодзьдзя Відзы атрымалі статус мястэчка. На 1539 год тут працавалі 15 корчмаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформай 1565—1566 гадоў Відзы ўвайшлі ў склад Браслаўскага павету Віленскага ваяводзтва. У другой палове XVI стагодзьдзя кашталян смаленскі Станіслаў Нарушэвіч заснаваў у Відзах кальвінскі збор, які дзеяў і ў першай палове XVII стагодзьдзя. У канцы XVI стагодзьдзя ў біскупскай частцы мястэчка налічвалася 5 дамоў рынкавых і 20 дамоў вулічных.
У 1629 годзе частка Відзаў перайшла ў валоданьне Пацаў. Гетман польны, ваявода віленскі Міхал Казімер Пац адпісаў свае відзаўскія ўладаньні канонікам-рэгулярным з мэтай завяршэньня будаваньня касьцёла Сьвятых Пятра і Паўла ў Вільні, вядомага багатым скульптурным аздабленьнем інтэр’еру. На 1690 год, паводле рэестру падымнага падатку, біскупскія ўладаньні ў Відзах налічвалі 129 дымоў, уладаньні канонікаў-рэгулярных — 53 дымы, плябаніі — 8 дымаў, Ваўжэцкіх (разам зь некалькімі вёскамі) — 15 дымоў.
За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1709 годзе Відзы пацярпелі ад ваенных дзеяньняў. У 1711 годзе ў мястэчку існавала невялікая супольнасьць манахаў-дамініканаў. На 1731 год, паводле інвэнтару, у біскупскай частцы Відзаў (уладальнік Міхал Ян Зянковіч) існавалі вуліцы Рынкавая, Дворная, Казіная, Віленская, працавалі рамесьнікі краўцы, цесьляры, шаўцы, каваль, кушнер, шынкары. Відзаўская лятыфундыя займала плошчу каля 120 км², налічвала 140 сялянскіх, 28 шляхецкіх, 54 мяшчанскіх дымоў. Да лятыфундыі належала 21 вёска: Балікі, Біцюны, Бубі, Бучаны, Пакульня, Пушкі, Эйцьмяны, Мешкелі і іншыя. Самім мястэчкам валодала некалькі гаспадароў, якія неаднойчы зьмяняліся.
У 1754 годзе лоўчы браслаўскі Антоні Ваўжэцкі заснаваў у Відзах езуіцкую місію пры парафіяльным касьцёле, у 1754—1767 гадох дзеяла пачатковая школа. У 1762 годзе езуіты распачалі тут будаваньне мураванага касьцёла, якое аднак не пасьпелі завяршыць[7]. У 1764 годзе стараверы збудавалі ў мястэчку малельню. У 1769 годзе ў Відзах дзеяў аддзел прыхільнікаў Барскай канфэдэрацыі пад камандаю Міхала Гараіна. На 1794 год, паводле люстрацыі, у мястэчку было 182 будынкі, зь іх 50 належала Ваўжэцкім. У 1793 годзе Відзы атрымалі статус места[7]. Вальны сойм ухваліў перанос сюды з Браслава павятовых соймікаў, судовых установаў і архіву. У 1794 годзе, па пажары ў Браславе, Відзы сталі сталіцай Браслаўскага ваяводзтва. У часе паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі Тамаш Ваўжэцкі на ўласныя сродкі ўзброіў тут аддзел з 300 ваяроў, які, аднак, неўзабаве пацярпеў паразу ад расейскіх войскаў.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Відзы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі. У пачатку XІХ стагодзьдзя тут разьмяшчаліся часткі расейскага 30-тысячнага гвардзейскага корпусу пад камандаю князя Канстанціна Паўлавіча. У вайну 1812 году 4—5 ліпеня ў Відзах знаходзілася галоўная кватэра Аляксандра I і стаўка камандуючага 1-й арміі Барклая дэ Толі; 7—11 ліпеня тут была галоўная кватэра Ёахіма Мюрата; 28 лістапада ў Відзах адбыўся бой паміж францускім войскам і аддзелам расейскай кавалерыі. У выніку ваенных дзеяньняў места значна пацярпела. У 1816 годзе ў Відзах утварыўся мусульманскі прыход. На 1825 год у месьце было 498 будынкаў; працавалі павятовая школа, 2 шынкі, лазьня. Будучы студэнтам Віленскага ўнівэрсытэту, у Відзы да свайго дзядзькі Маеўскага прыяжджаў А. Міцкевіч. У пачатку 1820 году ў месьце жыў дзекабрыст А. Поджыя. 24 жніўня 1835 году, па пажары, цэнтар павету зь Відзаў перанесьлі ў мястэчка Езяросы (пазьней Новааляксандраўск). З 1843 году Відзы як заштатнае места і цэнтар воласьці ўвайшлі ў склад Ковенскай губэрні. Разьмяшчэньне на паштовым тракце Дзьвінск — Вільня спрыяла хуткай адбудове паселішча.
На 1860 год у Відзах было 248 двароў; дзеялі касьцёл, капліца, сынагога, 5 юдэйскіх малітоўных дамоў і мячэт; працавалі меская дума, расейскія мужчынская і жаночая народныя вучэльні, паштовая станцыя, аптэка; тры разы на год праводзіліся кірмашы, найбольш вядомыя продажам коней і гусей (штогод прадавалася да 100 тыс. гусей). У месьце існавалі Рынкавая вуліца, пляцы, Салявы і Конскі рынкі. У 1858—1861 гадох зьявіўся праект гербу Відзаў: «у чырвоным полі залатая пчала з чырвонымі вачыма»[8].
У Першую сусьветную вайну ўвосень 1915 году Відзы занялі войскі Нямецкай імпэрыі. У выніку ваенных дзеяньняў места значна пацярпела.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Відзы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У сьнежні 1918 году ў места ўвайшлі бальшавікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Відзы ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[9]. У жніўні 1919 году места занялі польскія войскі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Відзы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Браслаўскага павету. Статус паселішча панізілі да мястэчка. За польскім часам у Відзах дзеяла найбольш актыўная ў павеце арганізацыя КПЗБ. На 1931 год у мястэчку быў 431 двор.
У 1939 годзе Відзы ўвайшлі ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 году атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і сталі цэнтрам раёну Вялейскай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з чэрвеня 1941 да 8 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
У 1944 годзе Відзы ўвайшлі ў склад Полацкай, а з 1954 году — Маладэчанскай вобласьці. У 1960 годзе Відзаўскі раён расфармавалі, само мястэчка ўвайшло ў склад Браслаўскага раёну Віцебскай вобласьці. На 1995 год у Відзах было 840 двароў. 8 красавіка 2004 году Відзаўскага пассавет ліквідавалі, замест яго ўтварыўся Відзаўскага сельсавету (само мястэчка не ўваходзяць у яго склад, але зьяўляецца яго цэнтрам). 9 лютага 2004 году афіцыйна зацьвердзілі местачковыя герб і сьцяг[10].
-
Рог Рынку і вуліцы Віленскай, 1915 г.
-
Рынак з боку вуліцы Татарскай, 1915 г.
-
Рог Рынку і вуліцы Дынабурскай, 1915 г.
-
Зруйнаваны Рынак, 1916 г.
-
Зруйнаваны млын, 1917 г.
-
Віленскі гасьцінец, 1918 г.
-
Відзы Лаўчынскія, 1918 г.
-
Новы мячэт, 1930-я гг.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XVIII стагодзьдзе: 1794 год — 1270 чал.
- XIX стагодзьдзе: 1825 год — 822 чал.; 1860 год — 3498 чал., зь іх 1928 старавераў, 407 каталікоў, 35 праваслаўных, 949 юдэяў, 179 магамэтанаў[11]; 1889 год — 5641 чал., зь іх паводле стану: духоўнага 16, шляхты 384, купцоў 12, мяшчанаў 4841, сялянаў 163, вайскоўцаў 224 і 1 замежнік; паводле веры: каталікоў 677, старавераў 369, праваслаўных 74, лютэранаў 10, юдэяў 4164, магамэтанаў 347[12]; 1890 год — 6417 чал.[12]; 1892 год — 5,6 тыс. чал., зь іх юдэяў 4263, каталікоў 678, старавераў 394, магамэтанаў 148, праваслаўных 59, пратэстантаў 11; 1893 год — 5,8 тыс. чал.
- XX стагодзьдзе: 1908 год — 5,9 тыс. чал.; 1931 год — 2326 чал.; 1969 год — 2,6 тыс. чал.; 1990 год — 2184 чал.[13]; 1995 год — 2,3 тыс. чал.[14]; 1999 год — 2200 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2006 год — 2,0 тыс. чал.; 2008 год — 2,0 тыс. чал.; 2009 год — 1763 чал.[15] (перапіс); 2016 год — 1670 чал.[16]; 2017 год — 1697 чал.[17]; 2018 год — 1669 чал.[2]
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Відзах працуюць вучэльня мэханізацыі сельскай гаспадаркі, сярэдняя і музычная школы, лякарня, дом культуры, 2 бібліятэкі, мытны пераход на граніцы зь Летувой.
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Кірава вуліца | Віленская вуліца |
Куйбышава вуліца | Старая вуліца |
Леніна вуліца | Казянская вуліца (частка) Дынабурская вуліца (частка) |
Спартыўная вуліца | Татарская вуліца |
Бяз назвы | Рынак пляц |
У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаюцца Крамная і Угарская вуліцы[18].
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадпрыемствы харчовай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасьці (цагельны завод, лясьніцтва).
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Відзах дзее аздараўленчы лягер[19].
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Забудова гістарычная (XIX — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)
- Капліца каталіцкая (сярядзіна ХІХ ст.)
- Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (1914; архітэктар Вацлаў Міхневіч)
- Магіла Тамаша Ваўжэцкага
- Малельня стараверская Ўсьпеньня Прасьвятой Багародзіцы (1910)
- Млын (другая палова ХІХ ст.)
- Могілкі: хрысьціянскія, татарскія (Мізар), юдэйскія
- Фартыфікацыі часоў Першай сусьветнай вайны
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мячэт (ХІХ ст.)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Касьцёл, інтэр’ер
-
Магіла Тамаша Ваўжэцкага
-
Старая камяніца
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Андрэй Блажэвіч (1895—1977) — актор, граў у трупе Ўладзіслава Галубка
- Тамаш Ваўжэцкі (1753—1816) — адзін з кіраўнікоў паўстаньня Т. Касьцюшкі
- Ян Паплонскі (1819—1885) — пэдагог і навуковец
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ http://analytics.nca.by/res/docs/Видзы_2012-2019.pdf
- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7. (pdf) С. 97.
- ^ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 1563.
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 50.
- ^ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 167.
- ^ а б в г ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 110.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 130.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Геральдика (.doc)(недаступная спасылка), Браславский районный исполнительный комитет
- ^ Krzywicki J. Widze // Słownik geograficzny... T. XIII. — Warszawa, 1893. S. 294.
- ^ а б Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
- ^ Шыдлоўскі К. Відзы // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 266.
- ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 142.
- ^ Перепись населения — 2009. Витебская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. — Wilno, 1939. S. 54.
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым. — 480 с. — ISBN 985-11-0090-0
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак А — Я. — 690 с. — ISBN 978-985-11-0487-7
- Мастацкая культура Віцебскага Паазер’я: ад старажытнасці да пачатку XX стагоддзя. — Менск, 2005.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Браслаўскага р-на. — Мн.: Паліграфафрмленне, 1998. — 709 с.: іл. ISBN 985-6351-03-0.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIII: Warmbrun — Worowo. — Warszawa, 1893.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Відзы , Radzima.org
- Відзы (рас.), Глёбус Беларусі
- «Край|BY»: шматэтнічныя Відзы
- Падарожжа дылетанта. Відзы на YouTube
|