Ушачы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Ушачы
трансьліт. Ušačy
Касьцёл Сьвятога Лаўрына
Касьцёл Сьвятога Лаўрына
Coat of Arms of Ušačy, Belarus.png Flag of Ušačy and Ušačy Rajon.png
Герб Ушачаў Сьцяг Ушачаў


Магдэбурскае права: 23 чэрвеня 1758
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Віцебская
Раён: Ушацкі
Насельніцтва: 5974 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2158
Паштовы індэкс: 211480
Нумарны знак: 2
Геаграфічныя каардынаты: 55°10′45″ пн. ш. 28°37′2″ у. д. / 55.17917° пн. ш. 28.61722° у. д. / 55.17917; 28.61722Каардынаты: 55°10′45″ пн. ш. 28°37′2″ у. д. / 55.17917° пн. ш. 28.61722° у. д. / 55.17917; 28.61722
Ушачы на мапе Беларусі ±
Ушачы
Ушачы
Ушачы
Ушачы
Ушачы
Ушачы
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Уша́чы, Вуша́чы — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Ўшачы. Адміністрацыйны цэнтар Ушацкага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 5974 чалавекі[1]. Знаходзяцца за 150 км на захад ад Віцебску, за 36 км ад чыгуначнай станцыі Лепель. Вузел аўтамабільных дарог на Менск, Віцебск, Полацак, Лепель, Глыбокае, Докшыцы.

Ушачы — даўняе магдэбурскае места гістарычнай Полаччыны, якое пэўны час было цэнтрам рэгіёну. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі барокавага клясыцызму комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Гераніма, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны супольнымі намаганьнямі расейскіх і савецкіх уладаў.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тапонім «Ушачы» ўтварыўся ад назвы рэчкі Ўшача, на якой узьнікла паселішча[2]. У сваю чаргу гідронім, імаверна, мае мяшаны склад: фіна-вугорскую аснову ды балцкі суфікс -ча і азначае «хуткая вада»[3].

Афіцыйная назва мястэчка — Ушачы, тым часам мясцовыя жыхары таксама ўжываюць іншыя традыцыйныя варыянты найменьня: Вушачы, Вушача, Ушача, Ушач.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гісторыя Ўшачаў

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўпамін пра Ўшачы як сяло ў Полацкім ваяводзтве датуецца XVI ст. У гэты час яны знаходзіліся ў валоданьні А. Сялявы[4]. У 1594 годзе паселішча стала цэнтрам воласьці.

У 1624 годзе маёнткам Ушачы валодаў Юзэф Кляноўскі, стольнік полацкі. На 1667 год маёнтак складаўся з трох вёсак; тут была прыстань і карчма, дзейнічалі царква і манастыр, рэгулярна праводзіліся 2 кірмашы. Наступным гаспадаром Ушачаў у 1672 годзе стаў Давыд Радзімінскі Францкевіч, які ў 1677 годзе разам з жонкай заснаваў у мястэчку базылянскі манастыр. Пазьней мясьцінай валодалі Шчыты, Жабы, Плятэры.

У 1716 годзе падваявода полацкі Геранім Жаба разам з жонкай фундавалі ўва Ўшачах касьцёл і кляштар дамініканаў, пры якім дзейнічалі шпіталь і школа[4]. 23 чэрвеня 1758 году кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў мястэчку Магдэбурскае права і герб: «у белым полі каля залатой ракі выява Сьвятога Лаўрэна». Адначасна места атрымала права праводзіць таргі ў нядзелі і чацьвяргі, а таксама два кірмашы: першы — на Грамніцы, другі — на дзень Сьвятой Ганны. Кожны з кірмашоў працягваўся 4 тыдні[5].

Касьцёл і кляштар дамініканаў, абмеры 1833 г.

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год) Ушачы сталі сталіцай рэшты Полацкага ваяводзтва, якая засталася ў Рэчы Паспалітай. Тут зьбіраліся павятовыя соймікі. У 1787 годзе дамініканы збудавалі ў месьце двухпавярховы мураваны кляштар, а таксама заклалі школку на 6 клясаў.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Ушачы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі заштатным местам Лепельскага павету. У 1805 годзе статус паселішча панізілі да мястэчка, цэнтру воласьці Віцебскай губэрні. У вайну 1812 году тут на кароткі час спыняўся аддзел расейскага генэрала Вітгенштэйна, было некалькі сутычак з францускімі войскамі, пра што як памяць засталіся курганы. На думку доктара гісторыі, прафэсара, дырэктара Цэнтру напалеонаўскіх дасьледаваньняў Фэрнанда Бакура, ува Ўшачах з 22 на 23 ліпеня начаваў імпэратар Напалеон Банапарт[6].

У 1863 годзе дзеля здушэньня нацыянальна-вызвольнага паўстаньня расейскія ўлады зачынілі касьцёл і кляштар дамініканаў ува Ўшачах разам з 3 касьцёламі ў ваколіцах мястэчка (Кублічы, Чашнікі і Палюдовічы). У 1905 годзе па рэлігійнай лібэралізацыі ў Расейскай імпэрыі распачаліся масавыя звароты па вяртаньне касьцёла і кляштару дамініканаў каталікам. У адказ на гэта расейскія ўлады пачалі праводзіць у колішнім касьцёле набажэнствы Маскоўскага патрыярхату. У 1908 годзе местачкоўцы дамагліся дазволу на будаваньне новага касьцёла.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ушачы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, у Лепельскі павет («падраён») Віцебскага раёну[7], аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Ўшачы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам раёну Полацкай, з 1935 году Лепельскай акругі. У 1938 годзе паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу, у Віцебскай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 7 ліпеня 1941 да 29 чэрвеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

26 ліпеня 2002 году афіцыйна зацьвердзілі гістарычны герб Ушачаў, а 28 лютага 2011 году — сьцяг мястэчка.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIX стагодзьдзе: 1838 год — 716 чал. (334 муж. і 382 жан.), зь іх шляхты 2 муж. і 2 жан., духоўнага стану каталіцкага 3 муж., духоўнага стану праваслаўнага 1 муж. і 1 жан., мяшчанаў-юдэяў 284 муж. і 333 жан., сялянаў зямянскіх 40 муж. і 45 жан., аднадворцаў 2 муж. і 1 жан., адстаўных салдатаў 2 муж.[8]; 1846 год — 95 чал.; 1892 год — 652 чал.[9]; 1897 год — 1268 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1939 год — 2046 чал.; 1941 год — 2,7 тыс. чал.; 1 студзеня 1945 году — 1012 чал.; 1969 год — 2459 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2002 год — 6,1 тыс. чал.[10]; 2006 год — 5,8 тыс. чал.; 2008 год — 5,6 тыс. чал.; 2009 год — 5514 чал.[11] (перапіс); 2016 год — 6030 чал.[12]; 2017 год — 5948 чал.[13]; 2018 год — 5974 чал.[1]

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У мястэчку працуюць сярэдняя, дзіцяча-юнацкая спартовая школы, дзіцячая школа мастацтваў, цэнтар пазашкольнай працы зь дзецьмі.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць дом культуры, 2 бібліятэкі, дом рамёстваў. Працуюць 9 калектываў аматарскай мастацкай творчасьці, 2 народныя: клюбы «Вэтэран» і народных майстроў, 1 узорны — дзіцячы хор школы мастацтваў; музэй народнай славы імя У. Лабанка.

Мас-мэдыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выдаецца раённая газэта «Патрыёт». У газэце працавалі народны мастак Беларусі Віктар Грамыка, пісьменьнікі Сяргей Законьнікаў і Алег Салтук. Выходзіць два разы на тыдзень — у сераду і суботу. Наклад звыш 3000 асобнікаў.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1969 годзе зьявіўся праект забудовы цэнтральнай часткі Ўшачаў. Згодна з генэральным плянам 1977 году цэнтар мястэчка захаваў гістарычны плян. Рэчка Ўшача падзяляе паселішча на 2 часткі. Левы бераг забудоўваецца пераважна індывідуальнымі дамамі сядзібнага тыпу. На правым беразе знаходзіцца адміністрацыйна-грамадзкі цэнтар і асноўная жылая забудова. У цэнтры 2—5-павярховыя дамы. Вытворчая зона разьмяшчаецца на паўднёвы ўсход ад мястэчка.

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйная назва Гістарычная назва
Кастрычніцкая вуліца Далецкая (Долецкая?) вуліца
Леніна плошча Рынак пляц
Ленінская вуліца Глыбоцкая вуліца
Савецкая вуліца Полацкая вуліца
? Кубліцкая вуліца
? Падалецкая (Падолецкая?) вуліца
? Царкоўная вуліца

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадпрыемствы лясной і дрэваапрацоўчай, лёгкай, харчовай прамысловасьці.

Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праз Ушачы праходзяць аўтамабільныя дарогі Р29 (Ушачы — Вялейка), Р113 (Віцебск — Бешанковічы — Ушачы) і Р116 (Ушачы — Лепель).

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічае Ўшацкі музэй народнай славы імя У. Лабанка[14].

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На ўсходняй ускраіне мястэчка знаходзіцца гарадзішча дняпроўска-дзьвінскай культуры і часоў Русі.

  • Касьцёл Сьвятога Лаўрына (1913)
  • Могілкі: старыя каталіцкія; юдэйскія

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Касьцёл Сьвятога Гераніма і кляштар дамініканаў (1796)
  • Манастыр базылянаў (XVII ст.)
  • Сынагога (XIX ст.)
  • Царква Прачыстай Багародзіцы (1857)

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Ушачский район, Витебский областной исполнительный комитет
  3. ^ Саўчанка В. З гісторыі Ушач, Radzima.org
  4. ^ а б Віталёва В. Ушачы // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 694.
  5. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 247.
  6. ^ Гісторыя: дарэвалюцыйны пэрыяд, Прыдзвінскі крайн: Гісторыя і сучаснасць
  7. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  8. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 415.
  9. ^ Łopaciński A.K. Uszacz // Słownik geograficzny... T. XII. — Warszawa, 1892. S. 852.
  10. ^ Віталёва В. Ушачы // БЭ. Т. 16. — Менск, 2003. С. 294.
  11. ^ Перепись населения — 2009. Витебская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  12. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  13. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  14. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Ушачысховішча мультымэдыйных матэрыялаў