Лаздуны 1
Лаздуны | |
![]() Касьцёл Сьвятых Сымона і Тадэвуша | |
Вобласьць: | Гарадзенская |
Раён: | Іўеўскі |
Сельсавет: | Лаздунскі |
Насельніцтва: | 923 (1999) |
Тэлефонны код: | +375 1595 |
Геаграфічныя каардынаты: | 53°57′54″ пн. ш. 25°58′26″ у. д. / 53.965° пн. ш. 25.97389° у. д.Каардынаты: 53°57′54″ пн. ш. 25°58′26″ у. д. / 53.965° пн. ш. 25.97389° у. д. |
Лаздуны на мапе Беларусі ![]() ![]() Лаздуны | |
![]() |
Лазду́ны 1-я — вёска ў Беларусі, на рацэ Гарачы. Цэнтар сельсавету Іўеўскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 1999 год — 923 чалавекі. Знаходзяцца за 18 км на ўсход ад Іўя, за 12 км ад чыгуначнай станцыі Юрацішкі.
Лаздуны — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны). Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся палацава-паркавы комплекс Корвін-Мілеўскіх, помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XIX ст.
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Упершыню Лаздуны ўпамінаюцца ў XVI ст. як уладаньне Радзівілаў, якія стагодзьдзямі перадавалі іх у заклад іншым асобам. Ад свайго заснаваньня паселішча ўваходзіла ў склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва. У 1591 годзе Лаздуны ўпамінаюцца як маёнтак, што знаходзіўся ў закладзе ў Бруханскіх, пазьней у Магільніцкіх, з 1614 году ў віленскага купца Вэндана. У 1645—1699 гадох Лаздунамі валодаў стольнік браслаўскі М. Більдзюкевіч. На 1690 год у паселішчы было 15 дымоў.
У пачатку XVIII ст. Лаздуны перайшлі ў валоданьне Ромэраў, пазьней Панорскіх. На 1735 год тут было 45 дымоў. У 1744 годзе ў Лаздунах збудавалі касьцёл, які належаў да Суботніцкай парафіі.
Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Лаздуны апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі. Апошні ардынат Дамінік Геранім Радзівіл у 1806 годзе перадаў мястэчка Валадковічам. За Корвін-Мілеўскімі ў 1859 годзе ў Лаздунах нанава адбудавалі касьцёл. У 1861 годзе тут адбыліся сялянскія выступленьні. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у мястэчку Лаздунах быў 91 двор, працавалі хлебазапасны магазын, школа граматы; у аднайменным маёнтку з фальваркамі — 8 двароў, дзейнічалі касьцёл, вінакурня, карчма. На 1909 год у Лаздунах было 122 двары.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Лаздуны занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Лаздуны абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[1]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Лугамавіцкай гміне Валожынскага павету Наваградзкага ваяводзтва. У гэты час у мястэчку было 156 двароў, у аднайменным фальварку — 14 двароў. У 1920—1930 гадох тут дзейнічала сельскагаспадарчая школа.
У 1939 годзе Лаздуны ўвайшлі ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году сталі цэнтрам сельсавету Юрацішкаўскага раёну. Статус мястэчка Лаздуны панізілі да вёскі. У колішнім маёнтку Лаздунах дзейнічалі сыраварня, школа, крама. У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 7 ліпеня 1944 году вёска знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. 3 20 студзеня 1960 году Лаздуны ўваходзяць у склад Іўеўскага раёну. На 1998 год у вёсцы было 350 двароў.
- Мястэчка на старых здымках
Новы касьцёл, 1912 г.
Сядзіба, 1898 г.
Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- XIX стагодзьдзе: 1866 год — 456 чал.[2]; 1897 год — 838 чал. у мястэчку Лаздунах і 111 чал. у маёнтку Лаздунах
- XX стагодзьдзе: 1905 год — 797 чал. у мястэчку Лаздунах і 213 чал. у маёнтку Лаздунах; 1909 год — 870 чал.; 1921 год — 700 чал. у мястэчку Лаздунах і 118 чал. у фальварку Лаздунах; 1970 год — 714 чал.; 1998 год — 899 чал.[3]; 1999 год — 923 чал.
Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У Лаздунах працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, лякарня, бібліятэка, дом культуры.
Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
ПМК-56, асфальтавы завод і іншыя прадпрыемствы.
Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Камень Вялікі
- Капліца могілкавая
- Касьцёл Сьвятых Сымона і Тадэвуша (1904—1910)
- Парк пры колішняй сядзібе (XIX ст.)
Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Сядзіба Корвінаў-Мілеўскіх (XIX ст.)
Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Краявіды Лаздунаў
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Słownik geograficzny... T. V. — Warszawa, 1894. S. 617.
- ^ БЭ. — Менск: 1999 Т. 9. С. 100.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Менск: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — ISBN 985-11-0155-9
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Іўеўскага раёна. — Менск: БЕЛТА, 2002. — 510 с.: іл. ISBN 985-6302-45-5.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|