Будслаў
Будслаў | |
трансьліт. Budslaŭ | |
![]() Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі | |
Першыя згадкі: | 1504 |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Менская |
Раён: | Мядзельскі |
Сельсавет: | Будслаўскі |
Вышыня: | 177 м н. у. м. |
Насельніцтва: | 561 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1797 |
Паштовы індэкс: | 222510 |
СААТА: | 6240806016 |
Нумарны знак: | 5 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°47′12″ пн. ш. 27°27′24″ у. д. / 54.78667° пн. ш. 27.45667° у. д.Каардынаты: 54°47′12″ пн. ш. 27°27′24″ у. д. / 54.78667° пн. ш. 27.45667° у. д. |
Будслаў на мапе Беларусі ± ![]() ![]() Будслаў | |
![]() |
Бу́дслаў[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Сэрвачы. Цэнтар сельсавету Мядзельскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 561 чалавек. Знаходзіцца за 18 км на поўнач ад Даўгінава, за 16 км на паўночны ўсход ад Крывічаў, за 26 км на паўночны ўсход ад Княгініна, за 12 км на поўнач ад шашы Р29, за 6 км на ўсход ад чыгуначнай станцыі Будслаў.
Будслаў — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны), адзін з рэлігійных цэнтраў рэгіёну. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаецца касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі віленскага барока, помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, у якім захоўваецца цудоўны абраз Божай Маці, адна з найбольш шанаваных каталіцкіх сьвятыняў Беларусі. Таксама побач зь мястэчкам захавался сядзіба Аскеркаў, помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XVIII—XIX стагодзьдзяў.
Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Тапонім «Будслаў» утварыўся ад славянскай мянушкі Будслаў, што ў сэнсавым значэньні адпавядае «майстру-будаўніку». Паводле паданьня, мястэчка сьпярша мела назву Слаўная Буда.
Варыянты напісаньня назвы ў гістарычных крыніцах: Буда, Буцлаў, Будцлаў.
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Першы пісьмовы ўпамін пра Будслаў датуецца 1504 годам, калі вялікі князь Аляксандар перадаў паселішча віленскім манахам-бэрнардынам. У 1560 годзе яны пакінулі Будслаў, аднак у 1589 годзе вярнуліся сюды і збудавалі драўляны касьцёл, асьвечаны ў 1591 годзе пад тытулам Наведваньня Найсьвяцейшай Панны Марыі. Ваявода менскі Ян Пац ахвяраваў бэрнардынам абраз Маці Божай, падараваны яму Папам Клімэнтам VIII[2].
28 жніўня 1633 году, дзякуючы ахвяраваньням а. Фларыяна Калецкага, гвардыяна Віленскага кляштару бэрнардынаў, а таксама сродкам гетмана польнага Яна Кішкі і радзіны Далмат-Ісакоўскіх, у Будслаўскай рэзыдэнцыі заклалі першы камень мураванага касьцёла. 9 ліпеня 1643 году адбылося асьвячэньне новай сьвятыні.
6 кастрычніка 1732 году кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны надаў Будславу статус мястэчка. У 1756 годзе пры кляштары бэрнардынаў адкрылася музычная школа на 25 вучняў. 29 ліпеня 1767 году ў мястэчку заклалі першы камень новай мураванай базылікі, урачыстае асьвячэньне якой адбылося 7 верасьня 1783 году. У 1790 годзе на сродкі кляштару збудавалі цагляны шпіталь для бедных, у 1793 годзе адкрылася 2-клясная пачатковая школа на 40 вучняў.
Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Будслаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вялейскім павеце[3]. З 1848 году мястэчка знаходзілася ў валоданьні Аскеркаў. На 1859 тут было 68 двароў. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня расейскія ўлады зачынілі кляштар бэрнардынаў. На 1868 год — 48 двароў, на 1885 год — 50. Штуршком да разьвіцьця Будслава паслужыла пракладаньне ў 1907 годзе чыгуначнай лініі паміж Полацкам і Маладэчна, што выклікала адкрыцьцё адпаведнай станцыі за 2 км ад вёскі. У гэты час у мястэчку быў 61 двор.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў Будславе разьмяшчаўся штаб 2-й расейскай арміі Заходняга фронту, якая рэалізоўвала асноўныя задачы пры правядзеньні Нарачанскай апэрацыі 1916 году. У лютым 1918 году мястэчка занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
- Старая графіка Будслава
Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Будслаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тут утварылася Беларуская рада, прызначылі павятовага старшыню БНР, а жыхары мястэчка атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[4]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Будслаў увайшоў у склад Беларускай ССР[5]. У 1917—1919 гадох у мястэчку дзейнічала Будслаўская беларуская гімназія, зачыненая польскай акупацыйнай адміністрацыяй. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Будслаў апынуўся ў складзе міжваенннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Вялейскага павету Віленскага ваяводзтва. У гэты час у мястэчку было 116 двароў. За польскім часам тут працавалі гмінная ўправа, млын, лесапільня, аптэка, банк, карчма; у панядзелкі праводзіліся кірмашы.
У 1939 годзе Будслаў увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам сельсавету Крывіцкага, з 1962 году Мядзельскага раёнаў. На 1970 году тут было 318 двароў, на 1996 год — 300, на 1997 год — 302.
2 ліпеня 1992 году адбылася першая адноўленая пілігрымка да абраза Маці Божай Будслаўскай. 2 ліпеня 1996 году арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі перадаў папскую булу, у якой Маці Божая Будслаўская абвяшчалася патронкай Менска-Магілёўскае архідыяцэзіі, г.зн. Беларусі. У 1998 годзе кардынал Казімер Сьвёнтак каранаваў цудоўны абраз Маці Божай Будслаўскай папскімі каронамі. У 2000-я гады Будслаў атрымаў афіцыйны статус «аграгарадку».
- Мястэчка на старых здымках
Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- XIX стагодзьдзе: 1859 год — 485 чал.[6]; 1865 год — 127 душ рэвізорскіх; 1868 год — 259 чал.; 1885 год — 327 чал.
- XX стагодзьдзе: 1907 год — 435 чал.; 1921 год — 626 чал.[7]; 1970 год — 859 чал.; 1996 год — 721 чал.[8]; 1997 год — 718 чал.[9]; 1999 год — 643 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2010 год — 561 чал.
Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У Будславе працуюць лясьніцтва, сярэдняя школа, дом культуры, камбінат побытавага абслугоўваньня, аддзяленьне сувязі.
Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Савецкая вуліца | Зосінская вуліца |
У цэнтры Будслава разьмяшчаецца Красны пляц, які захаваў сваю гістарычную назву. У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаюцца Рынкавы пляц і Парадная вуліцы[10].
Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У Будславе захоўваецца цудоўны абраз Божай Маці — адзін з найбольш шанаваных каталіцкіх абразоў Беларусі, да якога штогод ладзяцца пілігрымкі. У мястэчку ў першыя выходныя ліпеня праводзіцца «Будслаўскі фэст».
Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Капліца (ХІХ ст.)
- Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (1767—1783)
- Абраз Найсьвяцейшай Панны Марыі
- Алтар XVII ст.
- Млын вадзяны (1930-я)
- Плябанія (ХІХ ст.)
- Сядзібна-паркавы комплекс Аскеркаў (XVIII—XX стагодзьдзі)
Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Палац Аскеркаў (XVIII ст.)
Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Краявіды Будслава
Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Іван Васілевіч (1894—1937) — дзяржаўны дзяяч БССР
- Іахім Глінскі (1853—1898) — сьпявак, арганіст і кампазытар
- Вінцэнт Жук-Грышкевіч (1903—1989) — старшына Рады БНР
- Паўліна Мядзёлка (1893—1974) — пісьменьніца і Заслужаная дзяячка культуры Беларусі
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 331.
- ^ Князева В. Будслаў // ЭГБ. Т. 2. — Менск, 1994. С. 115.
- ^ Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 442.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Słownik geograficzny... T. XV, cz. 1. — Warszawa, 1900. S. 261.
- ^ Князева В. Будслаў // ЭГБ. Т. 2. — Менск, 1994. С. 116.
- ^ БЭ. Т. 3. — Менск, 1996. С. 316.
- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. — Менск: БелЭн, 1998.
- ^ Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. — Wilno, 1939. S. 18.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. — Менск: БелЭн, 1996. — 511 с.: іл. ISBN 985-11-0068-4
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. — Менск: БелЭн, 1998. — 635, [3] с. ISBN 985-11-0107-9.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XV, cz. 1: Abablewo — Januszowo. — Warszawa, 1900.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Будслаў — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- мяст. Будслаў, Radzima.org
- Здымкі на Globus.tut.by
- Прагноз надвор’я ў в. Будслаў
- Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе
- Алесь Высоцкі, Паўлінка з Будслава: успамінае сваячка // «Рэгіянальная газета»
|