Бешанковіцкі раён
Бешанковіцкі раён | |
![]() | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Статус | раён Беларусі |
Уваходзіць у | Віцебская вобласьць |
Адміністрацыйны цэнтар | Бешанковічы |
Дата ўтварэньня | 17 ліпеня 1924 |
Кіраўнік | Галіна Унуковіч[d][1] |
Насельніцтва (2018) | 15 469[2] |
Шчыльнасьць | 12,4 чал./км² |
Плошча | 1249,65[3] км² |
Вышыня па-над узр. м. · сярэдняя вышыня | 137 м[4] |
Месцазнаходжаньне Бешанковіцкага раёну | |
![]() | |
Мэдыя-зьвесткі | |
Часавы пас | UTC +3 |
Тэлефонны код | +375-21-31 |
Паштовыя індэксы | 211 3хх |
Афіцыйны сайт | |
![]() |
Бешанко́віцкі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў цэнтральнай частцы Віцебскай вобласьці Беларусі. Плошча раёну складае 1,2 тыс. км². Насельніцтва на 2018 год — 15 469 чалавек[2]. Адміністрацыйны цэнтар — мястэчка Бешанковічы.
Геаграфічнае становішча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Мяжуе зь Віцебскім, Лепельскім, Сеньненскім, Ушацкім, Чашніцкім, Шумілінскім раёнамі Віцебскай вобласьці. Знаходзіцца за 51 км ад Віцебску, 210 км ад Менску, 33 км ад чыгуначнай станцыі Чашнікі на лініі Ворша — Лепель.
Прырода[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Рэльеф[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Паверхня пераважна раўнінная. Паўднёвая частка знаходзіцца ў межах Чашніцкай раўніны, паўночная — Полацкай нізіны і адгор’яў Невельска-Гарадоцкага ўзвышша. 91% тэрыторыі на вышыні да 150 мэтраў, найвышэйшы пункт (179,8 м) на паўднёвым захадзе ад вёскі Плісы, найбольш нізкая адзнака (111,6 м) на паўночным захадзе, у даліне Дзьвіны.
У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да паўночна-ўсходніх схілаў Беларускай антэклізы. Зьверху залягаюць пароды антрапагенавага ўзросту паазерскага, сожаўскага, дняпроўскага, радзей, бярэзінскага зьледзяненьняў магутнасьцю 75—160 м, ніжэй — дэвонскія — 200—3200 м, верхнепратэразойскія — 350—450 м адклады.
На тэрыторыі раёну, ля вёскі Горкі, знаходзіцца самы вялікі (11 мэтраў) валун у краіне.
Карысныя выкапні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
З карысных выкапняў у Бешанковіцкім раёне ёсьць торф, будаўнічыя пяскі, пяскова-жвіровы матэрыял, цагельныя гліны.
Клімат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Клімат умерана кантынэнтальны. Сярэдняя тэмпэратура студзеня −7,5 °С, ліпеня 17,8 °С. Сярэднярочная колькасьць ападкаў — 630 мм. Працягласьць вэгетацыйнага пэрыяду складае 185 дзён.
Гідраграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Па раёне цячэ Дзьвіна (працягласьць па тэрыторыі раёну каля 100 км, шырыня 170 м). Найвялікшыя яе прытокі: Вула (38 км 30 м) са Сьвячанкай (40 км 12 м), Крывінка (24 км 25 м) зь Бярозкай (15 км 10 м) і іншыя. Шчыльнасьць натуральнай рачной сеткі складае 0,43 км/км².
На тэрыторыі раёну разьмешчаныя 52 возеры, самае вялікае зь іх — Саро. Паводле глыбіні пасьля Саро вылучаюцца: Каранёўскае, Белае, Плацішна, Вербнае, Астровенскае, Бікложа, Слабадзкое, Гарнасьвечча і іншыя.
Глебы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Глебы сельскагаспадарчых земляў дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярновыя, дзярнова-карбанатавыя забалочаныя, абалонавыя, тарфяна-балотныя. Паводле мэханічнага складу сугліністыя, супясковыя, пясковыя, тарфяныя.
Расьліннасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Лясы займаюць займаюць 26% тэрыторыі. Пераважаюць невялікія масівы на 6 — 17 км² (Хадчанскае лясное лецішча, Зялёная Пушча), уздоўж Дзьвіны на паўночны захад — да 30 км² (урочышча Казлы). Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, асінавыя, чорнаалешнікавыя, шэраалешнікавыя, ясянёвыя, дубовыя.
Пад балотамі 7% тэрыторыі (нізінныя, вярховыя і пераходныя). Найвялікшыя балотныя масівы: Чарнічанка, Забалянскі Мох, Соржыцкі Мох, Града.
Жывёльны сьвет[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
З паляўніча-прамысловых жывёлаў водзяцца лось, дзік, эўрапейская казуля, ліса, воўк, заяц-русак, заяц-бяляк, а таксама алень, куніца, норка, вавёрка, янотападобны сабака, чорны тхор, бабёр, выдра, андатра, шэрая курапатка, рабчык, глушэц і г. д., з вадаплаваючых — качка-краква, шэрая качка, лысуха, чырок.
Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- XXI стагодзьдзе: 2009 год — 18 516 чал.[5] (перапіс); 2016 год — 15 914 чал.[6]; 2017 год — 15 707 чал.[7]; 2018 год — 15 469 чал.[2]
Рэлігія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У раёне існуе 16 рэлігійных суполак, зь іх: 11 — праваслаўных, 2 — рымска-каталіцкія, 1 — хрысьціянаў адвэнтыстаў сёмага дня, 1 — хрысьціянаў веры эвангельскай «Добрая вестка», 1 — эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў. Працуе 2 праваслаўныя і 2 рымска-каталіцкія нядзельныя школы.
На момант скасаваньня Уніі (паводле зьвестак на 1837 г.) існаваў асобны грэка-каталіцкі Бешанковіцкі дэканат (адзін зь пяцідзесяці) Беларускай япархіі ГКЦ у Лепельскім павеце Віцебскай губэрні, у якім паводле рэканструкцыі дасьледчыка Уніі Марыяна Радвана было 11 парафіяў, 12 сьвятароў і 10092 вернікі.
Апошнімі ўніяцкімі Бешанковіцкімі дэканамі былі а. Дзьмітры Яновіч (узрост невядомы) і а. Піюс Перабіла (41 год). Перад самым скасаваньнем Уніі ад а. Яновіча ўладам удалося выбіць расьпіску аб згодзе прыняць праваслаўе. Інфармацыі пра падобную пісьмовую згоду ад іншых 10 сьвятароў дэканату няма — магчыма, такія расьпіскі ад іх выбіць так і не ўдалося. А манах-базыльянін а. Баніфаці Тарасевіч, 68 гадоў, адміністратар парафіі з Дабрыгораў, такую згоду ня даў. Паводле падлікаў М. Радвана, нягледзячы на ўсе намаганьні і запужваньні біскупа Ёсіфа Сямашкі і обэр-пракурора Скрыпіцына, толькі 18,6% уніяцкага духавенства Беларускай япархіі выказала папярэднюю пісьмовую згоду на пераход у праваслаўе, а ў Віцебскай губэрні — 43 сьвятары з 185.
Уніяцкія парафіі ў Бешанковіцкім дэканаце ў 1837 г. былі ў наступных мясьцінах:
- Бешанковічы — сьв. Ільлі, 1644 вернікі, парафіі належыла 2 валокі і 6 моргаў зямлі, гадавы даход парафіі — 396 руб.
- Бешанковічы — сьв. Пятра і Паўла, 1530 вернікаў, парафіі належыла 5 фундушовых душ, 1 валока і 9 моргаў зямлі, гадавы даход — 175 руб. Самы вядомы кірмаш у Бешанковічах быў Петрапаўлаўскі. Штогод на яго зьяжджалася да 4—5 тыс. чалавек. Вядомы адміністратар адной зь бешанковіцкіх парафіяў — а. Ян Лапа (Лапо/Lappo), меў 36 гадоў.
- Буй — Перамяненьня Гасподняга, 199 вернікаў, 1,25 валок зямлі, гадавы даход — 160 руб. Гэта была самая малая парафія дэканату, але зь нядрэнным (адносна іншых) гадавым даходам. Адміністратар парафіі — а. Андрэй Гутаровіч, 38 меў гадоў.
- Дабрыгоры — Усьпеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы, 1267 вернікаў, парафіі належыла 94 фундушовыя душы, 10 валок зямлі, гадавы даход — 858 руб. Гэта была ці ня самая багатая парафія Бешанковіцкага дэканату. Адміністратар парафіі — а. Баніфаці Тарасевіч, OSBM, меў 68 гадоў.
- Казаноўка — Покрыва Найсьвяцейшай Багародзіцы, 1059 вернікаў, 5 фундушовых душ, 2 валокі і 6 моргаў зямлі, гадавы даход 175 руб. Была таксама філіяльная капліца ў Сяльцы. Парах парафіі — а. Якуб Галынец, 51 год.
- Стрыжава — сьв. Мікалая, 969 вернікаў, 4 валокі зямлі, гадавы даход 186 руб. Адміністратар парафіі — а. Язэп Данілевіч, 36 гадоў.
- Шарыпін — Раства Найсьвяцейшай Багародзіцы, 410 вернікаў, 12 моргаў зямлі, 157 руб гадавога даходу. Адміністратар парафіі — а. Канстанцін Талоцкі, 38 гадоў.
- Сьвіцына — сьв. Барыса і Глеба, 278 вернікаў, 2 валокі зямлі, 30 руб. гадавога даходу. Гэта была хіба самая бедная парафія дэканату. Парах парафіі быў а. Ян Тучкевіч, які меў 31 год.
- Вула — Перамяненьня Гасподняга, 1150 вернікаў, 3 валокі зямлі, 180 руб. гадавога даходу. Парах парафіі — а. Ельяшэвіч Рыгор, 50 гадоў.
- Вярхоўе — Сьвятой Тройцы, 897 вернікаў, 10 фундушовых душ, 2 валокі і 16,5 моргаў зямлі, гадавы даход — невядомы. Была таксама філіяльная капліца ў Чаркасах. Адміністратар парафіі — а. Андрэй Нікановіч, меў 30 гадоў.
- Вяжышчы — Перамяненьня Гасподняга, 689 вернікаў, 2 валокі зямлі, усяго 40 руб. гадавога даходу. Закрыстыянін парафіі (свайго сьвятара, магчыма, ужо не было ў парафіі) — Васіль Караткевіч, 37 гадоў.
Адразу пасьля скасаваньня Уніі праваслаўнае духавенства намагалася былых уніятаў, якія пайшлі ў лацінскі касьцёл, вярнуць сабе і пісала адпаведныя скаргі. Паводле гэтых скаргаў у Бешанковічах праваслаўныя мелі 815 вернікаў. Удалося прымусіць вярнуцца ў праваслаўе 80 душ. Паводле зьвестак 1837 г. у двух уніяцкіх парафіях Бешанковічаў было разам 3174 вернікі. Выходзіць, праваслаўныя згубілі 2279 душ былых уніятаў.
Гаспадарчая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Малочна-мясная жывёлагадоўля, ільнаводзтва, вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы лёгкай і харчовай прамысловасьці.
Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Па тэрыторыі раёну праходзяць аўтамабільныя дарогі Лепель — Віцебск, Шуміліна — Сянно.
СМІ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У Бешанковічах выдаецца раённая газэта «Зара».
Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Цімафей Гарбуноў (1904—1969) — беларускі гісторык, акадэмік АН БССР
- Аркадзь Гейнэ (1919—1942) — беларускі паэт, публіцыст
- Леў Даватар[8] (1903—1941) — беларускі вайсковец, генэрал-маёр, Герой Савецкага Саюзу
- Леў Сапега (1557—1633) — беларускі палітычны, грамадзкі і ваенны дзяяч, дыплямат і мысьляр
- Іван Хруцкі (1810—1885) — беларускі мастак
Гісторыка-архітэктурныя каштоўнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Сядзібна-паркавы комплекс Цеханавецкіх ў вёсцы Бачэйкава (XVIII стагодзьдзе)
- Царква Сьвятога Прарока Ільлі ў мястэчку Бешанковічы (1870)
- Палацава-паркавы комплекс Храптовічаў у мястэчку Бешанковічы (XVIII стагодзьдзе)
- Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў мястэчку Ула (1864)
- Царква Сьвятой Тройцы ў мястэчку Ула (1896)
- Царква Сьвятога Мікалая ў вёсцы Дабрыгоры (сярэдзіна XIX стагодзьдзя)
- Парк «Саломінка» ў вёсцы Дабрыгоры (пачатак XX стагодзьдзя)
- Царква Маці Божай Казанскай у вёсцы Дарагакупава (пачатак XX стагодзьдзя)
- Сядзібна-паркавы комплекс Мядзьведзкіх ў вёсцы Двор Нізгалаў (канец XIX стагодзьдзя)
- Царква Сьвятога Мікалая ў вёсцы Слабодка (пачатак XX стагодзьдзя)
- Царква Раства Прасьвятой Багародзіцы ў вёсцы Сьвяча (1895)
Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Касьцёл у мястэчку Астроўна (1912)
- Ратуша ў мястэчку Астроўна (XVIII стагодзьдзе)
- Вуніяцкая царква Праабражэньня Гасподняга ў вёсцы Бачэйкава (1675)
- Касьцёл Сьвятых Казіміра і Рафала ў мястэчку Бешанковічы (1876)
- Царква Покрыва Прасьвятой Багародзіцы ў мястэчку Вула (1857)
- Сядзібна-паркавы комплекс Шчытаў у вёсцы Вярхоўе (1860)
- Касьцёл у вёсцы Паўазер’е (1750)
- Вуніяцкая царква сьвятога Язэпа ў вёсцы Хоціна (1770)
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
8 красавіка 2004 году былі скасаваныя 5 сельсаветаў: Драздоўскі, Пліскі, Рубескі, Сокараўскі і Сьвячанскі; Ульскі пасялковы савет. Створаны Ульскі сельсавет.
Цяпер у адміністратыўна-тэрытарыяльным складзе Бешанковіцкі раён мае 7 сельскіх саветаў: Астровенскі, Бачэйкаўскі, Бешанковіцкі, Верхнякрывінскі, Вярхоўскі, Соржыцкі, Ульскі; 243 сельскія населеныя пункты. Найбуйнейшыя — Астроўна, Бачэйкава, Ула.
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ http://beshenkovichi.vitebsk-region.gov.by/ru/Rayispolkom/
- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Государственный земельный кадастр Республики Беларусь(рас.) (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ^ GeoNames (анг.) — 2005.
- ^ Перепись населения — 2009. Витебская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Лев Доватор(рас.)
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. / рэдкал. І. П. Шамякін [і інш.]. — Мн., 1983. — Т. 1. — С. 291—292.
- Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9. С. 46.
- Крачкоўскі, А. В. Край наш Наддзвінскі / А. В. Крачкоўскі. — Мн., 1990. — 80 с : іл. — (Па родным краі).
- Крачкоўскі, А. В. Светлы Бешанковіцкі куток / А. В. Крачкоўскі. — Віцебск, 2001. — 152 с.
- Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Бешанковіцкага раёна / рэдкал. І. П. Шамякін [і інш.]. — Мн., 1991. — 423 с.
- Marian Radwan. Carat wobec Kościoła Greckokatolickiego w zaborze rosyjskim 1796—1839. — Roma-Lublin, Polski instytut kultury chrześcijavskiej, 2001. — 504 s.