Жупраны
Жупраны | |
трансьліт. Župrany | |
![]() Касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла | |
Першыя згадкі: | XV стагодзьдзе |
Былая назва: | Зубраны |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гарадзенская |
Раён: | Ашмянскі |
Сельсавет: | Жупранскі |
Насельніцтва: | 745 чал. (2010)[1] |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1593 |
Паштовы індэкс: | 231102 |
Нумарны знак: | 4 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°28′18″ пн. ш. 26°5′12″ у. д. / 54.47167° пн. ш. 26.08667° у. д.Каардынаты: 54°28′18″ пн. ш. 26°5′12″ у. д. / 54.47167° пн. ш. 26.08667° у. д. |
Жупраны на мапе Беларусі ± ![]() ![]() Жупраны | |
![]() |
Жупра́ны[2] — вёска ў Беларусі, на левым беразе ракі Ашмянкі. Цэнтар сельсавету Ашмянскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 745 чал. Знаходзяцца за 10 км на паўночны ўсход ад Ашмянаў, за 7 км ад чыгуначнай станцыі Ашмяны; на аўтамабільнай дарозе Ашмяны — Смаргонь.
Жупраны — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны), месца пахаваньня Францішка Багушэвіча.
Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Ад пачатку вёска мела назву «Зубраны», ад суседняй старажытнай Зубранскай пушчы, багатай на зуброў. Пазьней пад уплывам фанэтычных зьменаў тапонім ператварыўся ў «Жупраны»[3]. Паводле іншай версіі, назва мястэчка балтыйскага паходжаньне і мае зьвязкі зь летувіскім словам «Žuobris», якое абазначае архаічную саху[4].
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Упершыню Жупраны ўпамінаюцца ў XV стагодзьдзі як цэнтар воласьці, уладаньне вялікіх князёў. У 1407 годзе вялікі князь Вітаўт перадаў паселішча ваяводу віленскаму Войцеху Манівіду. Праз шлюб з Соф’яй Манівід Жупраны перайшлі да Радзівілаў, якія валодалі імі да пачатку XIX стагодзьдзя. Апошнім зь дзевяці ўладальнікаў гэтага роду быў Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку».
Каля 1550 году ў Жупранах заснавалі касьцёл, у канцы XVI стагодзьдзя — кальвінскі збор. На мапе Тамаша Макоўскага (1613 год) паселішча значыцца як мястэчка. У канцы XVIII стагодзьдзя тут было 35 дамоў і тры вуліцы: Дворская, Сольская і Астравецкая.
Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Жупраны апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Ашмянскім павеце. У 1811 годзе мястэчка перайшло ў валоданьне Чапскіх. У 1854 годзе пачалося будаваньне мураванага Касьцёла Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла. У 1863—1864 гадох мясцовыя сяляне бралі актыўны ўдзел у нацыянальна-вызвольным паўстаньні. У 1880-я гады ў Жупранах дзейнічалі касьцёл і капліца, працавалі млын і тартак. На 1885 год у мястэчку было 60 двароў. У 1900 годзе тут пахавалі беларускага паэта Францішак Багушэвіч. Ягоная магіла знаходзіцца на цьвінтары за касьцёлам.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Жупраны занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Жупраны абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[5]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Жупраны апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Ашмянскім павеце Віленскага ваяводзтва. На 1931 год тут было 124 двары.
У 1939 годзе Жупраны ўвайшлі ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году сталі цэнтрам сельсавету Ашмянскага раёну. 22 сакавіка 1970 году ў вёсцы адкрыўся Музэй Францішка Багушэвіча, дзе захоўваюцца каля 300 экспанатаў, датычных жыцьця літаратурнага клясыка[3]. На 1971 год тут быў 121 двор, на 1993 год — 248, на 1997 год — 288. У 2000-я гады Жупраны атрымалі афіцыйны статус «аграгарадку».
- Мястэчка на старых здымках
Касьцёл, 1898 г.
Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- XIX стагодзьдзе: 1885 год — каля 285 чал.; 1895 год — 284 чал., зь іх 144 каталікі, 5 праваслаўных, 135 юдэяў[6]
- XX стагодзьдзе: 1931 год — 657 чал., 124 двары; 1971 год — 423 чал.; 1993 год — 734 чал.[7]; 1997 год — 795 чал.[8]; 1999 год — 746 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2009 год — 720 чал.; 2010 год — 745 чал.[1]
Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У Жупранах працуюць школа, дашкольная ўстанова, амбуляторыя, бібліятэка, дом культуры, пошта.
Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Сьвінагадоўчая і малочнатаварная фэрмы, мэханізаваны двор[1]
Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У школе дзейнічае музэй Францішка Багушэвіча
Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла (1854—1875)
- Могілкі юдэйскія
- Плябанія (канец XIX — пачатак XX стагодзьдзя)
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ а б в Сьліж М. (25 лютага 2010) У Жупраны - да Багушэвіча. Рэгіянальная газета. Праверана 9 верасьня 2011 г.
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9. (pdf) С. 95
- ^ а б Лукша Г. А памяць жыве: 25 гадоў музею Ф. Багушэвіча ў Жупранах // Роднае слова. — Мн.: 1995. — № 3. — С. 70—71.
- ^ Шукевіч В. Ці сапраўды Жупраны атрымалі назву ад зуброў? // Ашмянскі веснік. 5 верасьня 2017 г.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Krzywicki J. Żuprany // Słownik geograficzny... T. XIV. — Warszawa, 1895. S. 855.
- ^ Шаблюк В. Жупраны // ЭГБ. — Менск: 1996 Т. 3. С. 375.
- ^ БЭ. — Менск: 1998 Т. 6. С. 449.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Менск: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — ISBN 985-11-0106-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIV: Worowo — Żyżyn. — Warszawa, 1895.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|