Максім Гарэцкі
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Гарэцкі.
Максім Гарэцкі лац. Maksim Harecki | |
Максім Гарэцкі ў 1937 годзе | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 6 (18) лютага 1893 в. Малая Багацькаўка, Амсьціслаўскі павет, Магілёўская губэрня, Расейская імпэрыя |
Памёр | 10 лютага 1938 (44 гады) Вязьма, Смаленская вобласьць, РСФСР, СССР |
Пахаваны |
|
Сужэнец | Леаніла Чарняўская |
Дзеці | Галіна Гарэцкая[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьнік, літаратуразнаўца, лексыкограф, фальклярыст |
Гады творчасьці | 1912—1937 |
Кірунак | проза |
Мова | беларуская мова |
Дэбют | «У лазьні» (1913) |
Значныя творы | «Ціхая плынь» |
Узнагароды | |
Творы на сайце Knihi.com | |
Максі́м Іва́навіч Гарэ́цкі (18 лютага [ст. ст. 6 лютага] 1893, в. Малая Багацькаўка, Амсьціслаўскі павет, Магілёўская губэрня[a] — 10 лютага 1938[b], Вязьма) — беларускі пісьменьнік, дзяяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэньня, літаратуразнаўца, лексыкограф, фальклярыст. Брат Гаўрылы Гарэцкага.
Карыстаўся літаратурнымі псэўданімамі Максім Беларус, М. Б. Беларус, М. Г., А. Мсьціслаўскі, Дзед Кузьма, Мацей Мышка, Мізэрыус Монус і іншымі; у сваіх творах таксама выступаў як Кузьма Батура і Лявон Задума.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Максім Гарэцкі нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Меў трох братоў — Гаўрылу, Парфіра і Івана — і сястру Ганну, зь якімі хадзіў у школу ў суседнюю вёску Вялікая Багацькаўка. У 1919 годзе ў Вільні пабраўся шлюбам. Жонка, Леаніла Ўсьцінаўна Чарняўская-Гарэцкая, працавала настаўніцай у I Віленскай беларускай гімназіі, працавала над складаньнем чытанак «Родны край». Першае, напісанае ёй апавяданьне, — «Мікітка» (Вільня), стала аўтарам малога зборніка «Дзяціныя гульні».
Сын Леанід, загінуў у баях пад Ленінградам (1944). Вядомыя ягоныя «Пісьмы з фронту» да сям’і. Дачка Галіна (1921—2006) — захавальніца літаратурнага архіву сям’і Гарэцкіх, аўтарка шэрагу працаў, прысьвечаных жыцьцю і творчасьці бацькі і маці, успамінаў пра іх і пра свайго дзядзьку — акадэміка Гаўрылу Гарэцкага.
Жыцьцё і дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першую навуку Максім Гарэцкі спасьцігаў у школе граматы ў вёсцы Вялікая Багацькаўка. Потым некалькі гадоў ён вучыўся ў сяле Вольша Аршанскага павету ў царкоўна-прыходзкай школе. Ужо ў той час Гарэцкі пачынае цікавіцца беларускай літаратурай і пачынае сьвядома карыстацца беларускай мовай. У 1908 годзе Гарэцкі скончыў вучобу ў Вольшы і атрымаў магчымасьць быць настаўнікам, вучыць грамаце сялянскіх дзяцей[1]. У кастрычніку 1908 году прыехаў у Горкі, каб рыхтавацца да паступленьня ў вучэльню. Там займаўся з рэпэтытарам Крэерам[2]. У 1909 годзе Максім Гарэцкі паступіў у каморніцка-агранамічную вучэльню ў Горы-Горках, якую скончыў у 1913 годзе[1].
Чарцёжнік, каморнік землеўпарадкавальных камісіяў Віленскай губэрні (Вільня, 1913—1914). На пасадзе каморніка Гарэцкі правёў толькі адзін год. Ён меў намер авалодаць замежнымі мовамі, атрымаць атэстат сталасьці і паступіць на гісторыка-філялягічны факультэт. Аднак, яму не ўдалося зьдзейсьніць гэтыя пляны. На той час адтэрмінаваньне ад вайсковай службы каморнікам ужо скасавалі. Каб не ісьці на службу звычайным салдатам на 3 гады, Гарэцкі пачынае адбываньне вайсковай павіннасьці ў якасьці «вольнапісанага» царскай арміі ў 1914 годзе. Гэта супала з пачаткам Першай сусьветнай вайны. Гарэцкі ўдзельнічаў у кравапралітных баях ва Ўсходняй Прусіі, дзе быў цяжка паранены[1]. Доўга лячыўся ў вайсковых шпіталях Вільні, Масквы, Магілёва. Пасьля выздараўленьня Гарэцкі працягнуў свае вандроўкі зь месца на месца. Некаторы час ён працаваў чарцёжнікам у Маскве. У 1916 годзе вучыўся ў Паўлаўскім ваенным вучылішчы ў Петраградзе. Атрымаўшы чын прапаршчыка, праходзіў службу спачатку ў Іркуцку, а потым у Гжацку[1].
У канцы 1916 апынуўся на фронце ў Пінскіх балотах. Там быў прызначаны ў камісію па рэквізыцыі сена ў сялянаў, але не любіў гэтай працы і адпрасіўся ў акопы. Цяжка захварэў, быў адасланы ў тыл на лячэньне (Жалезнаводзк, 1917), потым зусім звольнены з войска.[3]
Пераехаў у Смаленск, паступіў у Смаленскі археалягічны інстытут (1917), але хутка кінуў яго, бо не было часу хадзіць на лекцыі. Кастрычніцкія падзеі сустрэў тамсама, хутка пасьля таго — на савецкай службе[4], у Смаленскім савеце (адзначаецца яго добрае знаёмства з В. Кнорыным[5]). Працуе камэндантам жыльлёвага аддзелу[6] ў Смаленску (1918), паралельна, потым і стала супрацоўнічаў у мясцовых газэтах «Известия Смоленского Совета», «Западная коммуна», «Звязда» (з жніўня 1918, запрошаны на сталую працу ў «Звязду» Кнорыным пасьля абвяшчэньня БССР[3]). Супрацоўнічаў з газэтай «Дзяньніца».
Разам з рэдакцыяй «Зьвязды» пераехаў у Менск, потым у Вільню (пачатак студзеня 1919). Пры раптоўным захопе Вільні польскім войскам (канец красавіка 1919) апынуўся на акупаванай тэрыторыі. Настаўнік Віленскай беларускай гімназіі і беларускіх настаўніцкіх курсаў. Супрацоўнічаў у газэце «Беларускія ведамасьці», «Беларускі звон». Рэдактар і выдавец газэты «Наша думка» (сьнежань 1920 — ліпень 1921), «Беларускія ведамасьці» (зь верасьня 1921).
У студзені 1922 году, перад выбарамі ў Віленскі сойм, быў арыштаваны польскімі ўладамі як цяжкі палітычны злачынца. Быў абвінавачаны ў прыналежнасьці да партыі камуністаў, арганізацыі замаху на дзяржаўную ўладу, друкаванай і вуснай агітацыі, атрымліваньні грошай ад камуністаў. Такія дзеяньні паводле польскага КК маглі карацца сьмерцю або катаргай. Зьняволены ў Лукіскай турме ў Вільні. У выніку пратэстаў за мяжой супраць масавых арыштаў беларускіх і летувіскіх дзеячоў прымусова высланы ў Беларусь[4]. У канцы кастрычніка 1923 году пераехаў зь сям’ёй зь Вільні ў Менск.
Выкладчык мовы і літаратуры (у тым ліку ў БДУ, Камуністычным унівэрсытэце БССР, Менскім вэтэрынарным тэхнікуме, Горацкай сельгасакадэміі (з 1 лютага 1926). Загадчык катэдры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Горацкай сельгасакадэміі[7]. Правадзейны сябра Інбелкульту, навуковы сакратар Літаратурнай камісіі (да 10 чэрвеня 1925), вучоны спэцыяліст (2 кастрычніка 1928) Інстытуту навуковай мовы Інбелкульту. Удзельнік Беларускай акадэмічнай канфэрэнцыі, дакладчык па пытаньнях мастацкай літаратуры (1926).
-
Максім Гарэцкі (пасярэдзіне) падчас вучобы ў Горы-Горацкай каморніцка-агранамічнай вучэльні. Хведар Чарнышэвіч, Максім Гарэцкі (стаіць) і Лявон Гмырак
-
Падчас вучобы ў Горы-Горацкай вучэльні, 1913 г.
-
У вайсковы шпіталі, 1914 г.
-
З жонкай Леанілай, дзецьмі Галінай і Леанідам, 1920-я
Рэпрэсіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Разам зь іншымі беларускімі дзеячамі стаў аб’ектам кампаніі «крытыкі» ў друку (1929).
Арыштаваны (19 ліпеня 1930) па абвінавачаньні ў прыналежнасьці да Саюза вызваленьня Беларусі, у красавіку — траўні 1931 засуджаны да высылкі на пяць гадоў у горад Вятку. У Вятцы працаваў чарцёжнікам (17 жніўня 1931 — 1 сакавіка 1932), тэхнікам-каштарысьнікам мясцовага ФУП[8] і землеўладкавальнікам. З 1 верасьня 1935 настаўнік расейскай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе пасёлку Пясочня[9]. Увесь гэты час займаўся літаратурнай працай. 3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Максіма Гарэцкага прадугледжвалася «спальваць»[10].
Арыштаваны (4 лістапада 1937), пазьней расстраляны па прысудзе «тройкі» НКУС (прысуд прыведзены ў выкананьне 10 лютага 1938 году а 15-й гадзіне; жонцы паведамілі, што памёр ад кровазьліцьця ў мозаг 20 сакавіка 1939 году). Рэабілітаваны 15 лістапада 1957. Першая публікацыя паводле сапраўдных фактаў расстрэлу 10 лютага 1938 году ў Вязьме зьявілася ў кастрычніку 1992 году ў газэце «Літаратура і мастацтва»[11][12][13].
Ацэнкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля рэпрэсіяў 1930-х гадоў і далейшага замоўчваньня, публікацыі і дасьледаваньні творчасьці пісьменьніка былі ўзноўленыя ў 1960-х гадах. У іх ліку — манаграфіі Дзьмітрыя Бугаёва «Максім Гарэцкі» (Менск, 1968), А. Адамовіча «Браму скарбаў сваіх адчыняю…» (Менск, 1980), І. Чыгрына «Паміж былым і будучым» (Менск, 1994), артыкулы і прадмовы да выданьняў Дз. Бугаёва, М. Лужаніна, М. Мушынскага, Ю. Пшыркова, І. Чыгрына і інш.
У наш час Максім Гарэцкі прызнаецца клясыкам беларускай літаратуры. Фактычна, пачынальнік твораў маральна-этычнай праблематыкі ў беларускай літаратуры[14]. Адзін з пачынальнікаў эпічнага жанру, інтэлектуальна-філязофскай, лірычнай, дакумэнтальнай прозы ў беларускай літаратуры[7]. Пачынальнік дасьледаваньняў гісторыі беларускай літаратуры[15]. Адзначаецца шмаграннасьць здольнасьцяў пісьменьніка — літаратурных, матэматычных, музычных[16].
Ваенныя творы Гарэцкага былі заўважаны крытыкай за мяжой, напрыклад, Т. Н. Браран (Н.Рандаў) у НДР[17]. У вышыні антываеннага духу апавяданьні «Генэрал» і «Рускі» параўноўваюцца крытыкамі з творамі Васіля Быкава «Мёртвым не баліць» і «Адна ноч»[18], аповесьць «На імпэрыялістычнай вайне» — з ваеннымі творамі Рэмарка, Барбюса, Дзюамеля[17].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратурная творчасьць Гарэцкага пачалася зь невялічкіх твораў, нататак, фэльетонаў, якія друкаваліся на старонках «Нашай Нівы». Падпісваўся тады Гарэцкі такімі псэўданімамі: М. Б., Беларус, М. Беларус, Максім Беларус. Першая такая нататка зьявілася ў «Нашай Ніве» 26 верасьня 1912 году. Першыя фэльетоны выявілі талент Гарэцкага як сатырыка, аднак, у сваёй далейшай творчасьці ён рэдка вяртаўся да гэтага[19].
Першае апавяданьне Гарэцкага «У лазьні» было зьмешчанае ў «Нашай Ніве» 25 студзеня 1913 году пад псэўданімам Максім Беларус. Напісанае было 31 сьнежня 1912 году[20]. Пасьля яго пачалі зьяўляцца ўсё новыя і новыя мастацкія творы: апавяданьні «Стогны душы», «Роднае карэньне», «У панскім лесе», драматычны абразок «Атрута». Усё гэта было апублікавана на працягу 1913 году ўсё ў той жа «Нашай Ніве» пад псэўданімамі Максім Беларус і М. Г.[21]. Сваім сапраўдным прозьвішчам Гарэцкі падпісаўся толькі ў 1914 годзе, калі Беларускім выдавецкім таварыствам у Вільні была выдадзеная кніга «Рунь»[22].
Гарэцкі востра адчуваў патрэбы літаратурнага разьвіцьця беларусаў, аб чым сьведчаць яго артыкулы «Наш тэатар» і «Развагі і думкі», апублікаваныя ў 1913-14 гг. У іх аўтар выявіў сябе як тэарэтык, публіцыст, зацікаўлены праблемамі разьвіцьця нацыянальнай культуры, мовы, тэатру[23].
22 лютага 1914 году зьявілася кніга Гарэцкага «Антон». Надрукаваная яна была толькі ў 1918 годзе ў віленскай газэце «Гоман». У 1919 годзе выйшла асобнае выданьне. Твор мае падзагаловак «Абразы жыцьця» і складаецца з 15 асобных абразкоў[24]. Франтавыя ўражаньні і назіраньні 1916—1917 гг. пісьменьнік акуратна заносіў у дзёньнік, матэрыялы якога ён пазьней выкарыстаў для напісаньня дакумэнтальна-мастацкай аповесьці «На імпэрыялістычнай вайне»[25]. Пасьля 1917 году шмат піша на тэму кастрычніцкага перавароту. У 1918—1919 у палемічных допісах рэзка крытыкуе «буржуазных беларускіх дзеячоў», услаўляе бальшавізм; адначасова, крытыкуе «новую (камуністычную) буржуазію», кладзе выразны націск на неглыбокую далучанасьць «буржуазных дзеячоў» да нацыянальнага руху[26].
У 1918 годзе Максім разам з братам Гаўрылам працаваў над «Руска-беларускім слоўнікам», які быў выдадзены ў Смаленску ў 1918 годзе, а ў 1921 годзе ў Вільні. Гэта быў першы беларускі слоўнік такога тыпу, надрукаваны пасьля кастрычніцкага перавароту, і першы вопыт самога пісьменьніка ў галіне лексыкаграфіі. Яшчэ Гарэцкаму належыць «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік», выдадзены ў Вільні ў 1919 годзе, які меў тры выданьні, апошняе пад назвай «Беларуска-расійскі слоўнічак» выйшла ў Савецкай Беларусі ў 1925 годзе. На год раней у Менску зьявіўся складзены Гарэцкім разам з Байковым «Практычны расійска-беларускі слоўнік», які ахоплівае каля 20000 словаў[27].
На працягу 1919—1923 гг. ён напісаў больш за 20 твораў: апавяданьні, аповесьць «Дзьве душы», крытычныя артыкулы[28]. Зьвяртаўся да жыцьця беларускіх перасяленцаў у Сібіры («Сібірскія абразкі», апавяданьні «Хадзяка», «Моцнае каханьне», «Хоцімка» і інш.). У групе апавяданьняў, створаных у 1921—1922 гг., Гарэцкі наблізіўся да асэнсаваньня вобразу інтэлігента як усьвядомленага суб’екта ў гістарычным быцьці свайго народу. Здарылася гэта пад уплывам вайны, якая ў 1914 годзе абрынулася на беларускія землі, рэвалюцыяў 1917 году, абвастрэньняў нацыянальнай барацьбы ў краі[29].
У 1926 годзе ў Менску быў выдадзены зборнік апавяданьняў «Досьвіткі». У гэты час Гарэцкі прымаў удзел у розных дыскусіях, выступаў з навуковымі дакладамі па літаратуразнаўстве і фальклярыстыцы, друкаваў артыкулы пра творчасьць многіх савецкіх пісьменьнікаў, рабіў фальклёрныя запісы[30]. У 1928 годзе выйшаў зборнік «Народныя песьні з мэлёдыямі», падрыхтаваны Гарэцкім у суаўтарстве з кампазытарам Ягоравым. Там зьмешчана 318 беларускіх песень, запісаных Гарэцкім ад маці[31]. У канцы 20-х гадоў пісьменьнік займаўся таксама перакладамі мастацкай прозы: «Разгром» Фадзеева, апавяданьні Горкага «Канавалаў», «Чалкаш». Пераклады былі падпісаныя псэўданімам А. Мсьціслаўскі, але іх прыналежнасьць Гарэцкаму не выклікае сумненьня[32]. У 1928 годзе Гарэцкі падрыхтаваў да выданьня вялікую кнігу сваіх выбраных твораў, нанова адрэдагаваўшы некаторыя зь іх. Гэтая кніга не пабачыла сьвет[32].
Гарэцкі зьвяртаўся да праблемы ўзаемаадносінаў інтэлігента і народу, да ролі і місіі інтэлігенцыі ў нацыянальным разьвіцьці (аповесьць «Мэлянхолія», апавяданьні «Фантазія» і інш.). Расцэньваў ролю беларускага літаратара як надзвычай адказную і патрабавальную да грамадзянскай і нацыянальнай сьвядомасьці. Выступаў супраць правінцыйнай замкнёнасьці маладой беларускай літаратуры.
У творчасьці Гарэцкага вызначаюцца наступныя пэрыяды (так, як іх акрэсьліў Г. Гарэцкі ў лісьце да А. Адамовіча[33]):
- 1912—1913: Горацкі першы
- 1913—1914: Віленскі першы
- 1914—1917: часу імпэрыялістычнай вайны
- 1917—1919: пачатку кастрычніцкага перавароту
- 1919—1923: Віленскі другі
- 1923—1926: Менскі першы
- 1926—1928: Горацкі другі
- 1928—1930: Менскі другі
- 1931—1935: Вяцка-Кіраўскі
- 1935—1937: Пясочынска-Кіраўскі.
Кнігі Гарэцкага выдаваліся на расейскай, украінскай, польскай, нямецкай мовах.
-
Вокладкі зборніка апавяданьняў «Досьвіткі» (1926), кнігі «Ціхія песьні» (1926), «Ціхая плынь» (1930)
-
«У лазьні», Наша Ніва, 25 студзеня 1913
Ушанаваньне памяці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- У 1993 годзе ў роднай вёсцы да 100-годзьдзя з дня нараджэньня пісьменьніка, што адзначалася таксама ў рамках Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры, адчынілі музэй[34].
- Па праграме сьвяточных урачыстасьцяў, прыўрочаных да Першага зьезду беларусаў сьвету, 10 ліпеня 1993 году ля колішняга будынка Інстытуту беларускай культуры на вуліцы Рэвалюцыйнай, 15 у Менску, дзе зараз месьціцца Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар імя Францішка Скарыны, адбылося ўрачыстае адкрыцьцё памятнай дошкі ў гонар Максіма Гарэцкага[35].
- З 1997 году дзейнічае Міжнародны фонд братоў Гарэцкіх. Ягонае імя носяць бібліятэка ў Горках, вуліцы ў Менску, Амсьціславе і Горках. У Менску і Вязьме пастаўленыя помнікі. З 1992 году рэгулярна ладзяцца Гарэцкія чытаньні[36].
У 2012 годзе пры падрыхтоўцы да рэспубліканскага сьвята «Дажынкі» ў Горках, нягледзячы на пратэсты грамадзтва, быў зьнесены дом, у якім у 1926—1928 гг. жыў Максім Гарэцкі. Гэта быў адзіны дом, які захаваўся ад Гарэцкага на тэрыторыі сучаснай Беларусі.[37]
-
Памятная шыльда у гонар Максіма Гарэцкага на былым будынку Віленскай беларускай гімназіі
-
Крыж Максіму Гарэцкаму ва ўрочышчы Курапаты
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|
Кнігі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Крытыка, рэцэнзіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|
Архіў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля высылкі М. Гарэцкага ў Вятку ён атрымліваў ад жонкі матэрыялы па пошце, а ў канцы чэрвеня 1932 году ў Вятку быў прывезены і архіў цалкам. Архіў пасьля 4 сьнежня 1937 году перахоўвала жонка Гарэцкага (у Пясочні, Кіраве, Ленінградзе). 12 сакавіка 1971 году амаль усе рукапісы былі перададзеныя ў Фундамэнтуальную бібліятэку Акадэміі навук БССР (архіў № 7, 119 адзінак захаваньня). Рэшта рукапісаў знаходзіцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтва.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Цяпер в. Багацькаўка, Амсьціслаўскі раён
- ^ У савецкай гістарыяграфіі дата сьмерці падавалася як 20 сакавіка 1939 году
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. С. 15—17
- ^ Дасаева Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага. С. 7
- ^ а б Пшыркоў Юліян. Максім Гарэцкі і яго раман «Віленскія камунары» // Гарэцкі Максім. Віленскія камунары. Раман-хроніка. — Мн. : Беларусь, 1965. С. 7
- ^ а б Адамовіч Алесь. «Браму скарбаў сваіх адчыняю…» — Мн.: Выд-ва БДУ, 1980. С. 92.
- ^ Адамовіч Алесь. «Браму скарбаў сваіх адчыняю…» — Мн.: Выд-ва БДУ, 1980. С. 89
- ^ Кіраваў рэквізыцыяй «лішкаў жытла ў буржуазіі».
- ^ а б Каўка А. К. Гарэцкі Максім Іванавіч // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 494.
- ^ ФУП: фабрика учебных пособий.
- ^ З 1936 — г. Кіраў Смаленскай, потым Калускай вобласьці.
- ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (Загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.
- ^ Радзім Гарэцкі. Расстрэл Максіма Гарэцкага. // Літаратура і мастацтва : газэта. — 1992, 9 кастрычніка. — № 41 (3639). — С. 14—15.
- ^ Радзім Гарэцкі. Расстрэл Максіма Гарэцкага. // Літаратура і мастацтва : газэта. — 1992, 16 кастрычніка. — № 42 (3640). — С. 14—15.
- ^ Ліўшыц, Уладзімір. Справа № 13036 (Дакументульны Матэрыял аб тым, як загінуў пісьменнік М. Гарэцкі). // рэд. рада Аляксандар Агееў і інш. Магілёўская даўніна : зборнік гістарычных і краязнаўчых матэрыялаў. — Магілёў: Музей гісторыі Магілёва, 1993. — Т. 1. — С. 46—53.
- ^ Чыгрын І. П. Паміж былым і будучым: Проза М. І. Гарэцкага / І. П. Чыгрын. — 2-е выд., выпр. — Мн.: Бел. навука, 2003. С. 70—81.
- ^ Пшыркоў Юліян. Максім Гарэцкі і яго раман «Віленскія камунары» // Гарэцкі Максім. Віленскія камунары. Раман-хроніка. — Мн. : Беларусь, 1965. С. 8.
- ^ Адамовіч Алесь. «Браму скарбаў сваіх адчыняю…» — Мн.: Выд-ва БДУ, 1980. С. 23.
- ^ а б Чыгрын І. П. Паміж былым і будучым: Проза М. І. Гарэцкага / І. П. Чыгрын. — 2-е выд., выпр. — Мн.: Бел. навука, 2003. С. 50.
- ^ Адамовіч Алесь. «Браму скарбаў сваіх адчыняю…» — Мн.: Выд-ва БДУ, 1980. С. 67.
- ^ Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. С. 18
- ^ Дасаева Т Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага. С. 8
- ^ Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. С. 20
- ^ Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. С. 21
- ^ Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. С. 29
- ^ Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. С. 89
- ^ Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. С. 119
- ^ Чыгрын І. П. Паміж былым і будучым: Проза М. І. Гарэцкага / І. П. Чыгрын. — 2-е выд., выпр. — Мн.: Бел. навука, 2003. С. 92—96.
- ^ Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. С. 123—124
- ^ Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. С. 127
- ^ Чыгрын І Паміж былым і будучым. С. 32
- ^ Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. С. 135
- ^ Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. С. 152
- ^ а б Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. С. 154
- ^ Адамовіч Алесь. «Браму скарбаў сваіх адчыняю…» — Мн.: Выд-ва БДУ, 1980. С. 41,42.
- ^ Мікалай Рудкоўскі. Жыву і радуюся, і вы жывіце і радуйцеся // Газэта «Магілёўскія ведамасьці», 25 лютага 2008 г. Праверана 29 студзеня 2013 г.
- ^ Максім вяртаецца на Беларусь. / Гал. рэд. Мікола Гіль // Літаратура і мастацтва : газэта. — Менск: Беларускі дом друку, 10 ― 16 ліпеня 1993. — № 28 (3698). — С. 3.
- ^ Тацяна Жук, Марына Ліс. Рукапісы не гараць. Максім Гарэцкі: «Жыцьцё праляцела, як адзін дзень» // Tut.by, 18 лютага 2013 г. Праверана 18 лютага 2013 г.
- ^ 120-годзьдзе Максіма Гарэцкага: дом зьнесьлі, збор твораў ня выдалі. Радыё Свабода
- ^ Адамовіч Алесь. «Браму скарбаў сваіх адчыняю…» — Мн.: Выд-ва БДУ, 1980. С. 111.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|
Дысэртацыі:
|
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вікікрыніцы зьмяшчаюць арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы артыкула: |
- Нарадзіліся 18 лютага
- Нарадзіліся ў 1893 годзе
- Памерлі 10 лютага
- Памерлі ў 1938 годзе
- Кавалеры ордэна Сьвятога Георгія IV ступені
- Беларускія літаратары
- Беларускія настаўнікі
- Беларускія пэдагогі
- Беларускія мэмуарысты
- Беларускія крытыкі
- Беларускія публіцысты
- Беларускія драматургі
- Беларускія фальклярысты
- Беларускія літаратуразнаўцы
- Беларускія лексыкографы
- Выкладчыкі Віленскай беларускай гімназіі
- Асобы, зьвязаныя зь Янкам Купалам
- Вязьні Лукіскай турмы
- Рэпрэсаваныя ў БССР
- Расстраляныя беларускія літаратары
- Расстраляныя беларускія пэдагогі
- Асуджаныя па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі»
- Максім Гарэцкі