Перайсьці да зьместу

Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар імя Францішка Скарыны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар імя Францішка Скарыны
наркам. Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Францыска Скарыны
Абрэвіятура ННАЦ
Наступнік Інстытут культуры Беларусі
Дата ўтварэньня 1991
Дата спыненьня існаваньня 2004
Тып асьветная
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта разьвіцьцё беларускай культуры
Штаб-кватэра Цэнтральны раён, Рэвалюцыйная вул., д. 15
Месцазнаходжаньне Менск
Каардынаты 53°54′06″ пн. ш. 27°33′01″ у. д.HGЯO
Дзейнічае ў рэгіёнах Беларусь
Афіцыйныя мовы беларуская
Кіраўніца Любоў Уладыкоўская-Канаплянік
Намесьнік Ігар Захаранка
Навуковая сакратарка Вераніка Каламійцава[1]
Асноўныя асобы Уладзімер Конан, Адам Мальдзіс, Генадзь Цыхун
Матчына кампанія Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт
Зьвязаныя кампаніі Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, Тэрміналягічная камісія, Скарынаўскае брацтва
Колькасьць супрацоўнікаў 24 (2004 год)[2]
Сайт skc.edu.by

Нацыяна́льны навуко́ва-асьве́тны цэ́нтар імя́ Франці́шка Скары́ны (Скары́наўскі цэ́нтар) — дзяржаўная ўстанова адукацыі Беларусі, якая існавала ў 1991—2004 гадох.

Асноўныя напрамкі дзейнасьці:

  • гісторыя і тэорыя беларускай культуры;
  • распрацоўка беларускай тэрміналёгіі;
  • праблемы выяўленьня, вяртаньня ды супольнага выкарыстаньня беларускіх матэрыяльных і духоўных каштоўнасьцяў, што знаходзяцца па-за межамі краіны;
  • стварэньне інфармацыйнага банку ў галіне адукацыі, навуцы, гісторыі, культуры, рэлігіі Беларусі ды інш.

Пры Нацыянальным цэнтры з 1991 року дзейнічала Міжнародная асацыяцыя беларусістаў[3].

З 1993 року ў Цэнтры зьбіралася інфармацыйная база зьвестак у дзесяці галінах:

  • адукацыя;
  • гісторыя;
  • дыяспара;
  • краязнаўства;
  • культура;
  • навука;
  • нацыянальныя супольнасьці;
  • пэрсаналіі;
  • рэстытуцыя;
  • сувязі паміж культурамі Беларусі і замежных краінаў[4].

У 1993 року ў Цэнтры была створаная бібліятэка з калекцыяй выданьняў беларускай дыяспары, фонды якой папаўняліся за кошт падарункаў, па кнігаабмене, з дапамогай сувязяў Цэнтру з аб’яднаньнямі беларусаў замежжа[3]. Самыя раньнія беларускамоўныя выданьні ў калекцыі — кнігі ваеннага і паваеннага часоў (1940-я рокі), надрукаваныя ў лягерох для перамешчаных асобаў[5]. Найбольшую частку складалі беларускія выданьні ў ЗША.

На аснове сабранай базы Скарынаўскі цэнтар выдаў шасьцітомны энцыкляпэдычны даведнік „Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах“ (2000), сем зборнікаў „Вяртаньне“, 29 зборнікаў „Беларусіка-Albaruthenica“, каля сотні нумароў інфармацыйна-аналітычнага бюлетэню „Кантакты і дыялёгі“, зборнікі, прысьвечаныя культурнаму ўзаемадзеяньню краінаў і народаў[6].

З сабраных з дапамогай беларусаў з усяго сьвету карцін, скульптураў, тканін, дакумэнтаў, кніг ды іншых прадметаў у 1993 року быў створаны музэй „Беларусь ў сьвеце“[7]. Пры перадачы збораў музэю пэдагагічнаму ўнівэрсытэту частка экспанатаў зьнікла[8].

Сумесныя дасьледаваньні з Скарынаўскім цэнтрам ладзілі звыш 200 беларусазнаўцаў з 23 краінаў Азіі, Паўночнай Амэрыкі і Эўропы. Супрацоўнічалі з навуковымі ўстановамі Ізраілю і ЗША (Беларускі інстытут навукі і мастацтва), а таксама такіх краінаў Эўропы, як Латвія, Летува, Польшча (Варшаўскі ўнівэрсытэт і Інстытут Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў Любліне), Расея (Інстытут славяназнаўства і балканістыкі РАН) і Ўкраіна, Ангельшчына (Беларуская бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны), Баўгарыя, Італія, Нямеччына і Францыя. Да 2002 году зладзілі 45 міжнародных навуковых канфэрэнцыяў і выдалі 40 кніг. Сумесна зь «Міжнароднай асацыяцыяй беларусістаў» зладзілі 3 міжнародныя кангрэсы беларусістаў[9].

На 2004 год Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар імя Францішка Скарыны (ННАЦ) налічваў 6 аддзелаў:

  1. гісторыі і тэорыі беларускай культуры;
  2. праблемаў хрысьціянства і нацыянальнага разьвіцьця;
  3. культурных узаемасувязяў і беларускай дыяспары;
  4. сацыяльна-палітычнай культуры і грамадзкай думкі Беларусі;
  5. беларускай навуковай тэрміналёгіі;
  6. інфармацыйна-асьветніцкі.

Сярод загаднікаў аддзелаў былі кандыдат гістарычных навук Сяргей Віцязь, доктар філязофскіх навук Уладзімер Конан, доктар фізыка-матэматычных навук Генадзь Пятроўскі і прафэсар Генадзь Цыхун. Таксама навуковымі супрацоўнікамі былі дактары навук Анатоль Грыцкевіч, Мікалай Крукоўскі і Леанід Лыч. У Скарынаўскім цэнтры працавала бібліятэка, якая ўлучала: рукапісны фонд, 2) збор выданьняў беларускай дыяспары; 3) фонд фота- і фонадакумэнтаў; 4) дасье выразак з пэрыёдыкі; 5) картатэку постацяў, паселішчаў, краінаў, дыяспары і рэстытуцыі; 6) кампутарную базу зьвестак; 7) пастаянную выставу «Беларусы ў сьвеце» з больш як 2000 экспанатаў. На захоўваньні знаходзіліся мастацкія творы Валерыя Дзевіскібы, Яна Кузьміцкага, Пятра Мірановіча, Галіны Русак, Тамары Стагановіч і Вячкі Целеша. Пры ННАЦ дзейнічалі: грамадзкае аб’яднаньне «Міжнародная асацыяцыя беларусістаў» («МАБ»), Тэрміналягічная камісія Міністэрства адукацыі Беларусі і Скарынаўскае брацтва[10].

Ідэя стварэньня Інстытуту Беларусі зьявілася ў прафэсара Адама Мальдзіса, пабачыўшы дзейнасьць Славацкай маціцы[11]. Навукова-асьветны цэнтар (ННАЦ) быў створаны ў 1991 року па рашэньні ЦК КПБ у рамках мерапрыемстваў, прысьвечаных 500-годзьдзю беларускага першадрукара Францішка Скарыны[12]; Адам Мальдзіс стаў ягоным першым дырэктарам. Сьпярша ННАЦ дзейнічаў пры Інстытуце літаратуры Акадэміі навук. Разьмяшчаўся ў Менску па адрасе вул. Рэвалюцыйная, 15[13] — у тым самым будынку, дзе за савецкім часам дзейнічаў Інбелкульт.

З 1993 року Цэнтар быў перададзены з Акадэміі навук у падпарадкаваньне Міністэрства адукацыі[14]. Гэта абмежавала магчымасьці ягонай дзейнасьці, у якую ўваходзіла далёка не адукацыя[12][15]. У 2002 року празь недахоп фінансаваньня Цэнтар быў вымушаны скараціць штат супрацоўнікаў да 20 чалавек (на 40%)[16].

У 2004 року Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар стаў структурным падразьдзяленьнем пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка, пазбавіўшыся рэгістрацыі як юрыдычная асоба[14].

Пасьля канчатковай ліквідацыі зборы Цэнтру былі схаваныя, картатэкі і друкаваныя выданьні перададзеныя на захаваньне ў Нацыянальную бібліятэку[17] і Музэй літаратуры і мастацтва[18][19], экспанаты музэю „Беларусы ў сьвеце“ — у Нацыянальны гістарычны музэй[6]. Пазьней частка сабраных збораў, датычная беларускай дыяспары, перададзеная ў Інстытут культуры Беларусі(d)[20].

  1. Каардынаты // Скарынаўскі Цэнтар, 2004 г. Архіўная копія ад 25 ліпеня 2008 г. Праверана 29 ліпеня 2021 г.
  2. Навуковыя супрацоўнікі // Скарынаўскі Цэнтар, 2004 г. Архіўная копія ад 25 ліпеня 2008 г. Праверана 29 ліпеня 2021 г.
  3. 1 2 Крывашэй 2019. С. 302.
  4. А. Мальдзіс 2012. С. 61.
  5. Дзенісенка 2020. С. 256.
  6. 1 2 А. Мальдзіс 2012. С. 62.
  7. Серадзюк, Дзіяна (19 ліпеня 2013) „Мы павінны думаць аб узеамаразуменьні“ Культура, Ідэі і людзі. „Звязда“. Праверана 28 ліпеня 2021 г.
  8. Серадзюк, Дзіяна (30 ліпеня 2013) Другое жыцьцё „Беларусаў у сьвеце“ Грамадзтва. „Звязда“. Праверана 28 ліпеня 2021 г.
  9. Супраца // Скарынаўскі Цэнтар, 2004 г. Архіўная копія ад 25 ліпеня 2008 г. Праверана 29 ліпеня 2021 г.
  10. Структура // Скарынаўскі Цэнтар, 2004 г. Архіўная копія ад 25 ліпеня 2008 г. Праверана 29 ліпеня 2021 г.
  11. Генадзь Цыхун: „Вайтовіч падтрымлівае такую ідэю“ Архіў. Наша Ніва (24 кастрычніка 2002). Праверана 28 ліпеня 2021 г. Архіўная копія ад 25 красавіка 2020 г.
  12. 1 2 Прыгодзіч, Зіновій (27 жніўня 2015) Адам Мальдзіс: „Беларуская цывілізацыя мае даўнія традыцыі“ Культура, Літаратура. „Звязда“. Праверана 28 ліпеня 2021 г.
  13. Гістарычная забудова XIX стагодзьдзя. Будынак №15 (Інбелкульт) Гістарычныя замалёўкі. Мінская спадчына. Праверана 28 ліпеня 2021 г.
  14. 1 2 Сьмялоўская, Ялянта (7 красавіка 2004) Ліквідацыя Цэнтра імя Ф. Скарыны ў Менску. Польскае радыё. Праверана 28 ліпеня 2021 г.
  15. Аксак, Валянціна (25 студзеня 2001) Націск на Скарынаўскі цэнтар Сёньня на Свабодзе. [[Свабода (радыё)|]]. Праверана 28 ліпеня 2021 г.
  16. Абакунчык, Галіна (30 красавіка 2002) Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар імя Францішка Скарыны скарачае амаль палову супрацоўнікаў Сёньня на Свабодзе. Радыё „Свабода“. Праверана 28 ліпеня 2021 г.
  17. Дзенісенка 2020. С. 254—255.
  18. Крывашэй 2019. С. 303.
  19. Сьпіс фондаў Фонды. Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва. Праверана 28 ліпеня 2021 г.
  20. А. Мальдзіс 2012. С. 63.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]