Перайсьці да зьместу

Мядзел

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Мядзель»)
Мядзел
лац. Miadzieł
Касьцёл Маці Божай Шкаплернай
Касьцёл Маці Божай Шкаплернай
Герб Мядзелу Сьцяг Мядзелу
Першыя згадкі: 1324
Магдэбурскае права: 6 кастрычніка 1762
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Мядзельскі
Плошча: 8,48 км² [1]
Вышыня: 164 м н. у. м.
Насельніцтва (2018)
колькасьць: 6911 чал.[2]
шчыльнасьць: 814,98 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1797
Паштовы індэкс: 222380
СААТА: 6240501000
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°52′30″ пн. ш. 26°56′0″ у. д. / 54.875° пн. ш. 26.93333° у. д. / 54.875; 26.93333Каардынаты: 54°52′30″ пн. ш. 26°56′0″ у. д. / 54.875° пн. ш. 26.93333° у. д. / 54.875; 26.93333
Мядзел на мапе Беларусі ±
Мядзел
Мядзел
Мядзел
Мядзел
Мядзел
Мядзел
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Мя́дзел — места ў Беларусі, паміж азёрамі Мястрам і Баторынам. Адміністрацыйны цэнтар Мядзельскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 6911 чалавек[2]. Знаходзіцца за 160 км на паўночны захад ад Менску, за 35 км ад чыгуначнай станцыі Княгінін (лінія Маладэчна — Полацак); на аўтамабільнай дарозе Менск — Нарач.

Мядзел — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся збудаваны ў стылі барока комплекс кляштару кармэлітаў з касьцёлам Маці Божай Шкаплернай, помнік архітэктуры XVIII ст., а таксама мясцовая Кальварыя.

Мадзела, пазьней Мэдэль (Madelo, Mädel) — імя германскага паходжаньня[3][4].

Дасьледнікі (найперш Міхась Чарняўскі) на аснове археалягічных раскопак мяркуюць, што ад пачатку паселішча месьцілася на адной з выспаў возера Мядзелу. Відаць, ад яго назвы і ўтварыўся тапонім. Пад уладай Савецкай Расеі ў рэчышчы палітыкі летувізацыі гідронім Мядзел прымеркавалі да летувіскай асновы medis 'дрэва'[5].

Варыянты напісаньня назвы ў гістарычных крыніцах: Медело, Меднол, Медюль, Мядзела, Мядзіла.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пісьмовых крыніцах Мядзел упершыню ўпамінаецца ў пачатку XIV стагодьдзя ў лацінамоўным лісьце вялікага князя Гедзіміна рыскаму біскупу, у якім ён скардзіцца на агрэсіўныя дзеяньні рыцараў-крыжакоў:

« Мы паведамляем Вам, … што мір… цяпер без якой-небудзь віны нашай па-варожаму парушаны крыжакамі — братамі Тэўтонскага ордэна, якія ўчынілі вялікую шкоду землям, якімі мы валодалі. Таксама яны напэўна захапілі б наш замак Медзела, каб ня быў ён так добра ўмацаваны, аднак мноства людзей яны забілі і многіх павялі з сабой. »
Замак паводле мапы 1613 г.

У літаратуры найчасьцей сустракаецца датаваньне гэтага ліста 1324 годам. У апошні час дасьледнікі Мікалай Волкаў і Мікалай Плавінскі сьцьвердзілі, што гэтую крыніцу трэба датаваць 1325 годам[6].

Археалягічныя дасьледаваньні выявілі, што першапачаткова ў X—XI стагодзьдзях умацаванае драўлянае паселішча знаходзілася на найбольшай высьпе возера Мядзела — высьпе Замку. У канцы XIV — пачатку XV стагодзьдзяў зь нявысьветленых да канца акалічнасьцяў Мадзел перанесьлі на паўночна-ўсходні бераг возера Мястры (за 10 км ад былога месцазнаходжаньня). Імаверна, прычынай гэтаму стаў мор. Насельнікі, што здолелі выжыць у час эпідэміі, заснавалі новае паселішча з старой назвай ужо на беразе возера Мястры.

Сьвяты Юстын на фоне касьцёла

Да пачатку XX стагодзьдзя мястэчка Мядзел падзялялася на Стары (паўночная частка) і Новы (паўднёвая частка) Мядзел. Стары Мядзел упершыню ўпамінаецца ў 1454 годзе (з нагоды будаваньня ў ім касьцёла[7]), а Новы Мядзел — у 1463 годзе[8]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў абодва мястэчкі ўвайшлі ў Ашмянскі павет Віленскага ваяводзтва.

Доўгі час Стары Мядзел зьяўляўся ўласнасьцю магнатаў і зямянаў (Саковічаў, Радзівілаў, Францкевічаў, Райскіх, Грабкоўскіх, Кошчыцаў, Дварэцкіх, Козел-Паклеўскіх). У вайну з Маскоўскай дзяржавай (1500—1503) захопнікі разбурылі і разрабавалі паселішча, спалілі касьцёл[7]. У 1543 годзе тут збудавалі капліцу. У 1736 годзе Стары Мадзел атрымаў статус мястэчка. У 1754 годзе ўладар паселішча А. Кошчыц збудаваў мураваны касьцёл і кляштар кармэлітаў. 6 кастрычніка 1762 году жыхары Старога Мядзела атрымалі Магдэбурскае права і дазвол на 4 кірмашы штогод.

Жыхароў Новага Мядзела, «кароннага» мястэчка (зь сярэдзіны XVI стагодзьдзя — места) называлі «мяшчанамі гаспадарскімі», то бок вялікакняскімі, дзяржаўнымі. Неаднаразова яны атрымлівалі прывілеі ад уладароў Рэчы Паспалітай на правядзеньне кірмашоў. Таксама мястэчка набыла разнастайныя падатковыя палёгкі. Паводле сьцьверджаньня Аляксея Сапунова, гісторыка XIX ст., жыхары Новага Мядзела нават атрымалі ад Жыгімонта Старога з просьбы яго жонкі Боны Сфорца Магдэбурскае права. Такім чынам мяшчане Новага Мядзела самі абіралі войта. Аднак дагэтуль ня знойдзена дакумэнтальных пацьверджаньняў таго, што паселішча мела Магдэбурскае права. Новым Мядзелам, як каралеўскім уладаньнем, кіравалі старосты, адмыслова прызначаныя вялікім князем. Сярод мядзельскіх старостаў з 1590 году быў і канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега. Апошні меў вялікія ўладаньні ў ваколіцах мястэчка. Паводле інвэнтару 1777 году, існавалі Рынак і 7 вуліцаў: Рынкавая, Замкавая, Віленская, Дунілавіцкая, Даўгінаўская, Царкоўная, Варас.

У 1791 годзе Стары і Новы Мядзел увайшлі ў склад Завялейскага павету Віленскага ваяводзтва.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Мячэт, малюнак 1923 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Мядзел апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вялейскім павеце Менскай, з 1842 году — Віленскай губэрні. На 1800 год у Старым Мядзеле было 40 двароў, у Новым — 77. За часамі вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у красавіку 1831 году аддзел паўстанцаў пад камандаю С. Радзішэўскага на пэўны час вызваліў Новы Мядзел з-пад расейскага панаваньня.

У 1843 годзе ў Старым Мядзеле адкрылася школа, дзе ў 1884 годзе навучаліся 25 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі. У 1848 годзе расейская народная вучэльня адкрылася ў Новым Мядзеле (у 1866 годзе тут навучаліся 52 хлопчыкі, у 1896 годзе — 83 хлопчыкі і 14 дзяўчынак)[9]. На 1860 год у Старым Мядзеле было 25, у Новым — 86 двароў. На 1885 год у Старым Мядзеле існавалі царква, юдэйскі малітоўны дом, бровар і карчма, у Новым — 95 двароў, касьцёл, капліца, царква, сынагога, багадзельня, 4 крамы, 4 заезныя корчмы, паштовая станцыя, фэльдчарскі пункт. У пачатку XX стагодзьдзя мястэчкі злучыліся.

За часамі Першай сусьветнай вайны у лютым 1918 году Мядзел занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мядзел абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Мядзельскай воласьці накіроўвалі ў Народны Сакратарыят скаргі на дзеяньні нямецкіх войскаў[10]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі мястэчка ўвайшло ў склад Беларускай ССР[11]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Мядзел апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Дунілавіцкага, з 1926 году Пастаўскага павету Віленскага ваяводзтва. На 1921 год у мястэчку было 170 двароў, 2 касьцёлы, царква, мячэт, сынагога, гарбарня, аптэка, млын.

У 1939 годзе Мядзел увайшоў у БССР, дзе 15 студзеня 1940 году стаў цэнтрам раёну. Статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусьветную вайну з 2 ліпеня 1941 да 4 ліпеня 1944 году Мядзел знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху. 17 лістапада 1959 году ён атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу[12]. 20 сьнежня 1998 году Мядзел зноў атрымаў статус места.

  • XVII стагодзьдзе: 1800 год — 111 чал. у Старым Мядзеле[13] і 241 чал. у Новым Мядзеле[14]
  • XIX стагодзьдзе: 1860 год — 613 чал. у Новым Мядзеле, 227 чал. у Старым Мядзеле[8]; 1866 год — 654 чал. у Новым Мядзеле, у тым ліку 344 каталікі, 52 праваслаўныя, 258 юдэяў; 349 чал. у Старым Мядзеле, у тым ліку 58 каталікоў, 29 праваслаўных, 201 юдэй, 61 магамэтанін[15]; 1885 год — 713 чал. у Новым Мядзеле, 245 чал. у Старым Мядзеле[8]
  • XX стагодзьдзе: 1904 год — 1235 чал. у Новым Мядзеле, 229 чал. у Старым Мядзеле[8]; 1921 год — 825 чал.[16][17]; 1998 год — 8,7 тыс. чал.[8]
  • XXI стагодзьдзе: 2006 год — 7,2 тыс. чал.; 2009 год — 7065 чал.[18] (перапіс); 2015 год — 6924 чал.[19]; 2016 год — 6871 чал.[20]; 2017 год — 6949 чал.[21]; 2018 год — 6911 чал.[2]

Яшчэ ў 30-я гады XX стагодзьдзя ў Старым і Новым Мядзеле дзеялі два касьцёлы, царква, сынагога і мячэт. На сёньняшні дзень захаваўся толькі адзін касьцёл — Маці Божай Шкаплернай, збудаваны ў 1754 годзе. Пры касьцёле ёсьць катэхізіс. Касьцёл Сьвятога Станіслава быў спалены ў 1942 годзе.

У 2006 годзе ў Мядзеле збудавалі Траецкую царкву, пры якой дзее нядзельная школа.

У Мядзеле працуюць гімназія, 2 сярэднія і музычная школы, 2 дашкольныя ўстановы, дзіцячы інтэрнат.

Дзеюць дом культуры, дом дзіцячай творчасьці, клюб, 3 бібліятэкі.

Працуе дзіцяча-юнацкая спартовая школа, дзе дзеці і юнакі праходзяць навучаньне плаваньню на байдарках і каноэ, а таксама лыжным гонкам.

На тэрыторыі Мядзела знаходзіцца мескі стадыён.

Грамадзка-адміністрацыйны і культурны цэнтар Мядзела — пляц Волі фармуецца на перакрыжаваньні вуліцаў 17 Верасьня і Крупскай. Галоўная кампазыцыйная вось — вул. 17 Верасьня перасякае места з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход, забудаваная 2—5-павярховымі дамамі. Жылая зона пераважна на ўзьбярэжжы возера Мястры, падзяляецца на паўночна-заходні, паўднёва-ўсходні і ўсходні плянавальныя раёны.

Афіцыйная назва Гістарычная назва
17 верасьня вуліца Даўгінаўская вуліца
Ленінская вуліца Дунілавіцкая вуліца
Набярэжная вуліца Пастаўская вуліца
Савецкая вуліца Жыдоўская вуліца

Таксама існавалі вуліцы Рынкавая, Замкавая, Віленская, Царкоўная і Варас[22].

Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці.

Пералік прамысловых прадпрыемстваў Мядзелу
  • ААТ «Мядзельскае аграпрамэнэрга»
  • ААТ «Мядзелаграсэрвіс»
  • ПУП «Хлебапек»

Грамадзкі грамадзкі транспарт складаецца з двух аўтобусных маршрутаў. Абодва яны злучаюць рознымі шляхамі плошчу Шаранговіча і Мядзельскую цэнтральную раённую больніцу. У сьвяты і нядзелі дзеяў толькі адзін машрут.

Міжмескі транспарт — аўтобусны, маршрутнае таксі.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Мядзельская Кальварыя

Мядзел — адміністрацыйны цэнтар Нарачанскага курортнага рэгіёну. У месьце 2 гатэлі, філія дзіцячай турыстычнай базы[23].

Захаваліся помнікі археалёгіі: гарадзішча і селішча X—XIII—XVII стагодзьдзяў на паўвысьпе возера Мястры, а таксама курганны могільнік X—XI стагодзьдзяў.

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ «Об установлении границ города Мяделя и сельсоветов Мядельского района Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 30 декабря 2013 г. № 257 (рас.)
  2. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  3. ^ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 1112.
  4. ^ Eule R. Germanische und fremde Personennamen als heutige deutsche Familiennamen // Festschrift zu dem fünfzigjährigen jubiläum des Friedrichs-realgymnasiums in Berlin. — Berlin, 1900. S. 48.
  5. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 249.
  6. ^ Волкаў М., Плавінскі М. Мядзельскі замак у святле пісьмовых і археалагічных крыніц // Архіварыус. Вып. 13. Менск, 2015. С. 67.
  7. ^ а б Князева В. Мядзел // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 331.
  8. ^ а б в г д Князева В. Мядзел // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 245.
  9. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 3. — Менск, 2012. С. 486.
  10. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  11. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  12. ^ Указ Прэзыдыюма Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 17 лістапада 1959 году
  13. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 3. — Менск, 2012. С. 484.
  14. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 3. — Менск, 2012. С. 485.
  15. ^ Krzywicki J. Miadzioł // Słownik geograficzny... T. VI. — Warszawa, 1885. S. 283.
  16. ^ Князева В. Мядзел // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 246.
  17. ^ БЭ. — Мн.: 2000 Т. 11. С. 67.
  18. ^ Перепись населения — 2009. Минская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  19. ^ Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  20. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  21. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  22. ^ Татаринов Ю. Города Беларуси в некоторых интересных исторических сведениях. Минщина. — Минск, 2008.
  23. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  24. ^ Стары здымак. Мячэць у Старым Мядзеле // Нарачанская зара. — №164—166. — 13 сьнежня 2003 г.
  25. ^ Беларуская мінуўшчына. — №4. — 1996. — С. 35—36.
  26. ^ o. Jan Fibek OFMCap

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]