Мястра
Возера
Мястра
Мястра на мапе Беларусі ![]() ![]() Мястра | |||||||||||||||||||||||
![]() |
Мя́стра — возера ў Беларусі, у басэйне ракі Нарачанкі. Знаходзіцца ў Мядзельскім раёне Менскай вобласьці, на паўднёвы захад ад Мядзелу. Належыць да Нарачанскай групы азёраў, другое велічынёй у гэтай групе. Плошча паверхні возера 13,1 км². Даўжыня 5,8 км, найбольшая шырыня 4,5 км. Найбольшая глыбіня дасягае 11,3 м, сярэдняя складае 5,4 м. Аб’ём вады 70,2 млн м³. Даўжыня берагавой лініі 20,2 км[2].
Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Катлавіна падпруднага тыпу, выцягнутая з поўначы на поўдзень. Схілы вышынёй 2—3 м (на поўначы і паўночным усходзе 6—10 м), разараныя, на поўдні і паўднёвым захадзе пад лесам. Берагавая лінія ўтварае некалькі паўвыспаў і затокаў (Панасаўка, Мядзельская лука, Паўночная лука). Берагі на поўначы і паўночным усходзе зьліваюцца з схіламі, астатнія нізкія, пясковыя, на поўдні і ўсходзе забалочаныя. На асобных дзялянках уздоўж берагоў — берагавы вал вышынёй да 1 м.
Дно паўночнага плёса складанай будовы, з шматлікімі падняцьцямі, якія чаргуюцца з упадзінамі. Зона мелкаводзьдзя пясковая, на асобных дзялянках пяскова-галькавая, высьцілаецца валунамі. Глыбей пашыраюцца сапрапэлі і глей. Расьліннасьць утварае ўздоўж берагоў некалькі палосаў (падводная пашыраецца да глыбіні 4 м).
Возера эўтрофнае. Злучаецца ручаямі з Нараччу і Баторынам. Вада выцякае ў Нарач праз пратоку Скему, а ўцякае праз раку Дробню, што злучае возера з Баторынам. Водны балянс возера мае падабенства да воднага балянсу Нарачы.
Флёра і фаўна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У возеры налічваецца 48 відаў водных расьлінаў (трысьнёг, чарот, рдзесты, эладэя, шышняк, харавыя водарасьці ды іншыя), 102 віды фітапланктона, 56 відаў зоапланктона. Сярэдняя біямаса складае ад 2 да 4,7 г/м³. Таксама налічваецца 56 відаў і формаў дольных жывёлаў, у тым ліку 30 хіранамідаў і 9 малюскаў.
Спрыяльны газавы, тэмпэратурны і хімічны рэжым возера і багатая харчавальная база станоўча ўплываюць на разьвіцьцё колькасьці і разнастайнасьці рыбаў. У возеры водзяцца ляшчы, шчупакі, вугры, платва, яльцы, язі, краснапёркі, ліні, пескары, выкляя, гусьцера, самы, налімы, уюны, акуні, залатыя і срэбныя карасі. Возера неаднаразова зарыблася судакамі, срэбнымі карасямі, сазанамі. Шырока разьвіцьцё атрымала прамысловая і аматарская рыбная лоўля.
На берагох возера разьмяшчаюцца Мядзел, а таксама вёскі Мікольцы, Гатавічы, Гірына, Качаргі. Возера ўваходзіць у курортную зону «Нарач».
Панарама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Краявіды Мястра
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ а б GeoNames (анг.) — 2005.
- ^ Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 3: Катэнарыя ― Недайка / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. С. 410.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Менск: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 3: Катэнарыя ― Недайка / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. — 485 с.