Баторына
Возера
Баторына
Баторына на мапе Беларусі ![]() ![]() Баторына | |||||||||||||||||||||||
![]() |
Бато́рына, Бато́рын — возера ў Мядзельскім раёне Менскай вобласьці Беларусі. Уваходзіць у Нарачанскую групу азёр.
Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Возера знаходзіцца ў басэйне ракі Нарачанкі, якая зьяўляецца прытокам Вяльлі і ўваходзіць у сыстэму Нёману. Разьмяшчаецца на паўднёвы ўсход ад Мядзелу, каля вёсак Круці, Азаркі, Шыкавічы.
- Плошча возера — 6,25 км²
- Найбольшая глыбіня — 5,5 м
- Сярэдняя глыбіня — 2,4 м
- Плошча вадазбору — 92,4 км²
- Найбольшая даўжыня — 3,5 км
- Найбольшая шырыня — 2,4 км
- Даўжыня берагавой лініі — 15 км
- Аб’ём вады — 15,03 млн м³
19% плошчы вадазбору возера складае дрыгва. 25% плошчы вадазбору складаюць зьмешаныя і хваёвыя лясы.
Катлавіна возера адкрытая і плоская. Гэта садзейнічае інтэнсіўнаму перамешваньню водных масаў, у выніку чаго ў бязьлёдны пэрыяд у возеры ўсталёўваецца гаматэрмія. У бязьветранае надвор’е назіраецца розьніца ўтрыманьня кіслароду: у такі час ягоная колькасьць можа значна паменшыцца ў пластах вады каля дна. У той самы час у паверхневых пластах ягоная колькасьць значна перавышае 100%.
У возера ўпадае рака Кубля, ручай і 10 міліярацыйных каналаў, але возера належыць да ліку слабапратокавых вадаёмаў. Таксама існуе сьцёк у возера Мястра па рацэ Дробня (Баторынская ручаіна). Баторына грае ролю вадазборніка водаў з балотнага масіву, які разьмяшчаецца на захадзе і паўночным захадзе. а таксама возера затрымлівае мінэральныя і біягенныя рэчывы, якія паступаюць у сыстэму Нарачанскіх азёр.
Флёра і фаўна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Існуюць пэўныя прыкметы антрапагеннага забруджваньня вадаёму. Гэта выяўляецца ў рэзкіх зьмяненьнях узроўню ўтрыманьня кіслароду, павышанай колькасьці арганічных рэчываў (акісьляльнасьць складае 8—17 мг/л) і афарбаванасьці вады (25—30°), а таксама ва ўтварэньні паблізу дна слабакіслай рэакцыі. Празрыстасьць вады складае ад 0,5 мэтра ўлетку да 1,5 мэтра ўзімку. Велічыня мінэралізацыі — ад 200 да 250 мг/л.
Да глыбіні 1,5 мэтра шырокае распаўсюджаньне атрымалі цалкам схаваныя пад вадой макрафіты. Шырыня іхнага распаўсюджваньня — 150—200 мэтраў. У асноўным гэта трысьцё і чарот з дамешкамі аеру.
Фітапланктон вельмі багаты і прадстаўлены 136 відамі водарасьцяў, сярод якіх пераважаюць сіне-зялёныя і дыятомавыя. Біямаса фітапланктону ў чэрвені-ліпені дасягае 30,2—39,8 г/м³.
Заапланктон прадстаўлены 49 відамі, 22 зь якіх належаць да відаў галінаставусых і весланогіх рачкоў. Біямаса — 4,77 г/м³.
Возера багатае на рыбу, па складу іхтыёфаўны адносіцца да карасева-лінавых вадаёмаў. Сустракаюцца ляшчы, шчупакі, платва, гусьцера, акуні, часам — вугор. Возера неаднаразова зарыблялася.
Уплыў на возера[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
На Баторына ў значнай ступені ўзьдзейнічае шматбаковы ўплыў гаспадарчай дзейнасьці. Яно зьяўляецца прамальнікам балотных водаў, сьцёкаў жывёлагадоўчых фэрмаў, якія разьмешчаныя на паўднёвым беразе. Уплыў сьцёкавых водаў адбіўся на пагаршэньні гідрахімічнага рэжыму вадаёма. Таксама возера зьяўляецца аб’ектам прамысловай і аматарскай рыбнай лоўлі, нязначна выкарыстоўваецца ў рэкрэацыйных мэтах.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Блакітная кніга Беларусі: энцыкл. / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Менск: БелЭн, 1994. — 415 с. ISBN 5-85700-133-1. С. 55
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Баторына — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- ^ GeoNames — 2005.