Перайсьці да зьместу

Гісторыя Мядзела

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Мядзел — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся збудаваны ў стылі барока комплекс кляштару кармэлітаў з касьцёлам Маці Божай Шкаплернай, помнік аріхтэктуры XVIII ст., а таксама мясцовая Кальварыя.

Старажытны пэрыяд

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Археалягічныя дасьледаваньні выявілі, што першапачаткова ў X—XI стагодзьдзях умацаванае драўлянае паселішча знаходзілася на найбуйнейшым востраве возера Мядзел — Замак.

У пісьмовых крыніцах Мядзел упершыню згадваецца ў пачатку XIV стагодзьдзя ў лацінамоўным лісьце вялікага князя Гедыміна рыскаму біскупу, у якім ён скардзіцца на агрэсіўныя дзеяньні рыцараў-крыжакоў:

« Мы паведамляем Вам, … што мір… зараз безь якой-небудзь віны нашай па-варожаму парушаны крыжакамі — братамі Тэўтонскага ордэну, якія прычынілі вялікую шкоду землям, якімі мы валодалі. Таксама яны напэўна захапілі б наш замак Медзела, каб ня быў ён так добра ўмацаваны, аднак мноства людзей яны забілі і многіх павялі з сабой. »

У літаратуры найчасьцей сустракаецца датаваньне гэтага ліста 1324 годам. У апошні час дасьледчыкі Мікалай Волкаў і Мікалай Плавінскі сьцьвердзілі, што дадзеную крыніцу трэба датаваць 1325 годам[1].

«Лівонская хроніка» Герамана Вартбэрга паведамляе пра працяг крыжацкай агрэсіі ў 1378 годзе: «У 1378 годзе брат Вільгельм, магістар лівонскі, паслаў ляндмаршала, брата Робіна супраць рутэнаў (г. зн. праваслаўных) у вобласьці замка Мэ(н)дэлена, якія былі вернымі язычнікам і падтрымлівалі іх. Ён напаў у нядзелю пасьля Епіфанія (10 студзеня), і спусташаў старану два дні, вынішчаючы людзей, спальваючы жытло, забіваючы скаціну; а забралі з сабой 300 рутэнаў абедзьвюх плоцяў і 400 коней».

У 1410 годзе адбыўся разгром крыжакаў пад Грунвальдам. Аднак падчас працэсу 1412—1413 гг. польска-ліцьвінскі бок абвінаваціў крыжакаў, што пасьля заключэньня міру (1411 г.), яны «fraudulenter et dolose teras et provincias dicti domini ducis Vitholdi subintrantes, districus videlicet Medeli, Swyre et Brachslaw et Poloczsko invaserunt et depopulaverunt». Прыблізны пераклад гучыць наступным чынам: «вераломствам і падманам землі і правінцыі да ўдзелу вялікага князя прыналежачых, паветы Мядзел, Сьвір, і Браслаў, і Полацак уварваліся і спустошылі». Агульныя страты склалі 2000 коп грошаў прускіх.

У канцы XIV — пачатку XV стагодзьдзяў зь нявысьветленых да канца акалічнасьцяў Мядзел перанесьлі на паўночна-ўсходні бераг возера Мястра (за 10 км ад былога месцазнаходжаньня). Імаверна, прычынай гэтаму стаўся мор. Насельнікі, што здолелі выжыць падчас эпідэміі, заснавалі новае паселішча са старой назвай ужо на беразе возера Мястра. У працэсе далейшага разьвіцьця мястэчка Мядзел падзялілася на дзьве часткі: Стары (паўночная частка) і Новы (паўднёвая частка) Мядзел. Стары Мядзел вядомы з 1454 году (з нагоды будовы ў ім касьцёла[2]), а Новы Мядзел — з 1463 году[3].

Доўгі час Стары Мядзел зьяўляўся ўласнасьцю магнатаў і абшарнікаў (Саковічаў, Радзівілаў, Францкевічаў, Райскіх, Грабкоўскіх, Кошчыцаў, Дварэцкіх, Козел-Паклеўскіх).

21 лютага 1457 году полацкі намесьнік Андрэй Саковіч выдаў даравальную грамату для заснаванага ім парафіяльнага касьцёла ў Мядзеле. Моўны выраз з граматы «дзесяціна ўлову рыбы зь дзяльніцы нашай» тлумачыцца тым, што дзесяціна ішла ня толькі з улову двара Андрэя Саковіча, але і з улову пана Скяміны (магчыма, назва ракі Скема паходзіць ад яго імя). У грамаце Андрэя Саковіча ўзгадваецца маёнтак званы Родам (Радкі).

У 1484 годзе кароль польскі і вялікі князь літоўскі Казімер пацьвердзіў права ўласнасьці на Мядзел троцкаму ваяводу Багдану Саковічу. Яго адзіная дачка Альжбэта выйшла замуж за князя Мікалая Мікалаевіча Радзівіла (1470—1521).

Князь М. М. Радзівіл быў адзін з самых уплывовых людзей свайго часу і займаў важныя дзяржаўныя пасады — падчашы (1493), маршалак земскі (1505), ваявода Троцкі (1505—1510), Пан Рады Вялікага княства. 20 чэрвеня 1510 кароль Жыгімонт выдаў «Привелей пану Миколаю Миколаевичу Радивиловича на воеводство Виленское и концълерство Великого князства Литовского до живота его милости». М. М. Радзівілу належылі буйныя зямельныя ўладаньні. Выкарыстаўшы сутоку падчас мяцяжу Міхала Глінскага, ён прыхапіў да свайго Ганядзкага замку значную частку памежных тыкоцынскіх зямель Альбрэхта Гаштольда. Пасьля шлюбу з Альжбэтай Саковіч яго зямельныя ўладаньні павялічыліся за кошт мядзельскай латыфундыі. У 1516 годзе князь Ян Янавіч Сьвірскі з жонкай Ганнай «взяли за сына» Мікалая Радзівіла і падаравалі яму сваю частку маёнтка Мядзел, што была далучана да папярэдняй. 25 лютага 1518 году на Вэнскім кангрэсе М. Радзівіл атрымаў ад імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі Максыміліяна I тытул «князя на Гонядзі і Мядзелах (Medelach)». У канцы свайго жыцьця распачаў міжусобную вайну з троцкім ваяводай А. Гаштольдам, падчас якой яго ганядзкі намесьнік Ванеўскі Кунца спаліў замак у Тыкоцыне. Пасьля ўзаемных «кгвалтов и наездов», справай іх хатняй вайны заняўся асабіста кароль. Спачатку ён праз сваіх камісараў спрабаваў замірыць двух магнатаў, а пазьней стаў на старане Гаштольда.

Пасьля сьмерці М. Радзівіла маёнткам працяглы час распараджалася яго ўдава. У 1522 годзе кароль разглядаў прэтэнзіі віленскага ваяводы А. Гаштольда да Альжбэты Радзівіл і яе сыноў. 17 лістапада 1523 году, паводле просьбы Яна Радзівіла, каралём быў падпісаны «Лист гсдръский, воеводиной Виленской пани Миколаевой Радивиловой даный, беручы ее зо всими сынми и дочками ее млсти и имени их в опеку и оборону гсдрскую». Гэты ліст спатрэбіўся сям’і Радзівілаў з-за працягу канфлікту з Гаштольдам. 15 ліпеня 1525 году Альжбэта Радзівіл разам з сынамі скардзілася каралю на «кривды великия» падданым у «именю их Ганезю» з боку ваяводы віленскага, канцлера, старасты бельскага і мазырскага Альбрэхта Гаштольда. Кароль адклаў разгляд справы да свайго прыезду ў Вялікае княства. Пра складанае становішча сям’і Радзівілаў сьведчыць таксама скарга Альжбэты на сваіх суседзяў: «[1525] Жаловала воеводиная Виленьская пани Алжбета о томъ, што жъ ей кривды и втиски, и шкоды велики се поделали в землях и в кгвалтехъ, и в наездкахъ, и в боехъ, и грабежохъ от князя Михайла Мсиславского и от маршалъковой пани Миколаевой Заберезинской, а от пановъ Зеновевичовъ, и от пана Яна Скинъдера, а от пана Яна Юндиловича, и от невестки ихъ пани Матеевой, и от ыншихъ обаполъных суседов». Кароль таксама адклаў вырашэньне справы да свайго прыезду ў Вялікае княства. Між тым, А Гаштольд пачаў ужо падбірацца да мядзельскіх уладаньняў Радзівілаў. 11 красавіка 1527 году А. М. Сьвірскі і яго жонка Сафія прадалі «добры свае дзедзічныя Мядзела і Кабыльнікі» віленскаму ваяводу Гаштольду і яго нашчадкам за 300 коп «вечным правам».

Уяўленьне пра памеры ўладаньняў Радзівілаў дае попіс войска ВКЛ 1528 году (уладальнік мусіў выстаўляць аднаго ўзброенага вершніка з кожнай восьмай службы, якая адпавядала на той час двум дымам-дварам, попісы ўказвалі на колькасьць выстаўленых родам вершнікаў). «Пани Миколаевая воеводиная виленьская пани Алжбета маеть /л. 6/ ставити двесте шестдесят коней». А вось яе сыны выстаўлялі агулам 179 вершнікаў: «Князь Миколай, бискуп холмский, з ыменей своих светских маеть ставити ку службе земской семдесят деветь коней. Пан Ян Миколаевич, подчашый господарьский, маеть ставити со всих именей своих шестдесят одного коня. Пан Станислав Миколаевич, державъца пенянский, маеть ставити трыдцать девять коней».

Пасьля сьмерці ў 1529 годзе Мікалая, біскупа Жамойцкага, уладаньні сям’і Радзівілаў пачалі імкліва скарачацца. Паводле тэстамэнту біскупа Мікалая мястэчка Кнышын з навакольнымі вёскамі пераходзілі ў каралеўскую ўласнасьць. Аднак Станіслаў Радзівіл не прызнаў тэстамэнту свайго брата i ўзброеным шляхам захапіў Кнышын. У сувязі з гэтым, 21 лютага 1530 году кароль зьвярнуўся да ўсіх зямян Бельскага павету з лістом, каб тыя ўзбройваліся i разам з «дворенином гсдрским ехали для взятя до рук гсдрскихъ именя Кнышина». 23 лютага 1530 году кароль напісаў ліст да намесніка i служкаў пана Станіслава Радзівіла, у якім пагражаў тых казніць у Бельску. 24 лютага 1530 кароль зьвярнуўся са сваім лістом да самаго пана Станіслава Радзівіла, ваяводзіча Віленскага, паводле якога адбіраў у яго дзяржаўныя двары Ўшполь i Пеняны, а часовым упраўляючым прызначаў дзяка Марка Васільева.

Каралеўская «мярзячка» да сям’i Радзівілаў выразна праявілася ў 1541 годзе. У «Метрыцы ВКЛ (1522—1552). Кніга запісаў 28» (Мн., 2000) зьмешчана «Посланье Богдана Левковича для созыва некоторых особ», прычым яно закранала i «пани воеводиную виленскую панию Миколаевую». Пасланьне тычылася пытаньня «о зобраньи земль, людей и пущи Марковской». Ва ўльтыматыўнай форме сказана было наступнае: «Абы стали и листы, и твердости на тамошние именья свои у повете Марковском перед господаремъ его милостью положили».

Незадоўга перад сваёй сьмерцю Ян Радзівіл наведаў Мядзел. У «Мэтрыцы Вялікага княства (1528—1547)». 6-я кніга судных спраў (Вільнюс, 1997) захаваўся ліст старасты жамойцкага, падчашага гаспадарскага і дзяржаўцы васілішкаўскага Яна Мікалая Радзівіла ад 16 мая 1542 г. У дадзеным лісьце пад назвай «Записан(ь)е прав подданых волости Жораньское на земли и повинности их» маецца наступны выраз: «Тыми часы, будучы намъ у ее м(и)л(о)сти паней матъки нашое, у Мяделе, жаловали намъ подданые г(о)с(по)д(а)рьскии земли Жомоитское, волости н(а)шое Жоранъское…»

А ўжо 30 чэрвеня 1542 году ў каралеўскім лісьце вялася гаворка пра нябожчыкаў А. М. Гаштольда і Я. М. Радзівіла: «…по зыштью з сего света тых панов воевод и иншихъ преложоныхъ а высокихъ рад его кр. млсти, которые въ тые часы, з воли Божее, змерли один по другому, — то ест — пан Олбрахтъ Мартинович Кгаштолтъ, воевода Виленский, канцлер Великого князьства, … староста Жомоитский, подчаший грский, державца Василишский, пан Ян Миколаевич Радивилъ». Новым віленскім ваяводай быў прызначаны Ян Юрэвіч Глябовіч, а жамойцкім старастай Мацей Вайцехавіч Яновіч.

На старонцы 1000 кнігі «Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Гродненская губерния/ сост. член-сотрудник Императорского Русского Географического Общества Генерального Штаба подполковник П.Бобровский» (Спб, 1863) пра гэтую галіну роду Радзівілаў адзначалася наступнае:

Пакроўскі Ф. у кнізе «Археологическая карта Виленской губернии» (Вільня, 1893) упершыню распавёў пра радзівілаўскі замак на возеры Мядзел: «По свидетельству фундушевой записи 1543 г. и народному преданию, на расстоянии одной версты от Сосновской церкви, на о-ве оз. Мядельского, существовал когда-то замок князей Радзивиллов, от которого никаких следов теперь не осталось».

Пазьней, Альжбэта Радзівілаўна і яе муж троцкі ваявода князь Януш Гальшанскі надалі за службу Багдану Капашчэўскаму маёнтак Чучаліцы каля Мядзелу ў Ашмянскім павеце. Аднак Багдан прадаў гэты маёнтак у 1562 годзе.

Жыхароў Новага Мядзелу, вялікакняскага (іншым разам «кароннага») мястэчка (часам званага і горадам), ужо ў сяр. 16 ст. называлі «мяшчанамі гаспадарскімі», г.зн. «вялікакняскімі або дзяржаўнымі».

Зь імем каралевы Боны Сфорцы (1494—1557), жонкі Жыгімонта I, зьвязана шмат мясцовых паданьняў. Паводле аднаго зь іх, каралева была чараўніцай, а цудадзейную сілу ёй даваў залаты бог з дыямэнтавымі вачыма. Гэты бог заховаўся ў каралеўскім замку, а вядомы быў яшчэ з паганскіх часоў. Сьцьвярджаюць, што Бона ажыўляла нябожчыкаў, вылечвала розныя хваробы, заваражыла Мядзел ад зьмеяў. Паданьне пра зьмеяў зьвязана найбольш верагодна з тым, што ў гербе Боны была іх выява.

Шэраг агульнадзяржаўных рэформаў падчас праўленьня Жыгімонта Аўгуста, сынам Боны Сфорцы, закраналі непасрэдным чынам і жыхароў Мядзелу. 1 красавіка 1557 г. была прынята Ўстава на валокі. Артыкул 28 гэтай Уставы прадугледжваў наступнае: «Осмого дня месяца апреля почнуться личбы з замков и дворов повету Виленского, з Браславля, з Опсы и з неводницств тамошних, з Дисен, з Довкгялишок з неводницством, з Ляхович, з Аины, с Красного Села, з Маркова, з Мядела, з Лебедева, з Дунилович, з Ушполь, с Пенян, з Абялы, з Утяны, з Оникшт, з Вилкомиря, з Воложина, з Болник; а докончаються того же месяца 21 дня».

7 жніўня 1559 году кароль Жыгімонт Аўгуст зьвярнуўся да мядзельскага старасты Мікалая Нарушэвіча з рэскрыптам аб вызваленьні ад чыншу двух валок зямлі, што належылі Мядзельскай Троіцкай царкве.

У падатковым лісьце ад 21 верасьня 1561 г. пад назвай «До кухни короля его милости кури и гуси мають быти посланы з дворов ег(о) королевское милости на певъные часы» было запісана: «В Маркове, в Мяделе и въ Куренъцы волокъ 510. Гусей 510 о[т]тол не слати. Куръ 1020 слати».

25 чэрвеня 1565 году Жыгімонт Аўгуст павінны быў прыехаць у Маладзечна. Каралеўскі пастой у гэты дзень забясьпечваўся за кошт дзяржаўных зямель Маркава і Мядзелу. Адказнай асобай прызначаўся Іван Федаровіч.

Паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў былі акрэсьлены межы новых паветаў, а таксама вызначаны мястэчкі для правядзеньня павятовых судоў: «Граница повету Ошъменьского. Отъ устья реки Жеймены, где у Велью впадываеть, рекою Жейменою уверхъ ажъ до озера Жеймена, отъ озера Жеймены у-въ озеро Шорковъ, а з Шоръковы въ озеро Дрынкгме, оттолъ въ озеро Дисны, а з озера рекою Дисною ажъ до устья реки Березвеча, у-верхъ рекою Березъвичомъ ажъ до озера Березвеча, оттоль у Великое озеро, а оттоль у Глубокое, оттоль речкою Кривою у-въ озеро Кривое, а озеромъ Кривымъ у Ластовицу реку, Ластовицею што напростей у болото Березово, отколь Березыня встала, оттоль до мосту великого на Березини, где граница пришла Меньская. Книги перъвшые у-въ Ошмене, другіе въ Мяделе, третіе у Швинътянехъ, естли бы потреба; суды того повету напервей мають починати въ Ошъмене, а по томъ въ Мяделе, а на конецъ у Швинътанехъ».

Неаднаразова жыхары Новага Мядзелу атрымлівалі прывілеі ад уладароў Рэчы Паспалітай на правядзеньне кірмашоў. Таксама мястэчка набыло разнастайныя падатковыя палёгкі. Паводле сьцьверджаньня Аляксея Сапунова, беларускага гісторыка XIX стагодзьдзя, жыхары Новага Мядзелу нават атрымалі ад Жыгімонта Старога з просьбы яго жонкі Боны Сфорца Магдэбурскае права. Такім чынам мяшчане Новага Мядзелу самі абіралі войта. Аднак дагэтуль ня знойдзена дакумэнтальных пацьверджаньняў таго, што паселішча мела Магдэбурскае права. Новым Мядзелам, як каралеўскім уладаньнем, кіравалі старосты, адмыслова прызначаныя вялікім князем.

На разьвіцьцё мястэчка нэгатыўным чынам уплывалі войны з Маскоўскай дзяржавай. У вайну з Маскоўскай дзяржавай (1500—1503) захопнікі разбурылі і разрабавалі паселішча, спалілі касьцёл.[2] У 1564 падчас Лівонскай вайны Мядзельскі, Барысаўскі і Дзісенскі замкі былі вызначаны ў якасьці зборных пунктаў аўса і жыта «для выживенья войска Польского». Прычым з Маркава і Мядзелу «казано живность до замку Борисовского слати».

15 чэрвеня 1573 году ў лісьце Івана Жахлівага да польскіх вяльможаў узгадваецца між іншымі «Миколай Нарушевич, подскарбий земский В. Кн. Лит., державца Марковский, Ушпольский, Пенянский и Мядельский».

Згодна са зьвесткамі радзівілаўскага інвэнтару 1584 г. на востраве возера Мядзел знаходзілася адзіная ў «волости Мядельского двора» руская царква, г. зн. праваслаўная. Воласьць складалася з наступных сёл: «Охабни», «Кропивна», «Кузьмийское», «Старомейское». Маёнтку належыла возера Мядзел, палова возера Мястра і частка возера Нарач.

10 сакавіка 1588 г. пажыцьцёвае права на «дзяржаву» Мядзела атрымаў канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега. Больш за трэць стагодзьдзя Сапега вызначаў сваёй дзейнасьцю палітыку краіны. Вялікая заслуга Сапегі ў тым, што ён прымаў самы чынны ўдзел у падрыхтоўцы і выданьні дасканалага зводу фэадальнага права пад назвай «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г.». Сапега напісаў да яго дзьве прамовы, адна зь якіх — выступленьне на Варшаўскім сойме — яркі ўзор беларускага сьвецкага красамоўства XVI ст. Статут дзейнічаў на землях Беларусі 250 гадоў.

15 чэрвеня 1657 году ў сваім тэстамэнце жонка Міхала Зяновіча — Троцкая падкамаранка Апалонія (у першым шлюбе Пацавая, ураджоная Агінская) запісала наступнае: «на царкву Мядзёльскую пяцьдзесят злотых; на шпіталь, пры той царкве дзейнічаючы, сорак злотых».

Сярэдзіна XVII стагодзьдзя ўвайшла ў гісторыю пад назвай «Крывавы патоп». Падчас трынаццацігадовай вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) адбылася 8 лютага 1659 году бітва пад Мядзелам. Маскоўскае войска на чале з гетманам Іванам Хаванскім разграміла войска ВКЛ генэрала Мікалая Юдыцкага і палкоўніка Ўладзіслава Валовіча. Прымаў удзел у Мядзельскай бітве і шляхціц ВКЛ Аляксандар Дыянісі Скорабагаты альбо Войшка-Скорабагаты (06.09.1639 — 20.08.1699). Пакінуў пасьля сябе дзёньнік, які ў 2000 годзе быў выдадзены ў Варшаве на польскай мове. У «Актах, относящихся к истории Западной России, собранных и изданных Археографической комиссией.» -Т.5. 1633—1699. — (Санкт-Пецярбург, 1853) прыводзіцца ўрывак чалабітнай віленскіх і ашмянскіх шляхціцаў цару Аляксею Міхайлавічу: «…так же панья Франтишкова Загорского Селистровская под час Мядельской войны в дому ж з сыном взята, и ныне зостаеть под Псковом у боярина у Кокошкина». Найбольш верагодна, што з гэтымі падзеямі суадносіцца схованка скарбу, пра які пісаў Ф. Пакроўскі: «В 1891 году одним крестьянином м. Мядель найдены были на своем огороде довольно массивное серебреное кольцо с короной, такая же пряжка, ложка в форме церковной лжицы, цепочка, рюмка с задвижкой со стороны (?) и 20 преимущественно польско-литовских монет XVI—XVIІ ст.». Паводле рашэньня сойму шляхты Полацкага ваяводзтва 1661 году: «Сеймик на время войны — в Мядзеле; здесь же будут производиться выборы в земские учреждения».

26 чэрвеня 1666 году Грыгор Казімер Падбярэскі, кухмістар ВКЛ, стараста Упіцкі, Гульбінскі, адміністратар Вабольніцкай эканоміі, генэральны камадзір войскаў ВКЛ, выдаў загад у Вільні:

«…Каб найшаноўнейшыя панове і браты са сваімі харугвамі зараз жа выступілі з гораду, пасьлядоўна ішлі пад Мядзёл і там як найхутчэй сталі абозам на трэці дзень ліпеня. А дзе можна і за адзін дзень, каб усё войска сабраць супраць таго ворага, у той момант, калі рэспубліка нават маленькай затрымкі трываць ня можа і калі невыносная згуба Айчыны, маці нашай, з ганку будзе вымагаць збору, прашу пільнага імпэту, панове, узмоцнена дадаць, днём і ноччу пасьпешліва прыбываць і зьбірацца пад Мядзёл».

8 ліпеня 1666 году Грыгор Падбярэскі зьвярнуўся да войска з унівэрсалам падобнага зьместу: «…каб дзеля любові да Айчыны да войска шлі і супраць ворагаў з войскам злучыліся пад Мядзёлам».

8 ліпеня 1678 году ў Мядзеле адбылося судовае пасяджэньне Трыбуналу па справе сэньёраў Віленскага евангеліцкага збору і Міраслава Рагозы.

Ва Ўнівэрсале караля Аўгуста ІІ аб спагнаньні падводнай павіннасці з гарадоў і мястэчак Вялікага княства Літоўскага (1699) запісана: «з Мядзёла злотых сорак». У гэтым Універсале кароль абвяшчае цывільнаму насельніцтву княства, што назначае галоўным пошт-дырэктарам Шрэттэра і размяркоўвае падатак у 12000 польскіх злотых сярод усіх гарадоў і мястэчкаў княства.

Летам 1708 году са Сьвянцянаў праз Кабыльнік і Мядзел рухаўся ў кірунку Даўгінава 11-тысячны корпус швэдзкага генэрала Адама Людвіга Левэнгаўпта. У Даўгінава корпус прыбыў 15 жніўня на двухтыднёвы пастой.

У 1736 годзе Стары Мадзел атрымаў статус мястэчка. У 1754 годзе ўладар паселішча А. Кошчыц збудаваў мураваны касьцёл і кляштар кармэлітаў.

6 кастрычніка 1762 году, пасьля звароту Антона Кошчыца і яго жонкі Барбары з Воінаў Кошчыц да караля Аўгуста ІІІ, жыхары Старога Мядзелу атрымалі Магдэбурскае права і дазвол на 4 штогадовыя кірмашы: «адзін у дзень стрэчаньня Гасподняга, 2 лютага; другі ў дзень сьвятога Ёсіфа, 19 сакавіка; трэці ў дзень сьвятога Апостала Якава, 23 ліпеня; чацьверты ў дзень Зачацьця сьвятою Ганнаю Прачыстай Дзевы Марыі, 8 сьнежня, паводле рымскага календару».

У 1793 годзе, пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай, Стары Мядзел увайшоў у склад Расеі (Завялейскі павет з цэнтрам у Паставах).

У складзе Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Мядзел апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вялейскім павеце Менскай, з 1842 году — Віленскай губэрні. Магдэбурскае права Старога Мядзелу было скасавана.

У 1794 годзе мясцовае насельніцтва выступіла ў падтрымку паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі.

Станам на 1860 год у Старым Мядзеле было 25, у Новым — 86 двароў. На 1885 год у Старым Мядзеле існавалі царква, габрэйскі малітоўны дом, бровар і карчма, у Новым — 95 двароў, касьцёл, капліца, царква, сынагога, багадзельня, 4 крамы, 4 заезныя корчмы, паштовая станцыя, фэльчарскі пункт. У пачатку XX стагодзьдзя мястэчкі злучыліся.

Пад уладай Польшчы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1 чэрвеня 1920 году мястэчка Мядзел атакаваў 6 полк стральцоў Войска Польскага(pl).

У выніку наступу Чырвонай арміі пад кіраўніцтвам М. Тухачэўскага, тэрыторыя рэгіёну апынулася пад савецкай уладай («першыя саветы»). 12 ліпеня 1920 году паміж Савецкай Расеяй і Летувой была заключана мірная дамова. Паводле мірнай дамовы мяжа праходзіла «па рацэ Нарач і каля вёскі Чарэмшчыца ў адлегласьці каля вярсты ад яе зварочвае да поўначы і праходзіць па ўсходнім ўскрайку возера Бляда; у адлегласьці каля адной вярсты ад яго праходзіць да поўначы праз возера Мястра і па выхадзе з гэтага возера па сухадоле паміж вёскай Мікольцы з заходняга боку і вёскай Мінчакі з усходняга боку; далей па поўначы і па заходнім ускрайку вёскі Валочак прыблізна ў адной вярсьце ад яе; адтуль да поўначы праз возера Мядзел да заходняга ўскрайку вёскі Перагародзьдзе прыблізна за адну вярсту ад яе; адтуль у кірунку да вытоку ракі Мядзёлка і па гэтай рацэ да ўпадзеньня яе ў Дзісну…» і падзяляла сучасную тэрыторыю Мядзельскага раёну на дзьве часткі па лініі былога расейска-нямецкага фронту часоў Першай сусьветнай вайны.

7 лістапада 1920 году Мядзельская гміна была ўключана польскімі ўладамі ў склад Дунілавіцкага павету. Кіраўніцтва ажыцьцяўлялася Ўправай прыфрантавых і этапавых тэрыторыяў (Zarząd Terenów Przyfrontowych i Etapowych). 19 лютага 1921 г. тэрыторыя Дунілавіцкага павету далучана да Наваградзкага ваяводзтва. Станам на 1921 год у мястэчку было 170 двароў, 2 касьцёлы, царква, мячэць, сынагога, гарбарня, аптэка, млын.

Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Мядзел апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. 19 красавіка 1922 г. павет прылучаны да польскай Віленскай зямлі, пераўтворанай 20 студзеня 1926 г. у Віленскае ваяводзтва. 1 студзеня 1926 г. назва Дунілавіцкага павету была заменена на Пастаўскі павет Віленскага ваяводзтва. 1 красавіка 1927 г. да Мядзельскай гміны была далучана частка гміны Кабыльнік; частка абшару Мядзельскай гміны была прылучана да гмінаў Жосна і Манькавічы (паводле загаду міністра ўнутраных спраў Славоя Складкоўскага ад 11 лютага 1927 г.).

Пры Польшчы паловай вострава Замак на возеры Мядзел валодаў Ян Пятровіч Клечка. Яго сын, жыхар Мядзела, Адольф Іванавіч Клечка данёс да нашых дзён наступную легенду: «Бацька расказваў, што ў старажытныя часы на востраве, абнесеным крэпасьцю, жыла каралева, мела пры сабе армію. У час вайны са швэдамі яе палац і ахова былі зьнішчаны. Разбураны і мост, які быў пракладзены да вострава з боку вёскі Скары. Мой бацька памятае тыя моцныя палі, забітыя ў неглыбокае дно. У час лоўлі рыбы за палі часта чапляліся сеткі. А месца гэтае і да цяперашняга часу носіць назву Маставіца».

У 1939 годзе ў Новым Мядзеле было 147 дамоў на 8 вуліцах. Тут знаходзіліся 32 крамы і пажарная. Крамы былі мануфактурныя і харчовыя, гатовага адзеньня і абутку, гаспадарчага інвэнтару і жалезных вырабаў, скур, 3 мясныя і каўбасныя, 2 хлебапякарні, рэстаран, піўная са сталовай і чайная. Таксама былі дзьве пякарні, аптэка, гасьцінны двор. У Новым Мядзеле месьціліся 7-гадовая школа, амбулаторыя, гміна зь бібліятэкай і кіназалай, царква, сынагога, касьцёл, лазьня, млын, бойня, гарбарні, 2 кузьні, воўначасалка, пастарунак і іншыя ўстановы. Насельніцтва налічвала 655 чалавек — беларусы, палякі, яўрэі і 1 сям’я татар. У «Нарачанскай зары» за 27 лістапада 2004 году (№186—188) быў надрукаваны плян Новага Мядзела за 1939 год, складзены Ўладзімерам Бенядзіктавічам Дыманам.

У 1939 годзе ў Старым Мядзеле быў 21 аднапавярховы драўляны дом з насельніцтвам 132 чалавекі, у тым ліку беларусаў 10 сямей, яўррэяў −7 і татар — 4. Тут знаходзілася татарская мячэць, карчма, 3 крамы, панскі палац, старажатны парк зь ліпаў і ясеняў.

Другая сусьветная вайна

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1939 годзе Мядзел увайшоў у БССР, дзе 15 студзеня 1940 году зрабіўся цэнтрам раёну Маладэчанскае вобласьці. Статус паселішча панізілі да вёскі. Напярэдадні нападу фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз, у Мядзеле ладзіліся савецкімі ўладамі абаронныя мерапрыемствы.

У Другую сусьветную вайну з 2 ліпеня 1941 да 4 ліпеня 1944 году Мядзел знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй, дзе месьціўся ў складзе гебіткамісарыяту Вялейка, па заканчэньні акупацыі перададзеная ў склад Вялейскае вобласьці.

Са справаздачы кіраўніка Мядзельскай Павятовай Управы за перыяд ад 28.8 да 20.9.43 г. Сп. Акруговаму Камісару ў Вілейцы:

«Дня 27.IX.43 г каля 11 гадзіны днём, два нямецкія самалёты скінулі, праўдападобна памылкова, каля 10 бомб на Мядзел. Некалькі бомбаў упала блізка Пастарунку Жандармерыі і павятовай Управы ў Мядзеле. Бомбамі былі ранены 4 цывільныя асобы, з каторых 1 памерла. Акрамя таго, пашкоджаны 1 дом і забіты 1 конь». (ДАМВ. -Ф.4223, воп.1, спр.21, арк.41 адв).

17 лістапада 1959 году паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу[4], праз год перайшоўшы ў склад Менскае вобласьці. 20 сьнежня 1998 году Мядзел зноў атрымаў статус гораду.

Гістарычныя здымкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. — Мн.: БелЭн, 1998. — 635, [3] с. ISBN 985-11-0107-9.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
  • Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею. — Т.8. Акты Виленского гродского суда. — Вильна, 1875. — С.289-292.
  • Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею. — Т.9. Акты Виленского земского суда, магистрата, магдебургии и конфедерации. — Вильна, 1878. — С.347-349.
  • Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею. — Т.11. Акты Главного Литовского Трибунала. — Вильна, 1880.- С.34-35, 41-43.
  • Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею. — Т.12. Акты Главного Литовского Трибунала. — Вильна, 1883.- С.468, 570—577.
  • Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею. — Т.13. Акты Главного Литовского Трибунала. — Вильна, 1886.- С.7-8, 210—212.
  • Акты, издаваемые Виленскою комиссиею для разбора древних актов. — Т.34. Акты, относящиеся ко времени войны за Малороссию (1654-1667). — Вильна, 1909. — С.292, 430-431, 535.
  • Стогн: Паўстанне і вайна 1794 г. ў Літоўскай правінцыі: Дакументы / Дзяржаўны камітэт па архівах і справаводству Рэспублікі Беларусь, Археаграфічная камісія; пад рэд. Яўгена Анішчанкі. — Мінск: Пейто, 2002.
  • Miadzioł // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885. S. 283.
  • Boniecki A. Poczet rodów w Wielkim Księstwie Litewskim w XV i XVI wieku. — Warszawa, 1883.
  • Wolff Józef. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. — Warszawa, 1895 (reprint Warszawa, 1994).
  • Дзяржархіў Мінскай вобласці. — Мядзельская акупацыйная раённая ўправа, ф. 4220, 30 адз. зах., 1941—1944.
  • Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Мядзельскі падпольны райкам, ф.3732, 2 адз. зах., 1943—1944; Мядзельскі падпольны райкам ЛКСМБ, ф.3762, 6 адз. зах., 1943—1944.
  • Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. — Мядзельскае староства, ф. 1928, воп. 1, спр. 1, арк. 168—170.
  • Литовская Метрика (1528—1547). 6-я книга судных дел. Вильнюс, 1997. — док. №405.
  • Литовская Метрика (1553—1567). Книга публичных дел 7. — Вильнюс, 1996. — С.70.
  • Литовская Метрика. Отделы первый-второй. — Ч.3.: Книги Публичных Дел. — Т.1. — Юрьев, 1914. — С.759-764, 768, 883.
  • Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej = Codex diplomaticus ecclesiae cathedralis necnon Dioeceseos Vilnensis. — T. 1. (1387—1507). Wydali Jan Fijałek i Władysław Semkowicz. — Kraków, 1948.
  • Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej — Tom VII — Część II — Ziemia Wileńska — Powiaty: Brasław, Duniłowicze, Brasław i Wilejka, Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej.- Warszawa, 1923.
  • Unus pro omnibus: Валовічы ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага XV—XVIII стст. — Мн., 2014. — С.283.
  • Гіль М., Драўніцкі Я. Былыя паркі і сядзібы Паазер’я. Мядзельшчына. — Паставы: «Сумежжа», 2008. — С.38-40.
  • Котлярчук А. Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў. — Менск: Энцыклапедыкс, 2002.
  • Ткачоў М. А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. — Мн., 1978.
  • Чарняўскі М. Як пошуг маланкі: Расціслаў Лапіцкі. — Мн, 2006. — 71с
  • Энцыклапедыя Вялікага княства Літоўскага. — Т.2. — Мн, 2006. -С.582.
  • Адамушко В. И., Иванова Н. В. «Помилуйте…» Документы по репрессиям 1939—1941 гг. в Вилейской области. — Молодечно, 1992.
  • Люди Нарочанского края. Воспоминания участников революционной борьбы и Великой Отечественной войны. — Мн., 1975.
  • Голубович Е., Голубович В. Славянские поселения правобережной Десны в Вилейском округе БССР// Краткие сообщения Института истории материальной культуры АН СССР. — М., Л, 1945. — Вып. 11.
  • Ткачев М. А. Работы экспедиции Гродненского университета// Археологические открытия 1981. — М., 1983.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя Мядзеласховішча мультымэдыйных матэрыялаў