Касьцёл Маці Божай Шкаплернай і кляштар кармэлітаў (Мядзел)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Сьвятога Апостала Андрэя і кляштар трынітарыяў
| |
Касьцёл Маці Божай Шкаплернай і кляштар кармэлітаў
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Мядзел |
Каардынаты | 54°52′57″ пн. ш. 26°55′22″ у. д. / 54.8825° пн. ш. 26.92278° у. д.Каардынаты: 54°52′57″ пн. ш. 26°55′22″ у. д. / 54.8825° пн. ш. 26.92278° у. д. |
Канфэсія | Каталіцкая царква |
Эпархія | Менска-Магілёўская архідыяцэзія |
Архітэктурны стыль | барока |
Дата заснаваньня | 1754 |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Касьцёл Сьвятога Апостала Андрэя і кляштар трынітарыяў | |
Касьцёл Сьвятога Апостала Андрэя і кляштар трынітарыяў на Вікісховішчы |
Касьцёл Ма́ці Бо́жай Шкапле́рнай[a] і кляштар кармэлітаў — помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя ў Мядзеле. Знаходзіцца ў Старым Мядзеле[b]. Дзее. Твор архітэктуры барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Комплекс складаецца з касьцёла і плябаніі, капліца і кляштарны корпус не захаваліся (кляштар збудавалі наноў у 2010-я гады).
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мураваны касьцёл у Старым Мядзеле збудавалі ў 1754 годзе з фундацыі ўладальніка мястэчка Антона Кошчыца. Разам з касьцёлам збудавалі мураваныя плябанію і кляштарны корпус.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Мядзел апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзеяць. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1834 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар, у будынках якога часова разьмясьцілі манастыр базылянак, пераведзеных зь Менскага Траецкага манастыра.
Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1866 годзе расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы), тады ж росьпісы на сьценах касьцёла замазалі белай фарбай.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1920 годзе ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі вярнулі будынкі касьцёла і кляштару каталікам. Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады зачынілі касьцёл, будынак якога перадалі ў карыстаньне мясцовай сяльгасхіміі[c]. У гэтым ж час зруйнавалі Мядзельскую Кальварыю.
У 1989 годзе будынак касьцёла перадалі каталікам, а ў парафію вярнуліся айцы кармэліты. У пачатку 2000-х гадоў пачалося аднаўленьне Кальварыі.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Касьцёл
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Касьцёл — помнік архітэктуры барока. Мае крыжовую кампазыцыю, арганізаваную вакол 8-граннага ядра, звонку схаваную ў кубічным аб’ёме. З трох бакоў, апроч усходняга алтарнага, разьмяшчаюцца портыкі ў выглядзе падвойных карынцкіх калёнаў, злучаных франтонамі з разарванымі антаблемэнтамі. У месцы разрыву знаходзяцца аркавыя аконныя праёмы. На галоўным фасадзе такі аконны праём афармляецца бальконам з каванай агароджай. Масіўны купал мае 2-часткавую канструкцыю. Ніжняя частка, якая абапіраецца на васьмярык, праразаецца люнэтамі і лучковымі праёмамі. Верхняя частка мае выгляд 8-граннай вежы-ліхтара і завяршаецца сфэрычным дахам. Пад купалам праходзіць абыходная галерэя (захавалася часткова).
Усярэдзіне магутныя няроўнабаковыя апоры-пілёны падтрымліваюць 8-гранны сьветлавы барабан самкнутага купала зь люкарнамі. У кутніх частках, па-за апорамі, утвараюцца невялікія квадратныя ў плане кампартамэнты, перакрытыя цыліндрычнымі скляпеньнямі і прызначаныя дзеля закрысьціяў і баптыстэрыя. Апорныя пілёны афармляюцца здвоенымі пілястрамі карынцкага ордэру з пазалочанымі капітэлямі. Апоры злучаюцца папарна прасьценкамі, у ніжняй частцы якіх месьцяцца ўваходныя парталы ў кутнія памяшканьні, а над імі — нішы-табэрнакулы з конхамі ў выглядзе ракавінаў, дзе разьмяшчаюцца скульптуры сьвятых. Інтэр’ер аздабляецца ў стылі ракако.
Плябанія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Разьмешчаная побач з касьцёлам плябанія — помнік архітэктуры пераходнага пэрыяду ад барока да клясыцызму. Гэта 2-павярховы будынак асымэтрычнай кампазыцыі, накрыты высокім 2-схільным дахам. Паверхня сьценаў мае строгую і ляканічную архітэктурную апрацоўку. Фасады праразаюцца невялікімі прастакутнымі вокнамі і лэкаруюцца лапаткамі. Тарцы будынка завяршаюцца высокімі трыкутнымі франтонамі зь невялікімі аконнымі праёмамі.
Унутраны плян зьменены. 4 невялікія памяшканьні злучаюцца паміж сабой анфілядна[2].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
каля 1900 г.
-
1920-я гг.
-
1920-я гг.
-
1920-я гг.
-
1930 г.
-
А. Віслоцкі, 1930 г.
-
Ю. Клос, 1930 г.
-
Е. Гопэн, 1938 г.
-
да 1930 г.
-
да 1930 г.
-
да 1930 г.
-
М. Лісевіч, да 1930 г.
Сучасныя здымкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Агульны выгляд
-
Галоўны фасад касьцёла
-
Плябанія
-
Адбудова кляштарнага корпуса
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Касьцёл Маці Божай Шкаплернай часта блытаюць з драўляным касьцёлам Сьвятога Станіслава (напрыклад, у Беларускай энцыкляпэдыі — «Мядзельскі Станіславаўскі касьцёл кармэлітаў»[1]), які напраўду знаходзіўся ў Новым Мядзеле і згарэў ў Другую сусьветную вайну
- ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Міру, 6
- ^ Магчыма, сяльгастэхніцы
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Мядзельскі Станіславаўскі касцёл кармелітаў // БЭ. — Мн.: 2000 Т. 11. С. 69.
- ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Менск: «Ураджай», 2001. — 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
- Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Частка I / Тэкст і фота А. Яроменкі. — Менск: «Про Хрысто», 2003. — 256 с.: іл. ISBN 985-6628-37-7.
- Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 612Г000414 |