Перайсьці да зьместу

Альгерд Бахарэвіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Альгерд Бахарэвіч
лац. Alhierd Bacharevič
Альгерд Бахарэвіч (2009 г.)
Альгерд Бахарэвіч (2009 г.)
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 31 студзеня 1975(1975-01-31) (49 гадоў)
Сужэнец Юлія Цімафеева
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, перакладнік, паэт
Мова беларуская мова[1], расейская мова, нямецкая і славенская[2]
Узнагароды
Творы на сайце Knihi.com
Творы на сайце Kamunikat.org

Альге́рд Бахарэ́віч (нар. 31 студзеня 1975 году, Менск) — беларускі пісьменьнік і перакладчык.

Нарадзіўся 31 студзеня 1975 году ў Менску. У 1997 годзе скончыў філялягічны факультэт БДПУ. Пасьля ўнівэрсытэту працаваў настаўнікам, а пасьля — журналістам. Першыя тэксты апублікаваў у 1993 годзе. У 1990-я гады — адзін з заснавальнікаў («слупоў») літаратурна-мастацкага руху «Бум-Бам-Літ». У 2001 годзе пабраўся шлюбам зь першай жонкай Ксеніяй. У 2007—2013 гг. жыў у Гамбургу. У 2013 годзе пераехаў у Менск і ажаніўся зь беларускай літаратаркай Юліяй Цімафеевай[3]. Мае дачку ад першага шлюбу. З канца восені 2020 году жыў ў Грацы (Аўстрыя)[4] і Швайцарыі. Цяпер жыве ў Гамбургу (Нямеччына).

Альгерд Бахарэвіч зьяўляецца аўтарам кніг «Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў» (2002), «Натуральная афарбоўка» (2003), «Ніякай літасьці Валянціне Г.» (2006), «Праклятыя госьці сталіцы» (2008), «Сарока на шыбеніцы» (2009), «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» (2012), «Шабаны. Гісторыя аднаго зьнікненьня» (2012), «Дзеці Аліндаркі» (2014), «Апошняя Кніга пана А.» (2020), і інш. Раман Бахарэвіча, «Белая муха, забойца мужчын», выйшаў у выдавецтве «Галіяфы» напрыканцы 2015 году. У 2016 годзе ў выдавецтве Зьмітра Коласа выйшла кніга эсэ «Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры».

У 2017 годзе ў выдавецтве «Логвінаў» выйшаў 900-старонкавы раман з шасьці частак «Сабакі Эўропы», які называюць opus magnum аўтара. Раман атрымаў прэмію «Кніга году», быў высока ацэнены крытыкамі, прэзэнтаваны ў Нямеччыне і ва Ўкраіне, быў адзначаны другой прэміяй Ежы Гедройца. Расейская вэрсія раману трапіла ў шорт-ліст прэміі «Большая книга».

Пераклаў казку «Халоднае сэрца» Вільгельма Гаўфа, якая выйшла напрыканцы 2009 году пад адной вокладкай з самастойным творам, названым «пасьлямовай перакладчыка». Пераклаў зь нямецкай мовы паасобныя творы братоў Грым, Франца Кафкі, Г. Г. Эвэрса, вершы Ганса Энцэнсбэргера і іншых сучасных нямецкіх паэтаў. У 2011 годзе ў перакладзе Альгерда Бахарэвіча па-беларуску выйшаў раман сучаснай нямецкай пісьменьніцы Катрын Шміт «Ты не памрэш» (выд. «Макбел»), у 2014 — выбраныя казкі братоў Грымаў (выд. «Логвінаў»). Супрацоўнічае з часопісам перакладной літаратуры «ПрайдзіСьвет».

Браў удзел у Бэрлінскім літаратурным калёквіюме, тэатральным фэстывалі ў Любліне (Польшча), літаратурных фэстывалях «Vilenica» (Славенія), «Lesefest Osteuropa» (Ляйпцыг, Нямеччына), «Месяцы аўтарскага чытаньня» у Брно, Міжнароднага літаратурнага фэстывалю ў Львове, літаратурным фэстывалі «Паўночнае лета» ў Летуве, у літаратурным фэстывалі «Protimluv» у Чэхіі (Астрава), міжнародным фэстывалі апавяданьня «Intermezzo» ў Віньніцы і іншых. Выступаў на міжнародных кніжных кірмашах у Франкфурце, Ляйпцыгу, Варшаве, Львове, Менску. У 2014 годзе прадстаўляў Беларусь на міжнароднай Эўрапейскай пісьменьніцкай Канфэрэнцыі ў Бэрліне.

У 2012 годзе пасьля публікацыі эсэ «Цёмнае мінулае Каяна Лупакі» з уласнай ініцыятывы выйшаў з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, сябрам якога быў з 2006 году. Зьяўляецца сябрам беларускага ПЭН-цэнтру.

У 2010—2011 гадох вёў калёнку ў фармаце «літаратурна-мэдычнай энцыкляпэдыі» «Малая мэдычная энцыкляпэдыя (Бахарэвіча)» на Радыё Свабода (у 2011 годзе выйшла асобнай кнігай). Вёў на Радыё Свабода цыкль перадач «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» — сэрыя эсэ, дзе аўтар выказвае свой суб’ектыўны погляд на беларускую літаратурную клясыку, пазьней цыкль выйшаў асобнай кнігай. Наступныя аўтарскія праекты на Радыё Свабода: «Каляндар Бахарэвіча» (2013) і «Цуды і дзівосы Беларусі» (2014). Вёў калёнкі ў чэскім часопісе HOST, на сайце грамадзка-культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі» budzma.org. У 2016 годзе вёў калёнку «Таемны госьць» на сайце 34mag.net. Уваходзіў у журы міжнароднага кінафэстываля «Лістапад». З 2015 году выкладае курс «Майстэрства прозы» ў Беларускім калегіюме. Цягам летам 2018 году на сайце «Беларусского журнала» публікуюцца разьдзелы новай аўтабіягафічнай кнігі Альгерда Бахарэвіча «Мае дзевяностыя».

Творы Альгерда Бахарэвіча перакладаліся на ангельскую, францускую, нямецкую, чэскую, украінскую, баўгарскую, славенскую, расейскую, летувіскую і польскую мовы .[5] У 2008 годзе выйшаў зборнік выбраных апавяданьняў Альгерда Бахарэвіча ў перакладзе на польскую мову «Talent do jąkania się». У 2010 годзе ў ляйпцыскім выдавецтве «Leipziger Literaturverlag» раман «Сарока на шыбеніцы» выйшаў на нямецкай мове.[6] У 2015 апавяданьне Бахарэвіча «Талент заіканьня» ўвайшло ў анталёгію найлепшай эўрапейскай кароткай прозы «Best European Fiction».

У 2017 годзе «Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча» выйшла па-польску ў люблінскім выдавецтве «Warsztaty kultury» (пераклад Міры Лукшы). У 2018 годзе раман «Дзеці Аліндаркі» выйшаў у выдавецтве «Le ver a soie» у францускім перакладзе. У 2019 годзе ў Бэрліне выйшаў па-нямецку зборнік эсэ Бахарэвіча «Бэрлін, Парыж і вёска» («Berlin, Paris und das Dorf», выдавецтва fotoTAPETA, перакладчыкі Томас Вайлер і Ціна Вюншман). Раман «Сабакі Эўропы» выйшаў у маскоўскім выдавецтве «Время» ў аўтарскім перакладзе на расейскую мову і трапіў у шорт-ліст прэміі «Большая книга». У 2021-м беларускае перавыданьне рамана было арыштаванае Менскай рэгіянальнай мытняй і адпраўленае на экспэртызу (на прадмет наяўнасьці ў кнізе «экстрэмізму»). У 2022 дзяржаўная газэта «Беларусь Сегодня» паведаміла, што раман прызнаны «экстрэмісцкім», «заклікае да незаконнага захопу ўлады і распальвае варожасьць да дзяржаных органаў». 17 траўня 2022 суд Менскага раёну прызнаў раман «Сабакі Эўропы» «экстрэмісцкім матэрыялам». Кніга ўнесеная ў Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У 2020 годзе раман «Дзеці Аліндаркі» выйшаў у Вялікай Брытаніі ў выдавецтве Scotland Street Press (пераклад на ангельскую мову Джыма Дынглі, пераклад на скотс Пэтры Рэйд). У 2022 кніга выйшла ў ЗША ў выдавецтве New Directions.

27 верасьня 2014 году ў рамках тэатральнага фэстывалю ТЕАРТ адбылася прэм’ера спэктаклю «Шабаны» подле аднайменнага твору пісьменьніка. Спэктакль быў пастаўлены на сцэне Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі. Рэжысэрам выступіла Алена Ганум, былая акторка Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Я. Коласа, цяпер студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, акторы — студэнты акадэміі[7]. У 2015 годзе спэктакль пастаўлены Аленай Ганум на Малой сцэне Дзяржаўнага тэатру імя Янкі Купалы.

У 2020 годзе Беларускі Свабодны Тэатр паставіў спэктакль «Сабакі Эўропы» паводле аднайменнага рамана Бахарэвіча (рэжысэры Мікалай Халезін і Марыя Бяльковіч). Беларуская прэм’ера прайшла ў сакавіку ў Менску, сусьветная прэм’ера адбылася ў сакавіку 2022 году ў Лёндане. Затым спэктакль быў паказаны ў Парыжы (тэатр «Адэон»), Адэляідзе і Бэрліне (Нямецкі тэатр).

У 2022 годзе незалежная тэатральная трупа «Купалаўцы» паставіла другую частку рамана, «Гусі.Людзі.Лебедзі», на сцэнах люблінскага і ўроцлаўскага тэатраў у Польшчы.

У 2020 годзе выйшла новая кніга Бахарэвіча — 500-старонкавая казка «Апошняя кніга пана А.». Яе выхад ёсьць плёнам супрацоўніцтва адразу двух выдавецтваў: менскага «Янушкевіч» і чэскага «Вясна» (Прага). У сакавіку 2023 году рашэньнем суду Цэнтральнага раёну Менску кніга была забароненая і ўнесеная ў Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Кніга выйшла ў перакладзе на нямецкую мову ў бэрлінскім выдавецтве edition.fototapeta (2023).

У 2021 годзе ў Бэрліне выйшла кніга эсэ Бахарэвіча «Яны ўжо прайгралі. Рэвалюцыя і рэпрэсіі ў Беларусі».

Улетку 2021-га выйшлі дзьве новыя кнігі Бахарэвіча: «беларускае фэнтэзі з элемэнтамі палітычнага трылеру» «Тэатр шчасьлівых дзяцей» і авантурная прыпавесьць «Плошча Перамогі» (папяровае выданьне: 2023, выдавецтва «Вясна», Прага).

У 2021 годзе Альгерд Бахарэвіч быў уганараваны нямецкай прэміяй Эрвіна Піскатара «за моц ягоных манумэнтальных раманаў і грунтоўных эсэ, у якіх ён дасьледуе ўмовы панаваньня дыктатуры».

У 2022 годзе ў праскім выдавецтве «Вясна» выйшла першая кніга паэзіі Бахарэвіча — зборнік «Вершы». Тэксты ў кнізе надрукаваныя ў двух варыянтах: кірыліцай і беларускай лацінкай.

У 2023 годзе ў выдавецтве «Кнігаўка» ў Варшаве выйшлі новыя кнігі Бахарэвіча: зборнік апавяданьняў «Ператрус у музэі», прысьвечаны падзеям 2020 году ў Беларусі, і аўтабіяграфічная кніга «Хлопчык і сьнег».

У лютым 2024 году opus magnum Бахарэвіча, раман «Сабакі Эўропы», выйшаў у нямецкім перакладзе Томаса Вайлера ў выдавецтве «Voland&Quist».

  • 2002 — Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў
  • 2003 — Натуральная афарбоўка
  • 2006 — Ніякай літасьці Валянціне Г.
  • 2008 — Праклятыя госьці сталіцы
  • 2008 — Talent do jąkania się / Талент заіканьня (зборнік апавяданьняў у перакладзе на польскую мову і ў беларускім арыгінале)
  • 2009 — Сарока на шыбеніцы
  • 2009 — Пасьлямова перакладчыка
  • 2011 — Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча
  • 2012 — Шабаны. Гісторыя аднаго зьнікненьня
  • 2012 — Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
  • 2014 — Каляндар Бахарэвіча
  • 2014 — Ніякай літасьці Альгерду Б.
  • 2014 — Дзеці Аліндаркі
  • 2015 — Белая муха, забойца мужчын
  • 2016 — Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры.
  • 2017 — Сабакі Эўропы
  • 2018 — Мае дзевяностыя
  • 2019 — Бэрлін, Парыж і гэтая вёска
  • 2020 — Апошняя кніга пана А.
  • 2021 — Тэатр шчасьлівых дзяцей
  • 2021 — Плошча Перамогі
  • 2021 — Яны ўжо прайгралі
  • 2022 — Вершы
  • 2023 — Ператрус у музэі
  • 2023 — Хлопчык і сьнег
  • 2024 — Капітан Лятучая Рыба
  • 2024 — Папяровы голем
  • прэмія «Залатая літара» — 2015 за кнігу «Ніякай літасьці Альгерду Б.».
  • прэмія «Кніга году — 2015» за раман «Дзеці Аліндаркі».
  • прэмія «Кніга году — 2018» за раман «Сабакі Эўропы».
  • прэмія «Гліняны Вялес» за кнігу «Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў»
  • прэмія Эрвіна Піскатара (Нямеччына) за раманы і эсэістыку (2021)

Паводле апытаньня інтэрнэт-сайту «Новая Эўропа» Бахарэвіч быў названы лепшым беларускім пісьменьнікам 2006 году.[5]

Тройчы атрымліваў другую прэмію Ежы Гедройца і аднойчы трэцюю. Другой прэміяй былі ўганараваныя: «Малая Мэдычная Энцыкляпэдыя Бахарэвіча», зборнік эсэ «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» і раман «Белая муха, забойца мужчын».

У 2015 г. раман «Дзеці Аліндаркі» атрымаў трэцяе месца ў прэміі імя Ежы Гедройца.

Кнігі ўваходзілі ў шорт-лісты цэнтральнаэўрапейскай прэміі «Ангелус» («Сарока на шыбеніцы», 2022), прэміі «Большая книга» («Сабакі Эўропы», 2019).

За нямецкі пераклад рамана «Сабакі Эўропы» перакладчык Томас Вайлер быў узнароджаны прэміяй Паўля Цэляна (Германія, 2024).

Стыпэндыят IHAG (Грац, Аўстрыя), нямецкага ПЭН-цэнтру, фонду Гайнрыха Бёля[8], Балтыйскага цэнтру пісьменьнікаў і перакладчыкаў у Вісьбю. Атрымаў стыпэндыю Institut Francais (Centre International de Recollets) на 2016 год. У 2018 годзе атрымаў стыпэндыю Literarisches Colloqium Berlin.

Увайшоў у сьпіс дзесяці самых пасьпяховых беларускіх пісьменьнікаў, складзены парталам tut.by[9].

27 лістапада 2023 г. уганараваны Мэдалём Ордэну Пагоні з боку Рады БНР[10][10].

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2015 годзе Альгерд Бахарэвіч разам з Максімам Жбанковым зайгралі ў буктрэйлеры «Смаленьне вепрука» паводле твору Міхася Стральцова.

У 1990-я гады быў заснавальнікам і вакалістам беларускамоўнага панк-гурта «Правакацыя».

Дзьве кнігі Альгерда Бахарэвіча ўнесеныя ў Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў — раманы «Сабакі Эўропы» і «Апошняя кніга пана А.».

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]