Юлія Цімафеева

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Юлія Цімафеева
Yulia Tsimafeeva.jpg
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 12 студзеня 1982(1982-01-12) (39 гадоў)
Сьпярыжжа, Чамярыскі сельсавет, Брагінскі раён, Гомельская вобласьць, БССР, СССР
Сужэнец Альгерд Бахарэвіч
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэтэса, перакладчыца
Жанр верш, пераклад
Прэміі Узнагарода ГА “СБП” «Экслібрыс» (2012)
Узнагароды

Ю́лія Цімафеева (нар. 12 студзеня 1982, в. Сьпярыжжа, Брагінскі раён) — беларуская літаратарка, перакладчыца.

Скончыла факультэт ангельскай мовы МДЛУ, Беларускі Калегіюм, наведвала Перакладніцкую майстэрню. Адна з заснавальніц і рэдактарак інтэрнэт-часопісу перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет». Жыве ў Менску.

Аўтарка зборніка "Кніга памылак" ("Галіяфы", 2014), у які ўвайшлі ня толькі вершы, але і пераклады замежнай паэзіі, пераважна ангельскамоўнай (Ўолт Ўітмэн, Стывэн Крэйн, Чарлз Букоўскі, Эдрыен Рыч). Перакладала таксама з партугальскай (Албэрту Каэйру) і гішпанскай (Актавіё Пас) моваў.

У 2014 годзе ў выдавецтве Зьмітра Коласа выйшла яе другая кніга паэзіі "Цырк", якая трапіла ў кароткі сьпіс прэміі Натальлі Арсеньневай.

Яе паасобныя вершы перакладаліся на ангельскую, нямецкую, чэскую, славенскую, швэдзкую і іншыя мовы. У 2018 годзе люблінскае выдавецтва "Warsztaty Kultury" выдала першую паэтычную кнігу Юлі Цімафеевай па-польску "Cyrk i inne wiersze" у перакладзе Богдана Задуры. У 2019 годзе ў бэрлінскім выдавецтве edition FOTOtapeta выйшаў зборнік "Zirkus" у перакладзе на нямецкую мову Томаса Вайлера і Ціны Вюншман.

У 2020 годзе выйшаў трэці паэтычны зборнік паэткі - "ROT" (выдавецтва "Янушкевіч", Менск; выдавецтва "Вясна" (Прага).

Яе ўласныя пераклады прозы і паэзіі розных аўтараў зьяўляліся ў часопісах «pARTizan», «ПрайдзіСвет», «Паміж», «ARCHE», «Дзеяслоў», газэце «Літаратурная Беларусь».

У 2018 разам з Ганнай Комар і Натальляй Бінкевіч стала лаўрэаткай прэміі «Дэбют» за паэтычныя пераклады з кнігі Чарлза Букоўскі "сьвятло, і паветра, і месца, і час".

Удзельніца шматлікіх міжнародных літаратурных фэстываляў у Летуве, Славеніі, Польшчы, Нямеччыне, Украіне, Фінляндыі, Швэцыі, фэстываляў "Вершы на асфальце" і "Прадмова" ў Менску, выступала на міжнародных кніжных кірмашах ў Гётэборгу (Швэцыя), Франкфурце-на-Майне (Нямеччына). Пераможца ў прозе конкурсу для маладых пісьменьнікаў «Экслібрыс», арганізаванага ГА «СБП» у 2012 г. Вершы і эсэі Юлі Цімафеевай публікаваліся ў часопісах "Poetry International", "Przekroj", "Воздух", у газэце "Financial Times", на сайтах Literary Hub, lyrikline і ў іншых выданьнях.

Былая вядоўцай культурніцкай тэлеперадачы "Рэмарка" на тэлеканале Белсат (разам зь Сяргеем Харэўскі і Аляксеем Стрэльнікавым).

Жонка пісьменьніка Альгерда Бахарэвіча.

Сябра Саюза беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]