Гамбург

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гамбург
ням. Hamburg
Герб Гамбургу
Першыя згадкі: 810
Краіна: Нямеччына
Кіраўнік: Пэтэр Чэнчэр[d]
Плошча:
Насельніцтва:
Тэлефонны код: 040, 04721
Паштовы індэкс: 20095–21149, 22041–22769, 27499
Нумарны знак: HH
Геаграфічныя каардынаты: 53°33′0″ пн. ш. 10°0′0″ у. д. / 53.55° пн. ш. 10° у. д. / 53.55; 10Каардынаты: 53°33′0″ пн. ш. 10°0′0″ у. д. / 53.55° пн. ш. 10° у. д. / 53.55; 10
Гамбург на мапе Нямеччыны
Гамбург
Гамбург
Гамбург
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
https://www.hamburg.de/stadt-staat/

Га́мбург (па-нямецку: Hamburg), афіцыйна вольны й ганзейскі горад Га́мбург (па-нямецку: Die Freie und Hansestadt Hamburg) — другі паводле велічыні горад Нямеччыны пасьля Бэрліну, а таксама сёмы паводле велічыні горад і найбуйнейшы сярод несталічных гарадоў у Эўрапейскім Зьвязе, маючы насельніцтва крыху больш за 1,84 мільёна чалавек[4]. Горад месьціцца на рацэ Эльбе й двух ягоных прытоках, рацэ Альстэры й рацэ Біле. Гамбург мае статус фэдэральнае зямлі. Яго атачаюць землі Шлезьвіг-Гальштайн на поўначы й Ніжняя Саксонія на поўдні. Яшчэ зь Сярэднявечча горад быў сябрам Ганзейскага зьвязу й вольным імпэрскім горадам Сьвятой Рымскай імпэрыі. Да аб’яднаньня Нямеччыны ў 1871 годзе места было цалкам сувэрэннай гарадзкой дзяржавай, а да 1919 году тут утварылася грамадзянская рэспубліка на чале з клясай спадчынных бюргераў або ганзэтаў. Ахоплены такімі бедзтвамі, як то Вялікі пажар у Гамбургу, паводка ў Паўночным моры 1962 году й ваенныя канфлікты, уключаючы бамбардаваньні Другой сусьветнай вайны, горад здолеў кожны раз аднаўляцца й толькі станавіцца мацнейным пасьля кожнай катастрофы.

Гамбург ёсьць трэцім паводле велічыні портам Эўропы пасьля Ратэрдаму й Антвэрпэну. У горадзе месьцяцца буйны рэгіянальны тэлеканал NDR, паліграфічна-выдавецкая фірма Gruner + Jahr і галоўныя рэдакцыі газэт Der Spiegel і Die Zeit. У горадзе месьціцца найстарэйшая фондавая біржа краіны й найстарэйшы ў сьвеце гандлёвы банк Бэрэнбэрг-банк. Тутака таксама ёсьць прадстаўніцтвы буйных мэдыякампаніяй, камэрцыйных, лягістычных і прамысловых фірмаў, як то Airbus, Blohm + Voss, Aurubis, Beiersdorf і Unilever. Да таго ж, Гамбург ёсьць буйным эўрапейскім цэнтрам навукі, дасьледаваньняў і адукацыі, маючы некалькі ўнівэрсытэтаў і ўстановаў. Акрамя таго, Гамбург з 1996 году зьяўляецца рэзыдэнцыяй Міжнароднага трыбуналу па марскім праве (МТМП). Горад мае вельмі высокую якасьць жыцьця, заняўшы 19 радок сьпісе апытанкі Mercer на тэму якасьці жыцьця ў 2019 годзе[5].

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гамбург ёсьць найбольш паўднёвым пунктам паўвострава Ютляндыі. Горад ляжыць на рацэ Эльбе, у месцы, дзе ў яе ўпадаюць рэкі Альстэр й Біле. Прыродная марская гавань распасьціраецца на ўсім працягу Эльбы, асабліва ўздоўж паўднёвага берагу ракі насупраць гарадзкіх раёнаў Санкт-Паўлі й Альтана. Гарадзкія кварталы па абодва бакі ракі злучаны мноствам мастоў, а таксама тунэлямі пад Эльбай. Прыродны ляндшафт на поўдзень і поўнач ад Эльбы ўяўляе сабой узгорыстую нізіну зь пясковых й ападкавых пародаў. Фэдэральная зямля Гамбург месьціцца паміж землямі Шлезьвіг-Гальштайну на поўначы і Ніжняй Саксоніяй на поўдні.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Копія старажытнай пячаткі гораду, якая датуецца 1241 годам.
Від на Гамбург з ратушай на пярэднім пляне.

Першыя пасяленьні на тэрыторыі Гамбургу датуюцца IV стагодзьдзем да н. э. У IV—VI стагодзьдзях сюды прыйшлі саксы. У 810 годзе на загад Карла Вялікага тут была пабудаваная кірха, а дзеля ейнае бясьпекі была ўзьведзеная фартэцыя Гамабург. Назва паходзіць ад старасаксонскай назвы гамэ (па-нямецку: hamme) — лясістае ўзвышша, што выдаецца ў марш, і бург — «крэпасьць». У 831 годзе тут было ўтворанае біскупства, якое неўзабаве стала арцыбіскупствам. У XII стагодзьдзі Гамбург стаўся гандлёвым цэнтрам, а ў XIV стагодзьдзі быў адным з заснавальнікаў Ганзы. Горад служыў перавалачным пунктам у перавозцы збожжа, тканінаў, мяхоў, селядца, вострых прыправаў, лесу й мэталаў.

У 1510 годзе Гамбург канчаткова стаўся імпэрскім горадам, што паводле сутнасьці надавала яму незалежнасьць ад імпэратарскай улады й права на самакіраваньне. У 1529 годзе горад пачаў вызнаваць лютэранства, прымаючы да сябе уцекачоў-рэфарматаў зь Нідэрляндаў і Францыі. Калі Ян ван Валькенборг пабудаваў другі шэраг умацаваньняў дзеля абароны гораду за часам Трыццацігадовай вайны, ён пашырыў Гамбург і ўтварыў Нойштат. Далейшы рост Гамбургу зьвязаны з адкрыцьцём Амэрыкі і марскіх шляхоў у Азію. Нават пасьля заняпаду Ганзы, горад перажываў культурны росквіт, асабліва пасьля заснаваньня тут у 1767 годзе Нацыянальнага тэатру. З 1815 году Гамбург быў у ліку сяброў Нямецкага зьвязу.

Да сярэдзіны XIX стагодзьдзя Гамбург заставаўся ў сваіх сярэднявечных межах. Пасьля пэрыяду палітычных хваляваньняў, асабліва ў 1848 годзе, Гамбург прыняў у 1860 годзе паўдэмакратычную канстытуцыю, якая прадугледжвала выбары ў кіроўны органа горада-дзяржавы дарослымі мужчынамі-падаткаплатнікамі. Да іншых навінаў ўваходзілі падзел уладаў, аддзяленьне царквы ад дзяржавы, ухваленьне свабоды друку, сходаў і асацыяцыяў. Гамбург стаў сябрам Паўночнанямецкай канфэдэрацыі і затым Нямецкай імпэрыі, захаваўшы свой самакіроўны статус нават за часам Ваймарскай рэспублікі. Горад далучыўся да Нямецкага мытнага зьвязу толькі ў 1888 годзе, апошнім разам з Брэмэнам зь нямецкіх дзяржаўных утварэньняў. Найхутчэйшы рост горад зьведаў у другой палове XIX стагодзьдзя, калі ягонае насельніцтва павялічылася больш чым у чатыры разы і склала 800 тысяч чалавек. З 1860 году ў сувязі з бурным разьвіцьцём прамысловасьці ў склад гораду паступова пачалі ўключаюцца найбліжэйшыя населеныя пункты. Росквіту таксама спрыяў міжатлянтычны гандаль, бо Гамбург стаў другім паводле велічыні портам Эўропы[6]. Праз порт праходзіла на той час прыкладна палова ўсяго нямецкага экспарту і імпарту, што фактычна зрабіла горад марской брамай Нямеччыны ў сьвет. Гамбурска-амэрыканская лінія, дырэктарам якой стаў Альбэрт Балін, стала найбуйнейшай у сьвеце трансатлянтычнай суднаходнай кампаніяй прыкладна ў пачатку XX стагодзьдзя. Адкрыцьцё ў 1895 годзе Кільскага каналу дадаткова павысіла прывабнасьць Гамбургскага порту, паколькі канал стаў забясьпечваць прамую сувязь з Балтыйскім морам. У горадзе знаходзіліся суднаходныя кампаніі, якія адплывалі ў Паўднёвую Амэрыку, Афрыку, Індыю і Ўсходнюю Азію. З Гамбургу многія немцы і ўсходнія эўрапейцы эмігравалі ў ЗША ў канцы XIX і пачатку XX стагодзьдзяў. Да 1900 году насельніцтва гораду перавысіла мільён жыхароў.

У 1912 годзе быў адкрыты мэтрапалітэн Гамбургу. У 1923 годзе ў Гамбургу адбылося паўстаньне камуністаў, якое ачоліў Эрнст Тэльман. У 1937 годзе быў прыняты «закон аб Вялікім Гамбургу», які вызначыў новыя межы гораду, што захаваліся да цяперашняга часу. Да Гамбургу былі далучаныя найбуйнейшы горад зямлі Шлезьвіг-Гальштайн Альтон, горад Бэргедорф ды іншыя населеныя пункты й тэрыторыі.

Горад значна пацярпеў за часам Другой сусьветнай вайны праз бармбардаваньні хаўруснымі сіламі, якія амаль спустошылі большую частку гораду і гавані. 23 ліпеня 1943 году каралеўскія вайскова-паветраныя сілы і вайскова-паветраныя сілы Злучаных Штатаў праз авіяналёт утварылі агнёвы вiхраслуп, які пачаўся ад галоўнага чыгуначнага вакзала і хутка рушыў на паўднёвы ўсход, цалкам зьнішчыўшы цэлыя раёны, як то Гамэрбрук, Більбрук і Паўднёвы Гам. У гэты дзень у горадзе загінулы тысячы цывільных асобаў. Гамбург быў заняты брытанскімі войскамі 3 траўня 1945 году за некалькі дзён да паразы Трэцяга Райху ў вайне. Пасьля места знаходзілася ў брытанскай зоне акупацыі. З 1949 году горад уваходзіць у склад Фэдэратыўнае Рэспублікі Нямеччыны.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найбольшай колькасьці насельніцтва Гамбургу дасягнула ў 1964 годзе, склаўшы 1,9 мільёну чалавек. Потым яно пачало зьніжацца й у 1986 не перавышала 1,6 мільёну. Аднак потым яно зноў пачало расьці, дасягнуўшы пры канцы жніўня 2010 году 1 781 741 чалавек, зь якіх 258 тысячаў маюць замежны пашпарт (у тым ліку 57 220 чалавек — турэцкі, 21 455 — польскі, 15 666 — сэрбскі й 12 694 — аўганскі).

Рэлігія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Большасьць вернікаў належыць да лютэранаў, а найбуйнейшая лютэранская дэнамінацыя ёсьць Эвангеліцка-Лютэранская Царква ў Паўночнай Нямеччыне.

Архітэктура й славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Офісны будынак Чылегаўс, пабудаваны ў стылі экспрэсіянізму.
Помнік Ота фон Бісмарку ў Гамбургу.

У Гамбургу маюцца архітэктурна значныя будынкі ў розных стылях, але няма хмарачосаў. Горад мае 60 тэатраў, звыш 100 музычных клюбаў, прыкладна 60 музэяў і каля 280 музычных выдавецтваў. Цэрквы ёсьць важнымі славутасьцямі, гэтак да прыкладу, касьцёл Сьвятога Мікалая, які на працягу кароткага часу ў XIX стагодзьдзі быў самым высокім будынкам у сьвеце. Сярод іншых пабудоваў вылучаюцца царква Сьвятога Міхаіла, катэдра Сьвятога Пятра, цэрквы Санкт-Якабі й Сьвятой Кацярыны, які пакрытыя меднай дахоўкаў. Таксама да цікавых адносяцца будынак біржы, Рыбны рынак, партовы квартал Шпайхэрштат. Над шматлікімі ручаямі, рэкамі й каналамі ўзбудаваныя каля 2500 мастоў, што больш, чым у Лёндане, Амстэрдаме й Вэнэцыі разам узятых[7]. Больш за тое, Гамбург мае больш мастоў у межах гораду, чым любы іншы горад у сьвеце[8]. Самымі важнымі мастамі ёсьць Кёльбрандзкі ды Лямбардзкі масты, а таксама мост імя Кенэдзі.

Меская ратуша ёсьць багата дэкараваным будынкам у стылі нэарэнэсансу. Ейная пабудова была скончаная ў 1897 годзе. Вышыня вежы складае 112 мэтраў, а фасад будынка мае 111 мэтраў у даўжыню, што адлюстроўвае веліч гораду як вольнага імпэрскага гораду, які падпарадкоўваўся толькі імпэратару[9]. Чылегаўс, цагляны офісны будынак у стылі экспрэсіянізму, быў пабудаваны ў 1922 годзе паводле праекту архітэктара Фрыца Гёгера й мае форму акіянскага лайнэра.

Найбуйнейшы гарадзкі комплекс у Эўропе з 2008 году, HafenCity, будзе домам для каля 10 тысяч жыхароў і 15 тысяч працоўных. У распрацоўцы комплексу ўдзельнічалі архітэктары Рэм Коольгаас і Рэнца Піяна. Эльбская філярмонія, якая разчыніла свае дзьверы ў студзені 2017 году, ёсьць канцэртным будынкам ў форме ветразя, які ўзвышаецца над пабудовай старога складу, спраектаванага архітэктарамі бюро Herzog & de Meuron[10][11].

У горадзе разьбітыя шматлікія паркі, што робіць Гамбург вельмі зялёным горадам. Найбуйнейшымі паркамі ёсьць уласна цэнтральны гарадзкі парк, могілкі Ольсдорф і Плянтэн-ун-Блёмэн. У цэнтральным гарадзкім парку Гамбургу маецца велізарная воданапорная вежа, у якой месьціцца адзін з найбуйнейшых у Эўропе плянэтарыюмаў. Парк і ягоныя будынкі былі спраектаваны Фрыцам Шумахэрам у 1910-х гадах. Раскошны й прасторны парк Плянтэн-ун-Блёмэн месьціцца ў самым цэнтры места й ёсьць сэрцам гораду. У межах парку былі створаныя розныя тэматычныя сады, у тым ліку самы вялікі японскі сад у Нямеччыне, а таксама батанічны сад, які цяпер складаецца ў асноўным з аранжарэяў.

Гарады-сябры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гамбург падтрымлівае сувязі з наступнымі гарадамі:

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]