Іван Юльянавіч Здановіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Здановіч.
Іван Здановіч
Імя пры нараджэньні Іван Юльянавіч Здановіч
Род дзейнасьці настаўнік, краязнаўца
Дата нараджэньня 4 ліпеня 1926 (97 гадоў)
Месца нараджэньня в. Доўгая, Шчучынскі павет Наваградзкага ваяводзтва
Дата сьмерці чэрвень 2022 (95 гадоў)
Грамадзянства ПольшчаСССРБеларусь
Месца вучобы
Занятак настаўнік, краязнаўства
Жонка Вольга Талашкевіч
Дзеці Людміла
Віктар

Іва́н Юлья́навіч Здано́віч (нарадзіўся 4 ліпеня 1926 году, вёска Доўгая Шчучынскага павету Наваградзкага ваяводзтва, цяпер у Шчучынскім раёне Гарадзенскай вобласьці — чэрвень 2022 году[1]) — беларускі настаўнік, краязнаўца.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зь сялянскай сям’і. Скончыў пачатковую польскую школу ў роднай вёсцы, у 1939—1941 вучыўся ў 5—6 клясах. Падчас вайны скончыў сёмую клясу ў Жалудоцкай школе, два курсы Шчучынскай настаўніцкай сэмінарыі.

Па вайне працаваў загаднікам Баяра-Жалудоцкай пачатковай школы, настаўнікам у роднай вёсцы. Скончыў завочна Лідзкую пэдвучэльню (1946), потым аддзяленьне беларускай мовы і літаратуры філялягічнага факультэту Гарадзенскага пэдінстытуту (1951). Накіраваны на працу ў Берасьцейскую вобласьць.

Працаваў у Малецкай сярэдняй школе (1951—1952), беларускай сярэдняй школе №1 г. Пружаны (1952—1955), выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Камянецкай СШ (1955—1957). На Пружаншчыне ў 1955 ажаніўся з Вольгай Талашкевіч, таксама настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.

Да 1964 року на Гарадзеншчыне, інспэктар РАНА, дырэктар Капцёўскай СШ[2] (1957—1964). Пасьля вярнуўся з сям’ёй у Пружаны. У 1964—1966 працаваў у Белаляскоўскай, Шарашоўскай, Хараўской школах. Узначальваў пружанскую школу рабочай моладзі (1966—1974), школу-інтэрнат (1974—1986, з 1986 сярэдняя школа №4).

З 1986 року на пэнсіі. Жыве ў Пружанах. Дачка Людміла — настаўніца беларускай мовы і літаратуры; сын Віктар — хірург-траўматоляг, сябра БНФ.

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выдаў «Зборнік практыкаваньняў па беларускай мове для 4-6 клясаў», які тройчы перавыдаваўся (1965, 1969, 1979). Публікуе ў пэрыядычным друку артыкулы па беларускай літаратуры, гісторыі, краязнаўстве. У 2004 годзе выдадзеная кніжка «Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэньня з Пружаншчыны», а ў 2008 годзе — другая частка гэтай кніжкі.

Узначальваў грамадзка-культурнае аб’яднаньне «Спадчына» (1986—1989). Заснавальнік і першы кіраўнік Пружанскай арганізацыі грамадзкага аб’яднаньня «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (1989)[3]. Сябра БНФ «Адраджэньне».

Разам з іншымі арганізаваў і ўдзельнічаў у пабудове помніку паўстанцам Кастуся Каліноўскага ў Ружанскай пушчы (1989). Арганізаваў аднаўленьне расстралянай з вэрталёту вайскоўцамі стэлы помніку і ўрачыстае асьвячэньне помніка сьвятарамі праваслаўнай і каталіцкай канфэсіяў.

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Здановіч, Іван Юльянавіч. Зборнік практыкаванняў па беларускай мове: 5—6 кл. васьмігад. шк. — 1965.[4]
  • Здановіч, Іван Юльянавіч. Зборнік практыкаванняў па беларускай мове: 5—6 кл. — 1969.[4]
  • Здановіч, Іван Юльянавіч. Зборнік практыкаванняў па беларускай мове: 4—6 класы. — 1979.[4]
  • Здановіч І. Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэньня з Пружаншчыны: Грамадска-літаратурны даведнік. — Пружаны: 2003. — 144 с.
  • Здановіч І. Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэньня з Пружаншчыны: Грамадска-літаратурны даведнік. — Берасьце: «Альтернатива», 2008. — 172 с. — 80 ас. — ISBN 978-985-6843-85-6

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Памёр краязнаўца і грамадскі дзеяч з Пружан Іван Здановіч // Наша Ніва
  2. ^ Из истории школы (рас.) О школе. Государственное учреждение образования «Коптёвская средняя школа». Праверана 14 студзеня 2013 г.
  3. ^ Пружанская гарадзкая арганізацыя ТМБ Мясцовыя арганізацыі. Таварыства беларускай мовыПраверана 20 чэрвеня 2013 г.
  4. ^ а б в Запрос: a001="BY-SEK-217238" (рас.) Сводный электронный каталог системы корпоративной каталогизации. Нацыянальная бібліятэка БеларусіПраверана 14 студзеня 2013 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Здановіч І. Аб аўтары. Здановіч Іван Юльянавіч // Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэньня з Пружаншчыны: Грамадска-літаратурны даведнік. — Пружаны: 2003. — С. 139—140.
  • Здановіч І. Аб аўтары. Здановіч Іван Юльянавіч // Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэньня з Пружаншчыны: Грамадска-літаратурны даведнік. — Берасьце: «Альтернатива», 2008. — С. 168—169. — 80 ас. — ISBN 978-985-6843-85-6