Перайсьці да зьместу

Валеры Гапееў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Валеры Гапееў
На 25-й Менскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы (2018 год)
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Валеры Мікалаевіч Гапееў
Нарадзіўся 6 лютага 1963 (61 год)
Восаў, Рагачоўскі раён, Гомельская вобласьць, Беларуская ССР, Савецкі Саюз
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці журналістыка
Гады творчасьці з 1995 году
Жанр апавяданьне, аповесьць, гумарэска, казка, п'еса[1], раман
Мова беларуская
Дэбют апавяданьне «Абсалютнае жаданьне» // часопіс «Маладосьць», 1995 г.
Значныя творы аповесьць «Пастка на рыцара» (2002), раманы «Праклён» (2013), «Ноч цмока» (2016), «Мая мілая ведзьма» (2017) і «Пазл» (2019)
Прэміі прэмія Калесьніка (2007), «Залаты апостраф» (2016), Мядовая прэмія (2017), прэмія Цёткі (2018)
Узнагароды
Творы на сайце Kamunikat.org

Валеры Мікалаевіч Гапееў (нар. 1963, Восаў, Рагачоўскі раён, Гомельская вобласьць, цяпер Беларусь) — беларускі пісьменьнік і журналіст.

Аўтар 12 кніг, у тым ліку 4-х раманаў. Ляўрэат 4 літаратурных прэміяў: прэміі Калесьніка (2007) за кнігу апавяданьняў «Пастка на рыцара» (2002), «Залаты апостраф» (2016), Мядовай прэміі (2017) і прэміі Цёткі (2018) за раман «Мая мілая ведзьма».

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Балатнянскай сярэдняй школе Рагачоўскага раёну (Беларуская ССР). Скончыў Менскі электратэхнікум сувязі па спэцыяльнасьці «радыёсувязь і радыёвяшчаньне». Працаваў майстрам у Балхаскай вучэльні ў Казаcкай ССР (Карагандзінская вобласьць). У 1982—1984 гадох служыў у Савецкім войску. Пазьней працаваў наладнікам на менскім заводзе «Інтэграл». У 1989 годзе ў шлюбе нарадзіўся сын. У 1992 годзе пераехаў зь сям’ёй у Івацэвічы (Берасьцейская вобласьць), дзе працаваў токарам, апэратарам станкоў зь лічбавым праграмным кіраваньнем (ЛПК) і інжынэрам на заводзе. Адначасна пачаў пісаць прозу. У газэтах друкаваў сатырычных гумарэскі. Працаваў пазаштатным карэспандэнтам у раённай газэце «Івацэвіцкі весьнік». У 1995 годзе выдаў апавяданьне «Абсалютнае жаданьне» у часопісе «Маладосьць» і быў запрошаны на працу карэспандэнтам у новаствораную «Газэту Ўладзімера Кудзінава»[2].

У 1997 годзе перайшоў на штатную працу ў раённую газэту «Івацэвіцкі весьнік», дзе стаў загаднікам аддзелу, а затым адказным сакратаром рэдакцыі. У 1998 годзе ў шлюбе нарадзілася дачка. Уступіў у Саюз журналістаў Беларусі. У 2002 годзе падрыхтаваў кнігу апавяданьняў для падлеткаў «Пастка на рыцара», якая выйшла ў выдавецтве «Юнацтва» і была ўганараваная ў 2007 годзе Берасьцейская абласной літаратурнай прэміяй імя Ўладзімера Калесьніка. Частка апавяданьняў пабачыла сьвет раней у часопісах «Бярозка» і «Першацьвет». Друкаваўся ў часопісе «Полымя». У 2006 годзе стварыў сайт «Івацэвіцкі край», які штодня наведвала звыш 300 чалавек[2].

У сьнежні 2006 году ўступіў у Саюз пісьменьнікаў Беларусі (СПБ). У 2007 годзе ў часопісе «Маладосьць» пабачыла сьвет аповесьць «Ведзьміна тоня», якая ў 2012 годзе выйшла асобнай кнігай. У 2010 годзе выйшла 2-я кніга прозы «Ўрокі першага каханьня». У 2010 годзе ягоныя творы выйшлі ў супольным зборніку «Самая чароўная кветка», а ў 2012 годзе ў зборніках «Самотная зорка Вэнэра» і «Закаханы ў Сьнягурку». У 2012 годзе з удзелам Гапеева выйшлі кніга краязнаўца Алеся Зайкі «Населеныя пункты Івацэвіччыны» і кніга вершаў і эсэ мастака Анатоля Галушкі «Сьляды на пяску», якога прынялі ў СПБ у 2013 годзе. У 2013 годзе выдаў адразу 3 кнігі: раман «Праклён», зборнік прозы «Я размалюю для цябе неба» і казку «Сонечная паляна» на 70 старонак, а таксама ўзяў удзел у 2-х зборніках «Пакуль б’ецца сэрца» і «Цьвёрды арэшак»[2].

У чэрвені 2015 году перайшоў у Саюз беларускіх пісьменьнікаў. У 2016 годзе выдаў асобнай кнігай раман «Ноч цмока» і друкаваўся ў супольных зборніках «Адзін кот і адзін год» і «Ева ў пошуках Адама». У 2016 годзе атрымаў прэмію «Залаты апостраф» часопіса «Дзеяслоў»[2]. У 2017 годзе выдаў раман «Мая мілая ведзьма», за якую ў 2018 годзе атрымаў прэмію Цёткі, узяў удзел у зборніку «Вясёлка» і атрымаў Мядовую прэмію. У 2019 годзе выдаў раман «Пазл». У 2020 годзе выпусьціў кнігу прыгодаў «Зьніч ваўкалака» і зборнік прозы «І хай ніхто ня пойдзе пакрыўджаным». У 2021 выйшла кніга аповедаў «Жэнька — каралева мышак».

  1. ^ Марына Весялуха. Зазірнуць за гарызонт // Зьвязда : газэта. — 13 сакавіка 2014. — № 46 (27656). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ а б в г 6 лютага 2018 года — 55 гадоў з дня нараджэння Валерыя Мікалаевіча Гапеева (1963), пісьменніка, журналіста // Берасьцейская абласная бібліятэка, 3 сьнежня 2020 г. Праверана 18 кастрычніка 2022 г.