Паэзія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Фрэска Рафаэля «Парнас», на якой намаляваны знакамітыя паэты разам зь дзевяцьцю музамі.

Паэзія (ад грэцкай «ποίησις», паэзыс — «стварэньне») — галіна мастацкай літаратуры, творы якой ствараюцца звычайна ў вершаванай форме. Адсюль, паэзія можа выражацца як у асобных вершах, гэтак і паўставаць у кампазыцыі зь іншымі відамі мастацтва: у гімнах, песьнях, драматычных творах і вершаванай прозе. Паэзію ва ўсіх яе праявах публікуюць у розных спэцыялізаваных часопісах, зборах паэзіі і гэтак далей. Адным з найбольш сустракаемых жанраў зьяўляецца лірыка.

Дадатковай мерай прамовы зьяўляецца верш (вершаваны радок), а таксама рыфмы, мэтар і іншыя. Нярэдка слова паэзія ўжываецца ў мэтафарычным сэнсе, азначаючы вытанчанасьць выкладу або прыгажосьць адлюстраванага, і ў гэтым сэнсе паэтычным можа быць названы асабліва празаічны тэкст; каб пазьбегнуць блытаніны ў навуковай літаратуры існуе таму тэндэнцыя пазьбягаць словы паэзія і казаць выключна пра вершы (вершах), аднак і такое словаўжываньне ня вольна ад недахопаў, паколькі асноўнае значэньне тэрміну «верш» — асобны вершаваны радок.

Паэзія выкарыстоўвае формы, каб прапанаваць дыфэрэнцыраванае тлумачэньне словаў альбо каб выклікаць эмацыянальныя ўзрушэньні чытачоў. Такія інструмэнты, як то асананс, алітэрацыя, онаматапэя і рытм, часам выкарыстоўваюцца для дасягненьня музычных эфэктаў. Выкарыстаньне многазначнасьці, сымбалічнасьці, іроніі і іншых стылістычных элемэнтаў паэтычнай дыкцыі часта пакідае верш адкрытым для шматлікіх інтэрпрэтацыяў. Іншыя маляўнічыя фігуры, як то мэтафара, параўнаньне і мэтанімія[1], ствараюць рэзананс паміж рознымі вобразамі і напластаваньне сэнсаў паміж імі, што ўтварае раней не ўспрыманыя сувязі. Роднасныя формы рэзанансу могуць паўставаць паміж асобнымі вершамі ў рыфмах альбо рытме.

Некаторыя тыпы паэзіі характэрныя для пэўных культур і жанраў і маюць пэўныя асаблівасьці ў залежнасьці ад мовы, на якой піша паэт. Чытачы, якія прызвычаіліся атаясамляць паэзію з Дантэ, Гётэ, Міцкевічам і Румі, могуць думаць пра паэзію як пра напісаны твор у радках на аснове рыфмы і рэгулярнага мэтра. Аднак ёсьць такія традыцыі, як то біблейская паэзія, якія выкарыстоўваюць іншыя сродкі для стварэньня рытму і мілагучнасьці. Шмат што ў сучаснай паэзіі адлюстроўвае крытыку паэтычнай традыцыі[2], гуляючы і выпрабоўваючы, між іншым, сам прынцып мілагучнасьці, часам увогуле адмаўляючыся ад рыфмы ці зададзеных рытмаў[3][4]. У сучасным больш глябалізаваным сьвеце паэты часта прыстасоўваюць формы, стылі і прыёмы з розных культураў і моваў.

У сучаснай культуры пад паэзіяй звычайна разумеюць від мастацтва, забываючы, што і ў цяперашнім паўсядзённым жыцьці досыць тэкстаў паэтычных, але не мастацкіх (напрыклад, рэклямныя). Гістарычна ж вершаванымі маглі быць тэксты любога зьместу, у тым ліку навуковыя і мэдычныя трактаты. Мэтазгоднасьць ужываньня гэтых тэкстаў у вершаванай форме была зьвязана з тым, што такім чынам тэкст дыстанцаваўся ад штодзённых прамоваў, азначаўся як найбольш важны і значны.

У 1999 годзе пастановай трыццатай сэсіяй ЮНЭСКО быў устаноўлены Сусьветны дзень паэзіі, які адзначаецца штогод з 2000 году, 21 сакавіка.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Strachan, John R; Terry, Richard, G (2000). «Poetry: an introduction». Edinburgh University Press. — С. 119. — ISBN 978-0-8147-9797-6.
  2. ^ Eliot, TS (1999). «The Function of Criticism». Selected Essays. Faber & Faber. — С. 13–34. — ­ISBN 978-0-15-180387-3.
  3. ^ Longenbach, James (1997). «Modern Poetry After Modernism». Oxford University Press. — С. 9, 103. — ­ISBN 978-0-19-510178-2.
  4. ^ Schmidt, Michael, ed. (1999). «The Harvill Book of Twentieth-Century Poetry in English». Harvill Press. — С. 27–28. — ISBN 978-1-86046-735-6.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Паэзіясховішча мультымэдыйных матэрыялаў