Вэрлібр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Вэрлі́бр (свабо́дны верш) — дысмэтрычны верш, у аснове рытму якога — чаргаваньне якіх-небудзь дапаможных рытмастваральных кампанэнтаў. Надзвычай важнае значэньне набывае ў ім графічная разьбіўка верша на радкі, вызначэньне месца міжрадковых паўзаў. Менавіта вершаваны радок як цэласны інтанацыйна-сынтаксічны і сэнсавы комплекс, выразна выдзелены паўзамі (а на пісьме — яшчэ і графічна), выступае ў вэрлібры ў якасьці асноўнай рытмічнай адзінкі. Інтанацыйная аднатыпнасьць асобных радкоў дасягаецца падабенствам іх унутранай лексыка-граматычнай структуры, што стварае пэўную меру паўтору па «вэртыкалі».

У радках свабоднага верша паўтараюцца наступныя дапаможныя рытмастваральныя кампанэнты: аднатыпныя сынтаксічныя канструкцыі, аднолькавыя ці крыху відазьмененыя радкі, аднолькавыя словы ці іх марфалягічныя формы, гукаспалучэньні, націскі на пэўных месцах і г. д. Спарадычна можна сустрэць нават прыметы танічнага верша, падначаленыя агульнай інтанацыйнай структуры вэрлібра (чаргаваньне моцных або апорных націскаў, рыфмоіды і інш.). Прычым у свабодным вершы адсутнічае адзіная скразная мера паўтору, яна ўвесь час мяняецца. Так, напрыклад, першыя тры радкі твора, напісанага вэрлібрам, вызначаюцца аднатыпнасьцю іх сынтаксічнай пабудовы, чатыры наступныя — паўторам на пачатку радкоў назоўнікаў у пэўным склоне, яшчэ тры радкі суадносяцца рытмічнымі націскамі, скажам, на трэцім і сёмым складах, і г. д. Для вэрлібра характэрна надзвычайнае багацьце і гнуткасьць паэтычнага сынтаксісу, у тым ліку розных рытарычных фігураў, сынтаксічных пэрыядаў, што надае інтанацыйнаму малюнку разнастайнасьць (пералічэньне, далучэньне, супрацьпастаўленьне і г. д.). у межах адной рытміка-інтанацыйнай структуры.

Гісторыя вэрлібра[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узьнік вэрлібр у амэрыканскай і эўрапейскай літаратурах у сярэдзіне XIX ст. (Уітмен, Гейнэ), сустракаўся ў клясічнай расейскай паэзіі (А. Фет, Я. Палонскі, М. Міхайлаў). Тэрмін «вэрлібр» упершыню быў уведзены ва ўжытак францускім пісьменьнікам Г. Канам у 1884 г. Асаблівае распаўсюджаньне гэты верш набыў у XX ст. (А. Блок, В. Брусаў, У. Маякоўскі, М. Цьвятаева, Э. Межэлайціс, У. Салаўхін, Я. Вінакураў, I. Драч, С. Маўленаў), стаў для некаторых паэтаў ледзь не адзінай вершаванай формай (Нэруда, Хікмет, Рыцас, Лундквіст і інш.).

Вэрлібр у беларускай літаратуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Родапачынальнікам вэрлібра на Беларусі зьяўляецца М. Багдановіч. У 20-я гады ХХ ст. свабодным вершам шырока карыстаўся В. Ластоўскі. У беларускай паэзіі другой паловы ХХ ст. свабодны верш найчасьцей сустракаецца ў П. Панчанкі, С. Дзяргая, К. Кірэенкі, А. Вярцінскага, А. Лойкі, П. Макаля, Я. Сіпакова, А. Наўроцкага, Р. Семашкевіча, Ю. Голуба, Н. Загорскай і інш. У М. Танка вэрлібр стаў адным з асноўных відаў верша. Ён у паэта найчасьцей ужываўся ў філязофскіх і мэдытатыўных творах-роздумах, свабодны рытм якіх арганічна яднаецца з умоўна-асацыятыўнай вобразнасьцю.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]