Свабода (радыё)
Радыё «Свабода» | |
Радыё «Свабодная Эўропа»/Радыё «Свабода» | |
![]() | |
Горад | Прага |
---|---|
Краіна | Чэхія |
Слоган | Падтрымка дэмакратычных каштоўнасьцяў шляхам пашырэньня ідэяў |
Фармат | Навіновы |
Частасьць | 1386 кілягэрц (Менск) |
Мачта | мястэчка Вешынты(lt) (Анікштаўскі раён, Летува)[1] |
Магутнасьць | 75 кіляват (2020) |
Час вяшчаньня | 2 гадзіны (21:00-22:00 і 23:00-0:00) |
Зона вяшчаньня | 12 краінаў Азіі і 10 краінаў Эўропы, у тым ліку Беларусь |
Пачатак працы | 17 сакавіка 1949 (71 год таму) |
Замяніла | Радыё «Вызваленьне» (у 1959) |
Доля | 7,8% слухачоў Беларусі (2007)[2] |
Заснавальнік | ЦРУ ЗША |
Уласьнік | Кангрэс ЗША |
Кіраўнікі | Дэйзі Сіндэлар (в.а.) |
Сайт | www.svaboda.org |
svaboda | |
svaboda.org | |
Вконтакте | radiosvaboda |
YouTube | svabodavideo |
Он-лайн-трансьляцыя | akamaistream.net |
Радыё «Свабода» (анг. Radio Free Europe/Radio Liberty) — дзяржаўная радыёстанцыя ЗША, заснаваная пад назовам «Вызваленьне» ў сакавіку 1949 г. у Нью-Ёрку Цэнтральнай разьведвальнай управай (ЦРУ) для замежнага вяшчаньня. 20 траўня 1954 г. пачала беларускамоўнае вяшчаньне. У 1959 г. атрымала сучасны назоў. З 1973 г. адкрыта фінансуецца Кангрэсам ЗША. З красавіка 1995 г. галаўная сядзіба месьціцца ў Празе (Чэхія). На 2020 г. радыёстанцыя падавала навіны на 11 мовах Азіі (азэрбайджанская, армянская, грузінская, дарыйская, казаская, кыргыская, пуштунская, пэрсыдзкая, таджыцкая, туркмэнская і ўзбэцкая) і 13 мовах Эўропы (альбанская, ангельская, баўгарская, беларуская, вугорская, крымскататарская, македонская, расейская, румынская, сэрбскахарвацкая, татарская, украінская і чачэнская). Вяшчаньне ажыцьцяўлялася на 11 краінаў Азіі (Азэрбайджан, Армэнія, Аўганістан, Грузія, Іран, Казахстан, Кыргыстан, Пакістан, Таджыкістан, Туркмэністан і Ўзбэкістан) і 12 краінаў Эўропы (Баўгарыя, Беларусь, Босьнія і Герцагавіна, Вугоршчына, Косава, Малдова, Паўночная Македонія, Расея, Румынія, Сэрбія, Чарнагорыя і Ўкраіна).
Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
17 сакавіка 1949 г. ў Нью-Ёрку (штат Нью-Ёрк, ЗША) супрацоўнік Цэнтральнай разьведвальнай управы (ЦРУ) Ален Далес (1893—1969) заснаваў Нацыянальны камітэт за свабодную Эўропу(en) для стварэньня ў Заходняй Нямеччыне радыёстанцыі, якая мела вяшчаць на падсавецкую частку Ўсходняй Эўропы. Радыё «Свабодная Эўропа» ўтварылі для вяшчаньня на краіны Усходняй Эўропы, якія пасьля 1945 году трапілі ў сфэру ўплыву СССР, а таксама на Летуву, Латвію ды Эстонію (ЗША не прызналі іх улучэньня ў склад СССР). Для астатніх 12 рэспублік СССР, у тым ліку Беларускай ССР, утварылі радыё «Вызваленьне». У студзені 1950 г. радыёстанцыя набыла першы радыёперадавальнік у Лямпэртгайме (зямля Гэсэн, Заходняя Нямеччына). Сядзіба перамясьцілася ў Мюнхэн (зямля Баварыя, Заходняя Нямеччына). 4 ліпеня 1950 году пачалося вяшчаньне зь перасоўных радыёперадатчыкаў, уладкаваных у аўтафургонах, якія перамяшчаліся ўздоўж мяжы з Чэхаславакіяй — першыя перадачы былі на чэскай мове. Прыкладна праз год у Мюнхэне пад радыёстанцыю абсталявалі асобны будынак.
Беларуская служба Радыё «Вызваленьне» пачала вяшчаньне 20 траўня 1954 году[3]. У 1959 годзе адбылася зьмена назову радыёстанцыі з «Вызваленьне» на «Свабода»[4]. У 1973 годзе Радыё «Свабода» й Радыё «Свабодная Эўропа» вывелі з-пад фінансавай апекі Галоўнай разьведвальнай ўправы ЗША й перадалі пад кіраваньне адмыслова створанаму Камітэту міжнароднага радыёвяшчаньня. Ад таго часу фінансаваньне ажыцьцяўляецца адкрыта праз амэрыканскі Кангрэс[5]. 1 кастрычніка 1976 году «Свабодную Эўропу» й Камітэт Радыё «Свабода» злучылі ў адно прадпрыемства[6]. Пасьля ўсталяваньня дыпляматычных дачыненьняў між ЗША й КНР у 1979 годзе спынілі вяшчаньне на уйгурскай мове[7], а пазьней — і на карачаева-балкарскай[8]. 21 лютага 1981 году ў мюнхэнскім будынку радыёстанцыі адбыўся выбух, зладжаны на замову Аддзелу дзяржаўнае бясьпекі Румыніі групаю асобаў на чале з вэнэсуэльскім тэрарыстам Ільічом Рамірэсам Санчэсам зь мянушкай Шакал, які дагэтуль адбывае пажыцьцёвае зьняволеньне. У выніку выбуху некалькі чалавек было паранена, матэрыяльныя страты склалі некалькі мільёнаў даляраў[9].
30 лістапада 1988 году СССР спыніў радыёглушэньне[10]. У выніку скарачэньня ўрадавых выдаткаў амэрыканскім Кангрэсам і прэзыдэнтам Білам Клінтанам у 1993 годзе зачынілі вугорскую й аўганскую службы[11]. У студзені 1994 году вяшчаньне пашырылася на краіны былой Югаславіі — Босьнію, Сэрбію, Харватыю й Чарнагорыю. Улетку 1994 году Біл Клінтан прыняў прапанову прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла й чэскага ўраду аб пераезьдзе радыёстанцыі зь Мюнхэну ў пусты будынак фэдэральнага чэхаславацкага парлямэнту ў цэнтры Прагі. У жніўні амэрыканскі Кангрэс зацьвердзіў пастанову аб пераезьдзе, што закончылі ў 1995 годзе, а таксама «Закон аб міжнародным радыёвяшчаньні», на падставе якога ўсе невайсковыя ўрадавыя службы міжнароднага вяшчаньня падпарадкавалі адмыслова створанай Радзе кіраўнікоў радыёвяшчаньня. У 1994 годзе таксама адчынілася прадстаўніцтва ў Менску, першаю кіраўніцаю якога стала Жана Літвіна[12]. Пасьля пераезду першыя перадачы з Прагі загучалі 1 красавіка 1995 году, а першая беларуская — 8 траўня[13].
У 1990-я гг., пасьля палітычных зьменаў ва Ўсходняй Эўропе, зачынілі таксама польскую, чэскую й славацкую службы. Адначасна пачалося вяшчаньне на Іран ды Ірак.
З 2000-х гадоў у этэр выходзілі перадачы на больш як 20 мовах. Вяшчаньне вялося на кароткіх хвалях, праз спадарожнікі й сеціва. Перадачы таксама рэтрансьляваліся ў многіх краінах мясцовымі радыёстанцыямі. На травень 2009 г. на сядзібе ў Празе працавалі 550 супрацоўнікаў. Прадстаўніцтвы працавалі ў 19 краінах[14].
Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У студзені 2012 г. былы грамадзкі рэдактар[15] радыё Алесь Астроўскі зазначыў, што ад часу «прыходу ў Белы дом Абамы» ў 2009 г. «радыё “Свабода”, якое вымушана знаходзіцца ў плыні “заходняй” палітыкі, займаецца прапагандай садамісцкай тэмы»[16].
Беларуская служба[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
На 2016 г. беларуская служба радыё «Свабода» налічвала 12 журналістаў, зь іх 11 былі рэдактарамі: Сяргей Абламейка, Багдан Андрусішын, Юры Дракахруст, Сяргей Дубавец, Аляксей Знаткевіч, Ян Максімюк, Сяргей Навумчык, Алена Радкевіч, Ганна Соўсь, Алена Ціхановіч і Сяргей Шупа[17].
Перадачы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
На 2016 г. беларуская служба радыё «Свабода» выпускала 9 перадачаў: «Вольная студыя», «Зона», «Новая Атлянтыда», «Падарожжы», «Паштовая скрынка 111», «Праскі акцэнт», «Трайны ўдар», «У турмах» і «Экспэртыза»[18].
Частасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Он-лайн: на сайце svaboda.org a 0:00-24:00.
- Сярэднія хвалі: 1386 кілягэрцаў а 21:00-22:00 і 23:00-0:00.
- Спадарожнік «Хот Бёрд(en)» 13: арбітальнае разьмяшчэньне — 13° усходняй даўгаты, палярызацыя хваляў(en) — вэртыкальная, частасьць — 12,226 гігагэрцаў, папераджальнае выпраўленьне памылак(en) — 3/4, новая знакавая хуткасьць(en) — 27,5 мэгазнакаў/сэк., распазнавальнік пакета відэа і спасылкі на гадзіньнік перадачы — HB1-8:4260 і HB9-28:4360, хуткасьць дадзеных(en) — 192 кілябіт/сэк., кадаваньне(be) — MPEG2(en).
- Вяшчаньне на кароткіх хвалях спынена 24 чэрвеня 2016 году.
Кіраўнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Вінцэнт Жук-Грышкевіч (1953—1956)
- Уладзімер Дудзіцкі (1956—1962)
- Уладзімер Цьвірка (1962—1968)
- Масей Сяднёў (1968—1983)
- Юры Сянькоўскі (1983—1991)
- Вячка Станкевіч (1991—1998)
- Аляксандар Лукашук (1999 — кастрычнік 2007)
- Ян Максімюк (кастрычнік 2007 — 2008)[19]
- Аляксандар Лукашук (з 2008 г.)
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Міхаіл Шчарбак. Радыёстанцыі ў Менску // Эўрапейская радыёкарта, 2016 г. Праверана 29 сакавіка 2016 г.
- ^ Нацыянальнае апытаньне ў верасьні 2007 г. (пытаньне №58)(рас.) // Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД), 15 кастрычніка 2007 г. Праверана 26 ліпеня 2014 г.
- ^ Свабодзе — 55! // Радыё «Свабода». 18 траўня 2009
- ^ Сяргей Шупа. Радыё «Свабода» год за годам: 1959 // Радыё «Свабода», 6 ліпеня 2009 г. Архіўная копія ад 2 ліпеня 2009 г. Праверана 29 сакавіка 2016 г.
- ^ Сяргей Шупа. Радыё «Свабода» год за годам: 1973 // Радыё «Свабода», 20 ліпеня 2009 г. Архіўная копія ад 7 ліпеня 2009 г. Праверана 29 сакавіка 2016 г.
- ^ Сяргей Шупа. Радыё «Свабода» год за годам: 1976 // Радыё «Свабода», 23 ліпеня 2009 г. Архіўная копія ад 7 ліпеня 2009 г. Праверана 29 сакавіка 2016 г.
- ^ Сяргей Шупа. Радыё «Свабода» год за годам: 1979 // Радыё «Свабода», 26 ліпеня 2009 г. Архіўная копія ад 7 ліпеня 2009 г. Праверана 29 сакавіка 2016 г.
- ^ Сяргей Шупа. Радыё «Свабода» год за годам: 1982 // Радыё «Свабода», 29 ліпеня 2009 г. Архіўная копія ад 7 ліпеня 2009 г. Праверана 29 сакавіка 2016 г.
- ^ Сяргей Шупа. Радыё «Свабода» год за годам: 1981 // Радыё «Свабода», 28 ліпеня 2009 г. Архіўная копія ад 7 ліпеня 2009 г. Праверана 29 сакавіка 2016 г.
- ^ Сяргей Шупа. Радыё «Свабода» год за годам: 1988 // Радыё «Свабода», 4 жніўня 2009 г. Архіўная копія ад 7 ліпеня 2009 г. Праверана 29 сакавіка 2016 г.
- ^ Сяргей Шупа. Радыё «Свабода» год за годам: 1993 // Радыё «Свабода», 9 жніўня 2009 г. Архіўная копія ад 7 ліпеня 2009 г. Праверана 29 сакавіка 2016 г.
- ^ Сяргей Шупа. Радыё «Свабода» год за годам: 1994 // Радыё «Свабода», 10 жніўня 2009 г. Архіўная копія ад 7 ліпеня 2009 г. Праверана 29 сакавіка 2016 г.
- ^ Сяргей Шупа. Радыё «Свабода» год за годам: 1995 // Радыё «Свабода», 11 жніўня 2009 г. Архіўная копія ад 7 ліпеня 2009 г. Праверана 29 сакавіка 2016 г.
- ^ Вольга Грынявіцкая. Джэф Гэдмін: «Калі ўлады баяцца Радыё Свабода, то гэта выглядае, што яны баяцца свайго народа…» // Народная воля. №79-80 (3005-3006) 26 траўня 2009
- ^ Аляксандар Уліцёнак. Грамадзкі рэдактар -- Алесь Астроўскі // Радыё «Свабода», 5 красавіка 2008 г. Праверана 21 лютага 2015 г.
- ^ Барыс Керзач, Алесь Астроўскі, Віталь Хромаў. Што могуць даць дэмакратыі тыя, хто выносіць паскудства на свае сьцягі (частка 6) // Беларусь - Наша Зямля, 8 студзеня 2012 г. Праверана 21 лютага 2015 г.
- ^ Кантакты з рэдакцыяй // Радыё «Свабода», 2016 г. Праверана 29 сакавіка 2016 г.
- ^ Праграмы // Радыё «Свабода», 29 сакавіка 2016 г. Праверана 29 сакавіка 2016 г.
- ^ Сяргей Шупа. На хвалі Свабоды: год 2007 // Радыё «Свабода», 13 траўня 2014 г. Праверана 29 сакавіка 2016 г.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Радыёстанцыі
- Радыёвяшчальныя арганізацыі
- Радыёстанцыі на беларускай мове
- Зьявіліся ў 1949 годзе
- Установы, міністэрствы і ведамствы ЗША
- Сродкі масавай інфармацыі Эўропы
- Сродкі масавай інфармацыі Чэхіі
- Прага
- Інтэрнэт-СМІ
- Зьнешняя палітыка ЗША
- Гісторыя Нью-Ёрку
- Гісторыя Мюнхэну
- Халодная вайна
- Антыкамунізм
- Цэнтральная разьведвальная ўправа
- Савецка-амэрыканскія стасункі