Павал Дземідовіч
Павал Дземідовіч | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Павал Пятровіч Дземідовіч |
Псэўданімы | Белорусс, Данчик, Д. |
Нарадзіўся | 29 чэрвеня 1871 вёска Мікалаеўшчына, Стаўпецкі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя |
Памёр | 7 сакавіка 1931 Менск, БССР, СССР |
Бацькі | Пётар Дземідовіч |
Жонка | Алімпіяда Дземідовіч |
Дзеці | Павал, Барыс, Зінаіда, Яўгенія, Зоя |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | этнограф, фальклярыст, пэдагог |
Гады творчасьці | 1890—1931 |
Кірунак | этнаграфія, фальклярыстыка |
Мова | беларуская, руская |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Дземідовіч.
Па́вал Дземідо́віч (10 ліпеня 1871, Мікалаеўшчына, Стаўпецкі павет, Менская губэрня — 7 сакавіка 1931, Менск, БССР) — беларускі этнограф, фальклярыст, пэдагог.
Працаваў у галіне вывучэньня сямейнага быту, вераваньняў і абрадаў беларусаў, запісваў народныя гутаркі. Адной са значных працаў Паўла Дземідовіча зьяўляецца дасьледаваньне, дзе ім разглядаюцца народныя павер’і ў нячыстую сілу, аповяды пра цуды, сабраныя зь мясцовага фальклёру. Частку сваіх дасьледаваньняў перадаў Мітрафану Доўнару-Запольскаму.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўпецкага павету Менскай губэрні. У 1883 годзе скончыў народнае вучылішча пры Мікалаеўскай царкве. У 1890 годзе, пасьля заканчэньня Нясьвжскай настаўніцкай сэмінарыі, настаўнічаў у мястэчку Уселюб, потым скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут у 1897 годзе. Настаўнічаў у Менскім і Наваградзкім паветах. Выкладаў у Выбарскай настаўніцкай сэмінарыі і на настаўніцкіх курсах у горадзе Выбаргу і Юр’еве (цяпер Тарту). Зь 1908 году — супрацоўнік аддзяленьня этнаграфіі Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалёгіі і этнаграфіі пры Маскоўскім унівэрсытэце. Публікаваўся ў выданьнях |«Віленскі весьнік», «Этнаграфічнае агляданьне», «Жывая даўніна». Зь 1915 настаўнічаў у Віцебску. Зь 1919 году — у Менску як арганізатар і загадчык 13-й школы, дзе ўпершыню выкладаньне вялося на беларускай мове. У 1920 годзе разам са Сьцяпанам Некрашэвічам падымаў пытаньне аб вяртаньне ў Беларусь бібліятэкі графа Храптовіча зь Кіева, аднак дамоўленасьць не была дасягнута. У ліпені 1920 — верасьні 1921 — у Наркамаце асьветы БССР, прапаноўваў стварыць Інстытут беларускай культуры. У 1921 годзе — выкладчык Менскага інстытуту народнай адукацыі. Арыштаваны ў лютым 1921 году па абвінавачаньні ў антысавецкай дзейнасьці. Зь 1922 году выкладаў у сярэдніх школах Менску. Ад 1925 году член этнаграфічнай сэкцыі Інбелкульта. У 1930 годзе зноў арыштаваны па справе «Саюза вызваленьня Беларусі», аднак быў адпушчаны ў сувязі зь цяжкай хваробай. Перад сьмерцю Паўла Дземідовіча наведвалі яго сябры: Янка Купала, Якуб Колас, Алесь Сянкевіч, Антон Лёсік і некаторыя землякі. Памёр 7 сакавіка 1931 году ў Менску. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках[1].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вывучаў сямейны быт і абрады беларусаў, запісваў г.зв. "Гутаркі Паўлюка" — творы па матывах народных апавяданьняў у вершаванай форме. Адной з найбольш значных яго працаў стала дасьледаваньне аб старадаўніх вераваньнях і традыцыях, дзе ім разглядаюцца народныя павер’і ў нячыстую сілу, ведзьмаў і знахараў, аповяды пра розныя цуды, якія былі запісаны ў Мікалаеўшчыне і суседніх вёсках у канцы ХІХ стагодзьдзя. Некаторыя з гэтых дасьледаваньняў былі апублікаваныя ў часопісе «Этнаграфічнае агляданьне» №1-3 за 1896 год. Некаторыя зь яго працаў: — «Батлейка», 1894 год (Віленскі весьнік); «Масленіца і вялікі пост», 1895 год (Віленскі весьнік, №67); «Благавешчанне», 1895 год (Віленскі весьнік, №68); «Вялікдзень у сялян Беларусі», 1895 год (Віленскі весьнік, №73-74); «Купалле ў Беларусі», 1895 год (Віленскі весьнік, №134); «Из области верований и сказаний белорусов» (Этнографическое обозрэние за 1896 г., №1,2-3); «Гутаркі Паўлюка», 1898 год (Віленскі весьнік, №173); «Беларускія дзіцячыя гульні», 1899 год (Живая старина)[1].
Спадчына Паўла Дземідовіча выкарыстана пры падрыхтоўцы выданьняў «Легенды і паданні» (1983) і «Земляробчы каляндар» (1990) серыі «Беларуская народная творчасць».
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гурскі А. І. З любоўю да народа: З жыцця і фальклорна-этнаграфічнай дзейнасці Д. Г. Булгакоўскага і П. П. Дземідовіча — Мн., 1989.
- Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
- Дземідовіч Павел Пятровіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. С. 104.
- ЭГБ, т. 3.