Турэц
| Турэц лац. Turec | |
| Населены пункт | |
| Краіна | Беларусь |
|---|---|
| Вобласьць | Гарадзенская |
| Раён | Карэліцкі |
| Сельсавет | Турэцкі |
| Геаграфія | |
| Вышыня НУМ | 170 м[1] |
| Часавы пас | |
| Каардынаты | 53°31′38″ пн. ш. 26°18′51″ з. д.HGЯO |
| Насельніцтва | |
| Колькасьць | 626 чал. (2010) |
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |
| Тэлефонны код | +375 1596 |
| Паштовы індэкс | 231441 |
| СААТА | 4233838071 |
| Нумарны знак | 4 |
| Турэц на мапе Беларусі ± Турэц | |
Турэ́ц[2] — вёска ў Беларусі, у міжрэччы Нёмана і Вушы. Цэнтар сельсавету Карэліцкага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 626 чалавек. Знаходзіцца за 15 км на паўднёвы ўсход ад Карэлічаў, за 32 км ад чыгуначнай станцыі Гарадзея; на аўтамабільнай дарозе Карэлічы — Мір.
Турэц — даўняе мястэчка гістарычнай Наваградчыны. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся палац Хадкевічаў, помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Першы пісьмовы ўпамін пра Турэц зьмяшчаецца ў Валынскай хроніцы і датуецца 1276 годам, калі галіцка-валынскія князі ў хаўрусе з татарамі выправіліся на Наваградак і Горадню. У XIV стагодзьдзі паселішча знаходзілася ў валоданьні князя У. Альгердавіча. Ягоны сын князь Аляксандар перадаў навакольныя землі Лаўрышаўскаму манастыру.
У XVI стагодзьдзі Турэц атрымаў статус мястэчка, уваходзіў у склад Наваградзкага павету і знаходзіўся ў валоданьні магнатаў Хадкевічаў. Ад гэтага часу тут пасяліліся жыды, якія займаліся пераважна дробным гандлем. Паводле зьвестак на 1717 год, жыдоўская супольнасьць Турца плаціла 340 злотых пагалоўнага падатку. З XVII стагодзьдзя ў мястэчку існаваў невялікі касьцёл, збудаваны гетманам К. Хадкевічам. Побач з касьцёлам стаяла царква. Апроч таго, дзеяла праваслаўная драўляная Юр’еўская царква.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Турэц апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Ярэміцкай воласьці Наваградзкага павету. На 1799 год у мястэчку было 152 дымы.
На 1880 год у Турцы было 171 двор, 2 царквы, сынагога, юдэйская малітоўная школа, 3 млыны, 2 карчмы, 5 крамаў. Побач — фальварак і маёнтак Ліпніцкіх і Сьвідзінскіх. У 1888 годзе расейскія ўлады збудавалі тут мураваную царкву-мураўёўку. У 1890 годзе адкрылася расейская народная вучэльня. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Турцы было 230 двароў, царква, капліца, 2 юдэйскія малітоўныя дамы, народная вучэльня, хлебазапасны магазын, пошта, 18 крамаў, 2 ветраныя млыны, 7 заезных дамоў; штогод (23 красавіка і 1 кастрычніка) праводзіліся кірмашы, кожны аўторак — торг. На 1908 год у мястэчку было 363 двары.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Турэц занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць код]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Турэц абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[3]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Турэц апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Ярэміцкай гміне Наваградзкага павету, з 1926 году — цэнтар гміны Стаўпецкага павету. У верасьні 1921 году ў мястэчку было 218 двароў, 7-клясная агульнаадукацыйная школа, клюб, прыватная бібліятэка, пошта, 5 корчмаў. На 1931 год — 3 млыны, 25 крамаў, ашчадна-крэдытная каса.
У 1939 годзе Турэц увайшоў у склад БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 год стаў цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі. У гэты час тут было 311 двароў. На 1 студзеня 2000 год у вёсцы было 292 двары, на 2002 год — 285. У 2000-я гады Турэц атрымаў афіцыйны статус «аграгарадку».
- Мястэчка на старых здымках
- Царква, каля 1900 г.
- Царква, 1916 г.
- Камэндатура ў будынку школы, 1918 г.
- Сядзіба Хадкевічаў, 1920-я гг.
- Сядзіба Хадкевічаў, 1925 г.
- Вуліца Ярэміцкая, 1910-я гг.
- Рынак, 1930-я гг.
- Юдэйскія могілкі, да 1939 г.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- XIX стагодзьдзе: 1830 год — 518 муж., зь іх шляхты 4, духоўнага стану 1, мяшчанаў-юдэяў 116, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 394, жабракоў 2[4]; 1863 год — 794 чал.; 1892 год — да 800 чал.[5]; 1897 год — 1596 чал.
- XX стагодзьдзе: 1908 год — 1893 чал.[6]; 1921 год — 1290 чал.[7]; 1931 год — 1,5 тыс. чал.; 1940 год — 1508 чал.; 1999 год — 656 чал.; 1 студзеня 2000 году — 670 чал.[8]
- XXI стагодзьдзе: 2002 год — 653 чал.[9]; 2010 год — 626 чал.
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У Турцы працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, лякарня, дом культуры, бібліятэка.
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]З урбананімічнай спадчыны Турца да нашага часу гістарычныя назвы захавалі Карэліцкая, Мірская, Паштовая, Ярэміцкая, Новая вуліцы і Царкоўны завулак. Гістарычны Рынак ня мае афіцыйнай назвы.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Забудова гістарычная (1-я палова XX ст.; фрагмэнты)
- Каменны крыж
- Млын (1-я палова XX ст.)
- Могілкі юдэйскія
- Царква Покрыва Багародзіцы (1888; мураўёўка)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Сядзіба Хадкевічаў (XVII ст.)
- Царква Сьвятога Апостала Яна Багаслова (1830)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Краявіды Ярэмічаў
- Інтэр'ер царквы
- Гістарычная забудова
- Млын
- Юдэйскія могілкі
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Анатоль Дзяркач (1887—1937) — беларускі паэт
- Аляксандар Кеда — опэрны сьпявак, заслужаны артыст Беларусі
- Пятро Конюх (1910—1994) — опэрны сьпявак
- Уладзімер Конюх (1943—1997) — матэматык
- Барыс Рагуля (1920—2005) — беларускі вайсковец, эміграцыйны дзяяч
- Фёдар Фёдараў (1911—1994) — фізык-тэарэтык
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ GeoNames (анг.) — 2005.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9. (pdf) С. 251.
- ↑ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ↑ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 413.
- ↑ Jelski A., Krzywicki J. Turzec (4) // Słownik geograficzny... T. XII. — Warszawa, 1892. 666.
- ↑ Бянько У. Турэц // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 544.
- ↑ Бянько У. Турэц // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 545.
- ↑ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Карэліцкага р-на. — Мн.: Ураджай, 2000.
- ↑ БЭ. — Мн.: 2003 Т. 16. С. 61.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 16: Трыпалі — Хвіліна. — 576 с. — ISBN 985-11-0263-6
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Карэліцкага р-на. — Мн.: Ураджай, 2000. — 645 с. ISBN 985-04-0347-0.
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XII: Szlurpkiszki — Warłynka. — Warszawa, 1892.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
| ||||||||