Новая Мыш

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Новая Мыш
лац. Novaja Myš
Касьцёл Перамяненьня Пана
Касьцёл Перамяненьня Пана
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Берасьцейская
Раён: Баранавіцкі
Сельсавет: Навамыскі
Вышыня: 188 м н. у. м.
Насельніцтва: 1370 чал. (2010)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 163
Паштовы індэкс: 225331
СААТА: 1204860051
Нумарны знак: 1
Геаграфічныя каардынаты: 53°9′0″ пн. ш. 25°54′0″ у. д. / 53.15° пн. ш. 25.9° у. д. / 53.15; 25.9Каардынаты: 53°9′0″ пн. ш. 25°54′0″ у. д. / 53.15° пн. ш. 25.9° у. д. / 53.15; 25.9
Новая Мыш на мапе Беларусі ±
Новая Мыш
Новая Мыш
Новая Мыш
Новая Мыш
Новая Мыш
Новая Мыш
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Но́вая Мыш — вёска ў Беларусі, на рацэ Мышанцы. Цэнтар сельсавету Баранавіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 1370 чалавек. Знаходзіцца за 3 км[2] на захад ад Баранавічаў; на скрыжаваньні аўтамабільных дарог на Івацэвічы, Стоўпцы, Слонім, Моўчадзь.

Новая Мыш — даўняе мястэчка гістарычнай Наваградчыны, колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[3]. Да нашага часу тут захаваўся гістарычны плян і традыцыйная местачковая забудова вакол старога Рынку з касьцёлам Перамяненьня Пана, помнікам архітэктуры XIX ст.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На думку Вадзіма Жучкевіча, тапонім Но́вая Мыш[4] паходзіць ад назвы рэчкі Мышанкі, якая, у сваю чаргу, утварылася ад асновы мыш. Таксама існуе меркаваньне, што гідронім, а адпаведна, і назва паселішча, мае зьвязкі з балцкімі словамі машаз, маша, што ў перакладзе азначае 'маленькі', 'мала'[5].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гісторыя Новай Мышы

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню Мыш упамінаецца ў 1-й палове XV ст. як сяло ў Наваградзкім павеце[6] Вялікага Княства Літоўскага. У 1563 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст перадаў яе за вайсковыя заслугі Яну Хадкевічу, на той час стольніку вялікаму. Пад 1566 годам Мыш значыцца ў дакумэнтах як мястэчка.

У XVI—XVII стагодзьдзях у Мышы існаваў замак. У XVII ст. у мястэчку Новай Мышы дзейнічалі касьцёл і школа, у двары Старой Мышы існаваў кляштар езуітаў. У 2-й чвэрці XVII ст. мястэчка і двор перайшлі ў валоданьне Сяняўскіх, потым — Юдзіцкіх.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) замак і мястэчка зруйнавалі маскоўскія войскі. Як даносілі захопнікі свайму гаспадару[7]:

У горадзе Мышы літоўскіх людзей усіх забілі, якіх засьпелі, і языкоў узялі многіх людзей. І мястэчка Мыш выпалілі і з усім спустошылі дашчэнту.

Па вайне спатрэбілася паўтара стагодзьдзі, каб узнавіць былы патэнцыял Мышы. У 2-й палове XVII ст. кашталян наваградзкі М. Юдзіцкі заснаваў тут езуіцкі калегіюм. У XVIII ст. уладальнікамі мястэчка і двара былі Несялоўскія і Масальскія. У пачатку XVIII ст. апошнія заснавалі шкляную гуту. На 1725 год у Новай Мышы было больш за 100 двароў, дзейнічалі касьцёл і царква, працавалі школа, шпіталь, карчма і млын. У 1762 годзе адбыўся вялікі пажар, у якім згарэў палац Сапегаў. У 1784 годзе маёнтак наведваў кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Новая Мыш апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам воласьці Слонімскага павету. У 1825 годзе на Рынку збудавалі мураваны касьцёл Перамяненьня Пана. Паводле зьвестак на 1842 год, у мястэчку штогод праводзіліся 2 кірмашы (1 і 29 верасьня), на якіх у асноўным гандлявалі прадукцыяй сельскай гаспадаркі і жывёлай.

У 1859 годзе ў Новай Мышы на месцы старой царквы Сьвятога Пасаду за кошт дзяржаўнага скарбу і сродкаў сялянаў збудавалі драўляную царкву Сьвятога Спаса Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1860-я гады ў мястэчку было 132 двары, дзейнічалі царква, касьцёл і юдэйскі малітоўны дом, праводзіліся штотыднёвыя таргі і штогадовы кірмаш. У 1862 годзе з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага ўлады Расейскай імпэрыі адкрылі тут народную вучэльню. На 1886 год — 162 двары, дзейнічалі царква, касьцёл і сынагога, працавалі валасная ўправа, народная вучэльня, 3 юдэйскія школы, лякарня, цагельня, бровар, вятрак, паравы млын, 21 крама. Існавалі промыслы: шавецкі, кравецкі і кавальскі, а таксама вырабу розных рэчаў з дрэва.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Новую Мыш занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Новая Мыш абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, у Баранавіцкі павет («падраён») Баранавіцкага раёну[8]. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Баранавіцкага павету. У гэты час тут было 327 будынкаў.

У 1939 годзе Новая Мыш увайшла ў склад БССР, дзе стала цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці. Статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусьветную вайну з 27 чэрвеня 1941 да 8 ліпеня 1944 году Новая Мыш знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. 18 ліпеня 1945 году каля вёскі адбыўся бой антысавецкіх партызанаў з спэцаддзелам НКВД. У 1957 годзе Навамыскі раён ліквідавалі.

У 1996 годзе ў Новай Мышы паставілі помнік у гонар паэта і фальклярыста Яна Чачота[9]. На 1998 год у вёсцы было 511 двароў, на 2000 год — 691.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XVII стагодзьдзе: 1650 год — 1200 чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1830 год — 524 муж., зь іх шляхты 5, духоўнага стану 2, мяшчанаў-юдэяў 147, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 367, жабракоў 3[10]; 1865 год — 884 чал.; 1885 год — 1 тыс. чал.[11]; 1886 год — 1031 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1901 год — 3860 чал.; 1921 год — 1815 чал.[12]; 1998 год — 1827 чал.[6] (або 1752 чал.[13]); 1999 год — 1601 чал[1].
XXI стагодзьдзе: 2010 год — 1370 чал.[1]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Новай Мышы працуюць пачатковая і музычная школы, 2 дашкольныя ўстановы, лякарня, амбуляторыя, дом культуры, бібліятэка, пошта.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Новай Мышы захаваўся гістарычны плян, утвораны ў XVI стагодьдзі.

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйная назва Гістарычная назва
Баранавіцкая вуліца Жыдоўская вуліца
Паркавая вуліца (частка) Рынак пляц
Садовая вуліца Татарская вуліца[14]

З урбананімічнай спадчыны Новай Мышы да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Загуменная, Куніцкая і Слонімская.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Новай Мышы пастаўлены помнік Яну Чачоту (1996).

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З Новай Мышы паходзяць бацькі прэс-сакратара Аляксандра Лукашэнкі Сяргея Пелюшкевіча і польскага палітыка Яцака Пратасевіча[15].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Дзяржкартгеацэнтр
  2. ^ Шаблюк В. Новая Мыш // БЭ. — Мн.: 2000 Т. 11. С. 368.
  3. ^ Ткачоў М. Замкі і людзі. — Мн., 1991. С. 134.
  4. ^ Госкартгеоцентр
  5. ^ Ліцкевіч К. 3 месца // Гістарычная брама. № 2—3 (15—16), 2000 г.
  6. ^ а б Шаблюк В. Новая Мыш // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 330.
  7. ^ «Государев поход» 1655 // Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.
  8. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  9. ^ Ляшук В., Снітко Г. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Ляшук, Г. Снітко. — Менск: Литература и Искусство, 2008. — С. 111. — 320 с. — ISBN 978-985-6720-29-4
  10. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 413.
  11. ^ Jelski A. Mysz Nowa // Słownik geograficzny... T. VI. — Warszawa, 1885. S. 838.
  12. ^ Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej. Tom VII. Część I: Województwo Nowogródzkie. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, 1923.
  13. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 3. Кн. 1. — Менск, 2006. С. 67.
  14. ^ Мястэчка без савецкіх вуліц. Радыё СвабодаПраверана 15 лютага 2014 г.
  15. ^ Халадоўскі М. Мой род з Беларусі // Ніва. № 3 (2697), 20 студзеня 2008 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]