Алесь Міцкевіч
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Міцкевіч.
Алесь Міцкевіч | |
Дата нараджэньня | 15 лістапада 1919 |
---|---|
Месца нараджэньня | в. Мікалаеўшчына, Стаўпецкі павет |
Дата сьмерці | 28 красавіка 2015 |
Месца сьмерці | Нью-Ёрк |
Алякса́ндар (Але́сь) Іва́навіч Міцке́віч (15 лістапада 1919 — 28 красавіка 2015) — беларускі грамадзка-культурны, рэлігійны і сьвецкі дзяяч у ЗША, настаўнік, сябар Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Сын Міхаліны Міцкевіч — роднай сястры Якуба Коласа.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўпецкага павету. Рыскі мірны дагавор падзяліў Беларусь паміж Савецкай Расеяй і Польшчай. Па розныя бакі ад мяжы апынуліся і Міцкевічы. Алесь, як і большасьць мікалаеўшчынскіх, застаўся пад Польшчай. У 1935 годзе скончыў 7-гадовую польскую пачатковую школу, пазьней — 6-месячныя савецкія настаўніцкія курсы ў Стоўбцах. Працаваў настаўнікам пачатковых школаў вёсак Жыгалкі і Крамец.
Зь лета 1944 году — на эміграцыі. Спачатку жыў у Аўстрыі. У 1949—1950 гадах актыўна ўдзельнічаў у працы Каардынацыйнага камітэту беларускіх арганізацыяў у Францыі. У 1955 годзе на запрашэньне дзядзькі Міхася перебраўся за акіян. Праз шэсьць гадоў сьледам за Алесем прыехаў ягоны старэйшы брат Валянтын.
Адзін са стваральнікаў і кіраўнікоў Беларуска-Амэрыканскага дапамогавага камітэту. Сябар, старшыня (1982—1997) Нью-Ёрскага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА). Радны, старшыня (1979—1981) Царкоўнай Рады пры Катэдральным Саборы імя Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Брукліне. Цягам многіх гадоў распаўсюджваў газэту «Беларус» (Нью-Ёрк) па краінах расьсяленьня суродзічаў. Выдаваў двухтыднёвік БАЗА «Весткі і паведамленьні» (1982—1997), для жыхароў Нью-Ёрку й ваколіцаў штомесячна друкаваў машынапісны «Цыркуляр» (1996—1997). Неадменны скарбнік усіх згаданых арганізацыяў.
Браў актыўны ўдзел у зьбіраньні матэрыялаў да кнігі Зоры і Вітаўта Кіпеляў «Беларускі і беларусаведны друк на Захадзе» (1999), якое ахоплівае 90% усяго, што друкавалася пра Беларусь на Захадзе.
Быў шматгадовым сябрам Рады БНР.
Памёр у Нью-Ёрку 28 красавіка 2015. 2 траўня 2015 пахаваны на беларускіх могілках у горадзе Іст-Брансўік (штат Нью-Джэрзі) пасьля адпяваньня ў беларускай царкве Сьвятой Жыровіцкай Іконы Божай Маці[1]. Пакінуў жонку Тэрэсу, дачок Марыю, Ялянту і ўнука Юзіка.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кніга «Памяць». Стаўбцоўскі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. Мінск: «Беларуская энцыклапедыя», 2004. С. 701.
- Лашкевіч К. Жыццё для Беларусі//Труд-7 в Беларуси, 29.06.2006/№ 115. С.15.