Мікалаеўская царква (Мікалаеўшчына)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Помнік сакральнай архітэктуры
Царква Сьвятога Мікалая
Царква, каля 1900 г.
Царква, каля 1900 г.
Краіна Беларусь
вёска Мікалаеўшчына
Каардынаты 53°24′13.5″ пн. ш. 26°50′14.4″ у. д. / 53.40375° пн. ш. 26.837333° у. д. / 53.40375; 26.837333Каардынаты: 53°24′13.5″ пн. ш. 26°50′14.4″ у. д. / 53.40375° пн. ш. 26.837333° у. д. / 53.40375; 26.837333
Канфэсія праваслаўе
Эпархія Менская 
Архітэктурны стыль народнае дойлідзтва з элементамі расейскага традыцыйнга дойлідзтва
Першае згадваньне 1866 г.
Будаўніцтва 18721876 гады
Стан зьнішчана
Царква Сьвятога Мікалая на мапе Беларусі
Царква Сьвятога Мікалая
Царква Сьвятога Мікалая
Царква Сьвятога Мікалая
Commons-logo.svg Царква Сьвятога Мікалая на Вікісховішчы

Царква́ Сьвято́га Мікала́я Цудатво́рца — страчаны праваслаўны храм у колішнім мястэчку Мікалаеўшчына Стаўпецкага раёну Менскай вобласьці, помнік драўлянай архітэктуры XIX стагодзьдзя.

Знаходзіўся ў гістарычным цэнтры мястэчка Грудку, на месцы касьцёлу сьвятога Яна Хрысьціцеля, разабранага царскімі ўладамі ў 1866 годзе. У народнай вучэльні, заснаванай пры гэтай царкве, з 1890 па 1892 гады навучаўся будучы клясык беларускай літаратуры Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас). Царква зьнішчана ў 1960 годзе.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1866 годзе царскія ўлады зачынілі тутэйшы касьцёл Сьвтога Яна Хрысьціцеля і перавялі сялян у праваслаўе. Мясцовы айцец Пётар Трускоўскі склаў ліст, адрасаваны менскаму архіяпіскапу Міхалу Галубовічу. У тэксце дакумэнту сьцвярджаецца, што «Жыхары мястэчка Менскага павету Мікалаеўшчыны…далучыліся да праваслаўнай царквы і…просяць, каб касьцёл іхні…быў зьвернуты ў праваслаўную царкву і пры ёй была адчынена народная вучэльня.» Таксама адзначана, што мястэчка знаходзіцца «сярод каталіцкага насельніцтва», касцёл у ім «драўляны, крэпкі, пабудаваны алтаром на ўсход, звонку прыгожы, з двума купаламі, годны да пераробкі ў праваслаўную царкву»[1]. Адказ архібіскупа быў станоўчым, аднак дзяржавай было прынята рашэньне аб вылучэньні 3500 рублёў на пабудову новай праваслаўнай царквы і адкрыцьцё народнай вучэльні. На працягу шасьці гадоў набажэнствы адбываліся ў будынку былога касьцёла, пасьля чаго за некалькі гадоў быў узьведзены новы пяцікупальны храм, асьвячэньне якога адбылося напрыканцы 1876 году.

Царква значна не пацярпела ў часы Першай сусьветнай вайны, Другой сусьветнай вайны і дзейнічала да пачатку 1960-х гадоў, калі мясцовае кіраўніцтва вырашыла зьнесьці храм у рамках барацьбы з рэлігіяй. Сёньня на месцы зьнішчанай царквы знаходзіцца будынак Мікалаеўшчынскага сельсавету.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Царква ў пляне трохзрубавая: складалася з квадратнага асноўнага аб’ёму, увянчанага 5 глухімі купаламі, алтара і бабінца са званіцаю[2].

Апісаньне царквы, складзенае ў 1878 годзе, паведамляе, што царква драўляная, увянчана даўгаватым крыжом зь сямю глухімі купаламі і званіцаю ва франтоннай частцы. Дах пакрыты жалезам, вокны разьмешчаны на адным узроўні, уваходных дзьвярэй трое; як дах, так і вонкавыя сьцены афарбаваны. Унутраная плошча складае 30 квадратных сажаняў (136,5 квадратных мэтраў). Падлога драўляная. Да апалу царква не прыстасавана. Іканастас пафарбаваны ў блакітны колер, з пазалочанымі карнізамі і рамамі, складаецца зь 15 абразоў, зьмешчаных у 2 ярусы. Рызьніца памяшчаецца ў асаблівым прыдзеле каля алтарнай часткі. Неабходныя для набажэнстваў рэчы маюцца ў дастатку, усе малакаштоўныя, за выключэньнем срэбранага прыбору літургічных пасудзін. Сьвятарскіх убораў усяго пяць, усе яны з малакаштоўнай парчы, у тым ліку адно зусім трухлявае. Эвангельле адно, у вокладцы, абкладзенай малінавым аксамітам; набажэнскіх кніг дастатковая колькасьць. У царкоўным архіве маюцца мэтрычныя кнігі і сьпісы прыхаджан толькі з 1867 году. Вакол царквы пабудавана дашчаная агароджа. У званіцы знаходзяцца тры званы вагою 8, 7 і 1 пудоў (131, 115 і 16 кіляграмаў адпаведна)[3].

Аляксандар Лакотка адносіць храм да «узорнага» праэкту драўляных цэркваў, у аснову якога былі пакладзены мясцовыя кампазыцыйныя прыёмы, аднак прапорцыі, формы і дэкор часам згадвалі рысы расейскага праваслаўнага дойлідзтва[4].

Прыход[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У склад прыходу Сьвята-Мікалаеўскай царквы ўваходзілі сяло Мікалаеўшчына і вёскі Прусінава, Сьверынава і Русаковічы. Прыхаджанаў мужчынскага пола налічвалася 549 чалавек, жаночага — 550 (на 1878 год). Усе прыхаджане былі сялянскага паходжаньня, займаліся земляробствам[3].

Прыходзкі прыбытак на працягу году быў нязначны і не дасягаў 10 рублёў. Да царквы былі прыпісаны 33 дзесяціны зямлі, у тым ліку 1 дзесяціна сядзібнай зямлі, 4 — сенажатнай і 28 — ворнай, якія былі разьмешчаны за Нёманам, за пяць вёрстаў ад царквы. Плян і межавая кніга не складаліся. Зь ліку пабудоваў меліся: плябанія, восець, сьвіран, хлеў, а для псаломшчыка — хата і дзьве адрыны. Адзначана, што пабудовы трухлявыя і патрабуюць капітальнага рамонту, апрача хаты сьвятара[3].

Могілак у прыходзе знаходзілася двое, у вёсцы Прусінава дзейнічала прыпісная царква.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ О переходе жителей села Николаевщина в православие
  2. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Стаўбцоўскага р-на. — Менск: БелЭн, 2004.
  3. ^ а б в Описаніе церквей и приходовъ Минской епархіи. Минскій уездъ. — Менск: Типо-Литографія Б.И. Соломонова, 1878. — С. 104-105. — 175 с.
  4. ^ Лакотка, А. І. Драўлянае сакральна-манументальнае дойлідства Беларусі/ А. І. Лакотка.-Мн.:Беларусь, 2003, с.15

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]