Наваградак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Новагародак»)
Наваградак
лац. Navahradak
Руіны замкавай вежы
Руіны замкавай вежы
Герб Наваградку Сьцяг Наваградку
Першыя згадкі: 1005
Магдэбурскае права: 26 ліпеня 1511
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гарадзенская
Раён: Наваградзкі
Плошча:
  • 13,17 км²[1]
Насельніцтва: 29 424 чал. (2018)[2]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1597
Паштовыя індэксы: 231241, 231243, 231244, 231246, 231400
СААТА: 4243501000
Нумарны знак: 4
Геаграфічныя каардынаты: 53°35′0″ пн. ш. 25°49′0″ у. д. / 53.58333° пн. ш. 25.81667° у. д. / 53.58333; 25.81667Каардынаты: 53°35′0″ пн. ш. 25°49′0″ у. д. / 53.58333° пн. ш. 25.81667° у. д. / 53.58333; 25.81667
Наваградак на мапе Беларусі ±
Наваградак
Наваградак
Наваградак
Наваградак
Наваградак
Наваградак
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
Афіцыйны сайт (рас.) (анг.)

Нава́градак — места ў Беларусі, каля вытоку ракі Валоўкі. Адміністрацыйны цэнтар Наваградзкага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 29 424 чалавекі[2]. Знаходзіцца за 162 км на ўсход ад Горадні, за 24 км ад чыгуначнай станцыі Наваельня (лінія Ліда — Баранавічы).

Наваградак — першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага[3][4][5][a], даўняе магдэбурскае места і цэнтар гістарычнага рэгіёну. Колішняя катэдра Літоўскай мітраполіі. Да нашага часу тут захаваліся замак вялікіх князёў, гара Міндоўга, царква Сьвятых Барыса і Глеба, манастыр базылянаў, Фарны касьцёл, касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла, комплекс кляштару францішканаў з касьцёлам Сьвятога Антонія, дом-музэй Адама Міцкевіча, Крамы і гатэль Эўропа, помнікі гісторыі і архітэктуры XIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся меская ратуша, Замкавая царква, комплексы калегіюму езуітаў з касьцёлам Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштару баніфратаў, помнікі архітэктуры XIV—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама палац Радзівілаў, Вялікая сынагога, кляштары дамініканаў і дамініканак, помнікі архітэктуры XVII—XVIIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя савецкімі ўладамі.

Назва

Наваградак Літоўскі (Nowogrodek Litawiski) у назове мапы Наваградзкага і Берасьцейскана ваяводзтваў, 1665 г.

Традыцыйная назва места — Нава́градак[7][8][9][10][11]. Тапонім утварыўся ад дзьвюх асноваў — «новы» і «гарадок»[12].

Археалягі‌чныя дасьледаваньні, праведзеныя Фрыдай Гурэвіч у ро‌зных ме‌сцах Наваградку, выявілі вялікую ко‌лькасьць знахо‌дак: бізантыйске шкло, упрыгажэньні, руі‌ны дома баярына з расьпі‌санымі фрэскамі сьце‌намі, які меў падве‌сныя ліхтары‌, дзе запа‌львалі аліву. Гэ‌та, а такса‌ма высно‌ва са‌мога архео‌ляга пра то‌е, што го‌рад на гэ‌тым ме‌сцы паўста‌ў не пазьне‌й за IX стаго‌дзьдзе, дазваля‌е Нава‌градку прэтэндава‌ць на ро‌лю гістары‌чнага летапі‌снага Но‌ўгараду[Крыніца?]. На кары‌сьць гэ‌тай вэрсіі лякаліза‌цыі таксама сьведчыць то‌е, што ў найбольш раньніх ле‌тапісах Ноўгарад называюць Новгородоу: да [оу] у канцы‌ пазьне‌й дадала‌ся лі‌тара «к» і атрыма‌лася [оўк], — такі‌м парадкам, летапі‌снае Новгородоу трансфармава‌лася ў Новгородоук, спро‌шчанае пазьней да «Наўгародак» або «Наваградак»[Крыніца?].

Варыянты напісаньня назвы ў гістарычных крыніцах — Новогород, Новгородок, Новогородок, Новый Городок, Новгород Литовский[b] ды інш. — сьведчаць пра тое, што недзе паблізу існаваў стары гарадзкі цэнтар акругі. Магчыма, ім было гарадзішча Радагошча[14]. Галіцка-Валынскі летапіс дакумэнтальна пацьвярджае, што народная назва Наваградак узыходзіць да XIII ст., а форма Новагародак, якая дала назву Навагрудак (праз прамежкавую — Навагродак), узьнікла пазьней (дзесьці ў XVI ст.) пад уплывам польскай мовы[15].

Назва Нава́градак[c] адпавядае традыцыйнаму беларускаму вымаўленьню[3], тым часам цяперашняя афіцыйная форма Навагру́дак утварылася не ў выніку натуральнай трансфармацыі тапоніма[17], а праз мэханічны перанос[18] польск. Nowogródek сьпярша (па 1795 годзе) у рас. Новогрудок, і толькі потым (па 1933 годзе) — у русіфікаваны савецкі моўны стандарт. У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» традыцыйная гістарычная назва Наваградак фіксуецца як варыянтная. Гэта значыць, што пры жаданьні мясцовых жыхароў і ўладаў яна можа стаць нарматыўнай[11].

Гісторыя

Асноўны артыкул: Гісторыя Наваградку

Раньнія часы

Паводле археалягічных дасьледаваньняў, у канцы X ст. на тэрыторыі сучаснага места ўзьнікла старажытнае паселішча, умацаванае да сярэдзіны XI стагодзьдзя[19]. Упершыню Наваградак пісьмова ўпамінаецца (пад назвай Ноўгарад) у 1005 годзе ва ўстаўной грамаце Тураўскай япархіі кіеўскага князя Ўладзімера Сьвятаславіча[20]. Паводле Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі, першы летапісны ўпамін пра Наваградак датуецца 1044 годам[21][22], аднак некаторыя дасьледнікі ставяць гэтае сьцьверджаньне пад сумнеў[23].

Каранацыя Міндоўга

Як сьведчаць археалягічныя зьвесткі, у XII ст. Наваградак складаўся зь дзядзінца (Замкавая гара), вакольнага гораду і пасаду. У XIII—XIV стагодзьдзях ён быў цэнтрам удзельнага княства, пад 1235 годам упамінаецца князь Ізяслаў Наваградзкі.

Вялікае Княства Літоўскае

Мескі (1792) і ваяводзкі (1720) гербы

Зь сярэдзіны 1240-х гадоў, на запрашэньне мясцовых баяраў, у Наваградку пачаў княжыць Міндоўг, што паспрыяла ўтварэньню Вялікага Княства Літоўскага. У 1249—1242 гадох галіцка-валынскія князі ў кааліцыі з Інфлянцкім ордэнам учынілі некалькі ваенных выправаў, што прымусіла Міндоўга пайсьці на прымірэньне з ордэнам. У 1253 годзе ад імя Папы Рымскага ён каранаваўся ў Наваградку[3] на караля Літвы (першы і апошні такі тытул у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага). Аднак у 1254 годзе сын Міндоўга Войшалк склаў ад імя бацькі мір з Галіцка-Валынскім княствам і перадаў места Раману Данілавічу. У 1258 годзе ў выніку разрыву міру Войшалк зноў пачаў княжыць у Наваградку. У барацьбе супраць Галіцка-Валынскага княства і жамойцкіх князёў ён аб’яднаў вакол сябе Пінскую зямлю, Нальшчаны і Дзяволту.

Замкавая гара. К. Русецкі, 1846 г.

Наваградак неаднаразова (у 1250-я, 1274, 1276 і 1277 гады) цярпеў ад набегаў мангола-татараў і іх хаўрусьнікаў — дружынаў галіцка-валынскіх князёў, пазьней (у 1314, 1321, 1341, 1390 і 1394 гады) сюды ўчынялі свае выправы крыжакі. Апроч таго, на места рабілі набегі крымскія татары (апошнія адбыліся ў 1505—1506 гадох).

З 1329 году Наваградак знаходзіўся ў валоданьні Карыята, па 1358 годзе — ягонага сына Фёдара, з 1386 году — Карыбута[24]. У 1392 годзе места было адным з цэнтраў вялікакняскага дамэну. У канцы XIV — пачатку XV стагодзьдзяў вялікі князь Вітаўт пасяліў у Наваградку і ягоных ваколіцах татараў.

Краявіды места, 1883 г.

Яшчэ ў 1316 годзе[25] Наваградак стаў цэнтрам незалежнай ад Масквы Літоўскай мітраполіі, якая ахоплівала праваслаўную царкву Вялікага Княства Літоўскага і Галіцыі (да 1330 году)[26]. У 1415 годзе тут на саборы праваслаўных япіскапаў мітрапалітам літоўскім абралі Рыгора Цамблака. У 1422 годзе ў Наваградзкім фарным касьцёле адбыўся шлюб караля польскага Ягайлы з Соф’яй Гальшанскай, які даў пачатак дынастыі Ягелонаў. У 1428 годзе Вітаўт запісаў места разам з навакольнымі вёскамі ў пажыцьцёвае валоданьне сваёй жонцы Юліяне.

Гара Міндоўга

У студзені 1507 году Наваградак стаў сталіцай ваяводзтва. 26 ліпеня 1511 году вялікі князь Жыгімонт Стары надаў месту Магдэбурскае права, якое пацьвярджалася ў 1562, 1595 і 1776 гады. У 1518 і 1534 гадох Наваградак пацярпеў у выніку войнаў Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім. На 1568 год тут дзейнічалі 10 цэркваў[25]. З XVI ст. места стала адным з цэнтраў Рэфармацыі. З 1581 году тут праходзілі паседжаньні Галоўнага Трыбуналу. Па Берасьцейскай уніі (1596 год) Літоўская мітрапаліцкая катэдра стала грэцка-каталіцкай.

18 сакавіка 1595 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза зацьвердзіў герб Наваградку: «у чырвоным полі постаць арханёла Міхаіла ў чорным узбраеньні з крыламі за сьпінай, у правай руцэ меч, у левай — шалі»[27], а ў 1597 годзе ён надаў мяшчанам прывілей на 2 штогадовыя кірмашы на працягу 2 тыдняў у каталіцкія сьвяты Тры Каралі і Тройцу.

Захавалася сьведчаньне азначэньня жыхароў Наваградку і ваколіцаў ліцьвінамі: «Белорусцы: Филип Белетцкий, руское имя тож, сказал родом литвин[d], Новгородцкого повету, отец и мать веру держали киевскую» (1623—1624 гады)[29]. У матрыкуле Базэльскага ўнівэрсытэту пад 1590/1591 годам значыцца Johannes Snumyn, Lituanus, Palatinides Novogrodensis[30], у матрыкуле Дылінгенскага ўнівэрсытэту пад 1607 годам — Nicolaus Skoruski Lithuanus Nouogrodecum[31], у матрыкуле Каралявецкага ўнівэрсытэту пад 1618 годам — Martinus Wietogolski, Novogrodiensis Lithvanus[32]. Паводле біяграфічнай даведкі 1628 году пра Рафала Корсака: Lithuanus, natus in Districtu Novogroden[33]. Паводле запісу мэтрыкі гімназіі ў Браўнсбэргу, Beresniewiez Thom. Lituanus ex pal. Novogrod. (1702 год)[34].

У 1648 годзе Наваградак пацярпеў ад набегаў казакаў. З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у верасьні 1655 годзе яго захапіла маскоўскае войска А. Трубяцкога. Па вызваленьні, у 1661 годзе вялікі князь у зьвязку з ваеннымі спусташэньнямі скасаваў для Наваградку выплату падаткаў тэрмінам на 4 гады. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) у 1706 годзе швэдзкія войскі занялі места і зруйнавалі замак.

Ваенныя падзеі XVI—XVIII стагодзьдзяў і іншыя катаклізмы (пажары 1578, 1599, 1613, 1652 гадоў, найбольш моцны — у 1751 годзе, калі згарэлі 167 дамоў, 4 касьцёлы, ратуша і канцылярыя ваяводы; эпідэміі 1590, 1592, 1603, 1708 гадоў) прывялі Наваградак да палітычнага і эканамічнага заняпаду. У канцы XVIII ст. у месьце дзейнічалі 3 цэрквы, 5 касьцёлаў, 6 кляштараў, сынагога і мячэт.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

Дом Адама Міцкевіча

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Наваградак апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1796 годзе стаў цэнтрам павету Слонімскага намесьніцтва (з 1801 году Гарадзенскай, з 1842 году Менскай губэрні). 24 сьнежня 1798 году ў самім месьце або ў блізкім да яго Завосьсі нарадзіўся паэт Адам Міцкевіч.

Вуліца Кавальская. Літаграфія з малюнка Н. Орды, 1880 г.

У вайну 1812 году па заняцьці Наваградку Напалеонам зь мясцовых жыхароў сфармаваўся 19-ы ўланскі полк літоўскіх войскаў. На 1817 год у месьце было 428 драўляных і 9 мураваных жылых дамоў.

За часамі вызвольнага паўстаньня 22 ліпеня 1831 году Наваградак з-пад расейскай улады на пэўны час вызваліў аддзел Ю. Кашыца і М. Межаеўскага. Па ліквідацыі дамініканскай школы (1834) царскія ўлады адкрылі 5-клясную вучэльню, пераўтвораную ў 1858 годзе ў Наваградзкую гімназію. На 1837 год у Наваградку было 4 небрукаваныя і 9 брукаваных вуліцаў і завулкаў. За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў месьце сфармавалася паўстанцкая арганізацыя на чале з У. Борзабагатым.

У 1862 годзе ў Наваградку заснавалі кафляны завод, у 1888 годзе — банк, у 1895 годзе — друкарню. Паводле перапісу 1897 году, у месьце былі 723 жылыя дамы; дзейнічалі саборная царква, царква, касьцёл, сынагога і мячэт; працавалі меская вучэльня з аддзяленьнем для дзяўчынак, жыдоўская прыватная вучэльня, паштовая станцыя, 25 крамаў у гандлёвых радах і 62 асобныя крамы, цагельны, ганчарны, мылаварны і 2 ганчарна-кафляныя заводы, 8 гатэляў і 6 заезных двароў, 20 корчмаў і піцейных дамоў.

У 1905 годзе ў Наваградку зьявіліся першыя вулічныя газавыя ліхтары. На 1910 год у месьце было 76 мураваных і 1074 драўляныя будынкі, на 1914 год — 6 навучальных установаў.

За часамі Першай сусьветнай вайны 22 верасьня 1915 году Наваградак занялі войскі Нямецкай імпэрыі. У гэты час тут збудавалі электрастанцыю, правялі тэлефанізацыю і праклалі вузкакалейку.

Найноўшы час

Абвестка Беларускай гімназіі
Ваяводзкі герб з Пагоняй

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Наваградак абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР, а жыхары Гарадзечанскай, Гарадзішчанскай, Карэліцкай, Любчанскай, Мірскай, Нягневіцкай, Райцаўскай і Шчорсаўскай воласьцяў Наваградзкага павету атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[36]. 27 сьнежня 1918 году ў Наваградак ўвайшлі бальшавікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён ўвайшоў у склад Беларускай ССР[37]. З 18 красавіка 1919 да 19 ліпеня 1920 году і з 1 кастрычніка 1920 году Наваградак займалі польскія войскі. 25 траўня 1919 году тут адкрылася Наваградзкая беларуская гімназія. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году места апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, яшчэ раней у 1919 годзе аднавілася Наваградзкае ваяводзтва. У 1920—1930-я гады тут выходзіла больш за 10 найменьняў пэрыядычных выданьняў, у кастрычніку 1922 году пачала выдавацца першая ў Наваградку беларуская газэта «Наша Бацькаўшчына». У 1924—1931 гадох на Малым замку насыпалі курган у гонар Адама Міцкевіча, 11 верасьня 1938 году адкрыўся ягоны музэй. На 1931 год у месьце было 1055 жылых будынкаў, дзейнічалі 2 касьцёлы, 2 царквы, 3 сынагогі і мячэт; апрача беларускай, працавала польская гімзазія. Апроч таго, існавалі 2 лякарні, 7 гатэляў і 2 друкарні.

У 1933 годзе ў выданьні «Kurier Nowogrodzki» зазначалася, што «тутэйшыя» да нядаўняга часу называлі сябе ліцьвінамі і што былі спробы ўтрымаць пры сабе гэтую назву з адрознасьцю ад «ковенскіх летувісаў»[e].

У 1939 годзе Наваградак увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці (з 1954 году ў Гарадзенскай вобласьці). У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 да 8 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху ў складзе Генэральнага Камісарыяту «Беларусь», дзе было цэнтрам Наваградзкай акругі. У гэты часманашкі з Ордэну Сьвятой Сям’і з Назарэту зладзілі на просьбу бацькоў падпольнае вывучэньне дзяцей польскай мовы і гісторыі. Падпольная школа спыніла сваё існаваньне па тым, як 1 жніўня 1943 году 11 манашак, у тым ліку галоўную арганізатарку школы, расстралялі нацысты[39].

Насельніцтва

Дэмаграфія

  • XV стагодзьдзе: 1500 год — 3—4 тыс. чал.[25]
  • XVI стагодзьдзе: 1550 год — 2—5 тыс. чал.
  • XVIII стагодзьдзе: 1795 год — каля 3 тыс. чал.[40]
  • XIX стагодзьдзе: 1817 год — 1571 чал., у тым ліку 726 жыдоў і 319 татараў[41]; 1837 год — 3679 чал.; 1860 год — 5844 чал.[42]; 1861 год — 6379 чал.; 1886 год[41] — 13 656 чал. (6965 муж. і 6691 жан.), у тым ліку паводле веры: каталікоў 2976, праваслаўных 1788, пратэстантаў 83, юдэяў 8137, магамэтанаў 545, іншых 65; паводле стану: шляхты 948, духоўнага стану 42, ганаровых грамадзянаў і купцоў 58, мяшчанаў 12 135, вайсковага стану 311, іншых 52[43].; 1897 год — 7887 чал., зь іх роднай мовай назвалі беларускую 1676, польскую 401, расейскую 319, украінскую 16, ідыш 4992, татарскую 475, нямецкую 5 жыхароў; паводле веры праваслаўных і адзінаверцаў 1573, каталікоў 790, пратэстантаў 14, юдэяў 5015, магамэтанаў 494[44].
  • XX стагодзьдзе: 1910 год — 8414 чал.; 1921 год — 6367 чал.; 1931 год — 9567 чал.; 1939 год — 11 335 чал.; 1974 год — 21 тыс. чал.[45]; 1991 год — 30,5 тыс. чал.; 1995 год — 31 тыс. чал.[5]; 1998 год — 30,7 тыс. чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2004 год — 30 803 чал.; 2006 год — 30,7 тыс. чал.; 2009 год — 29 336 чал.[46] (перапіс); 2016 год — 29 594 чал.[47]; 2017 год — 29 459 чал.[48]; 2018 год — 29 424 чал.[2]

Адукацыя

У Наваградку працуюць 6 сярэдніх школаў; 2 гімназіі; 1 вучэльня. Апроч гэтага, у месьце ёсьць два каледжы:

  • Наваградзкі дзяржаўны гандлёва-эканамічны каледж — адна з прэстыжных сярэдніх адмысловых навучальных установаў Гарадзенскай вобласьці. Каледж прапануе наступны шэраг спэцыяльнасьцяў: Банкаўская справа; Бухгальтарскі ўлік, аналіз і кантроль; Эканоміка і арганізацыя вытворчасьці (спэцыялізацыя: эканоміка і арганізацыя вытворчасьці на прадпрыемствах гандлю); Камэрцыйная дзейнасьць. Таксама працуюць падрыхтоўчыя курсы.
  • Наваградзкі дзяржаўны аграрны каледж — установа адукацыі ў структуры Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Рэспублікі Беларусь. Каледж забясьпечвае падрыхтоўку адмыслоўцаў сярэдняга зьвяна і працуе па інтэграванай бесьперапыннай сыстэме навучаньня з Гарадзенскім дзяржаўным аграрным унівэрсытэтам. Установа мае чатыры навучальныя карпусы, два інтэрнаты на 570 месцаў, багатую бібліятэку з чытальнай заляй. Фізычнай культурай навучэнцы Наваградзкага аграрнага каледжа займаюцца ў абсталяванай спартовай залі, у трэнажорнай залі і на адкрытых пляцоўках. Важным аб’ектам таксама зьяўляецца клюб з актавай заляй на 500 пасадкавых месцаў. За ўвесь час яго існаваньня ўстанова мае больш за 14 тыс. выпускнікоў. Каледж прапануе наступныя спэцыяльнасьці: Аграномія; Землеўладкаваньне; Камэрцыйная дзейнасьць.

Мэдыцына

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць меская лякарня і 4 паліклінікі.

Культура

Дзейнічаюць дом культуры, 4 бібліятэкі, 2 кінатэатры.

Мас-мэдыя

Выдаецца газэта «Новае жыццё».

Забудова

Вуліцы і пляцы

Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
1 мая вуліца Кавальская вуліца Сямёнаўская вуліца
3 мая вуліца
17 верасьня вуліца Фальваркавая вуліца
Белуша вуліца Сянная вуліца
Ваўчэцкага вуліца Чыгуначная вуліца
Гарадзенская вуліца Падляская вуліца
Бэрнардынская вуліца
Францішканская вуліца
Інтэрнацыянальная вуліца Татарская вуліца
Камсамольская вуліца Ваяводзкая вуліца
Леніна вуліца Валеўская вуліца Юзэфа Пілсудзкага вуліца
Леніна плошча Рынак пляц
Менская вуліца Траецкая вуліца
Карэліцкая вуліца
Адама Міцкевіча вуліца Слонімская вуліца
Паштовая вуліца Базылянская вуліца Барысаглебскі завулак
Пушкіна вуліца Фарная вуліца
Савецкая вуліца Жыдоўская вуліца
Касьцельная вуліца
Сечка вуліца Віленская вуліца
Сьвярдлова вуліца Сянежыцкая вуліца
Усходняя вуліца Мячэтавая вуліца
Чапаева вуліца Антавільская вуліца

З урбананімічнай спадчыны Наваградку да нашага часу гістарычную назву захавала толькі вуліца Замкавая.

Мясцовасьці

Гістарычныя мясцовасьці Наваградку: Віктарын, Калёнія, Пярэсека, Рацэўля.

Эканоміка

У Наваградку працуюць прадпрыемствы машынабудаваньня і мэталаапрацоўкі, харчовай, лёгкай прамысловасьці і вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў.

Транспарт

Наваградак — буйны вузел аўтамабільных шляхоў. На цэнтральным мескім пляцы перакрыжоўваюцца наступныя аўтамабільныя дарогі: Р5 (Баранавічы — Наваградак — Іўе), Р10 (Любча — Наваградак — Зьдзецел), Р11 (Парачаны (ад М6) — Наваградак — Нясьвіж). З усходняга, паўднёвага і заходняга боку места маецца колцавая аб’язная аўтамабільная дарога.

Пасажырскія перавозкі ў Наваградку і ваколіцах ажыцьцяўляе УП «Аўтобусны парк №5».

Турыстычная інфармацыя

Інфраструктура

Замчышча
Замчышча

Наваградак — пэрспэктыўны цэнтар турызму міжнароднага значэньня і краязнаўства[49]. У месьце штогод праводзіцца фэст сярэднявечнай культуры «Наваградзкі замак». За 2010 год Наваградак наведалі каля 23 тыс. турыстаў[50] (4 турысты на 5 жыхароў за год).

  • Музэі: Дом-музэй Адама Міцкевіча; Наваградзкі гістарычна-краязнаўчы музэй
  • Помнікі: Адаму Міцкевічу (1992); Якубу Коласу
  • Гатэлі: «Наваградак»; «Панскі дом»

Плянавалася, што ў 2009 годзе ў Наваградку паставяць помнік каралю Вялікага Княства Літоўскага Міндоўгу (у наш час працягваецца збор сродкаў). Конная статуя ў паўтара натуральнага памеру, вырабленая з бронзы, мусіць разьмясьціцца ў гістарычным цэнтры места. Праект кампазыцыі распрацаваў вядомы менскі скульптар Генадзь Буралкін.

Рыцарскі фэст

Славутасьці

Страчаная спадчына

Галерэя

Помнікі сакральнай архітэктуры

Іншыя славутасьці

Месты-сябры

Асобы

Глядзіце таксама

Заўвагі

  1. ^ Летувіскі гісторык Томас Баранаўскас называе гэтае сьцьвярджэньне «мітам»[6]
  2. ^ Сярод іншага, Наваградак выступае пад назвай Наваградак Літоўскі ў лістох вялікага князя Вітаўта 1415 году («Littawischen Nowogrotko») і ў пасланьні праваслаўнага духавенства Вялікага Княства Літоўскага 1415 году («в Новъм-граду Литовском»)[13].
  3. ^ Адзначаецца ў такой форме ўжо ў 1653 годзе: «Pisan w Nawahradku»[16]
  4. ^ Ранейшыя сьведчаньні ўжываньня канструкцыі «родам ліцьвін (літоўка)»: «бо сей Андрэй родам ліцьвін, сын Гердзенеў, літоўскага князя» (Цьвярскі летапіс 1306 году); «литвин родом» пра Даўмонта Пскоўскага («Пролог», напісаны ў Пскове ў канцы XIV ст.[28]); «родом литовка, а прозвище ей бысть литовское Августа» пра дачку вялікага князя літоўскага Гедзіміна (Ніканаўскі летапіс 1526—1530 гадоў, адкуль перайшло ў Ліцавы летапісны звод 1568—1576 гадоў)
  5. ^ польск. Sytuacja «tutejszych», którzy jeszcze do niedawna nazywali siebie «Litwinami» jest obecnie dość kłopotliwa. Próby utrzymania przy sobie tej nazwy i odróżnianie się od «Letuwisów» kowieńskich, nie powiodły się[38]

Крыніцы

  1. ^ http://govorim.by/grodnenskaya-oblast/novogrudok/novosti-novogrudka/119940-novogrudok-izmenit-territorialnye-granicy.html
  2. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  3. ^ а б в Гайба М. Новагародак // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 357
  4. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 85—86.
  5. ^ а б Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London, 1998. P. 164.
  6. ^ Баранаускас Т. Новогрудок в XIII в.: история и миф // Castrum, urbis et bellum: зборнік науковых прац. — Баранавічы, 2002. С. 29—44.
  7. ^ Бераснёў П., Лемцюгова В. «Як вы яхту назавяце — так яна і паплыве», або Сур’ёзная размова пра асаблівасці беларускай анамастыкі // Звязда, 25 верасьня 2012 г.
  8. ^ Бушлякоў Ю., Вячорка В., Санько З., Саўка З. Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя. — Вільня—Менск, 2005. С. 24.
  9. ^ Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
  10. ^ Расійска-беларускі слоўнік / Укладальнікі: М. Байкоў, С. Некрашэвіч. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1928.
  11. ^ а б Вінцук Вячорка, Ігар Карней. (30 жніўня 2019) Гарады з «памылкамі» ў назвах: Навагрудак ці Нава{{падстаноўка:націск}}градак? Гісторыя. Радыё СвабодаПраверана 3 чэрвеня 2022 г.
  12. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 260.
  13. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. — Менск, 2019. С. 58.
  14. ^ Піваварчык С. Гарадзішча Радагошча — магчымы папярэднік Наваградка // Белорусский Сборник. № 2. — Санкт-Петербург, 2003.
  15. ^ Чамярыцкі, В. Аповесць пра Міндоўга і Войшалка // Спадчына. — Менск: Полымя, 1990. — № 3. — С. 50—51.
  16. ^ Акты издаваемые Виленской комиссией для разбора древних актов. Т. 33. — Вильна, 1908. С. 388.
  17. ^ Сацукевіч І. Уклад М. М. Улашчыка ў развіццѐ беларускай тапанімікі // Крыніцазнаўства, археаграфія, архівазнаўства ў XX—XXI ст. у Беларусі: зб. навук. артыкулаў, прысвечаных 100-годдзю з дня нараджэння М. Улашчыка / рэдкал. : С. Ходзін (адк. рэд.) і інш. — Менск: БДУ, 2007. С. 49. [1]
  18. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010.
  19. ^ Гурэвіч Ф. Летапісны Новгородок (старажытнарускі Наваградак). — Санкт-Пецярбург — Наваградак: Агентство «РДК-принт», 2003.
  20. ^ Устаўная грамата аб заснаваньні Тураўскай япархіі (1005 / 1006) Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae Праверана 10 лютага 2024 г.
  21. ^ ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5.
  22. ^ БЭ. — Мн.: 2000 Т. 11.
  23. ^ Гурэвіч Ф. Летапісны Новгородок (старажытнарускі Наваградак). — Санкт-Пецярбург — Наваградак, 2003.
  24. ^ Гайба М. Навагрудак. Летапіс гісторыі Праверана 7 лістапада 2014 г.
  25. ^ а б в Гайба М. Новагародак // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 358.
  26. ^ Maculevičius S., Baltrušiene D. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. S. 20.
  27. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  28. ^ Лосева О. В. Жития русских святых в составе древнерусских Прологов XII — первой трети XV веков. — М., 2009. С. 200.
  29. ^ Русская историческая библиотека, издаваемая Археографической комиссией. Т. 2. — СПб, 1875. С. 656—657.
  30. ^ Die Matrikel der Universität Basel. Bd. 2. — Basel, 1956. S. 384.
  31. ^ Archiv für die Geschichte des Hochstifts Augsburg. Bd. 2. Die Matrikel der Universität Dillingen. — Dillingen, 1912. S. 342.
  32. ^ Die matrikel der Universität Königsberg i. Pr. Bd. 1: Die Immatrikulationen von 1544—1656. — Leipzig, 1910. S. 233.
  33. ^ Epistolae metropolitarum kioviensium catholicorum: Raphaelis Korsak, Antonii Sielava, Gabrielis Kolenda. — Romae, 1956. P. 13.
  34. ^ Die Schüler des Braunsberger Gymnasiums von 1694 bis 1776. — Braunsberg:, 1934. S. 35.
  35. ^ Марозава С. Наваградак — царкоўная сталіца Вялікага Княства Літоўскага (XIV — XV стст.) // Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І. П. Крэнь, І. В. Соркіна (адк. рэдактары) і інш. — Гродна: ГрДУ, 2007.
  36. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  37. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  38. ^ Kurier Nowogrodzki. Nr. 284, 17.10.1933. S. 2.
  39. ^ Grędzik-Radziak A. Oświata i szkolnictwo polskie na ziemiach północno-wschodnich II Rzeczypospolitej i współczesnej Białorusi 1939—2001. — Toruń: Europejskie Centrum Edukacyjne, 2007. S. 67.
  40. ^ Гайба М. Новагародак // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 359.
  41. ^ а б Jelski A. Nowogródek // Słownik geograficzny... T. VII. — Warszawa, 1886. S. 255.
  42. ^ Rouba N. Przewodnik po Litwe i Białejrusi. — Wilno, 1909.
  43. ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  44. ^ Гайба М. Навагрудак // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 255.
  45. ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  46. ^ Перепись населения — 2009. Гродненская область (рас.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь. Архіўная копія
  47. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  48. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  49. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  50. ^ Чайкоўская В. Наваградзкі замак: учора, сёньня, заўтра // Зьвязда : газэта. — 20 красавіка 2011. — № 73 (26937). — С. 6. — ISSN 1990-763x.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі