Яраслаў Уладзімеравіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Яраслаў Уладзімеравіч Мудры
Князь наўгародзкі, Вялікі князь Кіеўскі
Yaroslav the Wise2.jpg
Князь наўгародзкі
1010 — 1034
Папярэднік Вышаслаў Уладзімеравіч
Наступнік Уладзімер Яраславіч
Вялікі князь Кіеўскі
1016 — 20 лютага 1054
Папярэднік Сьвятаполк Уладзімеравіч
Наступнік Ізяслаў Яраславіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся каля 978[1]
Памёр 20 лютага 1054, Вышгарад, Русь
Нашчадкі Уладзімер, Анастасія, Ізяслаў, Лізавета Яраслаўна, Сьвятаслаў, Усевалад, Ігар Яраславіч, Вячаслаў Яраславіч, Ганна Яраслаўна
Дынастыя Рурыкавічы
Жонка Інгігерда
Бацька Уладзімер Сьвятаславіч
Маці Рагнеда Рагвалодаўна

Ярасла́ў-Георгі Ўладзімеравіч «Му́дры» або «Скупы» (па-ўкраінску: Ярослав-Георгій Володимирович, па-расейску: Ярослав Владимирович; 9781054, Вышгарад, Русь) — князь растоўскі (987—1010), князь наўгародзкі (1010—1034), вялікі князь кіеўскі (1016—1018, 1019—1054).

Яраслаў Уладзімеравіч — сын хрысьціцеля Русі князя Ўладзімера Сьвятаславіча (з роду Рурыкавічаў) і полацкай князёўны Рагнеды Рагвалодаўны, бацька, дзед і дзядзька многіх кіраўнікоў Эўропы. Пры хрышчэньні быў нарачоны Георгіем. У Расейскай праваслаўнай царквы шануецца як Дабраверны князь; дзень памяці — 20 лютага паводле юліянскага календара.

Пры Яраславе Ўладзімеравічы быў складзены першы вядомы звод законаў рускага права, які ўвайшоў у гісторыю як «Руская Праўда».

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Год нараджэньня Яраслава і старшынства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Яраслаў упершыню згадваецца «Аповесьцю мінулых часоў» у артыкуле 6488 (980) году, дзе расказана пра жаніцьбу яго бацькі, Уладзімера Сьвятаславіча, і Рагнеды, а пасьля пералічана 4 сыны, якія нарадзіліся ў гэтым шлюбе — Ізяслаў, Мсьціслаў, Яраслаў і Усевалад[3][4][5]. У артыкуле 6562 (1054) году, які расказвае пра сьмерць Яраслава, гаворыцца, што пражыў ён 76 гадоў (паводле старажытнарускага зьлічэньня гадоў, г. зн. пражыў 75 і памёр на 76-м годзе жыцьця)[6]. Такім чынам, паводле летапісных зьвестак, Яраслаў нарадзіўся ў 978—979 гадах. Такая дата зьяўляецца самай згадванай у літаратуры[7].

Разам з тым існуе думка, што названыя гады памылковыя. У летапісным артыкуле за 6524 (1016) год гаворыцца пра ўзьвядзеньне Яраслава на сталец ў Кіеве і ўспамінаецца, што было яму тады 28 гадоў.

Калі верыць гэтым зьвесткам, Яраслаў мусіў нарадзіцца ў 988—989 гадах. Такое разыходжаньне ў гадах нараджэньня тлумачыцца па рознаму. Тацішчаў лічыў, што ў паведамленьні пра ўзрост заняцьця стальца памылка і павінна быць не 28, а 38 гадоў. Тым жа часам ў Лаўрэнцеўскім летапісе чытаецца «И бы тогда Ярослав Новегороде лет 28»[8], што дало падставу С. М. Салаўёву выказаць здагадку, што вестка тычыцца працягласьці наўгародзкага княжаньня Яраслава: калі прыняць правільным 18 гадоў — то з 998 году, а калі 28 гадоў — то сукупнае княжаньне ў Растове і Ноўгарадзе з 988 году[5][9]. Салаўёў таксама сумняваўся ў слушнасьці зьвестак, што Яраславу у год сьмерці было 76 гадоў.

З улікам таго, што шлюб Уладзімера і Рагнеды, паводле прынятай цяпер думкі, заключаны ў 978 годзе[10], а таксама, што Яраслаў называецца трэцім сынам Рагнеды, ён ня мог нарадзіцца ў 978 годзе. На думку гісторыкаў узрост у 76 гадоў зьявіўся ў летапісах, каб паказаць Яраслава старэйшым за Святаполка[11]. Аднак ёсьць сьведчаньні старшынства Сьвятаполка сярод сыноў Уладзімера на час яго сьмерці. Ускосным сьведчаньнем гэтаму словы Барыса Уладзімеравіча, князя растоўскага, сваёй дружыне, не жадаючы займаць Кіеў, бо менавіта Сьвятаполк зьяўляецца старэйшым.

Цяпер факт старшынства Сьвятаполка лічыцца даказаным, а ўказаньне летапісцам перабольшанага ўзросту Яраслава лічыцца сьведчаньнем таго, што ён спрабаваў прадставіць старэйшым менавіта Яраслава, абгрунтоўваючы яго правы на вялікае княжаньне[7][12][11].

Калі прымаць традыцыйную дату нараджэньня і старшынства Яраслава, давядзецца перагледзіць інтэрпрэтацыю летапіснага апавяданьня пра барацьбу Ўладзімера і Яраполка за кіеўскі сталец і аднесьці захоп Полацку і жаніцьбу Ўладзімера з Рагнедай да 976 або да пачатку 977 году, да яго ад’езду за мора[13].

Таксама зьвесткі пра ўзрост Яраслава на момант сьмерці даюць дасьледаваньні касьцей Яраслава, праведзеныя ў 1939—1940 гадах пасьля раскрыцьця яго грабніцы[14]. Дзьмітры Рохлін паказвае, што Яраславу ў момант сьмерці было больш за 50 гадоў і называе верагодным годам нараджэньня 986-ы, а В. В. Гінзбург — паказвае ўзрост у 60—70 гадоў[15][16][17]. На падставе гэтых дадзеных мяркуецца, што Яраслаў мог нарадзіцца не раней за 983—986 гады[5][11].

Апроч гэтага, некаторыя гісторыкі ўсьлед за Мікалаем Кастамаравым выказвалі сумненьні, што Яраслаў быў сынам Рагнеды[12][18][19]. Гэта супярэчыць весткам летапісаў, дзе Яраслаў неаднаразова называецца сынам Рагнеды[4], аднак, як паказана вышэй, летапісам датычна Яраслава нельга цялкам давяраць. Існуе таксама гіпотэза францускага гісторыка Жан-П’ера Арыньёна[20], паводле якой Яраслаў быў сынам бізантыйскай царэўны Ганны і менавіта гэтым тлумачыцца ўмяшальніцтва ў 1043 годзе Яраслава ва ўнутрыбізантыйскія справы. Аднак, на думку Карпава, гэтая гіпотэза супярэчыць усім іншым крыніцам[4].

Растоўскі пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У «Аповесьці мінулых часоў» за 6496 (988) год паведамляецца пра тое, што Уладзімер Сьвятаславіч пасадзіў сваіх сыноў па розных гарадах. У ліку пералічаных сыноў ёсьць і Яраслаў, які ў якасьці стальца атрымаў Растоў[21]. Аднак зьмешчаная ў гэтым артыкуле дата, 988 год, досыць умоўная, паколькі ў яе зьмясцілася шмат падзеяў. Гісторык Аляксей Карпаў мяркуе, што Яраслаў мог зьехаць у Растоў не раней 989 году[22].

У летапісах аб кіраваньні Яраслава ў Растове не паведамляецца нічога, акрамя факту пасаджэньня на сталец. Усе зьвесткі пра растоўскі пэрыяд яго біяграфіі носяць позьні і легендарны характар, гістарычная дакладнасьць іх малая[22].

Паколькі Яраслаў атрымаў Растоўскі сталец яшчэ дзіцем, то рэальная ўлада знаходзілася ў руках пасланага зь ім настаўніка. На думку А. Карпава, гэтым настаўнікам мог быць згаданы ў летапісе ў 1018 «карміцель і ваявода іменем Буды»[23]. Верагодна, ён быў бліжэйшым паплечнікам Яраслава ў Ноўгарадзе, аднак карміцель ў пэрыяд наўгародзкага княжаньня яму ўжо не быў патрэбны, так што цалкам верагодна, што ён быў выхавальнікам Яраслава яшчэ падчас растоўскага княжаньня[22].

Памятны знак на легендарным месцы заснаваньня Яраслаўля

З часам праўленьня Яраслава ў Растове зьвязваюць заснаваньне гораду Яраслаўлю, названага ў гонар князя. Упершыню згадваецца Яраслаўль у «Аповесьці мінулых часоў» пад 1071 годам, калі апісвалася выкліканае голадам «Растоўскае паўстаньне»[24].

Але існуюць паданьні, якія прыпісваюць заснаваньне гораду Яраславу. Паводле аднаго зь іх Яраслаў падарожнічаў па Волзе з Ноўгараду ў Растоў. Па легендзе па дарозе на яго напаў мядзьведзь, якога Яраслаў з дапамогай сьвіты засек сякерай. Пасьля гэтага князь загадаў ссекчы на непрыступным мысе над Волгай невялікую драўляную крэпасьць, названую па яго імя — Яраслаўль. Гэтыя падзеі знайшлі адлюстраваньне на гербе гораду.

Аднак існуюць сумневы ў тым, што яраслаўскае паданьне зьвязана менавіта зь Яраславам, хоць яно, верагодна, адлюстроўвае некаторыя факты з пачатковай гісторыі гораду[25].

Княжыў у Растове Яраслаў да сьмерці свайго старэйшага брата Вышаслава, які кіраваў у Ноўгарадзе. «Аповесьць мінулых часоў» дату сьмерці Вышаслава не паведамляе, аднак можна прааналізаваць шэраг пазьнейшых крыніц. У «Ступеннай кнізе» (XVI стагодзьдзе) паведамляецца, што Вышаслаў памёр раней Рагнеды, маці Яраслава, год сьмерці якой паказаны ў «Аповесьці мінулых часоў» (1000). Аднак гэтыя зьвесткі не заснаваныя на нейкіх дакумэнтах і, верагодна, зьяўляюцца здагадкай[22]. Іншую вэрсію прывёў у «Гісторыі Расейскай» Васіль Тацішчаў. На падставе нейкага летапісу, які не дайшоў да нашага часу (верагодна, наўгародзкага паходжаньня), ён зьмяшчае зьвесткі аб сьмерці Вышаслава ў артыкуле за 6518 (1010/1011) год[26]. Гэтая дата ў цяперашні час прынятая большасьцю гісторыкаў. Зьмяніў Вышаслава ў Ноўгарадзе Яраслаў[22].

Наўгародзкі пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Від на Яраславава Дворышча з Наўгародзкага дзядзінцу
Пячаць князя Яраслава Ўладзімеравіча, знойдзеная ў Ноўгарадзе ў 1994 годзе

Пасьля сьмерці Вышаслава старэйшым сынам Уладзімера Сьвятаславіча лічыўся Сьвятаполк, аднак вялікі князь па нейкіх прычынах аддаў перавагу пакінуць яго ў Тураве. Наступны па старшынстве сын, Ізяслаў, таксама да таго моманту памёр, аднак ён яшчэ пры жыцьці бацькі быў фактычна пазбаўлены права на спадчыну — для яго быў выдзелены ў надзел Полацак. І Ўладзімер у Ноўгарад паставіў Яраслава[27][28].

Наўгародзкае княжаньне ў гэты час мела больш высокі статус, чым Растоўскае. Аднак наўгародзкі князь усё роўна меў падпарадкаванае становішча да вялікага князя, выплачваючы штогод даніну ў 2000 грыўняў. Верагодна, што да гэтага пэрыяду адносіцца першы шлюб Яраслава[29]. Імя яго першай жонкі невядома, як мяркуецца, яе імя было Ганна.

Пэрыяд наўгародзкага княжаньня Яраслава да 1014 году таксама мала апісаны ў летапісах, як і растоўскі. Верагодна, што з Растова Яраслаў спачатку адправіўся ў Кіеў, а адтуль ужо выехаў у Ноўгарад. Прыбыў ён туды, верагодна, не раней за 1011 год.

Паўстаньне супраць бацькі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Быўшы князем наўгародзкім, Яраслаў жадаў парваць усякую залежнасьць ад Кіева і стаць цалкам незалежным гаспадаром вялікай Наўгародзкай вобласьці. У 1014 годзе ён рашуча адмовіўся ад выплаты бацьку, вялікаму кіеўскаму князю Ўладзімеру Сьвятаславічу, штогадовага ўроку ў дзьве тысячы грыўняў, які плацілі ўсе пасаднікі наўгародзкія.

Гісторыкі мяркуюць, што гэтыя дзеяньні Яраслава былі зьвязаныя з намерам Уладзімера перадаць трон аднаму з малодшых сыноў, растоўскаму князю Барысу. Магчыма, што менавіта таму паўстаў супраць Уладзімера старэйшы сын Сьвятаполк, які трапіў пасьля гэтага ў зьняволеньне (ён прабыў там да сьмерці бацькі). І менавіта гэтыя весткі маглі заахвоціць Яраслава выступіць супраць бацькі[30].

Для таго, каб супрацьстаяць бацьку, Яраслаў па паведамленьні летапісу, наняў варагаў за морам, якія прыбылі на чале з Эймундам[28]. Аднак Уладзімер, які жыў у Берастове пад Кіевам, быў ужо стары і не сьпяшаўся прадпрымаць нейкія дзеяньні. Акрамя таго, у чэрвені 1015 году ўварваліся печанегі і сабраная супраць Яраслава армія, якую ўзначальваў Барыс, была вымушаная адправіцца на адбіцьцё набегу стэпнякоў, якія, пачуўшы пра набліжэньне Барыса, павярнулі назад[31].

У той жа час варагі, нанятыя Яраславам, асуджаныя на бяздзейнасьць у Ноўгарадзе, пачалі чыніць беспарадкі. Па паведамленьні наўгародзкага першага летапісу


« …начали варяги насилие творить на мужатых жёнах[32] »

У выніку наўгародцы, не вытрымаўшы існуючага гвалту, паўсталі і за адну ноч перабілі варагаў. Яраслаў у гэты час знаходзіўся ў сваёй загараднай рэзідэнцыі ў Ракаме. Даведаўшыся пра тое, што здарылася, ён заклікаў да сябе прадстаўнікоў наўгародзкай шляхты, якія ўдзельнічалі ў бунце, абяцаўшы ім прабачэньне, а калі яны прыбылі да яго, жорстка расправіўся з імі. Адбылося гэта ў ліпені — жніўні 1015 году[28][31].

Ужо пасьля гэтага Яраслаў атрымаў ад сястры Прадславы ліст, у якім яна паведамляла пра сьмерць бацькі і пра падзеі, якія здарыліся пасьля гэтага. Гэтая вестка прымусіла князя Яраслава заключыць мір з наўгародцамі. Ён таксама паабяцаў заплаціць віру за кожнага забітага[33].

Барацьба за кіеўскі сталец[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

15 ліпеня 1015 году ў Берастове памёр Уладзімер Сьвятаславіч, які так і не пасьпеў пагасіць мяцеж сына. І Яраслаў пачаў барацьбу за кіеўскі сталец з братам Сьвятаполкам, якога вызвалілі зь вязьніцы і абвясьцілі сваім князем збунтаваныя кіяўляне. Сьвятаполк, асьцерагаючыся любімага кіяўлянамі Барыса і жадаючы зрабіцца адзінаўладным валадаром усёй Русі, забіў трох братоў (Барыса, Глеба і Сьвятаслава); такая жа небяспека пагражала і Яраславу.

Паміж тым Яраслаў пасварыўся з наўгародцамі: прычынай сваркі было яўная перавага, якую Яраслаў і яго жонка, швэдзкая князёўна Інгігерда (дачка швэдзкага караля Улява Шэтконунга), аказвалі наёмнай вараскай дружыне. Варагі, карыстаючыся сваім уплывам, узбуджалі супраць сябе насельніцтва жорсткасьцю і гвалтам; справа даходзіла да крывавай помсты з боку наўгародцаў, а Яраслаў у такіх выпадках звычайна прымаў бок наймітаў і аднойчы пакараў многіх месьцічаў, заманіўшы іх да сябе хітрасьцю. Лічачы барацьбу са Святаполкам немінучай, Яраслаў шукаў прымірэньня з наўгародцамі; апошнія лёгка пагадзіліся ісці зь ім супраць брата; адмовіць Яраславу ў дапамозе і вымусіць свайго князя да ўцёкаў — значыла бы аднавіць залежныя адносіны да Кіева і прыняць адтуль пасадніка; акрамя таго Яраслаў мог вярнуцца з-за мора з варагамі і адпомсьціць Ноўгараду.

Тым ня менш, у гэтай барацьбе, якая доўжылася чатыры гады, Яраслаў абапіраўся на наўгародцаў і на наёмную вараскую дружыну пад правадырствам конунга Эймунда.

Русь у часы Яраслава Мудрага

Сабраўшы некалькі тысячаў наўгародцаў і вараскіх наймітаў, якіх наняў раней для вайны з бацькам, Яраслаў пайшоў супраць Сьвятаполка, які заклікаў сабе на дапамогу печанегаў, і ў зацятай бітве адолеў яго пад Любечам, уступіў у Кіеў і заняў вялікакняскі сталец (1016). Ён шчодра ўзнагародзіў Наўгародзкую дружыну, дараваў кожнаму воіну дзесяць грыўняў і адпусціў іх дадому.

Перамога пад Любечам не скончыла барацьбу са Сьвятаполкам: неўзабаве ўцякач падступіў да Кіева з печанегамі, а ў 1018 годзе цесьць Сьвятаполка, польскі кароль Баляслаў Храбры, запрошаны ім і рады выпадку выклікаць смуту на Русі і аслабіць яе, разьбіў войскі Яраслава на берагах Бугу, разам з палякамі ў войску былі яшчэ немцы і вугорцы. Печанегі таксама зрабілі напад, але былі адбітыя ад Кіева.

Неўзабаве Баляслаў захапіў у Кіеве сясьцёр, жонку Ганну і мачыху Яраслава і, замест таго каб перадаць горад («стол») мужу сваёй дачкі Сьвятаполку, сам зрабіў спробу зацвердзіцца ў ім. Але кіяўляне, абураныя свавольлем яго дружыны, пачалі забіваць палякаў, і Баляслаў павінен быў пасьпешліва пакінуць Кіеў, пазбавіўшы Сьвятаполка ваеннай дапамогі. А Яраслаў, пасьля паразы вярнуўшыся ў Ноўгарад, падрыхтаваўся бегчы «за мора». Але наўгародцы на чале з пасаднікам Канстанцінам Дабрынічам, пасекла яго судны, сказалі князю, што яны хочуць біцца за яго з Баляславам і Сьвятаполкам. Увесну 1019 году гэта войска на чале зь Яраславам ажыцьцявіла новы паход на Сьвятаполка. У бітве на рацэ Альце, на тым месцы, дзе быў забіты Барыс, Сьвятаполк з саюзнікамі-печанегамі быў разьбіты, яго сьцяг захоплены, сам ён паранены, але бег. Конунг Эймунд запытаўся ў Яраслава: «ці загадаеце забіць яго, ці не?»[34], — на што Яраслаў даў сваю згоду.

Сьвятаполк зьбег у Польшчу і па дарозе памёр; Яраслаў у тым жа годзе стаў вялікім князем кіеўскім. Толькі зараз, па сьмерці Сьвятаполка, Яраслаў трывала зацьвердзіўся ў Кіеве і, па выразе летапісца, «утер пота со своею дружиной».

У 1019 годзе[35] Яраслаў ажаніўся[36] з дачкой швэдзкага караля Уляфа ШэтконунгаІнгігердай. Інгігерду на Русі хрысьцяць сугучным імем — Ірына[37]. У якасьці дару ад мужа Інгігерда атрымала горад Альдэйгаборг з прылеглымі землямі, якія атрымалі з тых часоў назву Інгерманляндыі (землі Інгігерды)[38][39].

У 1020 пляменьнік Яраслава, полацкі князь Брачыслаў, напаў на Ноўгарад, узяў і разрабаваў яго вывеўшы ў Полацк мноства палонных. Але на зваротным шляху на рацэ Судоме (цяпер Пскоўскай вобласьці) Яраслаў нібыта разьбіў Брачыслава і прымусіў яго бегчы, пакінуўшы палонных і нарабаванае.

Яраслаў перасьледаваў яго і прымусіў у 1021 годзе пагадзіцца на мірныя ўмовы, прызначыўшы яму ў надзел два гораду Ўсьвят і Віцебск.

Барацьба з Мсьціславам[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1024 Яраслаў вымушаны быў пачаць больш цяжкую барацьбу са сваім малодшым братам, князем тмутараканскім Мсьціславам, які праславіўся перамогамі над касогамі. Гэты ваяўнічы князь разам са сваімі саюзнікамі хазарам і касогамі і захапіў Чарнігаў і ўсё левабярэжжа Дняпра, а ў 1024 годзе Мсьціслаў перамог у жорсткай бітве войскі Яраслава пад кіраўніцтвам варага Якуна пад Ліственам (каля Чарнігава). Яраслаў вярнуўся ў адданы яму Ноўгарад.

Мсьціслаў перанёс сваю сталіцу ў Чарнігаў і, накіраваўшы паслоў да Яраслава, прапанаваў падзяліць з ім зямлі па Дняпры і спыніць войны:


« Сядай у сваім Кіеве, ты — старэйшы брат, а мне хай будзе гэты бок. »

Яраслаў не давяраў брату і вярнуўся толькі сабраўшы на поўначы вялікае войска; тады ён заключыў з братам мір каля Гарадцу (верагодна, каля Кіева), па якім Русь была падзеленая на дзьве часткі па Дняпры: вобласьці на ўсход Дняпра (апроч Пераяслава) атрымаў Мсьціслаў, а на захад — Яраслаў (1025).

У 1028 годзе нарвэскі кароль Оляф (пасьля празваны Сьвятым), быў вымушаны бегчы ў Ноўгарад. Ён прыбыў туды разам зь пяцігадовым сынам Магнусам, пакінуўшы ў Швэцыі яго маці. У Ноўгарадзе Інгігерда, зводная сястра маці Магнуса, жонка Яраслава і былая нявеста Оляфа, настаяла, каб Магнус застаўся ў Яраслава пасьля вяртаньня караля ў Нарвэгію ў 1030 годзе, дзе той і загінуў у бітве за нарвэскі пасад.

У 1030 годзе Яраслаў узяў горад Бэлз Галіцыі, а таксама хадзіў на чудзь і зацвердзіў сваю ўладу на берагах Чудзкага возера, дзе пабудаваў горад і назваў яго Юр’евым, у гонар свайго анёла.

У гэты час супраць караля Мешка II у Польскай зямлі паднялося паўстанне, народ забіваў япіскапаў, сьвятароў і баяраў.

У 1031 годзе Яраслаў і Мсьціслаў, падтрымаўшы дамаганьні Безпрыма на польскі прастол, сабралі вялікае войска і пайшлі на палякаў, адваявалі Пшэмысьль і Чэрвен, заваявалі польскія землі, і, узяўшы ў палон мноства палякаў, падзялілі іх. Яраслаў расьсьяліў палонных па рацэ ў мястэчках для абароны земляў ад стэпавых качэўнікаў, а Мсьціслаў — на правабярэжжы Дняпра.

Ёсьць зьвесткі аб паходзе пры Яраславе да Ўральскага хрыбта, на чале нейкага Улеба (1032).

У 1034 годзе Яраслаў ставіць князем наўгародзкім сына Ўладзімера.

Яраслаў, будучы вялікім князем Кіеўскім, аддаваў перавагу знаходжаньню ў Ноўгарадзе да самай сьмерці брата. У 1035 годзе Мсьціслаў памёр і Яраслаў стаў аднаўладцам Русі. У тым жа годзе Яраслаў пасадзіў у вязьніцу (поруб) свайго брата, пскоўскага князя Судзіслава, абгаворанага, па словах летапісаў, перад старэйшым братам. Прычына гневу Яраслава на брата невядомая; верагодна, апошні выяўляў дамаганьні на падзел вымарачных валасьцей, якія пераходзілі цалкам да Яраслава. У руках Яраслава былі злучаныя ўсе вобласьці Русі, за выключэньнем Полацкага княства.

Толькі пасьля гэтых падзей Яраслаў вырашаецца пераехаць са дваром з Ноўгараду ў Кіеў.

Кіеўскі пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Яраслаў Мудры. Партрэт з Царскага тытулярніка 17 стагодзьдзя

У 1036 годзе летапісы адзначаюць аблогу Кіева печанегамі, у адсутнасьць Яраслава, які тым часам быў у Ноўгарадзе. Атрымаўшы аб гэтым вестку, Яраслаў пасьпяшаўся на дапамогу і ўшчэнт разьбіў печанегаў пад самымі сьценамі Кіева. Пасьля гэтай паразы напады печанегаў на Русь спыняюцца. У памяць пра перамогу над печанегамі князь заклаў сабор Сьвятой Сафіі ў Кіеве, для росьпісу храма былі выкліканыя мастакі з Канстанцінопаля.

У гэтым жа годзе пасьля сьмерці брата Мсьціслава Ўладзімеравіча Яраслаў стаў аднаасобным кіраўніком большай часткі Кіеўскай Русі, за выключэньнем Полацкага княства, дзе княжыў яго пляменьнік Брачыслаў, а пасьля сьмерці апошняга ў 1044 годзе — Усяслаў Брачыславіч.

У 1038 годзе войскі Яраслава зьдзейсьнілі паход на яцвягаў, у 1040 годзе на Літву, а ў 1041 годзе водны паход на ладзьдзях у Мазовію. У 1042 годзе яго сын Уладзімер перамог ямь, прычым у гэтым паходзе здарыўся вялікі падзеж коней, дружына Ўладзімера вярнулася амаль бязь іх. Прыкладна ў гэты час (1038—1043) ад Кнуда Вялікага да Яраслава бег ангельскі прынц Эдуард Выгнаннік. Акрамя таго, у 1042 годзе князь Яраслаў Мудры аказаў вялікую дапамогу ў барацьбе за польскі каралеўскі трон унуку Баляслава ХрабрагаКазімеру I. Некалькі разоў Яраслаў хадзіў у Польшчу на дапамогу каралю Казімеру для ўціхамірваньня паўсталай Мазовіі; апошні паход быў у 1047 годзе.

Казімер узяў у жонкі сястру Яраслава — Марыю, якая стала польскай каралевай Дабранегай. Гэты шлюб быў заключаны паралельна з жаніцьбай сына Яраслава Ізяслава на сястры Казімера — Гертрудзе, у знак хаўрусу з Польшчай.

Тымчасова адбывалася і апошняе варожае сутыкненьне Русі з грэкамі, адзін з рускіх купцоў быў забіты ў сварцы з грэцкімі ў Канстанцінопалі. Не атрымаўшы задавальненьня за крыўду, у 1043 годзе, Яраслаў, пад падставай забойства «аднаго знакамітага расіяніна»[39], паслаў да Візантыі вялікі флёт пад начальствам старэйшага сына свайго Ўладзімера сумесна з Гаральдам Суровым і наўгародзкага ваяводы Вышаты ў паход на імпэратара Канстантына Манамаха, у якім ваенныя дзеяньні разгортваліся на моры і сушы зь пераменным посьпехам. Уладзімер вынішчыў пасланы для яго праследаваньня грэцкі флёт, але Вышата быў акружаны і ўзяты ў палон пры Варне. У 1046 годзе быў заключаны мір; палонныя з абодвух бакоў вернутыя, і дружалюбныя адносіны змацаваныя шлюбам любімага сына Яраслава, Усевалада, зь бізантыйскай царэўнай.

У 1044 годзе Яраслаў арганізаваў паход[40] на Літву.

У 1045 годзе вялікі князь Яраслаў Мудры і княгіня Ірына (Інгігерда) накіраваліся ў Ноўгарад з Кіева да сына Ўладзімера на закладку ім каменнага Сафійскага сабору, замест згарэлага драўлянага.

У 1047 годзе адбыўся разрыў Яраславам Мудрым саюза з Польшчай.

У 1048 годзе ў Кіеў прыбылі паслы Генрыха I Францускага — прасіць рукі дачкі Яраслава Ганны.

Княжаньне Яраслава Мудрага працягвалася 37 гадоў. Апошнія гады жыцьця Яраслаў правёў у Вышгарадзе.

Сьмерць, пахаваньне і лёс парэшткаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаграфія Чорыкава Б. А.

Памёр Яраслаў Мудры 20 лютага 1054 году ў Вышгарадзе ў дзень сьвята Урачыстасьці Праваслаўя[41] на руках сына Ўсевалада, перажыўшы на чатыры гады сваю жонку Інгігерду і на два гады старэйшага сына Ўладзімера.

У надпісе (графіці) на цэнтральным нэфе Сафійскага сабору пад ктытарскай фрэскай самога Яраслава Мудрага, датаванай 1054 годам, гаворыцца пра сьмерць «цара нашага»: «В 6562 мца феврари 20 успен(и)е ц(а)ря наш(е)го в в(оскресенье) в (н)еде(лю) (му)ч Феодора». У розных летапісах дакладная дата сьмерці Яраслава вызначалася па-рознаму: або 19 лютага, альбо 20-га. Гэтыя рознагалосьсі акадэмік Барыс Рыбакоў тлумачыць тым, што Яраслаў памёр у ноч з суботы на нядзелю. У Старажытнай Русі для вызначэньня пачатку дня існавала два прынцыпы: па царкоўным рахунку — з поўначы, у побыце — са сьвітаньня. Вось чаму па-рознаму называецца і дата сьмерці Яраслава: па адным разліку гэта была яшчэ субота, а па іншаму, царкоўнаму, — ужо нядзеля[42]. Гісторык А. Карпаў лічыць, што князь мог памерці 19 (па летапісе), а пахавалі яго 20-га[43].

Тым ня менш, дата сьмерці не прымаецца ўсімі дасьледнікамі. Віктар Зібараў датуе гэту падзею 17 лютага 1054 году[44].

Саркафаг Яраслава Мудрага ў Кіеве

Яраслаў быў пахаваны ў Сафійскім саборы ў былой шасьцітоннай грабніцы сьвятога рымскага папы Клімэнта, якую яго бацька Уладзімер Сьвятаславіч вывез з заваяваных ім візантыйскага Хэрсанэсу. Грабніца цэлая да гэтага часу.

Саркафаг адкрывалі ў 1936, 1939 і 1964 гадах і праводзілі не заўсёды кваліфікаваныя дасьледаваньні. Па выніках ускрыцьця студзеня 1939 году[45] антраполяг Міхаіл Герасімаў у 1940 годзе стварыў скульптурны партрэт князя. Рост князя быў 175 см. Твар славянскага тыпу, сярэдняй вышыні лоб, вузкае пераносьсе, моцна выступаючы нос, буйныя вочы, рэзка акрэсьлены рот (практычна з усімі зубамі, што сустракалася тады ў старасьці вельмі рэдка), рэзка выступаючы падбародак[45]. Вядома таксама, што ён быў кульгавы (з-за чаго дрэнна хадзіў): па адной з вэрсіяў — ад нараджэньня, па іншай — у выніку раненьня ў бітве. Правая нага князя Яраслава была даўжэйшай, чым левая, з-за пашкоджаньня тазасьцегнавага і каленнага суставаў. Магчыма, гэта было сьледзтвам спадчыннай хваробы Пэртэса.

Страта парэшткаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па паведамленьні часопіса Newsweek, пры ўскрыцьці скрыні з парэшткамі Яраслава Мудрага 10 верасьня 2009 году было ўстаноўлена, што ў ім знаходзіцца, як мяркуецца, толькі шкілет жонкі Яраслава княгіні Інгігерды[45][46][47].

Апублікаваныя ў сакавіку 2011 году вынікі генэтычнай экспэртызы такія: у грабніцы спачываюць не мужчынскія, а толькі жаночыя парэшткі, прычым складзеныя з двух шкілетаў, якія датуюцца зусім розным часам: адзін шкілет часоў Кіеўскай Русі, а другі на тысячу гадоў старажытней, то бок часоў скітскіх паселішчаў. Астанкі кіеўскага часу, па сьцьвярджэньні навукоўцаў-антраполягаў, належаць жанчыне, якая пры жыцьці шмат займалася цяжкай фізычнай працай, — відавочна ня княскага роду. На сьлед праху Яраслава Мудрага можа вывесьці абраз Міколы Мокрага, які быў вывезены з Сафійскага сабора прадстаўнікамі УГКЦ, якія адступалі разам зь нямецкімі войскамі з Кіева восеньню 1943 году. Абраз быў знойдзены ў Сьвята-Траецкім храме (Бруклін, Нью-Ёрк, ЗША) у 1973 годзе. На думку гісторыкаў, астанкі вялікага князя таксама варта шукаць у ЗША[48][49], дзе яны знаходзяцца ў распараджэньні Ўкраінскай праваслаўнай царквы ў ЗША (юрысдыкцыя Канстантынопальскага патрыярхату).

Шлюбы, дзеці і дынастычныя сувязі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

А. І. Транкоўскі. «Яраслаў Мудры і швэдзкая прынцэса Інгігерда»
Ганна Яраславаўна, Настасься Яраславаўна, Лізавета Яраславаўна і Агата, жонка Эдуарда Выгнаньніка
  • Першая жонка (да 1019) — меркавана, нарвэжка па імені Ганна. Была ў 1018 захоплена ў Кіеве ў палон польскім каралём Баляславам Храбрым разам зь сёстрамі Яраслава і назаўсёды вывезены ў Польшчу[50].
  • Другая жонка (з 1019) — Інгігерда (у хрышчэньні Ірына, у манастве, магчыма, Ганна); дачка караля Швэцыі Улява Шэтконунга. Іх дзеці разьехаліся па ўсёй Эўропе:

Сыны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. Ільля Яраславіч (да 1018 — ?) — магчымы сын Яраслава Мудрага ад першай жонкі, вывезены ў Польшчу. Гіпатэтычны князь Ноўгарада.
  2. Уладзімер (10201052) — князь наўгародзкі.
  3. Ізяслаў (Дзьмітры) (10251078) — ажаніўся зь сястрой польскага караля Казімера I — Гертруда Польская.
  4. Сьвятаслаў (Мікалай) (10271076) — князь чарнігаўскі, мяркуюць, што жанаты быў двойчы: першы раз на Кілікіі (або Кікіліі, Цэцыліі), невядомага паходжаньня; другі раз верагодна на аўстрыйскай прынцэсе Одзе Штадэнская, дачкі графа Леапольда.
  5. Усевалад (Андрэй) (10301093) — ажаніўся з грэцкай царэўнай (як мяркуецца, дачкой візантыйскага імпэратара Канстантына IX Манамаха), ад шлюбу зь якой нарадзіўся князь Уладзімер Манамах.
  6. Вячаслаў Яраславіч (10331057) — князь смаленскі[51]
  7. Ігар Яраславіч (10361060) — князь валынскі[52].

Дочкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. Лізавета Яраслаўна стала жонкай нарвэскага караля Гаральда Суровага.
  2. Анастасія Яраслаўна стала жонкай караля Вугоршчыны Андраша I. На паўвысьпе Ціхань, на беразе возера Балатон, у гонар іх названы царква і ўсталяваны помнік.
  3. Ганна Яраслаўна стала жонкай караля Францыі Генрыха I. У Францыі яна стала вядомая як Ганна Руская або Ганна Кіеўская. У Францыі, у г. Санліс Ганне ўсталяваны помнік[53].

Сьвятыя сваякі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Будучы праваслаўны сьвяты дабраверны князь Яраслаў (конунг Ярыслейф) быў шваграм агульнахрысьціянскага[54] будучага сьвятога, нарвэскага конунга Олафа Сьвятога — яны былі жанатыя на сёстрах: Яраслаў на старэйшай сястры, будучай праваслаўнай[55] святой Інгігердзе, Олаф на малодшай сястры — Астрыд.

Да таго ў абодвух сьвятых была адна нявеста — прынцэса Інгігерда Швэдзкая (на Русі жонка княгіня Ірына), якая вясной 1018 году дала згоду выйсьці замуж за Оляфа Нарвэскага і ўласнаручна вышыла плашч з залатой зашпількай свайму жаніху, а ўвосень таго ж году па патрабаваньні бацькі дала згоду выйсьці замуж за Яраслава (вясельле адбылося ў 1019 годзе). Рамантычныя адносіны Олафа і Інгігерды з 1018 па 1030 год апісваюцца ў трох скандынаўскіх сагах: «Сазе аб Оляфе Святым», «Сазе аб Эймундзе» і г. зв. «Гнілой скуры». У 1029 годзе Олаф, будучы ў выгнаньні ў Ноўгарадзе, напісаў вісу (верш) аб Інгігердзе; частка яго дайшла да цяперашняга часу. Згодна з сагамі, Оляф у Ноўгарадзе зімой 1029/1030 явіў два цуды вылячэньня: у прыватнасьці, вылечыў цяжка хворага дзевяцігадовага сына Яраслава і Інгігерды, будучага праваслаўнага сьвятога Ўладзімера (Вальдэмара). Пасьля гібелі і праслаўленьня Оляфа ў Ноўгарадзе, былым стольным горадзе Яраслава, была ўзведзена царква Оляфа Сьвятога, празваная ў народзе «вараскай».

Малалетні сын будучага сьвятога Оляфа Магнус Добры быў пасьля гібелі бацькі ўсыноўлены будучым сьвятым Яраславам Мудрым, выхоўваўся ў яго сям’і і па дасягненьні паўналецця пры дапамозе прыёмнага бацькі атрымаў назад трон Нарвэгіі, а затым і Даніі.

Таксама Яраслаў Мудры — брат праваслаўных[56], першых праслаўленых на Русі сьвятых — князёў Барыса і Глеба, бацька праваслаўнага сьвятога Ўладзімера Яраславіча, дзед мясцовага праваслаўнага сьвятога Ўладзімера Манамаха і каталіцкага Гуга Вялікага, графа Вермандуа.

Спрэчная генэалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Існуе таксама пункт гледжаньня, што ў Яраслава Мудрага была яшчэ адна дачка па імені Агата, якая стала жонкай Эдуарда Выгнанніка, спадкаемцу Ангельшчыны. Некаторымі дасьледчыкамі ставіцца пад сумнеў факт, што Яраслаў быў сынам Рагнеды, а таксама існуе гіпотэза[57], што ў яго была жонка — Ганна, якая памерла каля 1018 году. Магчыма, Ганна была нарвэжка, а ў 1018 годзе яна была захоплена ў палон Баляславам Храбрым падчас захопу Кіева. Там жа вылучаецца гіпотэза пра тое, што нейкі Ільля — «сын караля Русі» Яраслава Мудрага.

Паходжаньне жонкі аднаго з сыноў — германскай прынцэсы Оды, дачкі Леапольда, — зьяўляецца спрэчным фактам у частцы прыналежнасьці да роду Штадэнаў (уладарам Паўночнай маркі) або да Бабэнбэргаў (уладарам Аўстрыі да Габсбургаў). Спрэчным зьяўляецца і тое, чыёй жонкай была Ода — Уладзімера, Сьвятаслава або Вячаслава. Сёньня пануючым зьяўляецца пункт гледжаньня, што Ода Леапольдаўна была жонкай Сьвятаслава і паходзіла з роду Бабэнбэргаў[58].

Сума дзейнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як відаць зь летапісаў, Яраслаў не пакінуў па сабе такой добрай памяці, як яго бацька. Па водгуку летапісу, «ён быў кульгавы, але розум у яго быў добры ды на вайне быў храбры»; пры гэтым дададзена яшчэ, што ён сам кнігі чытаў — заўвага, якая сьведчыць аб яго дзіўнай для таго часу вучонасьці.

Княжаньне Яраслава важна як эпоха найвышэйшага росквіту Русі, пасьля якога яна хутка стала хіліцца да заняпаду. Значэньне Яраслава ў яе гісторыі засноўваецца галоўным чынам не на ўдалых войнах і зьнешніх дынастычных сувязях з Захадам, а на яго працы па ўнутранаму ўладкаваньню Русі. Ён садзейнічаў распаўсюду хрысьціянства, разьвіцьцю неабходнага для гэтага асьветы і падрыхтоўкі сьвятароў з рускіх.

Яраслаў заснаваў у Кіеве, на месцы сваёй перамогі над печанегамі, храм Сьвятой Сафіі, пышна ўпрыгожыў яго фрэскамі і мазаікай; пабудаваў там жа манастыр Сьвятога Георгія і манастыр Сьвятой Ірыны (у гонар анёла сваёй жонкі). Кіеўскі храм сьв. Сафіі пабудаваны ў перайманьне цараградскага. Яраслаў не шкадаваў сродкаў на цэрквы, запрашаючы для гэтага грэцкіх майстроў. Наогул ён упрыгожыў Кіеў шматлікімі пабудовамі, абвёў яго новымі каменнымі сьценамі, устроіўшы ў іх знакамітую Залатую браму , а над ёй — царкву ў гонар Зьвеставаньня.

Яраслаў прыкладаў нямала высілкаў і для ўнутранага добраўпарадкаваньня рускай царквы і пасьпяховага разьвіцьця хрысьціянскай веры. Калі ў канцы яго княжаньня трэба было паставіць новага мітрапаліта, Яраслаў загадаў сабору рускіх япіскапаў паставіць мітрапалітам Іларыёна, сьвятара зь Берастова родам з рускіх, жадаючы прадухіліць залежнасьць рускай царквы ад Бізантыі. Каб занесьці ў народ пачаткі хрысьціянскай веры, Яраслаў загадаў перакладаць кнігі з грэцкай на славянскую і шмат сам іх купляў. Усе гэтыя рукапісы Яраслаў паклаў у бібліятэку пабудаванага ім Сафійскага сабору для агульнага карыстаньня. Для распаўсюджваньня пісьменнасьці Яраслаў загадаў духавенству навучаць дзяцей, а ў Ноўгарадзе, паводле позьніх летапісных дадзеных, зладзіў вучылішча на 300 хлопчыкаў. Пры Яраславе прыехалі ў Русь зь Бізантыі царкоўныя сьпевакі, якія навучылі мясцовых сьпевакоў асьмагласнаму (дземественнаму) сьпеву.

Найболей вядомы Яраслаў як заканадавец: яму прыпісваецца найстаражытны помнік права Русі — «Устав» або «Суд Ярослаўль» або «Руская Праўда». Акрамя «Праўды» пры Яраславе зяявіўся царкоўны статут або «Кормчая кніга» — пераклад бізантыйскага Намаканона. Немалую ролю ў дзейнасьці Яраслава мелі і клопаты аб унутраным добраўпарадкаваньні Русі, яе спакоі і бясьпецы. Падобна бацьку, ён засяляў стэпавыя прасторы, будаваў гарады (Юр’еў, Яраслаўль), працягваў палітыку папярэднікаў па ахове межаў і гандлёвых шляхоў ад качэўнікаў і па абароне інтарэсаў рускага гандлю ў Бізантыі. Яраслаў абгарадзіў гарадамі паўднёвую мяжу Русі са стэпам.

Час Яраслава быў эпохай дзейных зносін зь дзяржавамі Захаду. Яраслаў быў у роднасных сувязях з варагамі: сам ён быў жанаты на швэдзкай прынцэсе Інгігердзе, а нарвэскі прынц Гаральд Сьмелы пабраўся шлюбам з яго дачкой Лізаветай. Некаторыя сыны Яраслава таксама былі жанатыя на замежных прынцэсах (Усевалад, Сьвятаслаў). Радавітыя варагі знаходзілі прытулак і абарону ў Яраслава (Уляф, Магнус Добры, Гаральд Сьмелы); вараскія гандляры карыстаюцца яго адмысловым заступніцтвам. Сястра Яраслава Марыя была замужам за Казімерам Польскім, другая дачка яго Ганна Яраслаўна — за Генрыхам I Францускім, трэцяя, Настасься Яраслаўна — за Андрашам I Вугорскім. Ёсьць зьвесткі замежных летапісцаў аб роднасных сувязях з ангельскімі каралямі і аб знаходжаньні пры двары Яраслава двух ангельскіх прынцаў, якія шукалі ратунку. Сталіца Яраслава, Кіеў, заходнім падарожнікам падавалася супернікам Канстантынопаля; яе ажыўленасьць, выкліканая даволі інтэнсіўнай для таго часу гандлёвай дзейнасьцю, уражвала заходніх пісьменьнікаў XI стагодзьдзя.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Традыцыйная дата паводле Аповесьці мінулых часоў, аднак паводле іншых зьвестак ён нарадзіўся ў пэрыяд паміж 983 і 986 гадамі.
  2. ^ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Бэрлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #119197391 // Gemeinsame Normdatei — 2012—2016.
  3. ^ Повесть временных лет, Ч. 1. — М. — Л.: 1950. — 56—57 с.
  4. ^ а б в Карпов А. Ю. Ярослав Мудрый. — С. 459, прим. 2
  5. ^ а б в Толочко П. О происхождении Ярослава Мудрого // Газета 2000. Свобода слова. — 2008. — № 8 (403), 22 — 28 февраля.
  6. ^ Полное собрание русских летописей Т. 1. Стб. 162.
  7. ^ а б Карпов А. Ю. Ярослав Мудрый. — С. 14.
  8. ^ Полное собрание русских летописей.|арыгінал = |спасылка = |адказны = |выданне = |месца = |выдавецтва = |год = |том = 1|старонкі = |старонак = |серыя = |isbn = |тыраж = }} Стб. 142
  9. ^ Соловьёв С. М. История России с древнейших времён. — М.: 1988 Т. 1. — С. 311—312, прим. 297.
  10. ^ Паводле паведамленьняў летапісаў Уладзімер княжыў у Кіеве 37 гадоў. Акрамя таго Іакаў Чарнарызец паказвае дату 11 чэрвеня 6486 (978) году (Иаков Черноризец .|частка = |загаловак = Память и похвала князю Русскому Владимиру|арыгінал = |спасылка = http://lib.pushkinskijdom.ru/Default.aspx?tabid=4870%7Cадказны = |выданне = |месца = |выдавецтва = |год = |том = |старонкі = |старонак = |серыя = |isbn = |тыраж = }}; Карпов А. Ю. Ярослав Мудрый. — С. 87—88)
  11. ^ а б в Пчелов 2001. С. 91.
  12. ^ а б Кузьмин А. Г. Начальные этапы древнерусского летописания. — М.: Издательство МГУ, 1977. — С. 275—276.
  13. ^ Назаренко А. В. Древняя Русь на международных путях: Междисциплинарные очерки культурных, торговых, политических связей IX-XII вв.. — Москва: Языки русской культуры, 2001. — С. 367-370.
  14. ^ Перхавко В.Б., Сухарев Ю.В. Воители Руси IX—XIII вв.. — Москва: Вече, 2006. — С. 64. — ISBN 5-9533-1256-3
  15. ^ Рохлин Д. Г. Итоги анатомического и рентгенологического изучения скелета Ярослава Мудрого. — М.; Л.: 1940. — Т. 7. — С. 46—57.
  16. ^ Гинзбург В. В. Об антропологическом изучении скелетов Ярослава Мудрого, Анны и Ингигерд. — М.; Л.: 1940. — Т. 7. — С. 57—66.
  17. ^ Карпов А. Ю. Ярослав Мудрый. — С. 461—462, прим. 13
  18. ^ Костомаров Н. И. Русская история в жизнеописаниях её главнейших деятелей. — М.: 1991. — С. 8.
  19. ^ Кузьмин А. Г. Ярослав Мудрый // Великие государственные деятели России. — М.: 1996. — С. 26.
  20. ^ Arrignon J.—P. Les relations diplomatiques entre Bizance et la Russie de 860 à 1043. — 1983. — Т. 55. — С. 133—135.
  21. ^ Перхавко В.Б., Сухарев Ю.В. Воители Руси IX-XIII вв.. — Москва: Вече, 2006. — С. 65. — ISBN 5-9533-1256-3
  22. ^ а б в г д Карпов А. Ю. Ярослав Мудрый. — С. 28—32}}
  23. ^ ПСРЛ Т. 1. Стб. 143; Т. 4. С. 142.
  24. ^ ПСРЛ. — м: 1962 Т. 2. Ипатьевская летопись. — С. 164.
  25. ^ Карпов А. Ю. Ярослав Мудрый. — С. 43—52
  26. ^ Татищев В. Н. История Российская. — Т. 2 С. 70.
  27. ^ Карпов А. Ю. Ярослав Мудрый. — С. 53
  28. ^ а б в Перхавко В.Б., Сухарев Ю.В. Воители Руси IX-XIII вв.. — Москва: Вече, 2006. — С. 66. — ISBN 5-9533-1256-3
  29. ^ Карпов А. Ю. Ярослав Мудрый. — С. 66
  30. ^ Карпов А. Ю. Ярослав Мудрый. — С. 67—75
  31. ^ а б Карпов А. Ю. Ярослав Мудрый. — С. 76—80
  32. ^ Новгородская первая летопись. — С. 174..
  33. ^ Карпов А. Ю. Ярослав Мудрый. — С. 81—84
  34. ^ Пасма (Сага) аб Эймундзе
  35. ^ паводле іншых крыніц — у 1017 годзе, але магчыма назваць і 1015 год, паколькі ў «Сазе аб Эймундзе» яна згадваецца яшчэ да першага нападу Святаполка
  36. ^ Пра лёс першай жонкі, Ганны, захопленай Баляславам Храбрым у Кіеве, нічога не вядома. Гл. пра яе: Карпов А. Ю. Ярослав Мудрый. — С. 469—470 прим. 25—29
  37. ^ Джаксон Т. Н. О скандинавских браках Ярослава Мудрого и его потомков // Страницы истории Руси: политика и государственность
  38. ^ Т. Н. Джаксон.О скандинавских браках Ярослава Мудрого и его потомков // Страницы истории Руси: политика и государственность
  39. ^ а б Карамзин Н. М. История государства Российского т. 2, гл. II
  40. ^ Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов. — М.-Л.: «Издательство Академии Наук СССР», 1950. — 659 с //«Ізборник». Історія України IX—XVIII(рас.)
  41. ^ Карпов А. Ю. Ярослав Мудрый. — С. 454.
  42. ^ Граффити Софии Киевской
  43. ^ Карпов А. Ю.. Ярослав Мудрый. — 3-е изд.. — М.: Молодая гвардия, 2010. — 592 с. — (Жизнь замечательных людей: Серия биографий; Вып. 1210 (1410)). — 5000 экз. — ISBN 978-5-235-03311-5. С. 454
  44. ^ Зиборов В. К. Киевские граффити и дата смерти Ярослава Мудрого (источниковедческий анализ)//Генезис и развитие феодализма в России. Л., 1988.
  45. ^ а б в Карпов А. Ю.. Ярослав Мудрый. — 3-е изд.. — М.: Молодая гвардия, 2010. — 592 с. — (Жизнь замечательных людей: Серия биографий; Вып. 1210 (1410)). — 5000 экз. — ISBN 978-5-235-03311-5. С. 456
  46. ^ Максимов Н. Там или пропал // Newsweek. 09.08.2010
  47. ^ Шкілет жанчыны 50—60 гадоў, на думку антраполяга С. А. Нікіціна, зь вялікай ступеньню верагоднасьці належыць яго блізкай сваячцы
  48. ^ В саркофаге великого князя Ярослава оказался чужой прах
  49. ^ На Украине пропали мощи Ярослава Мудрого
  50. ^ Карпов А. Ю. Ярослав Мудрый.
  51. ^ М. М. Карамзін лічыў, што Вячаслаў быў жанаты з Одай, дачкой графа Леапольда Штадэнскага, аднак цяпер лічыцца, што яна была жонкай Сьвятаслава, старэйшага брата Вячаслава.
  52. ^ Раней лічылася, што ён быў жанаты зь германскай прынцэсай Кунігундай, графіняй Арламюндэ. Сучасныя дасьледчыкі мяркуюць яе жонкай Яраполка Ізяславіча
  53. ^ Памятник Анне Ярославне Русской — Королеве Франции
  54. ^ Падзелу цэркваў на каталіцкую і праваслаўную ў 1031 годзе, калі раскрылі мошчы Олафа Сьвятога, які загінуў у бітве ў 1030 годзе, яшчэ не было; яно адбылося ў 1054 годзе.
  55. ^ Услаўленьне княгіні Ірыны, у манастве Ганны як святой адбылося праз чатырыста гадоў пасьля падзелу цэркваў на каталіцкую і праваслаўную ў 1054 годзе.
  56. ^ Услаўленьне князёў Барыса і Глеба як сьвятых адбылося пасьля скону Яраслава Мудрага, пасьля падзелу цэркваў 1054 году на каталіцкую і праваслаўную.
  57. ^ Назаренко А. В.Древняя Русь на международных путях. — М.: Языки русской культуры, 2001.
  58. ^ Назаренко А. В. О династических связях сыновей Ярослава Мудрого. Отечественная история / РАН. Ин-т рос. истории. — М.: Наука, 1994. — N 4-5.\\Проект «Хронос»

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Пчелов Е. В. Рюриковичи. История династии.. — М.: 2001. — 479 с,  ил, с.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Яраслаў Уладзімеравічсховішча мультымэдыйных матэрыялаў