Жалудок
Жалудок лац. Žałudok | |||||
Палац Сьвятаполк-Чацьвярцінскіх | |||||
| |||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Гарадзенская | ||||
Раён: | Шчучынскі | ||||
СельсаветПасялковы савет: | Жалудоцкі сельсаветЖалудоцкі | ||||
Насельніцтва: | 972 чал. (2018)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1514 | ||||
Паштовы індэкс: | 231506 | ||||
СААТА: | 4258820905 | ||||
Нумарны знак: | 4 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 53°36′0″ пн. ш. 24°59′0″ у. д. / 53.6° пн. ш. 24.98333° у. д.Каардынаты: 53°36′0″ пн. ш. 24°59′0″ у. д. / 53.6° пн. ш. 24.98333° у. д. | ||||
± Жалудок | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Жалудо́к — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Жалудзянцы. Цэнтар пассавету Шчучынскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 972 чалавекі[1]. Знаходзіцца за 22 км на ўсход ад Шчучына, за 7 км ад чыгуначнай станцыі Скрыбаўцы (лінія Масты — Ліда).
Жалудок — мястэчка гістарычнай Лідчыны (частка Віленшчыны). Да нашага часу тут захаваліся палац Сьвятаполк-Чацьвярцінскіх у стылі мадэрн і касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі клясыцызм, помнікі архітэктуры XIX — пачатку XX стагодзьдзя.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле папулярнага меркаваньня, тапонім Жалудок утварыўся ад асновы жолуд[2].
Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Жолудок (1553 год)[3].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Упершыню Жалудок упамінаецца ў 2-й палове XV ст. як уладаньне вялікіх князёў. У 1486 годзе ён атрымаў статус мястэчка. У 1490 годзе вялікі князь Казімер заснаваў тут касьцёл.
У пачатку XVІ стагодзьдзя Жалудок стаў сталіцай павету Віленскага ваяводзтва (існаваў да 1567 году). Намесьнікамі жалудоцкімі былі: Марцін Храптовіч (1501—1508), Міхал Пацэвіч (паводле іншых зьвестак Мікалай Пацэвіч, 1510), Сымон Кібартавіч (1511), Васіль Палубінскі (1515—1533). Само мястэчка ў розныя часы знаходзілася ў валоданьні Лацкіх, Сапегаў, Францкевічаў. У 1506 годзе ў часе татарскага нападу, згарэў касьцёл; у 1529 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары пацьвердзіў яму ўсе ранейшыя фундацыі і надаў новыя.
У 1682 годзе Казімер і Аляксандра Фрацкевічы (паводле іншых зьвестак, жонка Казімера — Ганна з Нарушэвічаў) заснавалі ў Жалудку касьцёл і кляштар кармэлітаў «старых»[4]. Фундацыю на будаваньне кляштару сваёй пастановай пацьвердзіў Сойм у 1685 годзе. У 1690 годзе існаваў Жалудоцкі ключ — вялікае зямельнае ўладаньне на абодвух берагах Нёмана з панскім дваром, мястэчкам, вёскамі, ворнымі землямі і лясамі. Ключ налічваў 226 дамоў і быў адным з найбольшых шляхецкіх уладаньняў у Панямоньні.
За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у лютым 1706 году ў Жалудку знаходзілася галоўная кватэра караля Швэцыі Карла XII. У пачатку XVІІІ стагодзьдзя мястэчка перайшло ў валоданьне Тызэнгаўзаў. У гэты час Жалудок атрымаў барокавы плян і складаўся з палацава-паркавага ансамблю і сялібнага раёну, якія знаходзіліся на адлегласьці 1 км і зьвязваліся простай магістральлю[5]. Цэнтар паселішча меў эліпсавідны пляц з гандлёвымі радамі пасярэдзіне, раскошнай мураванай паўкруглай карчмой на лініі авала, 6 вуліцамі-прамянямі. Пэрыфэрыйная акружная траса ўтварала выразны васьмікутнік[6]. У мястэчку дзеялі школа і шпіталь.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Жалудок апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Лідзкага павету Віленскай губэрні. На 1829 год у мястэчку было 57 будынкаў (29 хрысьціянскіх і 28 юдэйскіх). У 1835 годзе праз шлюб Германіцыі, дачкі Рудольфа Тызэнгаўза, палкоўніка артылерыі, зь Севярынам Урускім Жалудок перайоў да апошніх. Пазьней, калі Марыя Ўруская (1853—1931) выйшла замуж за Ўладзімера Чацьвярцінскага (1837—1918), мястэчка апынулася ў валоданьні роду Сьвятаполк-Чацьвярцінскіх. У 1853—1854 гадох тут збудавалі мураваны касьцёл.
На 1861 год у Жалудку было 88 двароў, на 1863 год — 88 жылых дамоў. У 1886 годзе існавалі валасная ўправа, касьцёл, сынагога, юдэйскі малітоўны дом, 2 млыны, гарбарня, вінакурня, бровар, 23 крамы, 2 карчмы, 11 піцейных дамоў. На 1895 год — 130 двароў. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — касьцёл, сынагога, малітоўны дом, расейская народная вучэльня, 2 млыны, гарбарня, бровар, вінакурня, больш за 20 крамаў і 10 корчмаў: праводзіліся таргі ў нядзелі і кірмаш.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Жалудок занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Жалудок абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[7]. У 1919—1920 гадох мястэчка знаходзілася пад польскай уладай. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году Жалудок апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Лідзкага павету Наваградзкага ваяводзтва. У гэты час у мястэчку было 274 будынкі, гмінная ўправа, касьцёл, лякарня, пошта; аднайменны фальварак налічваў 14 пабудоваў.
У 1939 годзе Жалудок увайшоў у БССР, дзе 15 студзеня 1940 году атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і стаў цэнтрам раёну (існаваў да 1962 году). На 1940 год у мястэчку было 2 электрастанцыі, вінакурны завод, паравы млын, часальня воўны, 3 гарбарні, дом культуры, 2 няпоўныя сярэднія школы, амбуляторыя, радзільны дом, лякарня на 40 ложкаў, аптэка, паштова-тэлеграфная кантора, вэтэрынарны пункт. У Другую сусьветную вайну з 27 чэрвеня 1941 да 12 ліпеня 1944 году Жалудок знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху.
На 1 студзеня 2001 году ў Жалудку быў 421 двор.
-
Касьцёл, каля 1900 г.
-
Палац Сьвятаполкаў-Чацьвярцінскіх, 1916 г.
-
Палац, 1917 г.
-
Кухня, 1918—36 гг.
-
Стайня, 1936 г.
-
Рынак, да 1939 г.
-
Рынак, да 1939 г.
-
Сынагога, да 1939 г.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XIX стагодзьдзе: 1829 год — 311 чал., у тым ліку 146 хрысьціянаў і 165 юдэяў[8]; 1861 год — 581 чал.; 1863 год — 581 чал.; 1895 год — 674 чал.[9]; 1897 год — 1860 чал.[10], у тым ліку 1372 юдэі
- XX стагодзьдзе: 1905 год — 1969 чал.; 1909 год — 1969 чал.; 1919 год — 1557 чал.; 1921 год — 1552 чал. у мястэчку Жалудку і 242 чал. у фальварку Жалудку; 1940 год — 2436 чал.; 1971 год — 2,1 тыс. чал.; 1993 год — 1,8 тыс. чал.[4]; 1997 год — 1,4 тыс. чал.[11]
- XXI стагодзьдзе: 1 студзеня 2001 году — 1630 чал.[12]; 2006 год — 1,5 тыс. чал.[13]; 2007 год — 1,4 тыс. чал.; 2008 год — 1,4 тыс. чал.; 2009 год — 1290 чал.[14] (перапіс); 2016 год — 1017 чал.[15]; 2017 год — 1002 чал.[16]; 2018 год — 972 чал.[1]
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Жалудку працуюць мэдычная вучэльня, сярэдняя і музычная школы, дашкольная ўстанова, лякарня, дом культуры, 2 бібліятэкі, пошта.
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
17 верасьня вуліца | Беліцкая вуліца | |
Кастрычніцкая вуліца | Віленская вуліца | |
Камуністычная вуліца | Дворная вуліца | |
Савецкая вуліца | Касьцельная вуліца[17] | |
Савецкая плошча | Рынак пляц | |
Чырвонапартызанская вуліца | Арлянская вуліца | Камсамольская вуліца (1939—1944)[18] |
? | Кронькаўская вуліца | |
? | Школьная вуліца |
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадпрыемствы сацыяльна-побытавага абслугоўваньня.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (1853)
- Могілкі юдэйскія
- Палацава-паркавы комплекс Сьвятаполкаў-Чацьвярцінскіх (1908)
- Сынагога (пачатак ХХ ст.)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Касьцёл і званіца
-
Касьцёл
-
Палац
-
Палац, сходы
-
Палац, інтэр’ер
-
Стайні
-
Кухня (флігель)
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вольга Галіна (Александроўская) (1899—1980) — беларуская акторка
- Канстантын Тызэнгаўз (1786—1853) — навуковец-арнітоляг
- Валеры Антоні Ўрублеўскі (1836—1908) — дзяяч нацыянальна-вызвольнага руху
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 122.
- ^ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 165.
- ^ а б Шаблюк В. Жалудок // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 363.
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 315.
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 316.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Лідскага ўезда ў XIX — пачатку ХХ ст. // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада: матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф., (Ліда, 3 кастр. 2008 г.) / рэдкал.: Худык А. П. (гал. рэд.). — Ліда, 2008.
- ^ Krzywicki J. Żołudek // Słownik geograficzny... T. XIV. — Warszawa, 1895. S. 827.
- ^ Rouba N. Przewodnik po Litwe i Białejrusi. — Wilno, 1909.
- ^ БЭ. — Мн.: 1998 Т. 6. С. 419.
- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага р-на. — Мн., 2001.
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
- ^ Перепись населения — 2009. Гродненская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Мордухович М. Мне всю жизнь везло… // Корни. № 40. С. 141.
- ^ Мордухович М. Мне всю жизнь везло… // Корни. № 40. С. 139.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — ISBN 985-11-0106-0
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага р-на. — Мн.: БелЭн, 2001. — 592 с.: іл. ISBN 985-11-0218-0.
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIV: Worowo — Żyżyn. — Warszawa, 1895.
- Szymielewicz M. Szkice do monografii Żołudka // Ziemia lidzka. Nr. 4 (62), 2004 r.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|