Астрына

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Астрына
трансьліт. Astryna
Спаская царква
Спаская царква
Coat of Arms of Astryna.png Flag of Astryna.png
Герб Астрыны Сьцяг Астрыны


Магдэбурскае права: 1641
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гарадзенская
Раён: Шчучынскі
Пасялковы савет: Астрынскі
Насельніцтва: 1707 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1514
Паштовы індэкс: 231536
Нумарны знак: 4
Геаграфічныя каардынаты: 53°43′48″ пн. ш. 24°31′45″ у. д. / 53.73° пн. ш. 24.52917° у. д. / 53.73; 24.52917Каардынаты: 53°43′48″ пн. ш. 24°31′45″ у. д. / 53.73° пн. ш. 24.52917° у. д. / 53.73; 24.52917
Астрына на мапе Беларусі ±
Астрына
Астрына
Астрына
Астрына
Астрына
Астрына
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Астрына́[2] — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Астрынцы. Цэнтар пассавету Шчучынскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 1707 чалавек[1]. Знаходзіцца за 22 км ад Шчучына, за 29 км ад чыгуначнай станцыі Ражанка (лінія Масты — Ліда); на скрыжаваньні аўтамабільных шляхоў Горадня — Ліда і Масты — Шчучын — Радунь — Вільня.

Астрына — магдэбурскае мястэчка гістарычнай Лідчыны (частка Віленшчыны). Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася царква Сьвятога Спаса, помнік архітэктуры XV—XVI стагодзьдзяў, зруйнаваны расейскімі ўладамі.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тапонім «Астрына» ўтварыўся ад назвы ракі Астрынкі (раней — Астрошы). Археоляг В. Сядоў атаясамліваў Астрыну з Астрэяй са «Сьпісу гарадоў рускіх далёкіх і блізкіх»[3].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Археолягі М. Ткачоў і С. Піваварчык праводзілі раскопкі на гарадзішчы, якое знаходзіцца за два кілямэтры ад Астрыны. Яны высьветлілі, што славяне жылі тут яшчэ ў Х стагодзьдзі, каля гарадзішча захаваліся курганныя могілкі таго часу. Першы пісьмовы ўпамін пра Астрыну зьмяшчаецца ў Літоўскай мэтрыцы (пад 1450 годам) і ў кнізе наданьняў вялікага князя Казімера за 1441—1482 гады[4]. У XV — пачатку XVI ст. паселішча было цэнтрам воласьці Троцкага павету (гаспадарскі двор «Острынь сть волостью»). У 1487 годзе Астрына атрымала статус мястэчка. За Казімерам паселішча кіравалася ўраднікамі, названымі пазьней, у актах Аляксандра (1492—1506) і Жыгімонта Старога (1506—1548), намесьнікамі.

У пачатку ХVI стагодзьдзя ў Астрыне знаходзілася сядзіба татарскіх князёў Астрынскіх, якія паходзілі з роду Гірэевічаў, ад Гірэева ўнука Даўлета. У ХVI—ХVIII стагодзьдзях мястэчка было цэнтрам нягродавага староства ў Лідзкім павеце Віленскага ваяводзтва. У 1508 годзе намесьнікам (старостам) астрынскім стаў Федка Храптовіч, падскарбі вялікі. У 1520 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары перадаў мястэчка ў заставу (арэнду) магнату А. Хадкевічу. У ХVI стагодзьдзі старостамі астрынскімі былі князь Глеб Пронскі, Федка Храптовіч і Сямён Скіндэр, родам з Шатляндыі. У 1556 годзе тутэйшая царква Сьвятога Спаса атрымала наданьні ад Жыгімонта Аўгуста і Зяновічаў.

Мескі герб, 1792 г.

У 1641 годзе кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Астрыне прывілей на няпоўнае Магдэбурскае права, паводле якога ў мястэчку штотыдзень адбываліся таргі. У 1666 годзе тут збудавалі касьцёл, фундаваны магнатамі Пацамі — Крыштапам і ягонай жонкай Кляры дэ Мальгі Ляскарыс. На 1738 год у мястэчку было 57 дымоў. У 1771 годзе намесьнікам (старостам) у Астрыне быў дуэлянт і авантурыст Андрэй Зянковіч, што займаў пасаду інстыгатара вялікага. 16 чэрвеня 1792 году кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў мястэчку прывілей, які пацьвярджаў мескі герб: «у блакітным полі срэбная вежа з чырвоным дахам, на даху збройная рука з палашом»[5].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Астрына апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам воласьці Шчучынскага павету Віленскай губэрні. На 1829 год тут было 159 будынкі (66 хрысьціянскіх і 93 юдэйскія).

На 1859 год у Астрыне было 170 будынкаў, дзейнічалі драўляная царква і капліца, праводзіліся штотыднёвыя таргі; на 1866 год — 179 будынкаў; на 1885 год — 295 двароў, валасная ўправа, царква, капліца, 2 юдэйскія малітоўныя дамы, школа, 10 крамаў, бровар, гарбарня, вадзяны млын, 8 піцейных дамоў, таржкі ў нядзелю. У 1909 годзе працавалі народная вучэльня, аднаклясная царкоўна-прыходзкая школа (з 1898 году), крама.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Астрына абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[6]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Астрына апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе ў 1926 годзе стала цэнтрам гміны Шчучынскага павету. На 1921 год у мястэчку было 275 двароў. У 1931 годзе Астрына атрымала статус места. У гэты час тут былі гмінная ўправа, царква, 2 сынагогі, пошта; у панядзелкі праводзіліся таргі, кожны месяц — кірмашы.

У 1939 годзе Астрына ўвайшла ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 году афіцыйны статус паселішча панізілі да пасёлку гарадзкога тыпу, у Васілішкаўскім раёне (з 20 студзеня 1960 году ў Шчучынскім раёне). У гэты час тут было 224 двары. У Другую сусьветную вайну з 24 чэрвеня 1941 да 12 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. На 1 студзеня 2001 году — 1005 двароў.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIX стагодзьдзе: 1829 год — 591 чал., у тым ліку 257 хрысьціянаў і 334 юдэі[7]; 1859 год — 970 чал.; 1863 год — 970 чал.; 1866 год — 1196 чал., зь іх 481 праваслаўныя, 669 юдэяў, 12 каталікоў і 34 магамэтаніны; 1869 год — 1206 чал.[8]; 1882 год — 1984 чал. (973 муж. і 1011 жан.)[9]; 1885 год — 1210 чал.; 1897 год — 2410 чал., у тым ліку 1440 юдэяў
  • XX стагодзьдзе: 1905 год — 1776 чал.; 1909 год — 1145 чал.; 1919 год — 1481 чал.; 1921 год — 1574 чал.; 1940 год — 2744 чал.; 1990 год — 2,5 тыс. чал.; 1995 год — 2,8 тыс. чал.[10]
  • XXI стагодзьдзе: 1 студзеня 2001 году — 2407 чал.[11]; 2006 год — 2,2 тыс. чал.; 2008 год — 2,2 тыс. чал.; 2009 год — 2064 чал.[12] (перапіс); 2016 год — 1778 чал.[13]; 2017 год — 1731 чал.[14]; 2018 год — 1707 чал.[1]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Астрыне працуюць сярэдняя школа і філія Шчучынскай музычнай школы, 2 дашкольныя ўстановы, лякарня, 2 бібліятэкі, дом культуры.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаюцца Віленская, Дэмбраўская і Лазенная вуліцы[15]. Таксама існавалі Васілішкаўская і Навадворская вуліцы[16].

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадпрыемствы будаўнічых матэрыялаў, лясной і харчовай прамысловасьці.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праз Астрыну праходзіць турыстычна-экскурсійны маршрут «Літаратурныя шпацыры над Нёманам»[17]. У мястэчку стаіць помнік Алаізе Пашкевіч (Цётцы).

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Касьцёл (1666)

У Астрыне амаль да канца ХІХ стагодзьдзя стаяла старажытная мураваная царква — Сьвятога Спаса, збудаваная, магчыма, у канцы ХV стагодзьдзя, і драўляная каталіцкая капліца, якая замяніла ў ХІХ стагодзьдзі спалены расейскімі войскамі стары касьцёл[3].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9. (pdf) С. 357
  3. ^ а б Трусаў І. Гродзенскія ваколіцы // «Биржа информации» № 31 (76), 5 жніўня 1999.
  4. ^ Несьцярэнка А. Шаблюк В. Астрына // ЭГБ. Т. 1. — Менск, 1993. С. 226.
  5. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  6. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  7. ^ Соркіна І. Мястэчкі Лідскага ўезда ў XIX — пачатку ХХ ст. // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада: матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф., (Ліда, 3 кастр. 2008 г.) / рэдкал.: Худык А. П. (гал. рэд.). — Ліда, 2008.
  8. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 380.
  9. ^ Krzywicki J. Ostryna // Słownik geograficzny... T. VII. — Warszawa, 1886. S. 733.
  10. ^ БЭ. Т. 2. — Менск, 1996. С. 58.
  11. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага р-на. — Менск, 2001.
  12. ^ Перепись населения — 2009. Гродненская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  13. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  14. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  15. ^ Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. — Wilno, 1939. S. 32.
  16. ^ Sefer zikaron le-kehilat Shchuchin, Vasilishki, Ostrin, Novidvor, Ruzhanka / Ed. L. Losh. Tel Aviv: Former Residents of Shchuchin and vicinity in Israel, 1966. P. 303—304.
  17. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Менск, 2007.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Астрынасховішча мультымэдыйных матэрыялаў