Фёдар Скумін Тышкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Фёдар Тышкевіч
Фёдар Тышкевіч
Фёдар Тышкевіч
POL COA Leliwa.svg
Герб «Ляліва»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся каля 1538
(?) Наваградак
Памёр 1618
Наваградак, Наваградзкі павет, Наваградзкае ваяводзтва, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая
Род Тышкевічы
Бацькі Іван Тышкевіч
Марыя зь Мялешкаў
Жонка Кацярына зь Ляцкіх
Дзеці Януш
Дзейнасьць дыплямат

Фё́дар Скумін Тышке́віч (каля 1538 — 1618) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Падскарбі дворны літоўскі (1576—1586), пісар вялікі літоўскі і падскарбі земскі (1586—1590), ваявода наваградзкі (з 1590).

Быў старостам браслаўскім (1581—1610), гарадзенскім, навадворскім і юрбурскім (1608—1615).

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадстаўнік старэйшай лініі роду Тышкевічаў (Скумін Тышкевічаў) гербу «Ляліва», сын Івана (Скуміна), маршалка гаспадарскага, і Марыі зь Мялешкаў.

У 1568 і 1577 гадох быў у складзе дыпляматычнай місіі ў Маскву. Браў удзел у выправах караля і вялікага князя Стэфана Баторыя супраць маскоўскіх захопнікаў[1]. Пры двары Т. Тышкевіча жыў асьветнік Беняш Будны.

У 1581 годзе стаў старостам браслаўскім (у 1588 годзе саступіў пасаду сыну Янушу). У 1576 годзе атрымаў урад пісара і падскарбія дворнага, у 1586 годзе — урад падскарбія земскага. Існуюць зьвесткі, што ён у гэты пэрыяд пачаў біць манэту з гербам уласнага роду. У 1590 годзе стаў ваяводам наваградзкім. Упершыню ў 1599 годзе ўпамінаецца ў Літоўскай Мэтрыцы як старостам гарадзенскі. Быў сэнатарам Вялікага Княства Літоўскага. Браў удзел у Наваградзкім генэральным зьезьдзе 1603 году, які забараніў польскім ротам разьмяшчацца на пастоі (лежа) у дзяржаўных і шляхецкіх маёнтках Вялікага Княства Літоўскага. Узімку 1608 году далучыўся да войска Дзьмітрыя-Самазванца ІІ, прывёўшы 400 коней на чале з ротмістрам Тупальскім.

Браў удзел у канфэсійным жыцьці. Ад нараджэньня праваслаўны Канстантынопальскага патрыярхату, спачатку разам з Канстантынам Васілём Астроскім быў супраціўнікам Берасьцейскай уніі 1596 году. Аднак ужо ў 1597 годзе пад уплывам агітацыі Язафата Кунцэвіча і ціску з боку караля афіцыйна прыняў Унію.

Кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза, сам гарлівы каталік і настойлівы прыхільнік Уніі, у 1609 годзе даручыў яму як аднаму зь сьвецкіх патронаў Уніі супакоіць дызунітаў-праваслаўных міран і сьвятарства, якія адмовіліся падпарадкавацца і патрабавалі суду над уніяцкім мітрапалітам Іпаціем Пацеем. Па тым, як манахі-бэрнардыны завалодалі маёмасьцю гарадзенскіх праваслаўных манахаў у 1613 годзе, атрымаў прызначэньне на камісара ў разборы гэтых пытаньняў.

Памёр у веку 85 гадоў. Урачыстае пахаванне адбылося 24 ліпеня 1618 года ў Вільні. Яго цела было пакладзена ў капліцы Найсвяцейшай Дзевы Марыі царквы Сьвятой Тройцы пры манастыры базылянаў, пабудову якой ён фундаваў. У гэтай пахавальнай капліцы, якую часта называлі капліцай Тышкевічаў, спачылі таксама яго жонка Кацярына і сын Януш з жонкай Барбарай з Нарушэвічаў.

Ажаніўся з Кацярынай, дачкой пісара польнага літоўскага Тэадора Ляцкага, зь якой меў адзінага сына Януша, ваяводу віленскага.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Грыцкевіч А. Тышкевічы // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 681.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
  • Historia dyplomacji polskiej / pod redakcją Zbigniewa Wójcika Warszawa. T. II. 1982.
  • Tiškevičius T. Lietuviškoji tarybinė enciklopedija, XI t. Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 1983. T.XI: Šternbergo-Vaisius, 325 psl.