Дом-музэй Адама Міцкевіча

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Дом-музэй Адама Міцкевіча
Adam Mickiewicz house.jpg
Месцазнаходжаньне НаваградакБеларусь
Створаны 11 верасьня 1938 г.
Дырэктар Мікалай Гайба
Адрас 231400, вул. Леніна, д. 1
Геаграфічныя каардынаты 53°35′53″ пн. ш. 25°49′40″ у. д. / 53.59806° пн. ш. 25.82778° у. д. / 53.59806; 25.82778Каардынаты: 53°35′53″ пн. ш. 25°49′40″ у. д. / 53.59806° пн. ш. 25.82778° у. д. / 53.59806; 25.82778
Дом-музэй Адама Міцкевіча на мапе Беларусі
Дом-музэй Адама Міцкевіча
Дом-музэй Адама Міцкевіча
Дом-музэй Адама Міцкевіча

Дом-музэй Адама Міцкевіча — літаратурна-мэмарыяльны музэй у Наваградку Гарадзенскай вобласьці ў адбудаваным доме, дзе пражывалі Міцкевічы.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая спроба стварэньня ў Наваградку музэя Адама Міцкевіча адносіцца да 1920 року. Рэальна дом-музэй быў ачынены для наведвальнікаў 11 верасьня 1938 р. У чэрвені 1941 быў разбураны нямецкай авіябомбай, а ў 1945 большасьць зьвязаных з паэтам экспанатаў вывезеная ў Польшчу.

У гонар стагодзьдзя сьмерці Міцкевіча 26 лістапада 1955 музэй быў адчынены наноў.

У 1989—1990 роках польская фірма «Budimex» правяла рэканструкцыю, пасьля чаго дом-музэй набыў сучасны выгляд. Быў адноўлены галоўны будынак па ўзору пачатку ХІХ стагодзьдзя, на тэрыторыі сядзібы пабудаваны флігель (малы жылы дом), які злучаецца з асноўным будынкам падземным пераходам, а таксама сьвіран, студня, альтанка. 12 верасьня 1992 адбылося ўрачыстае адкрыцьцё новай экспазыцыі, перададзенай варшаўскім музэем літаратуры тэрмінам на 9 рокаў.

Дзеючая сёньня экспазыцыя адчыненая 25 траўня 2001 р. Работы па яе стварэньні за сродкі бюджэту Наваградзкага раёну выкананы прадпрыемствам «Менскі мастацкі камбінат». Дырэктарам музэю — Мікалай Гайба. Аўтары навуковай канцэпцыі — супрацоўнікі дома-музэю.

Агульныя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэрыторыя музэя складае 0,47 га. Агульная плошча будынкаў музэя — 659 м². Зь іх: экспазыцыйная плошча музэя — 215 м², выставачная плошча — 90 м².

Экспазыцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Агульная колькасьць музэйных прадметаў — каля 8000 адзінак.

Экспазыцыя разьмешчана ў 5 залях і выставачнай галерэі.

У 1-й залі прадстаўлены матэрыял пра сям’ю А. Міцкевіча (дакумэнты, партрэты бацькоў, братоў), знаходкі з археалягічных раскопак на радзіме паэта ў в. Завосьсе Баранавіцкага раёну, падручнікі для павятовых школ, сярод якіх падручнік па матэматыцы 1772.

Экспазыцыя 2-й залі зьвязана з бацькам А. Міцкевіча і яго адвакацкай практыкай. Сярод экспанатаў: пратаколы судовых пасяджэньняў, кішэнны гадзіньнік, падсьвечнік, чарнільны прыбор, шафы пачатку XIX ст., дзе захоўваюцца юрыдычная літаратура і кнігі, выдадзеныя да 1812, у т. л. «Біблія» на францускай мове 1775. Асобны разьдзел прысьвечаны паўстаньню пад кіраўніцтвам Т. Касьцюшкі.

У 3-й залі (былая гасьцёўня) экспануюцца мэбля XIX ст., парцалянавы і фаянсавы посуд канца XVIII — пачатку XIX стагодзьдзяў, настольны гадзіньнік канца XVIII ст., які знаходзіўся ў 1822 у пакоі А. Міцкевіча ў Вільні, матэрыялы пра вучобу паэта ў Віленскім унівэрсытэце і пачатак яго творчасьці.

Экспазыцыя 4-й залі прысьвечаная знаходжаньню А. Міцкевіча ў Расеі. Тут захоўваюцца копіі кніг А. Міцкевіча, выдадзеных у Расеі й іншых краінах, копіі партрэтаў «А. Міцкевіч» Ё. Аляшкевіча і «А. Міцкевіч на гары Аю-Даг» В. Ваньковіча, партрэты расейскіх паэтаў і пісьменьнікаў, якія захапляліся творчасьцю А. Міцкевіча, раяль і мэбля XIX ст.

Пэрыяд знаходжаньня А. Міцкевіча ў Нямеччыне, Швайцарыі, Італіі, Францыі прадстаўлены матэрыяламі экспазыцыі 5-й залі. Сярод экспанатаў: партрэты жонкі і дзяцей пісьменьніка, Я. Гётэ, Ф. Шапэна, Н. Орды, М. Агінскага і інш., копія першага выданьня паэмы «Пан Тадэвуш», дакумэнты пра апошнія дні А. Міцкевіча, бронзавая мадэль помніку (1909—29) паэту ў Парыжы, набытая музэем у 1937 ва ўдавы скульптара Э. А. Бурдэля.

Выставы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выставачнай галерэі штогод праходзяць каля 10 выставаў. Дзейнічаюць пастаянныя выставы: этнаграфічная «Малюнкі сельскага жыцьця»; «Сьвет кухні Міцкевічаў», дзе экспануецца керамічны посуд XIX ст.; «„Паэма Пан Тадэвуш“ — праз гады і народы», на якой прадстаўлена больш 70-ці выданьняў твора, пачынаючы зь сярэдзіны XIX ст., у т. л. на замежных мовах.

Экскурсіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аглядная экскурсія ўлучае наведваньне галоўнага будынка, падвальных памяшканьняў і выставачнай тэрыторыіі, флігеля.

Тэматычныя экскурсіі:

  • Жанчыны ў жыцьці і творчасьці А. Міцкевіча (для навучэнцаў і дарослых). У экскурсіі робіцца акцэнт на ўплыў жанчын (М. Верашчака, К. Яніш, К. Сабаньска, Е. Г. Анквіч, М. Шманоўская і інш.) на жыцьцёвы і творчы шлях паэта.
  • Расейскі пэрыяд жыцьця Адама Міцкевіча (для ўсіх катэгорыяў). А. Міцкевіч пражыў у Расеі амаль 5 рокаў (1824—1829). Апавядаецца пра яго жыцьцё ў Пецярбургу, Адэсе, Крыме, Маскве, пра творчыя ўзаеміны з расейскімі паэтамі (А. Пушкін, М. Палявы, В. Жукоўскі і інш.), пра творы гэтага пэрыяду, дзе А. Міцкевіч па словах М. Палявога быў «ня толькі як першы польскі паэт, але як амаль першы сярод сёньня існуючых».
  • Шляхецкія сядзібы Наваградчыны (сярэдні і старэйшы школьны ўзрост, дарослыя). У экскурсіі распавядаецца пра сядзібы ў Завосьсі, Туганавічах, Шчорсах, пра іх архітэктурныя і пляніровачныя асаблівасьці, пра іхніх уладальніках і ролю гэтых людзей у жыцьці А. Міцкевіча і гісторыі Беларусі.
  • Адам Міцкевіч у творчасьці мастакоў і скульптараў (для ўсіх катэгорыяў). Аповед пра зьмешчаныя ў экспазыцыі і зборах работы Аляшкевіча, Арлоўскага, Ваньковіча, Бурдэля, д’Анжэ, Назарэнкі, Панкратава, Кашкурэвіча і іншых.

Працуе сувэнірны шапік.

Асьветніцкая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Штогод музэй наведвае больш за 20 тыс. чалавек, зь іх 10—15% — замежныя турысты. Ладзіцца звыш за 600 экскурсіяў на беларускай, расейскай, польскай і ангельскай мовах. Пэрыядычна арганізоўваюцца і праводзяцца літаратурна-музычныя вечарыны, навуковыя канфэрэнцыі, прэзэнтацыі выставаў і кніг, батлеечныя спэктаклі і іншыя мерапрыемствы. Наладжана супрацоўніцтва з музэямі Беларусі, Расеі, Польшчы, Летувы.

За час работы новай экспазыцыі (з 2001) Дом-музэй двойчы быў прызнаны лепшай установай культуры Гарадзенскай вобласьці, стаў ляўрэатам 1-га Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь» у намінацыі «лепшы музэй», мае падзячныя пісьмы Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь, Беларускай камісіі ЮНЭСКО і інш. 2 супрацоўнікі музэя сталі ляўрэатамі прэміі гарадзенскага аблвыканкаму імя А. І. Дубко ў намінацыі «За творчыя дасягненьні ў галіне культуры».

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • М. П. Гайба. Міцкевіча Адама Дом-музей / Мицкевича Адама Дом-музей // Музеі Беларусі — Мн. БелЭН, 2008. — С. 391—396

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Дом-музэй Адама Міцкевічасховішча мультымэдыйных матэрыялаў