Перайсьці да зьместу

Вялікая Бераставіца

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вялікая Бераставіца
лац. Vialikaja Bierastavica
Населены пункт
Касьцёл Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі
Сьцяг Герб
Краіна Беларусь
Вобласьць Гарадзенская
Раён Бераставіцкі
Першыя згадкі 1506
Магдэбурскае права 1754
Геаграфія
Вышыня НУМ 148 м[1]
Часавы пас
Каардынаты 53°11′44″ пн. ш. 24°01′15″ у. д.HGЯO
Насельніцтва
Колькасьць 5667 чал. (2018)[2]
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код +375 1511
Паштовы індэкс 231778
СААТА 4204551000
Нумарны знак 4
Сайт berestovitsa.grodno-region.by
Вялікая Бераставіца на мапе Беларусі ±
Вялікая Бераставіца
Вялікая Бераставіца
Вялікая Бераставіца
Вялікая Бераставіца
Вялікая Бераставіца
Вялікая Бераставіца

Вялі́кая Бераставі́ца — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Бераставічанцы. Адміністрацыйны цэнтар Бераставіцкага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 5667 чалавек[2]. Знаходзіцца за 63 км ад Горадні, за 10 км ад чыгуначнай станцыі Бераставіца (лінія Масты — Бераставіца); на аўтамабільнай дарозе Горадня — Бераставіца — Ваўкавыск.

Вялікая Бераставіца — магдэбурскае мястэчка гістарычнай Гарадзеншчыны (частка Троччыны). Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі барока, помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся ратуша і палац Касакоўскіх.

Найбольш імаверна, што тапонім Бераставіца ўтварыўся ад слова «бярост» (від вяза) або слова «бяроста» (кара бярозы)[3]. Але не адкідаецца і магчымасьць таго, што назва паселішча зьявілася як памяншальная ад Берасьця, тады Бераставіца — гэта маленькае Берасьце[4]. Часам тапонім зьвязваюць з словам «берасьцянка» (так зваліся лодкі з кары бярозы, на якіх продкі берастоўцаў хадзілі некалі паўнаводнай мясцовай рэчкаю). Таксама існуе народнае паданьне, паводле якога першымі пасяленцамі на гэтым месцы былі закаханыя Бярост і Тавіца, якім прыйшлося зьбегчы з роднага паселішча ў пошуках шчасьця. Ад іх імёнаў нібыта і ўтварылася назва новага паселішча — Бераставіца. У 2006 годзе разьбяныя скульптурныя статуі гэтых мітычных пэрсанажаў — Бяроста і Тавіцы — зьявіліся пры ўезьдзе ў Бераставіцу як даніна павагі да продкаў і да іх культуры[5].

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Першы пісьмовы ўпамін пра Бераставіцу зьмяшчаецца ў грамаце вялікага князя Аляксандра пад 1506 годам у зьвязку зь перадачай паселішча ў вечнае карыстаньне Аляксандру Хадкевічу, маршалку вялікаму, за заслугі перад Айчынай. У 1549 годзе Рыгор Хадкевіч пачаў будаваць тут рэзыдэнцыю[6].

Ратуша паводле здымка 1873 г.

З XVI стагодзьдзя ў Бераставіцы існаваў касьцёл, які спалілі маскоўскія захопнікі. На мапе Тамаша Макоўскага (1613 год) паселішча значыцца як мястэчка, у Гарадзенскім павеце. У 1615 годзе на месцы згарэлага драўлянага касьцёла збудавалі новы. У XVII—XVIII стагодзьдзях маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Мнішкаў, Патоцкіх, Касакоўскіх. У 1645 годзе сярод вернікаў Бераставіцкай парафіі ўпаміналася старалітва. У XVIII стагодзьдзі пры касьцёле існавалі шпіталь і парафіяльная школа[6].

У 1754 годзе кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў Бераставіцы Магдэбурскае права і герб з выявай вавёркі ў цэнтры. Неўзабаве на Рынку збудавалі ратушу. 19 верасьня 1794 году ў бітве паміж паўстанцамі пад камандаю Тадэвуша Касьцюшкі і расейскім акупацыйным войскам ў мястэчку загінула больш за 250 абаронцаў Рэчы Паспалітай.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Палац Касакоўскіх

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Бераставіца апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Гарадзенскім павеце. Жыхары мястэчка бралі актыўны ўдзел у паўстаньні Кастуся Каліноўскага[7]. На 1900 год тут працавалі дробныя прадпрыемствы.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Бераставіцу занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бераставіца абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[8].

У 1919 годзе Бераставіцу занялі польскія войскі, улетку 1920 году — бальшавікі, пазьней зноў палякі. 19 лютага 1921 году Бераставіца стала цэнтрам гміны ў Гарадзенскім павеце Беластоцкага ваяводзтва. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году мястэчка канчаткова апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі.

2 лістапада 1939 году Бераставіца ўвайшла ў БССР, у Крынкаўскі раён. У Другую сусьветную вайну з чэрвеня 1941 да 17 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

20 верасьня 1944 году Бераставіца стала цэнтрам раёну, у 1947 годзе атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. 17 ліпеня 2006 году адбылося афіцыйнае зацьверджаньне гістарычнага гербу і заснаваньне сьцяга мястэчка[9].

  • XIX стагодзьдзе: 1830 год — 394 муж., зь іх шляхты 6, духоўнага стану 5, мяшчанаў-юдэяў 357, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 26[10]; 1850 год — 1037 чал.; 1878 год — 1694 чал. (791 муж. і 803 жан.), у тым ліку 1127 юдэяў[11]; 1900 год — 1786 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1914 год — 2518 чал.; 1921 год — 1371 чал., зь іх 720 юдэяў, 421 каталік, 229 праваслаўных, 1 эвангеліст[12]; 1969 год — 2,9 тыс. чал.; 1992 год — 7 тыс. чал.[13]; 1996 год — 5,8 тыс. чал.[14]
  • XXI стагодзьдзе: 2006 год — 5,9 тыс. чал.; 2009 год — 5720 чал. (перапіс)[15]; 2015 год — 5587 чал.[16]; 2016 год — 5545 чал.[17]; 2017 год — 5545 чал.[18]; 2018 год — 5667 чал.[2]

У Бераставіцы працуюць сярэдняя, музычная і дзіцяча-юнацкая спартовая школы, 2 дашкольныя ўстановы.

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе местачковая лякарня.

Дзеюць 2 бібліятэкі, дом культуры, кінатэатар.

У мястэчку выдаецца «Бераставіцкая газета».

Цяперашняя назваГістарычная назва
Дзяржынскага вуліцаХадкевічаўская вуліца
Камсамольская вуліцаШкольная вуліца
Кастрычніцкая вуліцаПадольная вуліца
Дольная вуліца
Леніна вуліцаГарадзенская вуліца
Партызанская вуліцаСьвіслацкая вуліца
Савецкая вуліцаБеластоцкая вуліца
Чкалава вуліцаПробашчаўская вуліца
Чырвонаармейская вуліцаВаўкавыская вуліца (частка)[19]
Сьвятога Яна вуліца (частка)
Бяз назвыРынкавая вуліца
Не існуеЭймінаўская вуліца

У 2017 годзе гістарычны Рынак, на якім стаяла местачковая ратуша, стаў Ратушным пляцам[20].

Гістарычныя мясцовасьці: Падолы, Прабоства, Ракітнева, Пеляжын.

Паводле плана, у цэнтры мястэчка знаходзілася плошча прамавугольнай формы. Перыядычна на ёй праводзіліся кірмашы і святочныя фэсты, таму яна называлася Базарнай. У перыяд знаходжання ў складзе Польшчы (1920—1930-я гг.) плошча атрымала назву Рынкавая або Рынак (па-польску: Plac Rynkowy). Побач з Базарнай плошчай быў пазначаны шэраг самастойных будынкаў.

З усходняга боку вылучаецца пабудова ў форме лацінскага крыжа — Стары касцёл. У той час гэта была царква Хрыста Збавіцеля (Спаская), прыхадская, перабудаваная з касцёла і асвечаная ў 1868 годзе. Побач, праз дарогу ад царквы, цягнуліся гандлёвыя рады з лаўкамі, уладальнікамі якіх пераважна былі мясцовыя яўрэі. Хрысціянскіх крамаў існавала значна менш. У наш час на гэтым месцы знаходзяцца сучасныя пабудовы з рэстаранам «Колас» і спажывецкай крамай.

З паўднёвага боку да плошчы прымыкаў прадаўгаваты будынак былой ратушы. Некалі Бераставіца карысталася магдэбургскім правам і мела ўласны орган самакіравання — магістрат, які размяшчаўся ў гэтым будынку. У сярэдзіне XIX стагоддзя царскія ўлады пазбавілі мястэчка магдэбургскага права, пасля чаго будынак быў здадзены ў арэнду. На першым паверсе адкрыліся крамы, а другі паверх засялілі яўрэйскія сем’і. Кожны гандляр меў кватэру непасрэдна над сваёй крамай. У польскі перыяд жыхары Бераставіцы называлі будынак «абэржай». Ратуша згарэла і была разабрана падчас Другой сусветнай вайны.

Як відаць на плане, ад Базарнай плошчы ў розных напрамках разыходзіліся пяць асноўных вуліц мястэчка:

  • Гродзенская (па-польску: Grodzieńska) — самая доўгая вуліца мястэчка. У польскі перыяд назву не змяніла, а ў савецкі час была перайменаваная ў вуліцу Леніна. Вяла на поўнач, у бок Гродна, на тракт праз Алекшыцы і Індуру. Бераставіца раней знаходзілася ў складзе Гродзенскага павета. У 1912 годзе ў канцы вуліцы, на сядзібнай зямлі Касакоўскіх, быў узведзены Новы касцёл, які пасля быў нанесены на план мястэчка.
  • Луненская — ішла ў напрамку мястэчка Лунна. Паводле статыстычных дадзеных, Лунна было найбліжэйшым ад Бераставіцы рачным прычалам на Нёмане, таму мясцовыя сяляне часта вазілі туды свой тавар. У часы польскай дзяржавы вуліца называлася Хадкевічоўскай (па-польску: Chodkiewiczowska) — у гонар былых уладальнікаў мястэчка. У наш час носіць імя Фелікса Дзяржынскага.
  • Ваўкавыская (па-польску: Wołkowyska) — вяла ў бок Ваўкавыска, на тракт праз Бераставічаны і Шылавічы. У польскі перыяд назву не змяніла. Толькі невялікі ўчастак ад Рынка да развілкі са Свіслацкай вуліцай (каля 200 м) называўся вуліцай Святога Яна, або Святаянскай (па-польску: Świętojańska). На самай развілцы стаяла старажытная каплічка з фігурай Святога Яна Непамука, з якой, верагодна, і была звязана гэтая назва. У наш час Ваўкавыская вуліца называецца Чырвонаармейскай.
  • Прабашчоўская (рус. Пробощская, польск. па-польску: Proboszczowska) — у польскі перыяд назву не змяніла. У наш час носіць імя савецкага лётчыка Валерыя Чкалава. Гістарычная назва вуліцы, імаверна, звязаная з касцельнымі ўладаннямі — зямельнымі пляцамі і будынкамі, якія тут размяшчаліся. Вядома, што да 1939 года на гэтай вуліцы знаходзіўся дом касцельнага арганіста з памяшканнем для рэпетыцый хору.
  • Беластоцкая (па-польску: Białostocka) — цягнулася ад Базарнай плошчы на захад і, мінаючы бераставіцкія могілкі, выходзіла на тракт праз Шаляпкі і Галынку ў бок Беластока. У польскі перыяд назву не змяніла. У часы савецкай улады вуліца была перайменаваная ў Савецкую і часткова змяніла свой напрамак. У некаторых архіўных дакументах XIX стагоддзя яна таксама згадваецца пад назвай Варшаўская.
  • Свіслацкая (па-польску: Świsłocka) — пачыналася ад Святаянскай развілкі (перакрыжаванне з Ваўкавыскай вуліцай) і злучалася з шашой у бок Свіслачы. У польскі перыяд назву не змяніла. Менавіта з гэтай вуліцы пачыналася традыцыйнае шэсце на свята Божага Цела. У наш час носіць назву Партызанскай.
  • Дольная (Падольная, польск. па-польску: Dolna) — ляжала ўпоперак Гродзенскай вуліцы, цягнулася паралельна рацэ Бераставічанцы, затым паварочвала ўправа і выходзіла да яе берага. Размяшчалася ніжэй за ўзровень гістарычнага цэнтра мястэчка, адкуль і паходзіць назва. Паводле архіўных дакументаў XIX стагоддзя, галоўнай адметнасцю вуліцы была яўрэйская малітвеная школа «Хеўра Ціелім» — адна з трох сінагог Бераставіцы. У наш час вуліца называецца Кастрычніцкай.
  • Мухаўская — паходжанне назвы патрабуе дадатковага вывучэння. Магчыма, яна звязаная з геаграфічным арыенцірам (ручаём або балотцам). У Бераставіцы таксама існаваў Мухаўскі завулак, які, паводле плана, упоперак перасякаў гэтую вуліцу. У наш час гэта частка вуліцы Савецкай. Мухаўская пачыналася ад царквы Святога Міколы Угодніка і заканчвалася каля могілак. У польскі перыяд была перайменаваная ў Школьную (па-польску: Szkolna), бо тут знаходзіліся будынак гміннага праўлення і польская пачатковая школа. Сучасная назва — Камсамольская[21].

Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці, сацыяльна-побытавага абслугоўваньня.

Пералік прамысловых прадпрыемстваў Вялікае Бераставіцы
  • Філія «Бераставіцкі масласырзавод» ААТ «Малочны сьвет»
  • ПУП «Кааппрам Бераставіцкага раённага спажывецкага таварыства»

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Інфраструктура

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Спыніцца можна ў местачковай гасьцініцы[22].

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  1. GeoNames (анг.) — 2005.
  2. 1 2 3 Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  3. Трусаў І. Гарадзенскія ваколіцы(недаступная спасылка) // Биржа информации. № 31 (76), 5 жніўня 1999 г.
  4. Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 27.
  5. История, Берестовицкий районный исполнительный комитет
  6. 1 2 ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 473.
  7. Шаблюк В. Вялікая Бераставіца // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 436.
  8. 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  9. Указ Президента Республики Беларсь № 455 от 17 июля 2006 г.(недаступная спасылка)
  10. Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 412.
  11. Sulimierski F. Brzostowica Wielka // Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 422.
  12. Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej: opracowany na podstawie wyników pierwszego powszechnego spisu ludności z dn. 30 września 1921 r. i innych źródeł urzędowych. T. 5: Województwo białostockie. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny, 1924. S. 32.
  13. Шаблюк В. Вялікая Бераставіца // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 435.
  14. БЭ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 379.
  15. Перепись населения — 2009. Гродненская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  16. Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  17. Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  18. Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  19. Лушчык С. Бераставіцкія вуліцы ў даваенны час. Навіны Бераставіцы. Праверана 2 верасьня 2012 г.
  20. Решение Берестовицкого районного совета депутатов от 20 февраля 2017 г. № 108 «О присвоении наименования площади городского поселка Большая Берестовица Гродненской области»
  21. https://web.archive.org/web/20250810194348/https://www.beresta.by/%D0%BF%D1%80%D0%B0-%D0%B3%D1%96%D1%81%D1%82%D0%B0%D1%80%D1%8B%D1%87%D0%BD%D1%8B%D1%8F-%D0%BD%D0%B0%D0%B7%D0%B2%D1%8B-%D0%B1%D0%B5%D1%80%D0%B5%D1%81%D1%82%D0%B0%D0%B2%D1%96%D1%86%D0%BA%D1%96%D1%85/
  22. Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]