Галіцка-Валынскі летапіс
Га́ліцка-Валы́нскі ле́тапіс — помнік гістарыяграфіі, мовы і літаратуры XIII стагодзьдзя, складзены ў Галіцка-Валынскай Русі (магчыма, частка летапісу была напісаная ў Турава-Пінскім княстве[a][1]). Ахоплівае падзеі за пэрыяд 1201—1292 рокаў. Зьбярогся ў Іпацьеўскім, Хлебнікаўскім ды іншых сьпісах украінскага летапіснага зводу[2].
Структура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле літаратурнай структуры і зьместу летапіс уяўляе звод, у якім вылучаюцца 2 асноўныя часткі: Галіцкі летапіс (1201—1261), складзены ў Галічыне, у аснову якога пакладена летапісаньня часоў князя Данілы Раманавіча Галіцкага і Валынскі летапіс (1262—1291), складзены на Валыні, які больш увагі надае гісторыі валынскай зямлі у час княжаньня Васілька Раманавіча ды яго сына Ўладзімера.
Падзеі ў летапісе пададзеныя з пункту гледжаньня інтарэсаў галіцка-валынскіх князёў, месцамі тэндэнцыйна, але зьвесткі ў цэлым адпавядаюць гістарычнай праўдзе[3].
Асьвятленьне беларускіх земляў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Галіцка-Валынскі летапіс служыць каштоўнай крыніцай вывунэньня мінуўшчыны Беларусі. У ім зьмешчаныя ўнікальныя зьвесткі па гісторыі беларускіх местаў (Наваградак, Горадня, Берасьце, Ваўкавыск), пра асобныя помнікі беларускай культуры (Лаўрышаўскі манастыр, Камянецкая вежа), пра жыцьцё і дзейнасьць вялікіх князёў Вялікага Княства Літоўскага Міндоўга, Войшалка, Трайдэна. Некаторыя дасьледнікі выказалі гіпотэзу, што інфармацыя пра літоўскіх князёў запазычаная з Наваградзкага летапісу, магчыма, складзенага ў Лаўрышаўскім манастыры[b][3].
У Галіцка-Валынскі летапісе даволі шырока асьветлены пачатковы этап палітычнага аб’яднаньня літоўскіх (беларускіх) зямель у адзіную дзяржаву, працэс утварэньня Вялікага Княства Літоўскага, паказана складанасьць гэтага прагрэсіўнага гістарычнага працэсу.
Летапіс быў шырока вядомы на беларускіх землях, паслужыў крыніцай і ўзорам для літоўскіх хронік XVI стагодзьдзя. Асобныя яго сюжэты выкарыстаў аўтар «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», зьвесткі пра Міндоўга і Войшалка былі перакладзеныя на старабеларускую мову і ўлучаныя ў Хроніку Быхаўца.
Галіцка-Валынскі летапіс садзейнічаў таксама пераадоленьню традыцыйнай пагадовай формы выкладаньня падзеяў у літоўскім агульнадзяржаўным летапісаньні і станоўча паўплываў на разьвіцьцё беларускай гістарычнай прозы і гістарыяграфіі позьняга сярэднявечча і эпохі Адраджэньня[2].
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ На думку Дзьмітрыя Ліхачова, Арсеня Насоўнава.
- ^ У прыватнасьці, Уладзімер Пашута, Мікола Ермаловіч.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Краўцэвіч А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага / Рэд. Георгі Штыхаў. — Мн.: Беларуская навука, 1998. С. 11.
- ^ а б Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 519
- ^ а б Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. С. 34
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006.— 345 с. ISBN 985-417-858-7.
- Краўцэвіч А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага / Рэд. Георгі Штыхаў. — Мн.: Беларуская навука, 1998. — 208 с. ISBN 985-08-0249-9