Перайсьці да зьместу

Рафал Корсак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Корсак.
Рафал Корсак
лац. Rafał Korsak
Рафаіл Корсак
Рафаіл Корсак

Катвіца
IV мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі
1637 — 1640
ПапярэднікЯзэп Руцкі
НаступнікАнтон Сялява
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Мікалай Корсак
Нарадзіўся каля 1601
каля Наваградку
Памёр 28 жніўня 1640
Рым
Пахаваны
Род Корсакі
Бацькі Сямён Іванавіч Корсак[d]
Дзейнасьць каталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп

Рафа́л Корсак[a] (сьвецкае імя Мікала́й; каля 1601 — 28 жніўня 1640, Рым) — царкоўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, царкоўны гісторык і тэоляг. Протаархімандрыт Ордэна базылянаў сьвятога Язафата (з 1626), уніяцкі біскуп Пінскі і Тураўскі (1632—1637), мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі (з 1637).

Зь беларускага[1] шляхецкага роду Корсакаў гербу ўласнага («Катвіца зьмененая»). Нарадзіўся каля Наваградку, ягоныя бацькі спавядалі кальвінізм (паводле біяграфічнай даведкі 1628 году, Lithuanus, natus in Districtu Novogroden[2]). У падлеткавым веку страціў бацькоў і знаходзіўся пад апекаю Язэпа Руцкага, маці якога паходзіла з роду Корсакаў.

Спачатку Язэп Руцкі аддаў яго для навучаньня ў калегіюм езуітаў у Замасьці, затым — у Нясьвіскі езуіцкі калегіюм, дзе Мікалай Корсак перайшоў у каталіцтва лацінскага абраду. Пазьней пад уплывам Кіеўскага мітрапаліта Язэпа Руцкага прыняў грэцкі абрад. Вучыўся ў Віленскай акадэміі.

У 1618 годзе праходзіў філязофскія студыі ў папскім калегіюме ў Браўнсбэргу (Усходняя Прусія). У 1619—1621 гадох працягваў навучаньне ў калегіюме езуітаў у Празе. Да 1620 году ўступіў у Ордэн базылянаў, прыняўшы манаскае імя Рафаіл, і быў высьвячаны на дыякана ў 1620 годзе. У 1621—1624 гадох працягваў багаслоўскія студыі ў Грэцкім калегіюме сьвятога Атанасія ў Рыме. Пасьля завяршэньня багаслоўскіх студыяў у Грыгарыянскім калегіюме ў 1624 годзе быў высьвячаны ў Рыме на сьвятара. Тады ж зьвярнуўся да Апостальскай Сталіцы з мэмарандумамі — у справе царкоўнай уніі на праваслаўным Усходзе, а таксама далучэньня ордэну кармялітаў да ўнійнай дзейнасьці.

У 1625—1637 гадох архімандрыт Віленскага Траецкага, у 1631 годзе Анупрэйскага (Амсьціслаўскае ваяводзтва), у 1632—1633 гадох Кобрыньскага Спаскага, у 1637—1640 гадох Жыдычынскага манастыроў. У 1626 годзе прызначаны протаархімандрытам базылянскага ордэна і біскуапам-каад’ютарам мітрапаліта Язэпа Руцкага. 8 ліпеня 1626 году атрымаў каралеўскую намінацыю на годнасьць біскупа, а ў 1631 годзе — папскую булу з пацьверджаньнем права на ўспадкаваньне кіраўніцтва мітраполіяй[3]. У 1626—1632 біскуп Галіцкі, у 1632—1637 — біскуп Тураўскі і Пінскі.

У 1633 годзе на даручэньне кіеўскага мітрапаліта Язэпа Руцкага адправіўся ў Рым да Папы Рымскага Урбана VIII, каб адстойваць інтарэсы ўніі ва ўмовах абвастрэньня змаганьня з прыхільнікамі Канстантынопальскага патрыярхату і непрыхільнага стаўленьня да Ўніяцкай царквы з боку сьвецкіх уладаў і рымска-каталіцкай герархіі Рэчы Паспалітай, а таксама з мэтай паскорыць працэс праслаўленьня полацкага архібіскупа Язафата (Кунцэвіча). Пасьпяхова выканаўшы гэтую місію, увесну 1636 году прыбыў у Варшаву зь лістамі з Апостальскай Сталіцы да караля і польскіх герархаў з рэкамэндацыямі перагледзець «Пункты заспакаеньня Русі», што былі выдадзеныя каралём і вялікім князем Уладзіславам Вазам і легалізоўвалі царкву Канстантынопальскага патрыярхату ў Рэчы Паспалітай, і спрыяць дзейнасьці зьяднанай царквы.

У 1637 годзе атрымаў прызначэньне мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі. Падтрымліваў курс караля і вялікага князя на прымірэньне ўніятаў з праваслаўнымі. У 1639—1640 гадох у трэці раз паехаў у Рым, дзе працягваў клапаціцца пра бэатыфікацыю Язафата Кунцэвіча і прасіў у Папы Рымскага Урбана VIII дазволу склікаць супольны сабор прыхільнаў і супраціўнікаў Уніі з мэтай стварэньня адзінага Рускага патрыярхату ў Рэчы Паспалітай. У гэты час напісаў біяграфію Язэпа Вельяміна Руцкага, пераклаў творы Мялеція Сматрыцкага, заснаваў у Рыме сядзібу базылянаў зь Беларусі і Ўкраіны пры царкве Сьвятых Сяргея й Бакха.

Памёр 28 жніўня 1640 году ў Рыме, спачыў у царкве Сьвятых Сяргея й Бакха.

Папярэднік
Язэп Руцкі
Протаархімандрыт Ордэна базылянаў сьвятога Язафата
1626—1640
Наступнік
Пахом Война-Аранскі
Папярэднік
Рыгор Ліс-Міхайловіч
Біскуп Пінскі і Тураўскі
1632—1637
Наступнік
Пахом Война-Аранскі
Папярэднік
Язэп Руцкі
Мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі
1637—1640
Наступнік
Антон Сялява
  1. ^ Таксама Рафаі́л Ко́рсак
  1. ^ Казуля С. Корсак Рафаіл // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 649.
  2. ^ Epistolae metropolitarum kioviensium catholicorum: Raphaelis Korsak, Antonii Sielava, Gabrielis Kolenda. — Romae, 1956. P. 13.
  3. ^ КОРСАК Рафаїл