Шчучынскі раён
Шчучынскі раён | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Статус | раён Беларусі |
Уваходзіць у | Гарадзенская вобласьць |
Адміністрацыйны цэнтар | Шчучын |
Дата ўтварэньня | 15 студзеня 1940 |
Кіраўнік | Аляксей Садоўскі[d][1] |
Насельніцтва (2018) | 39 375[2] |
Шчыльнасьць | 21 чал./км² |
Плошча | 1908,69[3] км² |
Вышыня па-над узр. м. · сярэдняя вышыня | 161 м[4] |
Месцазнаходжаньне Шчучынскага раёну | |
Мэдыя-зьвесткі | |
Часавы пас | UTC +3 |
Тэлефонны код | +375-15-14 |
Паштовыя індэксы | 231 5хх |
Афіцыйны сайт | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Шчу́чынскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўночным захадзе Гарадзенскай вобласьці Беларусі. Плошча раёну складае 1,9 тыс. км². Насельніцтва на 2018 год — 39 375 чалавек[2]. Адміністрацыйны цэнтар — места Шчучын.
Геаграфічнае становішча
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шчучынскі раён мяжуе на поўначы зь Летувой, на захадзе з Гарадзенскім, на ўсходзе і поўдні зь Вярэнаўскім, Зьдзецельскім, Лідзкім і Мастоўскім раёнамі Гарадзенскай вобласьці.
Рэльеф і карысныя выкапні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шчучынскі раён разьмяшчаецца ў паўночна-заходняй частцы Гарадзенскай вобласьці, на захадзе Ўсходне-Эўрапейскай раўніны. Значная частка тэрыторыі раёну знаходзіцца ў межах Лідзкай раўніны, паўднёвая ўскраіна — у межах Верхнянёманскай нізіны. Паверхня раёну плоскахвалістая, зь дзялянкамі марэнавых узгоркаў і шырокімі забалочанымі далінамі рэчак. Найвышэйшы пункт тэрыторыі раёну 196 м над узроўнем мора (каля вёскі Вялікае Мажэйкава), найніжэйшая адзнака — 109 м (зрэз Нёману) на поўдні раёну.
Карысныя выкапні: торф, пяскова-жвіровы матэрыял, крэйда, будаўнічыя пяскі, цагляная сыравіна, бузы, гліна.
Клімат і расьліннасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Клімат умерана кантынэнтальны. Сярэдняя тэмпэратура студзеня −5,5 °C, ліпеня 17,7 °C. Сярэднярочная колькасьць ападкаў складае 663 мм. Працягласьць вэгетацыйнага пэрыяду 196 дзён.
Лясы (33% тэрыторыі раёну) пераважна іглічныя і бярозавыя. Буйны масіў лесу — Катранская пушча знаходзіцца на паўночным захадзе раёну. Ляндшафтавыя заказьнікі дзяржаўнага значэньня: Котра, Ліпічанская пушча і Азёры (абодва часткова).
Гідраграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Найбольшая рака — Нёман з прытокамі Лебяда, Котра. Буйныя азёры — Берштаўскае, Доўгае.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Утвораны 15 студзеня 1940 году ў складзе Баранавіцкай вобласьці. З 20 верасьня 1944 году перападпарадкаваны Гарадзенскай вобласьці.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XXI стагодзьдзе: 2009 год — 47 764 чалавекі[5] (перапіс); 2016 год — 40 930 чалавек[6]; 2017 год — 40 130 чалавек[7]; 2018 год — 39 375 чалавек[2]
Згодна зь перапісам 2009 року, беларусы складаюць 45% ад усяго насельніцтва, палякі — 46,4%, расейцы — 6,4%. У невялікай колькасьці на тэрыторыі раёну пражываюць таксама ўкраінцы, летувісы, татары і прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў[8].
Гаспадарчая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сельскагаспадарчую галіну Шчучынскага раёну (грамадзкі сэктар) прадстаўляюць 8 сельскагаспадарчых вытворчых каапэратываў, 3 унітарныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, адкрытае акцыянэрнае таварыства «Васілішкі», 3 экспэрымэнтальныя базы, племпттушкапрадуктар, 28 фэрмэрскіх гаспадарак. Асноўны вытворчы кірунак сельскагаспадарчай галіны раёну — мяса-малочны, з вырошчваньнем збожжавых, бульбы і цукровых буракоў.
Прадпрыемствы харчовай, машынабудаўнічай і дрэваапрацоўчай прамысловасьці. Найбольш буйныя зь іх — адкрытыя акцыянэрныя таварыствы «Шчучынскі завод „Аўтапровад“» і «Шчучынскі масласырзавод».
Па тэрыторыі раёну праходзяць чыгунка Масты — Ліда, аўтамабільныя дарогі Горадня — Ліда, Масты — Шчучын — Астрына — Радунь.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Захаваліся помнікі архітэктуры:
- Сьвята-Раства-Багародзіцкая царква (царква-фартэцыя) ў вёсцы Мураванка
- Сядзіба ў в. Андрушаўцы
- Спаса-Праабражэнская царква у в. Астрына
- Сьвята-Параскева-Пятніцкая царква ў в. Бершты
- Касьцёл сьвятога Яна Хрысьціцеля ў в. Васілішкі
- Касьцёл Ушэсьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў в. Жалудок
- Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы, ў в. Ішчална
- Касьцёл сьвятога Антонія Падуанскага ў в. Каменка
- Сядзіба ў в. Касьцянёва
- Касьцёл сьвятога Станіслава ў в. Лядзк
- Царква Раства Багародзіцы — царква пабудаваная ў 1524 годзе ля вёскi Мураванкi
- Сьвята-Мікалаеўская царква ў в. Нарашы
- Касьцёл Ушэсьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і капліца ў в. Новы Двор
- Сьвята-Пакроўская царква ў в. Сабакінцы
- Касьцёл сьвятых апосталаў Пятра і Паўла
- Капліца і сядзіба ў в. Ражанка
- Сьвята-Пакроўская царква ў в. Ятвеск
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Казімер Альхімовіч (1840—1916) — мастак і графік
- Вацлаў Іваноўскі (1880, в. Лябёдка — 1943) — беларускі палітычны і грамадзкі дзяяч
- Алаіза Пашкевіч (1876—1916) — беларуская паэтка
- Валеры Антоні Ўрублеўскі (1836—1908) — адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызваленчага паўстаньня 1863—1864 гадоў у Беларусі
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ http://schuchin.grodno-region.by/uploads/files/Privetstvie/Biografija-Sadovskogo-A.V.-dlja-sajta.pdf
- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Государственный земельный кадастр Республики Беларусь (рас.) (па стане на 1 студзеня 2010 г.)
- ^ GeoNames (анг.) — 2005.
- ^ Перепись населения — 2009. Гродненская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Перепись населения — 2009. Гродненская область. Национальный состав населения (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Щучинский район // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.