Міхась Наўмовіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Міхась Наўмовіч
Дата нараджэньня 3 кастрычніка 1922(1922-10-03)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 8 сакавіка 2004(2004-03-08) (81 год)
Месца сьмерці
Месца вучобы
Занятак грамадзкі дзяяч, маляр, фізіятэрапеўт

Міхась Наўмовіч або Навумовіч (нар. 3 кастрычніка 1922, в. Кашалева, цяпер Наваградзкі раён — 8 сакавіка 2004, Парыж, Францыя) — грамадзкі дзяяч беларускай эміграцыі, мастак, фізіятэрапэўт.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 3 кастрычніка 1922 году ў вёсцы Кашалёва Наваградзкага раёну ў сям’і Івана і Ганны Наўмовічаў. Сям’я валодала зямлёй у 5 гектараў і была сярэдняга дастатку. Бацька быў бондарам і займаўся вытворчасьцю бочак[1][2].

Першапачатковую адукацыю атрымаў у польскамоўных школах у вёсцы Кашалёва і Наваградку. Скончыўшы сёмую клясу, з рэкамэндацыі выбітнага настаўніка геаграфіі Аляксандра Орсы (які пазьней стане знакамітым дзеячам беларускае дыяспары ў Нямеччыне і ЗША, а таксама міністрам асьветы ўраду БНР),[3] паступіў у Наваградзкую гімназію. Пасьля ўзьяднаньня Заходняй Беларусі з БССР гімназію зрабілі рускамоўнай. Наўмовіч не хацеў разумець і прызнаваць савецкую ўладу, таму ў гімназіі адбываліся канфлікты на гэтай глебе. У гэты час ён пачаў вучыцца і жывапісу[1][2].

4 ліпеня 1941 году Наваградак быў акупаваны нацыстамі. Гебітс-камісар дазволіў адчыніць беларускую школу, дзе Наўмовіч працягнуў навучаньне і якую скончыў у 1944 годзе. Як і ўсім іншым навучэнцам, Наўмовічу выдалі дыплём зь нямецкай свастыкай, што ў будучыні выклікала цяжкасьці пры далейшай адукацыі і ўладкаваньні на працу[1][2].

Пасьля сканчэньня школы ў 1944 годзе Наўмовіч быў мабілізаваны ў Беларускую краёвую абарону і накіраваны ў афіцэрскую школу ў Менску. Але пачалося наступленьне савецкай арміі і, пры адступленьні нямецкіх войскаў курсанты былі залічаныя ў дывізію Зіглінга СС «Беларусь». Неўзабаве, падчас савецкай бамбардыроўкі ў Вільні, Наўмовічу ўдалося ўцячы ў лес і дайсьці да Бэзансона. Восеньню 1944 году перайшоў да францускіх партызанаў[1][2].

Нягледзячы на прапановы агітатараў вярнуцца ў Савецкі Саюз, у канцы 1944 году ўступіў у армію Андэрса, паколькі ўсе, хто быў у афіцэрскай школе ў Менску, былі сасланыя ў Сыбір на дзесяць гадоў, і вяртацца было небясьпечна[1][2].

3 чэрвеня 1945 году жыў у Італіі. Займаўся рэгістрацыяй дакумэнтаў з жандармэрыі для суда сёмай дывізіі Андэрса ў Сан-Базыліа, які працаваў на польскай мове[1][2].

Пасьля дэмабілізацыі ў 1947 годзе пераехаў у Парыж, дзе пачалася яго мастацкая праца. Некаторы час Наўмовіч жыў у інтэрнаце для моладзі, атрымліваючы невялікую стыпендыю з Ватыкана, якую для яго і яго сяброў даставаў айцец Леў Гарошка[1][2].

У 1953 годзе скончыў факультэт скульптуры Нацыянальнай вышэйшай школы прыгожых мастацтваў, а ў 1955 годзе — школу фізіятэрапіі ў Парыжы[1][2].

У 1956 г. ажаніўся, узгадаваў чацьвёра дзяцей, шмат працаваў, будаваў сваімі рукамі дамы. Выкладаў анатомію і марфалёгію ў дзяржаўных і прыватных школах фізіятэрапіі і мастацтва.

Памёр 4 сакавіка 2004 году ў Вальпэне, пад Парыжам[1][2].

Грамадзкая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узначальваў з 1946 году Аб’яднаньне беларускіх работнікаў у Францыі.

У 1948 годзе са сваім сябрам Янкам Філістовічам стварыў Беларускую незалежніцкую арганізацыю моладзі, а таксама пачаў выпускаць часопіс «Моладзь»[1][4][5]. Пазьней выдаваў гэты часопіс сумесна з Львом Гарошкам, які выпускаў яшчэ адзін часопіс для беларускае эміграцыі «Божым шляхам».

У 1949—1952 гадох узначальваў Беларускую незалежніцкую арганізацыю моладзі ў Францыі, Аб’яднанне беларускіх студэнтаў, Беларускае аб’яднаньне камбатантаў[1][2].

Прадстаўнік у Францыі Беларускага камітэту дапамогі ахвярам радыяцыі, арганізаванага ў 1989 годзе пры Беларускай каталіцкай місіі ў Лёндане з ініцыятывы айца Аляксандра Надсана.[6]

Радны БНР[7].

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўтар больш як 10 скульптурных твораў з каменю, у тым ліку помніка на магіле Міколы Равенскага, скульптур для касьцёлаў, мосту Аляксандра III і Новага мосту ў Парыжы, працы «Вясельле ў Кане Галілейскай». Пераможца конкурсу на стварэньне статуі Жанны д’Арк. У 1950—1960 гг. аформіў выдадзеныя ў замежжы кнігі «Спадчына» Янкі Купалы, «Сымон-музыка» Якуба Коласа, «Матчын дар» Алеся Гаруна, альманах «Ля чужых берагоў». Маляваў і акварэльлю.

Некаторыя свае мастацкія працы Навумовіч перадаў у Беларускую бібліятэку і музэй імя Францішка Скарыны[8].

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узнагарода па анатоміі Prix Hugier (1949).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е ё ж з і к Т. Наўмовіч (Навагрудак) Міхась Наўмовіч — беларускі мастак і скульптар на эміграцыі // Навагрудчына ў гістарычна-культурнай спадчыне Еўропы (да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы), с. 158—161
  2. ^ а б в г д е ё ж з і Міхась Наўмовіч. Мае ўспаміны // Месца выданьня — Парыж. Выбраныя старонкі часопіса моладзь «Моладзь» (1948—1954) — Менск: Згуртаваньне Беларусаў Сьвету Бацькаўшчына, 2004, ISBN: 985-6730-39-2, с. 415—437
  3. ^ Фонд культуры і адукацыі Орса-Рамана, — Радыё Свабода, 10 люты 2004.
  4. ^ Лукашук, А. Вяртанне нацыяналіста : дакументальныя творы. — Мінск : «Кнігазбор», 2013. — 774 с іл. ISBN 978. С. 214
  5. ^ Аляксандар Лукашук. Памяці Міхася Навумовіча. — Радыё Свабода, 9 сакавіка 2004.
  6. ^ Айцец Аляксандр Надсан і дапамога ахвярам Чарнобыля, Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», 15.04.2020.
  7. ^ Ганна Сурмач. СЬВЕТЛАЙ ПАМЯЦІ СЯБРОЎ РАДЫ БНР ВІТАЛЯ КАЖАНА І МІХАСЯ НАВУМОВІЧА. — Радыё Свабода, 10 сакавіка 2004.
  8. ^ Гардзіенка, Н. С. Музей беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане як спроба захавання культурна-гістарычнай спадчыны беларусаў у замежжы / Н. С. Гардзіенка / / Этнокультурное развитие Беларуси в XIX — начале ХXI в.: материалы междунар. науч.-практ. конф. / редкол. : Т. А. Новогродский (отв. ред.) [и др.]. — Минск: БГУ, 2011. — С. 236—239.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]