Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь
Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь | |
Аўтары | І. А. Гапоненка, І. Л. Капылаў, В. П. Лемцюгова |
---|---|
Аўтар | Камітэт па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь |
Жанр | нарматыўны даведнік |
Краіна | Беларусь |
Мова арыгіналу | Беларуская |
Выдавецтва | Тэхналогія |
Выданьне | 2003—2010 |
На́звы насе́леных пу́нктаў Рэспу́блікі Белару́сь — сэрыя нарматыўных даведнікаў, якія ўключаюць у сябе ўсе наяўныя назвы населеных пунктаў Беларусі ў межах адміністрацыйна-тэрытарыяльных падразьдзяленьняў (вобласьць, раён, пасялковы і сельскі саветы).
Назвы населеных пунктаў падаюцца беларускай кірыліцай і лацінкай і расейскай графікай. У беларускамоўнай частцы ва ўсіх назвах паказаныя націск, граматычны род, множны лік, прыводзяцца парадыгмы скланеньня, варыянты рэестравых назваў і страчаныя назвы. Даведнік суправаджаецца прадмоваю на беларускай і расейскай мовах, альфабэтнымі паказальнікамі назваў населеных пунктаў у трох графічных варыянтах.
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu)
- Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (djvu).
- Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
- Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9. (pdf)
- Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7. (pdf)
- Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9.
Крытыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Настаўнік гісторыі Лукаўскай сярэдняй школы Маларыцкага раёну Берасьцейскай вобласьці Мікалай Баліцэвіч адзначае, што ў нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Берасьцейская вобласьць» прыводзіцца толькі 188 страчаных назваў населеных пунктаў Маларытчыны. Пры гэтым у выніку праведзеных ім і яго выхаванцамі дасьледаваньняў да гэтага сьпісу дададзеныя яшчэ 173 назвы. Гэтае пацьвярджае тое, што раней сур’ёзныя аналягічныя дасьледаваньні не праводзіліся[1].
Старшыня сэкцыі тапанімікі Беларускага геаграфічнага таварыства Раіса Аўчыньнікава лічыць, што даведнікі ўтрымліваюць шмат памылак, а таму яны патрабуюць перагляду з прыцягненьнем спэцыялістаў розных навук: філёлягаў, географаў, картографаў, гісторыкаў, краязнаўцаў і абавязкова мясцовых старажылаў[2]. Пры гэтым трэба адзначыць, што сама Валянціна Лемцюгова ў сваёй прадмове да даведніку кажа пра тое, што «нягледзячы на вялікую працу, праведзеную ў мэтах упарадкаваньня правапісу назваў населеных пунктаў, апошнюю кропку ў гэтай складанай справе пакуль што ставіць рана. У пэрспэктыве мяркуецца разгледзець магчымасьць пераводу многіх варыянтных назваў у разрад асноўных, афіцыйных. Шмат давядзецца зрабіць для таго, каб пазбавіць нашу айканімію ад усяго наноснага, штучнага, вярнуць ёй беспадстаўна зьнішчаныя ў працэсе перайменаваньняў сапраўдныя гістарычныя найменьні. Пытаньні застаюцца і іх належыць вырашаць паступова, паэтапна, як гэта робіцца ў цывілізаваных краінах, дзе нарматыўна-даведкавыя выданьні пэрыядычна дапаўняюцца і ўдасканальваюцца за кошт больш дакладных зьвестак і новых дасягненьняў у галіне тапанімічнай навукі і практыкі»[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Малая радзіма — далёкая і блізкая
- ^ Аб артыкуле В.П.Лемцюговай / Раіса Аўчыньнікава
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 22