Канут Русецкі
Канут Русецкі | |
К. Русецкі. Аўтапартрэт, паміж 1831—1840 | |
Дата нараджэньня | 10 лютага 1800 |
---|---|
Месца нараджэньня |
|
Дата сьмерці | 21 жніўня 1860[1][2] (60 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | маляр |
Навуковая сфэра | малярства[3] |
Жанры | партрэт і пэйзаж |
Плынь | пераходная ад клясыцызму да рамантызму |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Русецкі.
Кану́т Русе́цкі (па-польску: Kanuty Rusiecki, па-летувіску: Kanutas Ruseckas; 20 студзеня 1801, вёска Сьцябякі Панявескага павету Ковенскай губэрні — 21 жніўня [ст. ст. 9 жніўня] 1860, Вільня) — мастак і пэдагог; прадстаўнік клясыцызму[4].
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў зьбяднелай шляхецкай сям’і віленскага судзьдзі Яна Русецкага і Тарэзы з Рамановічаў. Першапачатковую адукацыю атрымаў у бэрнардынскай школе ў Трашкунах (1809—1815).
У 1816 пачаў вучобу ў Віленскім унівэрсытэце — спачатку на факультэце права, таксама вучыўся архітэктуры на фізыка-матэматычным факультэце. У 1818 паступіў у школу мастацтваў пад кіраўніцтвам Яна Рустэма і з тае пары цалкам прысьвяціў сябе мастацтву. Займаўся таксама скульптурай у Казімера Ельскага. Дэбютаваў на першай выставе вытанчаных мастацтваў у Вільні (1820). Падчас вучобы ва ўнівэрсытэце быў зьвязаны зь філяматамі.
Пазьней вучыўся ў Парыжы (па-француску: E'cole des Beaux-Arts, 1821—1822) і з 1823 у Рыме ў Акадэміі Сьвятога Лукі. Падчас вучобы ў Рыме быў нефармальным правадыром мясцовых польскіх артыстаў, першым прадставіў праграму польскага рамантычнага мастацтва.
Вярнуўшыся ў Вільню ў 1831, даваў прыватныя ўрокі маляваньня. У 1834 стаў настаўнікам у віленскім дваранскім пансіёне пры гімназіі, пазьней у Дваранскім інстытуце. У яго клясе атрымалі першыя ўрокі выяўленчага мастацтва Альберт Жамет, Альфрэд Ромэр, Тадэвуш Гарэцкі, Ян Зянкевіч. З 1840-х рокаў жыў і працаваў у Беларусі[6].
Быў жанаты з Антанінай Чарвінскай, меў пяцёра дзяцей — Ганну, Баляслава, Тадэвуша, Міхала і Прасьпера. Пахаваны на Бэрнардынскіх могілках(lt) на Зарэччы ў Вільні[7].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пісаў карціны на рэлігійныя тэмы, пэйзажы і акварэльныя партрэты. Таксама капіраваў італійскія палотны, паўтараў мастакоў італійскага Рэнэсансу. Падчас вучобы за мяжой пісаў творы зь міталягічнымі і рэлігійнымі матывамі, партрэты, рымскія пэйзажы. У сваіх карцінах выкарыстоўваў выразны малюнак і гладкую паверхню[7].
Аўтар твораў «Італьянец, які ўсьміхаецца» (1823), «Клятва карбанарыяў» (1826), «Уцёкі ў Эгіпет» (1828), аўтапартрэту, партрэту сына Баляслава (1843), «Жняя» і «Партрэт бацькі» (1845), «Ліцьвінка зь вербамі» (1847), «Літоўская рыбачка» (1856), «Млын Патоцкага ў Поплавах» (1855), «Селянін зь венікамі» (1851) і інш. Аўтар сэрыі пэйзажаў Белавескай пушчы, ваколіцаў Наваградку, Ашмяншчыны. 330 твораў захоўваецца ў Летувіскім мастацкім музэі і экспануецца ў Віленскай мастацкай галерэі.
У катэдральным саборы сьв. Станіслава і сьв. Уладзіслава ў Вільні знаходзяцца тры вялікія карціны Русецкага — «Зьвеставаньне Найсьвяцейшай Багародзіцы», «Уцёкі ў Эгіпет», «Таемная вячэра» (1855) і інш. Падчас кансэрвацыйных працаў у 1927 высьветлілася, што цяперашнія скрыжаваныя далоні выявы Маці Божай Вострабрамскай зьяўляюцца вынікам панаўленьня абразу, выкананага К. Русецкім[7].
Па сьмерці мастака яго сын Баляслаў захаваў майстэрню, а ў 1913 перадаў творы бацькі ў віленскі музэй. Невядомы лёс большай часткі вялікіх карцін з прыватных калекцый, а таксама раскіданых па летувіскіх касьцёлах твораў. Па меркаваньні Ўладаса Дрэмы, аўтара біяграфіі мастака, зьнікла значная частка твораў Русецкага ці, прынамсі, лёс шматлікіх твораў невядомы[7].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Партрэт сына Баляслава
-
«Жняя»
-
«Паляваньне на зубра»
-
«Панарама места Вільні»
Крыніцы і заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Kanuty Rusiecki // Benezit Dictionary of Artists (анг.) — OUP, 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7
- ^ Kanuty Rusiecki // Польскі біяграфічны інтэрнэт-слоўнік (пол.)
- ^ Ruseckas, Kanutas // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ Рамуальд Бадзін. Русецкі Канут Іванавіч // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 136.
- ^ Лабачэўская В. Віленскія пальмы // Наша вера. — 1999. — № 1.
- ^ Календарыюм // Czasopis. — 2010. — № 7—8.
- ^ а б в г Kasperavičienė Audronė, Surwiło Jerzy...
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
- Kasperavičienė Audronė, Surwiło Jerzy. Przechadzki po Wilnie. Zarzecze. Cmentarz Bernardyński. — Wilno: Efekt, 1997. — 132 с.
- Календарыюм // Czasopis. — № 7—8. — 2010.
- Лабачэўская В. Віленскія пальмы // Наша вера. — 1999. — № 1.
- Нарадзіліся 10 лютага
- Нарадзіліся ў 1800 годзе
- Нарадзіліся ў Віленскай губэрні
- Памерлі 21 жніўня
- Памерлі ў 1860 годзе
- Памерлі ў Вільні
- Пахаваныя на Бэрнардынскіх могілках
- Выпускнікі Віленскага ўнівэрсытэту
- Выпускнікі Нацыянальнай вышэйшай школы прыгожых мастацтваў
- Філяматы
- Мастакі XIX стагодзьдзя
- Беларускія мастакі
- Летувіскія мастакі і мастачкі
- Польскія мастакі
- Асобы на марках