Міхась Кукабака
Міхась Кукабака | |
Род дзейнасьці | палітычны дысыдэнт у СССР |
---|---|
Дата нараджэньня | 3 сьнежня 1936 (88 гадоў) |
Месца нараджэньня | Бабруйск |
Занятак | праваабаронец, журналіст |
Узнагароды |
Міха́сь Ігна́тавіч Кукаба́ка (у заходняй прэсе вядомы як Mikhail Kukobaka; 3 сьнежня 1936, Бабруйск) — беларускі й савецкі праваабаронца, аўтар публіцыстычных матэрыялаў, якія ў 1970—1980-я распаўсюджваліся праз самвыдат і замежныя радыёстанцыі; шматразовы палітычны вязень.
Раньняя біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Бацька загінуў падчас савецка-фінскае вайны ў 1939, маці памерла ў 1947. У выніку рос і выхоўваўся ў дзіцячым прытулку. Скончыў рамесьніцкую вучэльню, быў накіраваны на працу ў Сыбір, у 1953 будаваў нафтавы завод у Ангарску. Пасьля пераяжджаў у розныя рэгіёны СССР — Казахстан, Украіна.
Дысыдэнцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У жніўні 1968 быў выкліканы ў Дарніцкі ваенкамат Кіева, дзе заявіў, што «калі накіруеце ў Чэхаславаччыну, павярну аўтамат супраць вас: саўдзельнікам злачынства савецкага ўраду ня буду, выступлю на баку чэхаславацкага народу». Таксама здолеў перадаць намесьніку Генэральнага консула Чэхаславаччыны свой артыкул з асуджэньнем уводу савецкіх войскаў і папрасіў перадаць гэты тэкст на Захад. Быў змушаны зьехаць з Кіева ў Аляксандраў Уладзімерскай вобласьці РСФСР. Працаваў электрыкам на радыёзаводзе. Калі КДБ вызначыў, што Кукабака настойліва шукаў кантактаў з заходнімі карэспандэнтамі, быў арыштаваны 14 красавіка 1970. Падчас ператрусу быў знойдзены напісаны ім «Адкрыты ліст ангельскаму пісьменьніку Айвару Мантэгю» ў абарону Анатоля Кузьняцова, аўтара «Бабінага яру». Гэты артыкул быў адказам на паклёпніцкую публікацыю ангельскага літаратара ў газэце «Комсомольская правда».
З успамінаў 1990 году: «У мяне [была] звычайная біяграфія звычайнага, простага чалавека… Мае погляды фармаваліся выключна на аснове асабістага досьведу. Я ня слухаў замежныя перадачы, не чытаў самвыдатаўскае літаратуры, нават ня ведаў, што такая ўвогуле існуе. Таму маё грамадзянскае „сталеньне“ праходзіла даволі павольна… Я… толькі дзесьці на мяжы свайго 30-годзьдзя пачаў сур’ёзна раздумваць аб рэвалюцыі і яе выніках, аб тым, у імя якой будучыні краіна забрала мільёны жыцьцяў…»
За адмову дапамагчы КДБ ў фальсыфікацыі кампрамату на заходненямецкага дыплямата Мюлера камітэт параіў Інстытуту імя Сербскага абвясьціць Кукабаку шызафрэнікам, што й было зроблена. 4 лістапада 1970 Судовая калегія па крымінальных справах Уладзімерскага абласнога суда пастанавіла, што яго дзеяньні «ўяўляюць асаблівую грамадзкую небясьпеку» і накіравала яго на прымусовае псыхіятрычнае «лячэньне».
З пастановы суду: «На вечарынцы пад Новы год у жаночым інтэрнаце… усхваляў жыцьцё народу за мяжою і паклёпнічаў на становішча рабочае клясы ў СССР»; «У лютым 1970 году пад час прыборкі тэрыторыі радыёзаводу… варожа адгукаўся пра лёзунг: „Жыць і працаваць па-ленінску“… Кукабака быў накіраваны ў спэцпсыхлякарню ў горад Сычоўка Смаленскай вобласьці, а праз 3 гады быў пераведзены ўва Ўладзімерскую псыхлякарню.
Вызвалены ў 1976. Псыхіятар Аляксандар Валашановіч, кансультант Рабочай камісіі па рассьледаваньні выкарыстаньня псыхіятрыі ў палітычных мэтах, засьведчыў Кукабаку як здаровага, але сам адкрыў сваё імя толькі пасьля ад’езду на Захад. Некаторы час Кукабака жыў у Маскве, але потым вярнуўся ў Бабруйск, дзе напісаў нарыс „Скрадзеная Бацькаўшчына“ (25 сакавіка 1978), прысьвечаны новай для яго тэме плянавай русіфікацыі Беларусі: »…Калі спускаўся па чыгуначным пераезьдзе… пабачыў надпіс: «Берегись поезда!» і адразу ўзгадаў: тут жа 25 год таму было напісана «Сьцеражыся цягніка!», і толькі ўнізе расейскі пераклад. Цяпер беларускі выраз зьнік. І дзіўна, мяне гэта непрыемна закранула. Нечакана я ўсьвядоміў сябе беларусам". 3 красавіка 1978 напісаў артыкул «Абарона правоў чалавека і разрадка — непадзельныя», прысьвечаны тэме пашырэньня праблематыкі правоў чалавека па-за межы ўнутраных справаў кожнага ўраду, інтэрнацыялізацыі гэтай праблемы. Абодва артыкулы запісаў на магнітную стужку, якая трапіла на Захад. Тэкст нарысу «Скрадзеная Бацькаўшчына» зачытваўся радыёстанцыяй «Нямецкая хваля» 9 і 10 ліпеня 1978, друкаваўся ў розных эміграцыйных выданьнях (напрыклад, «Время и Мы» (Мюнхэн), 1986, № 3). Савецкія ўлады за гэты нарыс абвінавацілі Кукабаку ў скажэньні «ленінскае нацыянальнае палітыкі». Артыкул «Абарона правоў чалавека і разрадка — непадзельныя» ў лістападзе 1978 зачытваўся радыёстанцыяй «Свабода». Яшчэ адзін нарыс — «Спатканьне зь дзяцінствам» — быў прысьвечаны антымілітарысцкай тэме, за што Кукабаку абвінавацілі ў абгаворваньні савецкай арміі. Пашыраў таксама «Адкрыты ліст міністру аховы здароўя СССР», скіраваны супраць выкарыстаньня псыхіятрыі ў палітычна-рэпрэсіўных мэтах, распаўсюджваў таксама Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека. У красавіку 1977 зьвяртаўся з заяваю пра выезд з СССР.
Падтрымліваў сувязі зь іншымі дысыдэнтамі Беларусі (Леў Аўсішчар, Яўген Бузіньнікаў). Езьдзіў у Сьветлагорск зьбіраць зьвесткі пра суд над Бузіньнікавым пасьля суду.
Увосень 1976 і ўвосень 1977 яго прымусова зьмяшчалі ў Магілёўскую псыхіятрычную лякарню з дыягназам «шызафрэнія і паранаідальны сындром». Працоўная камісія па расьсьледаваньні выкарыстаньня псыхіятрыі ў палітычных мэтах вызначыла гэты факт як «тыповы прыклад выкарыстаньня псыхіятрыі ў рэпрэсіўных палітычных мэтах» і зьвярнулася зь лістамі-пратэстамі ў Міністэрства аховы здароўя СССР і непасрэдна ў лякарню. У кастрычніку 1978 Кукабака быў арыштаваны, а 20—21 чэрвеня 1979 году ў Бабруйску над ім адбыўся суд. На судзе заявіў, што камунізм савецкага ўзору ёсьць сыстэма поўнага задушэньня і разбурэньня асобы, а СССР — ня што іншае, як бязьмежны канцэнтрацыйны лягер. Прыйшоў да поўнага разрыву з сыстэмай і афіцыйна адмовіўся ад савецкага грамадзянства, патрабаваў выпусьціць яго з СССР. Быў асуджаны на тры гады лягероў агульнага рэжыму паводле артыкулу 186-1 КК БССР, зьняволены ў Наваполацкім лягеры.
У зьняволеньні абараняў правы арыштантаў, пісаў скаргі ў пракуратуру пра беззаконнасьці, якія там адбываліся, праводзіў дэманстрацыйныя галадоўкі пратэсту. Рэакцыя карных органаў была адпаведнай. У 1982 паводле артыкулу 186-1 КК БССР быў асуджаны да 3-х гадоў лягероў. 7 сакавіка 1985 атрымаў чарговы пакаральны прысуд. Паседжаньне Віцебскага абласнога суду, фармальна адкрытае, адбывалася ў службовым памяшканьні аршанскае «установы УЖ-15/6» (лягер), куды доступ мелі толькі службоўцы лягеру ды зьняволеныя. Гэты суд «за сыстэматычны распаўсюд вядома хлусьлівых прыдумак, што ганьбяць савецкі дзяржаўны й грамадзкі лад» асудзіў яго паводле артыкулу 67-1 КК БССР да 6 гадоў пазбаўленьня волі з высылкай на 4 гады з адбываньнем пакараньня ў папраўча-працоўным лягеры ўзмоцненага рэжыму. У зьняволеньні супраць яго выкарыстоўваўся тэрор крымінальнікаў.
У абарону Кукабакі выступалі акадэмік Андрэй Сахараў, Віктар Некіпелаў, Рыгор Пад’япольскі, Марыя Пятрэнка. На Захадзе была арганізаваная грамадзкая кампанія ў абарону Кукабакі, адпаведныя публікацыі зьявіліся ў «New York Times», інфармацыю распаўсюджвала радыё «Свабода». Беларуская дыяспара ў ЗША стварыла на чале з Паўлам Янкоўскім (Янкам Запруднікам) «Камітэт вязьняў сумленьня ў Беларусі», які праводзіў шмат мэрапрыемстваў. Актыўнымі ў арганізацыі абароны Кукабакі былі прадстаўнікі беларускай дыяспары таксама Згуртаваньня Беларусаў Вялікабрытаніі (Аляксандар Зданковіч, Лёндан), Сьвецік Карзанеўскі (Аўстралія), беларускія эмігранты ў Новай Зэляндыі. Амэрыканскі кангрэсмэн Біл Грын улучыў гісторыю Кукабакі ў адмысловую нататку, якая была адрэсаваная Кангрэсу. У абарону вязьня актыўна выступаў сэнатар Робэрт Доўл. Адпаведныя акцыі праводзілі прафсаюзы Вялікабрытаніі і Даніі. У той жа час з самой Беларусі не раздалося ніводнага голасу ў абарону Кукабакі.
Адмаўляўся пісаць просьбу аб памілаваньні, бо лічыў гэта прызнаньнем сваёй віны, патрабаваў рэабілітацыі. Памілаваны на загад Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР ад 30 лістапада 1988. У 1989 незалежная псыхіятрычная экспэртыза ў Маскве засьведчыла псыхічнае здароўе Кукабакі.
У агуле Міхась Кукабака быў асуджаны паводле палітычных матываў 4 разы і правёў у турмах, лягерах і вар’ятнях каля 17 гадоў. Неаднаразова пасьля вызваленьня зьвяртаўся з патрабаваньнямі сваёй юрыдычнай рэабілітацыі. Пасьля звароту да першага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету БССР Станіслава Шушкевіча ў жніўні 1990 Прэзыдыюм Вярхоўнага суда БССР 10 сьнежня 1990 адмяніў вэрдыкт Судовай калегіі па крымінальных справах Магілёўскага абласнога суду ад 21 чэрвеня 1979 і пастанову судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР ад 24 ліпеня 1979; справа была спыненая «паводле матываў адсутнасьці… складу злачынства». А да таго моманту загадам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР ад 21 красавіка 1989 быў адменены артыкул 186-1 КК БССР.
Пазьнейшае жыцьцё
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пазьней жыў у Маскве, сябра апазыцыйнай партыі(ru), працаваў у Маскоўскай Хэльсынскай групе. У жніўні 1991 быў у шэрагах абаронцаў законнае расейскае ўлады ад путчыстаў, прыйшоў да Крамля з нацыянальным беларускім бел-чырвона-белым сьцягам. Пасьля абвяшчэньня Беларусьсю незалежнасьці рабіў спробы пераехаць у Менск, дзеля гэтага нават зьвяртаўся ў беларускі парлямэнт, але гэтая ідэя не была рэалізаваная. Цяпер паміж беларускай грамадзкасьцю і Кукабакам не падтрымліваецца стабільных сувязяў.
Творы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Защита прав человека и разрядка — неделимы (3 красавіка 1977). Тэкст зачытваўся радыёстанцыяй «Свабода» ў лістападзе 1977;
- Украденная Родина (25 сакавіка 1978). Тэкст зачытваўся радыёстанцыяй «Нямецкая хваля» 9 ліпеня 1978 у 18.20 і 10 ліпеня 1978 у 20.45;
- История одного ненаписанного рассказа: наброски с натуры (30 лістапада 1990). Тэкст зачытваўся радыёстанцыяй «Свабода»;
- «КГБ — социальная чума», — свидетельствует жертва советского гестапо // Содействие (Вільня). № 15, 1990, 8-20, 1990;
- Беженцы от Министерства обороны (10 студзеня 1993) // «Московские новости», «Экспресс-Хроника»;